Песьня Крыўда
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Коціцца крыніца…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Крыўда (Цягалася Крыўда па сьвеце…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КРЫЎДА.

Цягалася Крыўда па сьвеце,
Ад хаты да хаты блудзіла;
Тым строіла вечныя сеці,
Тых гнала бяз часу ў магілы.

Ад хаты да хаты йшла з хвалай,
Ўзьвялічвала троны, кароны;
Нявольнікам путы кавала,
Пладзіла сусьветныя стогны.

Здавалася, ноч не пяройдзе,
Іржа ня згрызе вечных путаў,—
Аж бліснуў пажар на усходзе,
І дрогнулі рабскія скруты.

І дрогнула Крыўды ўсяўлада,
Разьлёгся скрозь кліч пяруновы;
Апалі кароны, пасады,
З нявольнікаў спалі аковы.

І мілай пацехай зазьяла,
І доля і слава людзкая,
Дый толькі знаць слава і хвала
Недаўгавечнай бывае.

Раскованы раб сябе выдаў—
Ня ўзьнёсься ўвысь дух чалавечы,—
Нявольнік пабратаўся з Крыўдай
І ў помач ёй даў свае плечы.

1918 г.