Сонечнымі сьцежкамі (1925)/Песьні, песьні!..

Песьні, песьні!..
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1925 год
Скарына
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьні, песьні! Даволі мяцежыць…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Песьні, песьні! Даволі мяцежыць —
ўспамінаць учарайшую быль.
Ваш нясьмелы напеў не абрэжа
срэбракованых струн журбы.

Прамяністай вясеньняй парою
пульхным лёдам пакрыта рака…
Бач — пад сіняй празрыстай карою
захаваўся мяцежны шквал.

Песьні мілыя, буйныя песьні,
нібы рокат сталёвы заводу —
не настане вясна на прадвесьні,
ў берагох ня стрымаеш паводкі.

Прыдзе час — зноў паўстануць буры,
дні бліскучыя мятнуцца ў вырай, —
прыдзе радасьць,
нежная, як гурыя,
ў ваяўнічай постаці валькірыі…

Песьні, песьні!.. З вас сілы чэрпаць,
як паўстане ўчарайшая быль…
Ад удараў ламаецца чэрап,
ў сэрцы б‘е барабан барацьбы.

Празьвіняць сталёвыя віхуры,
заляскочуць удоўж і ўшыр.
Прыдзе радасьць
нежная, як гурыя,
ваяўнічая, як буйная валькірыя.