Старонка:Рудзін Дваранскае гняздо 1935.pdf/23

Гэта старонка не была вычытаная

таўся: — „А як яе завуць?“ — гэта значыць, як завуць жанчыну, праз якую здарылася няшчасце, бо, па яго завярэнню, усялякаму няшчасцю прычынай жанчына, варта толькі харашэнька ўнікнуць у справу. Ён аднойчы кінуўся на калені пера

д

амаль незнаёмай яму барыней, якая прыставала да яго з пачастункам, пачаў са слязмі, але з напісанай на твары злосцю ўпрашваць яе, каб яна злітавалася над ім, што ён нічым перад ёю не правініўся і болей у яе ніколі не будзе. Аднаго разу конь, упудзіўшыся, панёс з гары адну з прачак Дар'і Міхайлаўны, скінуў яе ў роў і ледзь не забіў. Пігасаў з таго часу іначай не называў гэтага каня, як „добры, добры канёк“, а самую гару і роў знаходзіў вельмі маляўнічым месцам. Пігасаву ў жыцці не пашанцавала — ён гэтую дурасць і напусціў на сябе. Ён паходзіў ад бедных бацькоў. Бацька яго займаў розныя дробныя пасады, ледзь ведаў грамату і мала непакоіўся пра выхаванне сына; карміў, адзяваў яго — і толькі. Маці яго песціла, але неўзабаве памерла. Пігасаў сам сябе выхаваў, сам паступіў у павятовую школу, потым у гімназію, вывучыў мовы: французскую, нямецкую і нават латынскую і, скончыўшы гімназію з добрым атэстатам адправіўся ў Дэрпт, дзе ўвесь час змагаўся з беднасцю, але вытрымаў трохга довы курс да канца. Здольнасці Пігасава не выходзілі з шэрагу звычайных; цярплівасцю і настойлівасцю ён вызначаўся, але асабліва моцна ў ім было пачуццё ганарлівасці, жаданне папасці ў вышэйшы свет, не адстаць ад іншых, на зло свайму лёсу. Ён і вучыўся старанна, і ў Дэрпцкі універсітэт паступіў з ганарлівасці. Беднасць злавала яго і развіла ў ім назіральнасць і хітрасць. Ён выказваўся своеасабліва; ён змоладу развіў у сабе асаблівы род злоснага і сварлівага красамоўства.