Спадчына (1922)/II/Куды ты рвешся?

З песень мужычых Куды ты рвешся?
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Бяспутнасьць
Іншыя публікацыі гэтага твора: Куды ты рвесься!..

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КУДЫ ТЫ РВЕШСЯ!..

Куды ты рвешся ў зьнемажэньні,
Дзіцё нядолі, цемнаты!
Цярпі, няшчаснае стварэньне,—
Цярпець бо толькі ўмееш ты!

Забудзься бацькаўскіх наказаў,
Што шчасьце будзеш колісь мець,—
Як ты радзіўся, ты адразу
Асуджан доляй век марнець.

Цягай ты зрэбную кашулю,
Цягай ты лапаці з лазы;
Зімы ня слухай грозных гуляў,
Ад летняй сьпекі не бяжы!

Працуй ярэмнаю скацінай
На сычых ворагаў тваіх;
Хай сохнуць грудзі, чахне сьпіна,
Забудзься думак удалых!

Ідзі схварэлы на работу,
Гаруй, бядуй, як год вялік;
Маўчы, хоць слепнуць вочы з поту,—
Замрэ твой, як у пушчы, крык.

Гавораць—ноч, хоць дзень на сьвеце,
І ты з усімі так крычы;
Крычаць: галей! Ідзі галеці,
Крычаць: маўчы! І ты маўчы.

Ідзі, куды нядоля гоне,
Рабі, што скажа ўсё яна:
Будзь рад, калі пад’еў сягоньня;
Мучэньня чарку ці да дна.

Павер папом, што там па сьмерці,
За мукі рай мецьмеш свае,
Бо пекла лепшага і чэрці,
Як тут, ня вынайдуць нідзе!