Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/116

Гэта старонка была вычытаная

Ой, Зямля-плянэта і браты-народы!
Я спраўляю штодзень страшнае маленьне:
Расьпяваю псальмы аб краіне роднай,
Расьпяваю ўвечар, стаўшы на калені.

Сашчамляю рукі і ўзьнімаю ўгору, —
Хоць ня містык духам, не манах пакорны.
Бачу на панэлях бяспрытульны горад, —
Не магу ўхапіцца аніяк за корні.

Пэўна вечна жыць мне з песьняй бяспрытульнай;
Вырадкам праслыць, знаць, суджана ад роду
Выйду на дарогу, насустрэч Матулі,
Можа прыйме сына, не знайшоў што броду?

Я злажу вітаньне ня у чэрствых словах, —
Мо‘ прыгорне цела і душу уцешыць?
Пазрываюць ветры з стрэх старых салому
І мне з ёй усьцелюць пуцявіны, сьцежкі.

Будзе дзень сьвяточны, дзень другога прыйсьця:
Прыдзе Маці з сынам, на услоне сядуць…
Расшумяцца клёны, расшумяцца лісьця, —
Будзе сьвяткаваньне песеннае ў садзе.

Прыдуць з песьняй тыя, што сабе ня лгалі,
Што сьлязу ранялі на сырым кургане…
Параходы ў ходзе, падаюць сыгналы,
Хвалі размываюць цёс гранітных граняў.

|}