Спадчына (1922)/III/Песьня (Як крыніца, льецца, рвецца…)

Першыя песьні Песьня
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Мусіць трэба было
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня (Як крыніца, льецца, рвецца…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯ.

Як крыніца, льецца, рвецца
З сэрца песьня ў сьвет, за сьветы;
Сьветла йскрыцца, рэхам прэцца,
Тутка, тамка, дзе я, дзе ты…

Скрозь гамоніць, звоніць звонка
З сэрца ў сэрца б’е, ірдзіцца,
То ўжо ў хаце, то ўжо вонках
Маладзіцца маладзіцай.

Скочыць к сонейку, ўсхахоча,
Пацалуецца лісьліва;
Ясну-месячыку ў вочы
Зіркане тугой тужлівай.

Стрэціць зорку-зараніцу,
Прасьлязіцца з ёй сьлязою,
І сплыве ўплаў на зямліцу,
Разаўецца дзермязою.

Ў полі здольна з ветрам разам
Зажартуе, ў танок сходзе;
Згодна з борам важным сказам
Завурчыць аб непагодзе.
Ў лесе лісьцем зашалесьце,
З птушкай птушкай зашчабеча;
Па пуціне кіне весьці
Суму, шчасьця хаце нейчай.

І лунае, так лунае
Гэта песьня па ўсім сьвеце.
Плоту, путаў ані знае
Ад сталецьця да сталецьця!

29/X—18 г.