Старонка:Узвышша 1928-002.pdf/5

Гэта старонка была вычытаная

наступныя). У вершы "Поэту" узьнікае надзея, што праз гора мы прыйдзем да сьветлага дню. У наступным вершы поэта пасылае пракляцьці сваёй "Слабасьці", у вершы "Жыцьцё" ставіць пытаньне, ці можа чалавек жыць пакорным жыцьцём вала, і заканчвае разьдзел самым бадзëрым і самым соцыяльным з сваіх вершаў "Муляру". Такім чынам, увесь другі разьдзел па сваёй пабудове зьяўляецца як-бы элегіяй, якая пачалася да нотамі адчаю і йшла зьвілістымі, як само жыцьцё, шляхамі сьветлай веры, веры, якую—мы маем на ўвазе верш "Поэту“ і "Муляру"—наш пясьняр хоча перадаць і іншым людзям.

Элегійнасьць траціць мала-па-малу свае чорныя фарбы, вострае пачуцьцё адчаю зьмяняецца ціхім разважаньнем. Гэта элегійнасьць, зьвязаная ў першай палове кнігі з асабовым лёсам поэты, атрымлівае мала-па-малу больш шырокі характэр, зьвязваецца з думкамі аб жыцьці чалавечым наогул. Усё гэта падрыхтоўвае пераход ад тэм асабовае лірыкі да тэм народнае лірыкі і чыста эпічных твораў у трэцім разьдзеле кнігі "Праявы роднага". Што датычыцца эпічных твораў, то яны займаюць у кнізе больш самастойнае месца, ніж творы лірычныя: з пункту погляду пабудовы кнігі іх тэмы зьяўляюцца больш-менш выпадковымі, але невыпадковым зьяўляецца, па-першае, самы пераход аўтара ад лірычных тэм да эпічных, па-другое, іх элегійныя элементы і народны характэр.

У першым вершы, дзе аўтар лічыць неабходным не выдзяляць свайго няшчасьця, ён казаў:

Многа на сьвеце усякага творыцца!
Многа хто вершаў аб гэтым злажыў.
Часам паслухаеш, хто разгаворыцца,
Бог яго ведае, як яшчэ жыў.
................
Што-ж тады плакаці мне, маладзейшаму?
Я-ж ня прайшоўшы пуціну сваю:
Сэрца асталася. Не, весялейшаму
Трэба мне быць, а я плачу-пяю.

Ён ня толькі перамог у далейшых вершах захапленьне сваім уласным горам, але даў і малюнкі чужога гора, асабліва яскравыя ў вершах "Хатка“, „Жабрачка“ і "Сын“. Элегійнасьць поэты засталася, але яна стала больш спакойнай і альтруістычнай. Сваё гора аўтар выяўляе чыста лірычна, нічога не гаворачы аб тых соцыяльна-політычных абставінах, якія закінулі яго ў Сыбір. Чужое гора ён адбівае ў ліра-эпічных формах, высьвятляючы тыя факты і ўмовы, якія да гэтага гора прывялі: галоўнай крыніцай чалавечага няшчасьця зьяўляюцца беднасьць, залежнасьць бедных ад багатых, бязьлітаснасьць таго грамадзкага ладу, які вёў беднага чалавека да жабрацтва і поўнай пакінутасьці.

Уражаньню цэльнасьці кнігі дапамагае тэматычная зьвязанасьць паасобных поруч пастаўленых вершаў. Так, напр., верш „Добрыя дзеці", у якім дзеці выканалі раду ня мучыць сініцу ў клетцы і выпусьціць яе на волю, і наступны за ім верш "Салавейка“, у якім гаворыцца аб салаўі, што пасаджан у клетку і перастаў сьпяваць, — зьвязаны агульнай тэмай; гэтыя два вершы-блізняты[1] атрымліваюць у кнізе яшчэ новае алегорычнае значэньне дзеля таго, што яны гавораць

  1. Аднойчы Гётэ пастараўся два вершы, якія адпавядаюць адзін другому, надрукаваць у сваёй кнізе так, каб адзін верш быў надрукованы на адваротнай старонцы аднаго лісту, а другі на пярэдняй старонцы наступнага; такім чынам, абодва вершы стаялі поруч у зрокавым успрыяцьці. Тое ж самае зьявішча знаходзіць Бэлярт і ў кнігах Гейнэ (Два сонэты да маткі, 8 першых вершаў Fresco-Sonette і інш).