На чужы розум я ня ўмею браць,
Пасвойму я мяркую аб усім;
Трапляю дровы сеч, касіць, араць
І сеяць—штось сабе, а штось другім.
Я ня чыноўнік і ня граф, ня князь,
Так сама—я ня турак і ня грэк,
І нават не паляк і не маскаль,
А проста, я тутэйшы чадавек!
*
Ў сьвятую веру моц, здароў, ці квол;
Набожна ў цэркаў і ў касьцёл хаджу,
Хаця ў царкве крычаць: ня йдзі ў касьцёл,
А у касьцеле—не хадзі ў царкву.
Калі-ж каго-бы стрэліла спытаць:
Якой ты веры? ужо-ж бы так адсек:
Тутэйшай веры я, каб не салгаць,
Бо я і сам тутэйшы чалавек!
*
Мяне Бог не пакрыўдзіў языком,
(У жонкі-ж меле ён, як калаўрот),
Мне з прадзедаў застаўся ён з жыцьцём,
З ім ведае мяне чужы народ.
А вось, якой я мовай гавару,
Хоць пры, каб сьцяміць, к знахару па лек…
Ну што? скажу: тутэйшая яна,
Як я і сам тутэйшы чалавек!
*
Ад прадзедаў і бацькаўшчыну ўзяў—
Вялікая, багатая яна!—
Граніц ніхто йшчэ вокам не абняў,
Як Бог адзін—яна ў мяне адна.
А як завуць край гэты родны мой—
Забыўся ўжо праз свой прыгон і зьдзек;
Мабыць, забраны, ці тутэйшы ён,
Я-ж сын яго—тутэйшы чалавек!
*
Вось так ніто жыву і ня жыву,
Сваім, што бачу, ня веру вачам,
Што чую—не бяру у галаву,
І што я знаю—ўжо ня знаю сам.
Спаўняючы што трэба, а што не,
Сяк-так мой цягнецца на сьвеце век,
А як памру, то буду спаць, як пан,
І сьніць, што я тутэйшы чалавек!
|