Засьпявай быльлём, мяжа… Зіма
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Шляхам зімнім…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зіма (Чарот).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗІМА

Я ведаю,
што хутка першы сьнег
убеліць той палац,
дзе распрануліся прыгожыя бярозы,
і возера,
дзе я на чоўні ехаў,
зіма сярдзітая
надоўга замарозіць.

Мне дзіўна так,
чаму люблю зіму я,
чаму люблю
сыпучы сьнег — пуховую пасьцель.
О, край вясны,
дзе я цяпер зімую, —
узімку тут
расьце ўсё і цьвіце.

Калі гляджу на лес,
што пахмурнеў і шэпча
ад сьцюжы зімніх дзён
і сьнежнай завірухі, —
здаецца мудрае
сабраць ён хоча веча…
І хоча ён,
каб дум яго
ніхто ня знаў і не падслухаў.

Калі я поглядам
прастор акіну сьнежны,
каб разгадаць,
аб чым там сьвішча вецер, —
дык чую я
сьпеў сумны Белавежы,
Як голасна
там стогнуць, плачуць дзеці…

О, там зіма!
Там і вясной сьцюдзёна,
ўсе скованы, як рэчкі лёдам…
Вясеньняй восені
чакаюць там штодзённа…
Жыцьцё бяжыць,
зьнікае год за годам.

О, там зіма!
Дні не красуюць маем,
там край украсілі
шыпшына і быльнёг…
І толькі галаву
лес цёмны уздымае,
галосіць воўкам там
пустэльні дзікай лог.

О, цёмны лес,
о, лог палі-даліны,
прасторы зьлітыя
крывёю чорных дзён!
Ваш горды кліч
ніколі не загіне,
ён родзіць вам
прыгожае жыцьцё!

Я ведаю,
ваш кліч нясецца рэхай,
што дзень, то новая
расьце ў лясох пагроза, —
таму жыву —
жыву ўсягды уцехай:
бунтарскае крыві —
нішто не замарозіць!

30/XI — 26 г.