Сонечнымі сьцежкамі (1925)/Сягоньня/З поэмы «Сягоньня»

Май З поэмы „Сягоньня“
Паэма
Аўтар: Алесь Дудар
1925 год
З вёскі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сягоньня (Дудар).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З поэмы „СЯГОНЬНЯ“.

I

Мне казалі калісь
— Беларусь —
гэта толькі балоты ды ўзгоркі,
ды народ, што, сагнуўшыся ў крук,
льле свой пот у чужыя разоры.

Паплылі падарожнага крокі
дый загасьлі ў шумлівых ценях…
Я знашоў Беларусь ненарокам
у сырых гарадзкіх сутарэньнях.

Ня шукай багатых фарбаў…
Салаўіных сьпеваў
ня шукай, —
бо з закураных дымам фабрык
пеніць дзень толькі покліч гудка.

Хай шукаюць тое, што ня згублена
у чужын невядомай шэрані…
Беларусь мая ў фабрычных трубах;
Беларусь нікім яшчэ ня зьмерана.

Вы сьпявайце сабе, баяны,
хто яшчэ да канца ня згніў.
Я скажу,
як умею,
як знаю,
пра вясёлыя нашы дні.

II

Наша сягоньня —
момант. І заўтра —
нам не мяжа:
хіба ў жытніх прасторах заломы
сёньня могуць каго напужаць?..

Сягоньня мы будзім заводы —
з твару зганяем маршчыны.
Але ці скажа хто з нас:
— Годзе!..

Хто дазволіць сабе адпачынак?
Знаем —
працу спыніць на момант —
знача — стагодзьдзі назад,
знача —
старым заломам
зачарована наша мяжа.

Не кажы пра халодны жвір,
не кажы,
бо спытаюць другія:
— Ці-ж затым вы агнём жылі,
каб пагаснуць ізноў і загінуць?..

Бо куе для цэлага сьвету.
вызваленьня песьні наш горн:
Вы красуйце, чырвоныя кветкі!
Нам мяжою ня будзе сягоньня.