Вось і карчомка—
Вясёлы наш край!
Жыва, гэй, Шлёмка,
Гарэлкі давай!
Што там марудзіш
Ты гэткі, такі?
Ў крыўдзе ня будзеш,
Як п’юць бедакі!
Наша багацьце
Нямоцна ні ў чым,—
Грошы ня хваце—
Заставу дадзім.
Толькі нам водкі
Давай, не жалей!
Век наш кароткі,
Зато п’ём часьцей.
Дарма мы рвёмся
Нядолю змагаць,—
Водкі нап’ёмся,
І гора ня знаць.
Там каля хатаў
Плач ходзіць з бядой…
Менск наш багаты—
Ён збавіць, як стой.
Возік каменьняў—
Тры злоты ўжо ёсьць,
Воз дроў, паленьняў—
Рубельчык—як госьць.
Вось і няскупа,
Ўскашэліцца голь,—
Ёсьць штось на крупы,
А трохі на соль!
Рэшту ў сівусе
Мы ўтопім навек:
З чаркай, з Марусяй
Вясёл чалавек.
П’ём водку, браце,
П’ём ня-бы як,—
Мей больш багацьця—
Пілі-бы ня так.
Жыва-ж, гэй, Шлёмка,
Гарэлку стаўляй,
Чаркай ды ёмкай
Ты нас надзяляй!
Весела, гучна
Час будзе ляцець,
Будзем піць дружна
І песенькі пець.
Ночка за чаркай
Пяройдзе, як стой,
Раніца ярка
Зардзіць над зямлёй.
Дымкай чырвонай
Зара замігціць,
Чарку чароўна
Сьвятло развагніць.
|