Старонка:Узвышша 1928-002.pdf/6

Гэта старонка была вычытаная

нам і аб лёсе поэты, які таксама быў пазбаўлены волі, быў адарваны ал радзімы і траціў у цяжкіх умовах гэтай адарванасьці дарагі для яго дар песьні. Зьвязаны таксама і вершы "Восень" і „Мае думкі": у першым да поэты прыходзяць пад уплывам восені жудасныя думкі; у сэрцы загараецца жаданьне ўсьлед за гусямі паляцець у другі край; у наступным вершы думкі поэты улётаюць з ветрам удаль, у другі край, у родную Беларусь. Таксама зьвязаны "Начлег", у якім малюецца, як душа акунаецца ў блізкую да сну апатыю, і наступны верш "Скажы, братухна, калі параньне?", у якім поэта хоча прачнуцца і пытаецца, калі блісьне промень слонца і чаму поэта яго ўсё ня бачыць. У вершы "Дзяўчыначка-сэрца, сябе ня трывож" ёсьць упамінак аб каханай поэты, што дае тэму для наступнага вершу "Мая Люба". У разьдзеле "Праявы Роднага" чатыры вершы на любоўныя тэмы зьмешчаны адзін за другім, пры чым і тут назіраецца той пераход ад асабовай лірыкі да поэтычнай перапрацоўкі народных мотываў, які характэрызуе разьмяшчэньне вершаў у кнізе ў цэлым.

ІІ

Мотывы кнігі лірыкі, ня гледзячы на тое, што ў сваёй мастацкай аформленасьці і эмоцыянальных адценьнях яны не паўтараюцца, могуць быць шляхам абагульненьня зьведзены да некалькіх асноўных; з іx узаемаадносін складаецца душэўны сьвет поэты. Як мы бачылі, гэтыя мотывы адзначыў сам аўтар у сваім уступным вершы. Не адзначыў ён, як паасобны мотыў, толькі свае разважаньні аб жыцьці. Іх наяўнасьць і так зразумела: бяз іх не магла-б узьнікнуць кніга "дум і песьняў" (падзагалоўе "Матчынага Дару"). Вялікае значэньне гэтых мотываў у кнізе ўжо было намі адзначана; з гэтых дум і песьняў паўстае вобраз поэты як чалавека, які меў на жыцьцё пэўныя погляды, прасякнутыя моцнымі эмоцыямі і імкненьнямі. Да больш дакладнага высьвятленьня іх мы цяпер і пяройдзем.

Адносіны нашага поэты да сьвету, уласьцівыя яму па прыродзе, вызначаюцца яснасьцю і прастатой. Яны выяўлены ў першых жа радкох уступнага вершу, якія напісаны на частую лірычную тэму: я адзначыў яе ў сваіх неапублікаваных матар'ялах да клясыфікацыі лірычных мотываў, як "што я люблю". Сюды належаць, галоўным чынам, вершы, якія пачынаюцца з слова люблю і зьяўляюцца пералічэньнем дарагіх для поэты зьявішч. У той час, як іншыя поэты, адказваючы на гэтае пытаньне, часта выяўляюць у пералічэньні гэтых зьявішч орыгінальнасьць сваіх густаў і звычайна зьвязаную з гэтай орыгінальнасьцю аднабаковасьць, А. Гарун пачынае верш словамі: "Люблю і я скляпеньне зор" і г. д., гэта значыць, ён любіць усё, што ўласьціва наогул любіць людзям. Прадметы яго каханьня адносяцца да трох сьветаў: сьвету прыроднага, сьвету людзкога і сьвету выабражальнага:

Люблю і я скляпеньне зор,
Люблю зямлі абшар,
І роўны луг, і ўзгібы гор.
І шум лясны, і гвар.
Люблю жыцьцё, а ў ім людзей
І кшталты іхніх душ,
Люблю вянкі плясьці з надзей…

Ясны сьветапогляд поэты дае адказ і на пытаньне аб тым, як і для чаго жыць. У чым мудрасьць жыцьця — аб гэтым гаворыць нам прырода ўсімі сваімі зьявішчамі:

Прысуджаны шлях свой рабі дарагім.
Красуйся на радасьць сабе і другім.