Першыя песьні—першыя чуткі
Шчасьце зазнаці хаценкі нясьмелай,
Першыя думкі вольнай мінуткі
Птушкамі вымкнуць на сьвет гэты белы.
Што іх чакае, што іх спаткае,
Чым блаславяць маладога музыку: Ці прыгалубіць ласка людзкая,
Ці заплююць яго сьмехам, прытыкай?
Грошы за песьню рэдка хто плаце,
Часта абкінуць нямілым паглёдам:
Песьня паэту ўсё тут багацьце,—
Цешыцца, плача ў песьні з народам.
Што людзі скажуць, што зробяць з песьняй,—
Бог з іхнім судам, насьмешкай, пахвалай!
Зганяць—дык будзе трохі балесьне,
Выхваляць—шчасьце хоць раз-бы спаткала.
Вечна рвучыся дўмкай да сонца,
Кепска нікому ня думаў ніколі,
А калі й кінуў лішняе слоўца,—
Гэта знак толькі жыцьця ў нядолі.
Сьмерць пяўца возьме мо’ і сягоньня,
Чорнай зямелькай накрыюць павекі,
Песьня жыць будзе, ў магіле ня ўтоне,
Блага, ці добра—жыць будзе навекі!
|