С. Булата“ і перакладам „Інтэрнацыяналу“ Янка Купала натхнёна прывітаў бягучае жыцьцё савецкае пары і надыходзячую Комуну. Тая непасрэднасьць у разьвіцьці беларускае літаратуры, якая слаба трымалася на разьбежжы нашаўніўскае пары і пары пасьлякастрычнікаўскай, значна ўзмоцнілася. Другія пісьменьнікі нашаніўцы, прыватна Зьмітрок Бядуля, з свайго боку ўзбагацілі сваімі навейшымі творамі сьвіцючыя прагаліны пераходнае паласы.
Усё-ж гэтага ня старчыла для належнага запаўненьня высунутых часам патрэб. Гэтыя патрэбы вымагалі не паасобных тонаў, а зьлітнае суцэльнае гармоньні ў новай працы. Тымчасам адбітак мінуўшчыны, труіўшы дзесяткамі гадоў сэрцы песьняроў, упарта не падаваўся павеям новага настрою. Якуб Колас перабольваў даўнейшую нядолю; Алесь Гурло, пракураны аўрорскім дымам, не забываў смутных перапеваў мінуўшага; сюд-тут ды аглядаўся назад Зьмітрок Бядуля. Размахі рэволюцыйных падзей ва ўсіх галінах жыцьця, убіраючы экономіку, культуру і быт, усё яшчэ не выяўляліся ў поўнай дадатнасьці перад імі.
Між тым рашуча выходзілі на арэну культурнае працы маладзейшыя песьняры, як М. Чарот, А. Александровіч, А. Дудар, М. Зарэцкі. Літаратурнае жыцьцё не магло спыняцца ў сваім сваім разьвіцьці. Творчыя сілы рэволюцыі таксама не пакідалі без папаўненьня маладымі кадрамі шэрагаў літаратурных працаўнікоў.