Старонка:Рудзін Дваранскае гняздо 1935.pdf/32

Гэта старонка не была вычытаная

Сад у Дар'і Міхайлаўны даходзіў да самай ракі. У ім было шмат старых ліпавых прысад, залаціста-цёмных і душыстых, з смарагдавымі прасветамі па канцах, шмат бяседак з акацый і

бэзу.

Валынцэў разам з Натальей і m-lle Boncourt забраліся ў самую глыбіню саду. Валынцэў ішоў побач з Натальей і маўчаў. М-lle Boncourt следвала крыху паводаль.

— Што-ж вы рабілі сёння? — спытаўся нарэшце Валынцэў, паскубваючы канцы сваіх прыгожых цёмнарусых вусоў.

Ён рысамі твара быў вельмі падобны на сястру: але ў выяўленні іх было меней гуллівасці і жыцця, і вочы яго, прыгожыя і ласкавыя, глядзелі неяк засмучана.

— Ды нічога, адказвала Наталья: — слухала, як Пігасаў сварыцца, вышывала па канве, чытала.

— А што такое вы чыталі?

— Я чытала... гісторыю крыжовых паходаў, — праказала Наталья з невялікай запінкай.

Валынцэў паглядзеў на яе.

— А! — сказаў ён нарэшце: — гэта мабыць цікава.

Ён сарваў галінку і пачаў круціць ёю у паветры. Яны прайшлі яшчэ крокаў дваццаць.

— Што гэта за барон, з якім ваша маці пазнаёмілася? — зноў спытаўся Валынцэў.

— Камер-юнкер, прыезджы; maman яго вельмі хваліць.

— Ваша маці можа захапляцца.

— Гэта сведчыць, што яна яшчэ вельмі маладая сэрцам, — заўважыла Наталья.

— Так. Я неўзабаве прышлю вам вашага каня. Ён ужо амаль што зусім аб'езджаны. Мне хочацца, каб ён з месца браў у галоп і я гэтага даб'юся.