Старонка:Рудзін Дваранскае гняздо 1935.pdf/22

Гэта старонка не была вычытаная

век, надзвычай безуважны ў гуртку падначаленых, ніколі не бывае безуважным з асобамі вышэйшымі? Чаму б гэта? Прынамсі, такія запытанні ні да чаго не вядуць.

Калі Канстантын Дыямідыч, вывучыўшы, нарэшце, Тальбергаўскі эцюд, спусціўся з свайго чыстага і вясёленькага пакоя ў гасціную, ён ужо застаў усіх дамашніх у зборы. Салон ужо распачаўся. На шырокай канапе, падкурчыўшы пад сябе ногі і трымаючы ў руках новую французскую брашуру, размясцілася гаспадыня; каля акна, за пяльцамі, сядзелі: з аднаго боку дачка Дар'і Міхайлаўны, а з другога m-lle Boncourt — гувернантка, старая і сухарлявая дзева год шэсцьдзесят, з накладкай чорных валасоў пад рознакаляровым чапцом і баваўнянай паперай у вушах; у вуглу, ля дзвярэй, змясціўся Басістаў і чытаў газету; каля яго Пеця і Ваня гулялі ў шашкі, а прыхіліўшыся да печкі і заклаўшы рукі за спіну, стаяў чалавек невялікага росту, ускалмачаны і сівы, з смуглым тварам і бегаючымі чорнымі вочкамі — нехта Афрыкан Семёныч Пігасаў.

Дзіўны чалавек быў гэты пан Пігасаў. Раззлаваны супроць усяго і ўсіх — асабліва супроць жанчын — ён сварыўся з раніцы да вечара, часам вельмі трапна, часам досыць тупа, але заўсёды з асалодай. Раздражлівасць яго даходзіла да блазенства; яго смех, гук яго голаса, уся яго істота, здавалася, была прасякнута злосцю. Дар'я Міхайлаўна ахвотна прымала Пігасава: ён забаўляў яе сваімі выбрыкамі. Яны, узапраўды, былі даволі забаўныя. Усё пераўвялічваць было яго маніяй. Напрыклад: пра якое няшчасце пры ім ні гаварылі — альбо расказвалі яму, што перуном спаліла вёску, што вада прарвала млын, што мужык сабе тапаром руку адсек — ён кожны раз з заўзятай лютасцю пы-