9. Беліць палатно 10. Сяўба
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
11. Поліць агародніну

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




10. СЯЎБА.

Ральля падсохла, мягкай стала, воўнай,
Ўжо час узяцца за сявалку,
Ў зямлю зярнят насыпаць жменяй поўнай,
Яе ад бацькоў наўчыўся змалку.

Ад тэй, што ад зімы засталась, часткі,
Штось кінуўшы на час нязбыты,
Адмерылі мы з ёй са дзьве шаснасткі
У мех, рукой яе пашыты.

І выйшаў сеяць я. Яна стаяла
Непадалёк мяне, на ўзьмежку:
У высях сонца золатам зіяла,
Ўнізу плыў вецер сваёй сьцежкай.

Пасыпаліся дробныя зярняты
Ў ральлю, як пацеркі янтарны
На наш загон, сахою узараны,
На мой шнурок—палетак ярны.

Яна, як ніцая бярозка тая,
Стаяла, за сяўбой сьлядзіла,
І, як-бы Багародзіца сьвятая—
Здавалася мне—блаславіла.

Лажыцеся ў ральлю, зярняткі, спаткі,
Накрыйцеся пасьцілкай-скібкай,
Пасьля збудзіцесь, выгляньце з краваткі,
Як воўна—густа, як дзень—шыбка!

Расьціце высака, расьціце буйна,
Як гэта пушча за дарогай!
Маліцеся да бела-бога чуйна,
І чорнага ня гнеўце бога!

Каб не паспалівалі вас сьпякоты,
Дажджы каб вас не пазмывалі,
Каб не пабілі грады і грымоты,
Каб вам заломаў не ламалі!