Спадчына (1922)/III/А ты, сіраціна…

На прызьбе А ты, сіраціна…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Дзьве долі
Іншыя публікацыі гэтага твора: А ты, сіраціна…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




А ТЫ, СІРАЦІНА…

…А ты, сіраціна, жыві,—
Як ветрам лісток адарваны,
Ні месца табе на зямлі,
Ні радасьці з песень жаданай.

Нясі сваю ношку жыцьця
Між наспаў-курганаў магільных,
Бяз веры ў свой цэль, бяз пуцьця,
Расклаканы ў жальбах бясьсільных.

Як цень з таго сьвету, ідзі,
Ня знаючы ў долі сірочай
Ні сэрца з дзявочай грудзі,
Ні сонечнай ласкі дзявочай.

Жыві і сьні сны аб вясьне.
Ды думай адно, сіраціна,
Што нават ніхто ня ўздыхне
Калісь над тваёй дамавінай.

6/XI—13 г.