Спадчына (1922)/VI/Янка Канцавы

Песьня Янка Канцавы
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Тутэйшы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Янка Канцавы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЯНКА КАНЦАВЫ.

Янка Канцавы —
Гаспадар ня злом,
Гэткай галавы
Пашукаць з вагнём.

Што ня зробіць ён—
На дзівы усім:
Дзівіцца Лявон,
Дзівіцца Яўхім.

Сонца на паўдня—
Ён тады ўстае,
Рухне, як сьвіньня,
Сядзе—пазяе.

Змыўся, рукавом
Выцер нос і, вот,
Бульбай з праснаком
Надзяе жывот.

Сяк ды так пад’еў,
Вылез з-за стала,
Вопратку узьдзеў,
Шапку зьняў з кала;

Падышоў к вадзе—
Хочацца, знаць, піць—
І к рабоце йдзе,
Чуць нагой вурзіць.

«Сьлепака» запрог
У саху з дугой,—
Пугай шлёг, ды шлёг,
Ну, ваўкі з табой!

Як шнур запахаў
Гэты наш Янук,—
Ня знаць ці араў,
Ці парыў парсюк.

Вытухшых зярнят
Па ральлі патрос;
Будзе збожжа шмат—
Мо’ і больш за воз.

Ну, во’ ўжо і час
Выбрысьці з касой, —
Хто-ж ахвоцен з нас
Уставаць з зарой.

Янка-ж-маладзец!
Рана рад устаць,
Каб—пусты канец!
Не цягнула спаць.

Як там ня было—
Неяк пакасіў:
Жніва навярзло—
Зжаў і павазіў.

Янка сяк, то так
Лета прамадзеў,
Стаў жыць ня-бы-як,—
Стаў есьць больш, як еў.

Хутка, да Пакроў,
Збожжа змалаціў,
Але чорт падвёў—
Чыншу не плаціў.

Стараста, як кнут,
Хоць як не прасі,—
Што-дня тут і тут:
Чынш плаці, нясі.

Магазыньнік, той—
Ані адагнаць:
—Ссып мне, што вясной
Браў шнур засяваць.

Янка рад, нярад,
А дыхнуць ані,
Быццам той скурат—
Круціцца ў вагні.

Толькі ўсё яму
Гора як ні ў чом:
Прэцца у карчму
З поўненькім мяшком.

Ёўна—хітры жыд,
Шмат жыў на вяку…
Цэлы рай адкрыт
Янку бедаку.

Шумна ў карчме,
Янка водзе рэй,—
Гэтым рукі жме,
Тым піць льле скарэй.

Тыча пад бакі
Сойкі для другіх;
Весялы такі,
Абымае ўсіх.

Лоўка падгуляў,
Выбрыў за карчму;
Гразі і канаў
Ўжо няма яму.

Мчыцца, быццам пан,
Колы трах-тарах!
У вачох туман,
Немач у нагах.

Прыляцеў на двор,
Зьлез, у хату йдзе,
Дзьверы ўжо адпёр,
Песьню ўжо вядзе,

Песьню-крык гу-га!
Увайшоў, глядзіць,
Аж тут качарга,
Як з нябёс ляціць.

Ня ўсьпеў што сказаць,—
Трудна,—хлоп ды хлоп!
Ой, шалёны, знаць,
Хрысьціць бабаў поп!

Неяк жонку змог,
Выгнаў дзеці вон,
Спаць на печы лёг…
Май-жа райскі сон.

........

Дзівіцца ўвесь сьвет,
Што так гол Янук,—
Дзіваваўся дзед,
Дасца дзіву ўнук.

1906 г.