Старонка:Рудзін Дваранскае гняздо 1935.pdf/24

Гэта старонка не была вычытаная

Думкі яго не ўзвышаліся над агульным узроўнем; а гаварыў ён так, што мог здавацца не толькі разумным, але нават вельмі разумным чалавекам. Атрымаўшы годнасць кандыдата, Пігасаў намерыўся працаваць у галіне навукі: ён зразумеў, што на ўсякім іншым шляху ён-бы аніяк не змог дагнаць сваіх таварышоў (ён стараўся выбіраць іх з вышэйшага кола і ўмеў да іх падладзіцца, н

ават дагоджваў ім, хаця ўсё адно сварыўся). Але

тут у ім, кажучы папросту, матэрыялу не хапіла. Самавучка не з замілавання да навукі, Пігасаў, у сутнасці, ведаў надта мала. Ён з трэскам праваліўся на дыспуце, тым часам, калі жыўшы з ім у адным пакоі другі студэнт, з якога ён заўжды смяяўся, чалавек вельмі абмежаваны, але атрымаўшы правільнае і сталае выхаванне, святкаваў перамогу. Няўдача гэтая абурыла Пігасава: ён кінуў у агонь усе свае кнігі і сшыткі і застаўся на службе. Спачатку справа ішла нядрэнна: чыноўнік ён быў хоць куды, не вельмі распарадчывы, затое самаўпэўнены і бойкі; але яму захацелася хутчэй выскачыць у людзі — ён заблытаўся, спатыкнуўся і прымушан быў выйсці ў адстаўку. Гады тры прасядзеў ён у сябе ў нажытай ім вёсцы і раптам ажаніўся на багатай, малаасвечанай памешчыцы, якую злавіў на вудачку сваіх развязных і кплівых манер. Але нораў Пігасава ўжо залишне раздражніўся і скіснуў: яму не люба было сямейнае жыццё. Жонка яго, пажыўшы з ім некалькі год, выехала цішком у Маскву і прадала нейкаму спрытнаму аферысту свой маёнтак, а Пігасаў толькі што пабудаваў у ім гасподу. Узрушаны да глыбіні гэтым апошнім ударам, Пігасаў распачаў было цяжбу з жонкай, але нічога не выйграў... Ён дажываў свой век адзінотна, выязджаў да суседзяў, якіх ганіў за вочы і нават у вочы, і якія