Зарунела, зарунела… Атаман
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Маладняк
Іншыя публікацыі гэтага твора: Атаман (Чарот).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ATAMAН

Калі сёньня на сельскім сходзе
Крычаць:
„Трактар давай замест сох!..“
Думка ўраз — аб паўстанцкім паходзе
Па беларускіх лясох

Колькі раз грымела паўстаньне,
Каб пазбыцца няволі, пут…
Ды заўсёды ў мужыцкім стане
Канчай справу чужынца суд.

Суд ліхі — над паўстанцам расправа!..
Каб мужык — ды паўстанец, бунтар?
Аб паўстаньнях жыла толькі слава,
Пра іх пелі наш лірнік, дудар…

Але ў песьнях чуваць адвага…
На вачох — не пабачыш сьлёз…
А з грудзей не нясецца скарга
На мужыцкі паганы лёс…

Час мінуў… і мы у паўстаньні…
Неспакой у мужыцкай крыві…
Ну, цяпер ты, чужынец, васпане,
Мужыка, як раней, задаві?!

Не, пастой! ты нас ня зможаш:
Бач, паўстанцаў новы набор…
Зноў знаёмае нам падарожжа:
Пушча, поле, імшары ды бор.

Мужыкі збунтаваліся дужа,
А ў іх цяпер ёсьць атаман…
І крыві ня спужае іх лужа,
Пераможа мужыцкі стан.

Вось і мы ў паўстаньні,
Неспакой у мужыцкай крыві…
Ну, цяпер, пан, чужынец паганы,
Мужыка, як раней, задаві?!

*

Жмурыць вочы вечар сіні…
— Гэй, на плечы торбы-ранцы!..
Каля лесу, па даліне
Ідуць хлопцы-новабранцы.

Ідуць хлопцы… млеюць ногі…
Па траве дыбаюць роснай…
Лепей голад, як астрогі…
А бяз хлеба — млосна… млосна…

Новабранцы — хлопцы бравы,
Самахвотна вышлі з хаты…
Дай спачынем ля дубравы,
Хоць падсушым сьвіты-латы.

Жмурыць вочы вечар сіні…
А наўкола — ціша, ціша…
Толькі вецер пры даліне
Куст алешніку калыша.

Зьнялі хлопцы торбы-ранцы,
На траве прыселі роснай…
— Эх, вы, хлопцы, эх, паўстанцы!..
А бяз хлеба — млосна… млосна…

Эх, ды што там!.. Што яда нам,
Калі мы цяпер ў паходзе!
Быць хутчэй бы аб‘яднаным
З тым, хто хоча жыць у згодзе.

Зноў на плечы торбы-ранцы…
Каля лесу, па даліне
Мужыкі ідуць — паўстанцы…
Жмурыць вочы вечар сіні…

*

Не лясы шумяць,
Ня дубравы гамоняць,
Плача бацька, маці:
На паход, бач, звоняць.

На паход, бач, звоняць
Са званіцы-ўлоньня,
З тых сяліб-загонаў,
Што паны палоняць.

Не жагнай, матуля,
Крыж там не паможа…
Як прыду адтуль я,
Будзе жыць нам гожа.

Плечы не сагнем мы,
Вольна будзе жыці…
Сіла ёсьць сягоньня, —
Бывай!.. Ня тужы ты…

Плача бацька, маці:
На паход, бач, звоняць…
Не лясы шумяць,
Ня дубравы гамоняць…

*

І застукала сэрца улана:
На зямлі нашай больш не яздок…
Паглядзеў — мужыкоў як наслана!..
Чуе грозны загад атамана:
„Менск і Вільня, а там — Беласток!..“

Эх, пайшлі!.. Зварухнулася сіла,
Толькі рэхаю стогне абшар…
Хоць сягоньня яшчэ і ня ў Вільні,
Але тут, вось,
мужык гаспадар!

Чуеш, сёньня на сельскім сходзе
Крычаць:
„Трактар давай замест сох!..“
А галодных шмат яшчэ ходзіць
Па беларускіх лясох…

Але што!.. Хай праведзены межы,
Хай на целе краіны парэз…
Чуем вольны мы сьпеў Белавежы
Там гукае паўстанцамі лес.

Тут аб трактары сёньня размова,
Аб канале, электра-плугах…
Калі-ж трэба — заўсёды гатовы!
Добра знаем паўстанцкі мы шлях!..

Не заблудзім у буру і слоту,
Хоць засьцеле балоты туман…
Тут гатовы паўстанцкія роты
І на варце ўсягды атаман!

Абы чуць неспакой на балоце,
Хай заплача няволяй лаза, —
У паўстанцкім апошнім паходзе
Буду першы я партызан!

Лістапад, 1924 г.