Вышлі роднай вёскі дзеці
Паміраць на белым сьвеце,
Расьсяваць па сьвеце косьці
Праз кагосьці, за кагосьці.
Засталіся нівы, сёлы
На той сум-жаль невясёлы,
Засталіся, ой, сіроты
З горкім горам, з адзінотай.
Не палыне сошка ў полі
З добрай долі, з добрай волі;
Не пачуюць кос пакосы,—
Ржа паесьць сталёвы косы.
Ночвай, вечарам, зараньня
Маці, ўдоўка выйдзе, гляне,
Выйдзе, гляне—стане досіць…
Просіць Бога… не дапросіць:
«На каго-ж Ты нас пакінуў?
Чаму-ж лепей дамавіну
За калыску, за ліпову,
Ты ня даў нам дзеля хову?
Для каго-ж Твае законы
Разьвялі на ўсе староны,
Што брат братам ад прадвеку
Чалавек для чалавека?
Як авечак, як ягнятаў,
І у хаце, і за хатай
Ты мальбу людзкую любіш,
На што-ж Бацькаўшчыну губіш?»
Так лунае ўдзень і ўночы
Той за жалем жаль сірочы
І мальба да ласкі боскай
Каля вёскі і над вёскай.
А за вёскай, дзе магілы,
Дзе ляглі, заснулі сілы,
Пахіліўся крыж да крыжа—
Гэты ніжай, гэты выжай.
На крыжох сава якотам
Гаманіць адказ сіротам
Ды пытаньнем страшным страша:
«Га! дзе-ж Бацькаўшчына ваша?»
|