10. Сяўба 11. Поліць агародніну
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
12. Яблыні цьвітуць

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




11. ПОЛІЦЬ АГАРОДНІНУ.

Я выган плотам гарадзіў, яна палола грады;
Благое зельле вырывала, кідала ў пасьцілку,
Дзе каліў ня было,—дасаджывала там расады,
Там прарывала, дзе ўзышло за густа праз памылку.

Чырыкалі над ёю верабейкі на чарэсьні,
Нязгледна час ад часу вецер пралятаў крылаты.
І адазвалася мая палея сумнай песьняй,
Такой, якую ў нас пяюць вясеньнім днём дзяўчаты.

ВЯСЬНЯНКА.

Ой, брала вясна у сонца ключы,
Адчыняла сырую зямельку,
Пускала на сьвет траву-мураву,
Адзявала у лісьце бярозы.

Дзе толькі ня йшла яна,—з прыпала
Густа сеяла, сеяла кветкі,
На край сьвету гнала рэчкі яна,
Птушкам волю і голас давала.

Ой, выйду я, выйду на сенажаць,
Буду віць, завіваць вяночак,
Пяяць з салавейкам буду у тахт,
Сэрцу песьняй вясну выклікаці.

Прыдзі ты ка мне, сагрэй ты мяне,
Абымі ты мяне, як друг мілы,
Пасей на душы мне долейкі мак,
А на сэрцы—пшанічку каханьня!

Каб доля, як мак цьвіце, зацьвіла,
Каб каханьне расло, як пшанічка,
Каб мілы мяне мой верна любіў
І галубіў ў сьвятліцы, як шчасьце.

Звінела песьня і зьлівалась з музыкаю птушак,
Бярозавыя на гасьцінцы плакалі прысады,
Заводзіў вецер, б’ючысь аб асінавы асушак...
Я выган плотам гарадзіў, яна палола грады.