Слуцкія песьняры (1926)/Я. Сукала/Люблю

І чаму я ня той Люблю
Верш
Аўтар: Язэп Сукала
1926 год
Завіруха

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛЮБЛЮ

Люблю цябе я, мшыстае палесьсе,
прастор і шыр няведамых балот.
Люблю смалісты пах ў хваёвым лесе,
люблю страчаць у ім я сонца ўсход.

Люблю ў часы вясновай, хмурай непагоды,
калі маланка блішча, гром грыміць,
і вецер сьвішча, важыць рэчкі воду, —
люблю за ёю моўчкі я сачыць.

Люблю пад сьпеў грымотны навальніцы
глядзець, як льлецца з цёмных хмараў пот,
як вёцер рве ад вокан акяніцы,
са стрэх салому кідае за плот.

Люблю… бо ў гэтым гульбішчы прыроды
страшэнны дух магутнасьці чуцён…
Люблю яго я дзікі карагоды,
калі пачне гуляць у небе ён.