V. Засталіся нівы, сёлы… VI. Пабоішча
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
1914-ты

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




VI. ПАБОІШЧА.

Ноч ня спаўшы, дзень ня еўшы,
Прымадзеўшы, прыкалеўшы,
Меціць куляй, прэцца штыхам,
Косіць шабляй, мчыцца ліхам
Вокам, сэрцам ня дрыгне…
Сьмерць яму, або сьмерць мне!

Стрэлы сьвішчуць, дыміць порах,
Зьбіўся ў кучу свой і вораг,
Юшка брызгае у вочы,
Гэты стогне, той рагоча,
Той зваліўся, топча той,—
Не глядзіць—свой, ці ня свой


Ад крыві зямля чырвона,
Неба чорная заслона,
Засланіла, як магіла,
А пад ёю сілу сіла,
Ў сполку з сьмерцяй, сьмерцяй тне,—
Верх таго, хто не засьне,

...............

Гу-га-га! як бой удаўся!
Вораг дрогнуў, вораг здаўся,
Не прамог, злажыў аружжа;
Як быў дужы—стаў нядужы:
Той уцёк, той у палон
Здаў сябе, як ў прыгон.

І вось жніва, што за жніва!
Бокам, сторчам, проста, крыва—
Труп ля трупа, як калоды…
Што за сон, што за выгоды!
Не на сьмехі, не на жарт,
Ката—брат, кат брата варт!

...............

Ціха дрэмле поле бітвы,
Шэпча блізкі лес малітвы;
Выбрыў воўк з сваёй бярлогі,
Выць пачаў на ўсе разлогі.
Выць пачаў ў хаўтурны тон,
Зубы скалячы на плён.

А разьняўшы когці-клешчы,
Ў высі ўсплыў груган злавешчы:
І закракаў, як-бы ведаў:
Кра-кра, кра-кра! то-ж пабеда!..
Кра-кра-кра! рыхтуй набой—
Па, пабедзе—зноў у бой!..

18/XII—14 г.