Сонечны паход (1929)/Шляхам зімнім…

Зіма Шляхам зімнім…
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Сенажаці і полі асьнежаны
Іншыя публікацыі гэтага твора: Шляхам зімнім.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШЛЯХАМ ЗІМНІМ…

Сенажацямі, лясамі
За санямі, сані самі
Сьцелюць сьцежку,
Сьцелюць сьцілем.
У разгоне,
Белы коні
Сівы-грывы
Распусьцілі.
Заскрыпелі, зарыпелі
Палазы ў лазе запелі…
Просты вёрсты
Шляхам зімнім…
А сялянам — ім ня зімна
У кажусе…
Коні трусяць
Ў завірусе
Па замеценаму сьледу
Едуць, едуць, едуць…
Сіні сьнег
Сьняжынкі сее,
Усхадзілася завея
Вее, вее, вее…
І даліна
Ў белы іней
Гіне, гіне, гіне…
— І ня сьлізка…
Блізка, блізка
Стагі сена…
Чуць прыкметны
Багны, нетры
Ў мятусеньні…
Над стагамі
Жэрдзі-вежы…
А палозьзі гурбы рэжуць
Падкаванымі нагамі
І мінаюць гай за гаем…
Сівагрывых
Чутна ржаньне…
— Вы — эх! Вы — эх:
Стой!
Прыехалі!
Стажарні!