Старонка:Узвышша 1928-002.pdf/8

Гэта старонка была вычытаная

Цячэць ручайка вось і ту ж ні стала!
Німа яго, схавауся у зямлі,
А недзе — тамака рака зямлю прарвала
І воды тэй ракі па лузе пацяклі.

І ты, о, любы мой! Як лес зімовы
Заснуу, ляжыш, ні можучы устаць.
Але наступіць дзень вяселы, пекны, новы,
І радасьць вольнасьці павінна завітаць.
...............
Аб сьмерць пытаеш ты? Калі сканчыцца
Жыцце твае, — міленькі, ні пытай!
Спрабуй ад думак тых, ад хворых, палячыцца,
Прыходзь у гэты лес — паветро тут глытай.

Жыві, каб жыцце даць другім, малодшым,
Як дуб стары, што узгадавау дубка.
А там… ручайка знік! І мы пуцем каротшым
Пайдзем у зямлю за ім, каб выплысьць, як рака.

|}

Жыцьцё з прыродай, блізасьць да яе былі для А. Гаруна ня толькі запаведам, але і той зьявай яго душэўнага жыцьця, якой ён даў мастацкае выяўленьне, найбольш удатнае ў вершы „Восень". Намаляваўшы, як зьмяняюцца ў дні глыбокай восені расьліны і дрэвы, як, прадчуваючы зіму, шукае сабе бярлогу мядзьведзь, як зьбіраюцца адляцець гусі і качкі, поэта гаворыць аб тым, як пранікае восень і ў яго душу:

Старое нешта усе спамінаецца,
Толькі ніясна, мауляу, праз туман.
Нейкі ніведамы жаль уздыймаецца,
Вабіць і цягне успамінак-дурман.

Сэрцо баліць пад жаданняу прымусамі,
Што за жаданні — ніяк ні пазнаць;
Можа ляцеці адгэтуль за гусямі…
Можа заснуць, каб нічога ні знаць?…

У наступным вершы ён выбірае першую магчымасьць: жаданьне уляцець у поэты, адарванага ад сваёй радзімы, зьяўляецца яго нязьменным жаданьнем:

Сокалам вольным і з пташшай гульлівасьцю
Як-бы, здаецца, адсюль паляцеў…

Ён ня любіць вакольных гор, гэтых "вартаўнічых няволі":

Белы сьвет, як чорна хмара,
Заступілі горы.

Ня маючы магчымасьці паляцець сам, ён зварачаецца, як гэта часта бывае і ў народнай песьні, то да гусей, то да ветру для таго, каб устанавіць сувязь з радзімай.

Мара аб крыльлях атрымлівае больш шырокі характар, не зьвязаны ўжо ня толькі з тым, што поэта разлучан з радзімай, але і з тым, што яму недаступна неба ("Адбітак")[1]:

Дзіўлюся я на зьзяньне ясных зораў, —
І сумна-сумна так, што я ня разам з імі.
Што жыць ня лёс мне ў вышыні нагорнай
І сьцежкамі хадзіць па небе залатымі.

  1. Таксама паўтарае А. Гарун і надае больш шырокі сэнс другому свайму улюбёнаму вобразу. У вершы "Я. Коласу ён параўноўвае сябе з зернем, якое вецер занёс у чужыну, ня даўшы яму з рук сейбіта ўпасьці на родную глебу. У вершы "Nocturno" поэта называе сябе "адлучаным ад дзераўца лістком", — вобраз блізкі да першага. І, нарэшце, у вершы "Як ліст вярбінкі маладой" мы маем далейшае разгортваньне таго-ж самага вобразу.