Старонка:Узвышша 1928-002.pdf/7

Гэта старонка была вычытаная

Ці не для таго, каб выканаць гэты запавед прыроды, атрымаў поэта пры самым сваім нараджэньні "матчын дар", г. з. жыцьцё, душу і cpoдак яе выяўленьня—скрыпку? Да поэты павінны былі прыйсьці "песьні-весялушкі“, ён павінен быў граць, "як пяе зямліца, як шчабечуць птушкі". А. Гарун хацеў-бы быць адным з гэтых радасных праяўленьняў мудрага жыцьця прыроды. У гэтым сэнсе ён набліжаецца да народнай творчасьці, у якой асабовае распускаецца ў агульным і тыповым. Ёсьць, праўда, у яго кнізе адзін верш, у якім поэта прызнаецца, што і яму была вядома спакуса індывідуалізму. Гэты верш — "Літаньне Адзіноце".—прызнаньне, якое толькі намекае на тую сторану душы поэты, якая не знайшла сабе яскравага выразу ў яго творчасьці. Неіндывідуалістычны ідэал яго поэзіі адлюстраваўся ня толькі на пабудове кнігі, але і на характары яго зьвязаных з народнай творчасьцю вобразаў. Асабліва гэта кідаецца ў вочы ў малюнках каханай жанчыны: тут няма нічога індывідуальнага; яго люба як-бы выйшла да яго з сьвету народнае казкі:

Ідзець каралеўнаю, добрай, ласкаваю, роўнай паходкаю.
Ціха ступаючы.

Межы паміж асабовай любоўнай лірыкай і мастацкай апрацоўкай народных мотываў у А. Гаруна сьціраюцца.

Нават і ў тых вершах, дзе поэта выяўляе свой асабовы душэўны сьвет, свой індывідуальны лёс, ён часта карыстаецца, як мы пабачым, вобразамі з дарагой для яго скарбніцы народнае творчасьці.

Цяжкае жыцьцё поэты замуціла ясны прыродны сьветапогляд яго. Лёс паслаў яму цяжкае гора, адарваўшы яго ад роднай зямлі і роднага народу, кінуўшы на чужыну, асудзіўшы на цяжкую і доўгую працу, якая адымала ў яго сілы і час, і разам з тым яго "матчын дар", поэтычную душу і дар песьні.

Не засталося у яго і веры ў неба. Аб гэтым сьведчыць яго верш "На сьмерць":

Ці-ж можна праўду нам знайсьці, калі маліцца
У неба чорнае ўляпіўшыся вачмі?

Тое, што тут сказана пад уражаньнем сьмерці айца, паўторана ў вершы "Поэту“:

Пакінь, пакінь сьпяваць а праўдзе тэй, што ў небе!
Яна — чужая нам, таемных праўда сіл.

Але поэт ня здаўся, ён вёў барацьбу, у якой ня раз цярпеў паражэньне і атрымліваў перамогу: аб гэтым ён казаў нам у разьдзеле „На чужыне". У вершы „Nocturno" ён апавядае аб тым, як сустрэў аднойчы ў лесе сваю Нядолю; ён пытае яе, чаму так сумна праходзяць яго дні, дні таго, хто так любіць жыцьцё, і яна дае яму раду:

Стаіць магутны лес, ізноў убраны
У зялёны ліст даглерлівай рукой,
І п‘ець спажыны клек, старыя гоіць раны.
Зірні: якая моц! Зірні, які спакой!

Што год ўміраець ён парой асеньняй,
Каб зноў аджыць, убачыўшы вясну.
І гэтак ўсё ідзець чаргою пераменнай:
То скіне сон з вачэй, то зноў ідзець да сну.

Расьцець дубочак тут, — які зялёны!
Другі, стары, калодаю палёг;
І сын ідзець ў гару, як бацька ў час мінёны.
Што даў жыцьцё яму, а сам зваліўся ў мох.