Спатканьні (1925)/Родныя песьні/Васількамі цьвітуць твае вочы…

Спатканьне Васількамі цьвітуць твае вочы…
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1925 год
Я пішу…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Васількамі цьвітуць твае вочы…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВАСІЛЬКАМІ ЦЬВІТУЦЬ ТВАЕ ВОЧЫ…

Васількамі цьвітуць твае вочы,
Агнявыя парой яны,
І вясёласьць твая дзявочая
Не дае майму сэрцу ныць.

Але я, непакорны, далёкі,
Ня умею цябе счараваць…
Мары ўюцца і кружацца лёгкія,
Набракае ад іх галава…

Зайздрасьць некая коле балюча
І надзея цешыць мяне,
Што я песьняй сваёю пявучаю
Ня ўсё аб табе празьвінеў.

Мо‘ калі і надыйдзе часіна,
Што парушыць ціхі спакой
І пакорная песьнь лебядзіная
З душы хлыне наперакор.

Менск, 1925 г.