Куды ня глянеш—людзі, людзі,
Куды ня глянеш—шэльмы, шэльмы,
Куды ня глянеш—б’юцца ў грудзі,
Што значыць: правільныя вельмі.
Адзін накраў—багацьце ўмножыў,
Другі згалеў, галей сабакі…
Бяду нажыці ўсякі можа,
Бяды пазбыціся—ня ўсякі.
Аслу з напоўненай машною
Леў акаваны лапы ліжа…
Рака, затоўчана крывёю,
Ўдава заводзіць каля крыжа.
Дабро і зло—ў ваднолькай мерцы;
Сьвіньня сьвятыя думы блоце,
Вужакі сыкаюць на сэрцы,
Душа валяецца ў балоце.
Крутым хвастом на ўсе староны,
Як сучка, доля меле, дзеле:
Адным спраўляе пахароны,
Другіх склікае на вясельле.
Няпраўда праўду акялзала,
І едзе людзкасьці па сьпіне,
А чалавек—ком гною, сала—
Быдлём, сьляпнём жыве і гіне.
Адзін чорт весел, зубы скаліць,
Загаціў пекла да варотаў;
Рад шэльма: польку з ведзьмай валіць…
Такі разлад—яго работа!
|