Спадчына (1922)/III/Маё цярпеньне

Чаму Маё цярпеньне
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Таварыш мой
Іншыя публікацыі гэтага твора: Маё цярпеньне.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЁ ЦЯРПЕНЬНЕ.

Маё цярпеньне, мой крывавы боль—
Што значаць перад мукамі мільёнаў,
Дзе безнадзейны стогны родзяць стогны,
А сльёзы грызуць вочы ўсім, як соль!

Хоць дух мой ўзносіцца пад неба столь,—
Як галавой аб мур, там б’е паклоны,
Але як мал мой гэты ўздых шалёны…
Мой крык перад малітвай сьвету—ноль!

І веру я, што я нішто ў быцьці—
Іначай думаць не дае сумленьне.—
Аднак, чаму-ж здаецца мне нязьменьне,

Што меж майму цярпеньню не знайці,
Шо так вяліка мне яно ў жыцьці,
Як міліёнаў разам ўсіх цярпеньне!

3/I—15 г.