Вёска дрэмле… Вечар ліпнёвы…
Толькі вуліцы звонкі сьмех…
У лапці абуты з ліп новых
Едуць яны на начлег.
Сьвіткі зрэбны… Палатаны…
Але хлопцы — проста душа!
Гора бачылі шмат яны…
— Гэй, паганяй! Шырай шаг!
І заляскалі коняй капыты,
Дарогу друкуе сто ног…
Месяц плача хмаркай закрыты
Угнацца за імі ня мог.
Вось паляна — коньмі стрыножана…
Вогнішча! Песьні! Сьмех!
Толькі лес шэпча трывожна
Дзіўны сказ пра новы начлег.
Ночка, ночка… Цёмна, нявесела…
Вые на выгане воўк —
Гэтай ночкай паўстанца павесілі, —
Разудалы сьпеў вёскі змоўк.
Загарэліся хлопцы помстаю:
Калі гэтак — адплата ня грэх!
Хто з касой, хто з сякерай востраю
Вышлі ў пушчу на новы начлег.
Звоніць пушча зноў разудалымі,
Зноў шугае на вогнішчы корч,
Калі трэба, то раз! ударым мы!
Ты маўчы, чорнавокая ноч!..
Дні мінулі — хлопцам весела!
Вышлі з лесу — іх ня стрымаць.
Сягоньня паўстанцы вешалі,
Сягоньня на волі іх раць!
І яны, яны комсамольцы.
Ім ня страшна адкрытая сьмерць,
Іх аружжа выстралам моліцца,
Кліч іх гучны — наўкола глядзець!
І у полі пад градам шрапнелі,
Захіліўшы ў чырвоны сьцяг, Марш хаўтурны ня раз ім пелі
І хавалі пад звон „тра — ра — рах!“
Тады раць іх спраўляла трызну,
Набіралася сьмеласьці, сіл…
Комсамолію — вольну айчыну
Ня спужаць міліёны маглі.
Комсамолец — запалены гартам,
Комсамолец — бунтарскі дух,
Адзін кліч — стане новая варта,
Адзін кліч толькі — „Зьмену рыхтуй“.
І расьце, і расьце, і мужае
Комсамольцаў адважная раць.
Што ім вораг? Што і мяжа ім,
Як захочуць яны пагуляць!
На заводах, на фабрыках дымных,
Дзе палёў сінявокі прастор, —
Яны злучаны палкім уздымам,
Іх злучае юнацкі задор.
Толькі кліч — і за шэрагам шэраг,
Нібы мора прыбоямі хваль,
Яны змыюць мяжуючы бераг —
Вольным сьпевам запеніцца даль.
Ня стрымаць, ня спыніць ў падарожжы,
Хто агнём гэтай сілы сагрэт…
Пабядзіць дух паўстанчаскі зможа
Комсамолец, бунтар і поэт!
Вёскі сьпеў… Шумы гораду…
Вуліц вясёлы, звонкі сьмех…
Успамінаюць сягоньня горда
Комсамольцы мінулы начлег.
З маршам ўдаль!.. Бач, здаволены!..
Гэй, не адстань! Шы-рай шаг!..
Песьню! Плакаць даволі нам!
Комсамольцы — хлопцы душа!..
Сьвіткі зрэбны… палатаны…
Фабрычнага дыму пах…
Гора бачылі шмат яны,
І цяпер ім змагацца — ня страх!
Ня жыцьцё — а раздольле!..
Бо дзеці паўстаўшых краін…
Беларусь! і ты Комсамолія!
Я, комсамолец, твой сын!..
|