Статут горада Мінска (2001)/Глава 3. Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт

Глава 2. Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў Глава 3. Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт
Глава Статуту
Аўтар: Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў
2001
Крыніца: Сайт Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту
Глава 4. Адміністрацыя раёна горада

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Глава 3. Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт
Артыкул 21. Статус Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта

Выканаўчы камітэт з’яўляецца выканаўчым і распарадчым органам на тэрыторыі горада Мінска з правамі юрыдычнай асобы.

Выканаўчы камітэт у сваёй дзейнасці падсправаздачны і падкантрольны Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь па пытаннях, якія ўваходзяць у кампетэнцыю Урада Рэспублікі Беларусь, а таксама адказны перад Саветам па пытаннях, якія адносяцца да кампетэнцыі Савета.

Выканаўчы камітэт забяспечвае эканамічнае, сацыяльнае, культурнае развіццё горада, паляпшэнне экалогіі гарадскога асяроддзя, зыходзячы з агульнадзяржаўных інтарэсаў і яго статусу як сталіцы, а таксама патрэб насельніцтва горада, выконвае рашэнні вышэйстаячых дзяржаўных органаў.

Артыкул 22. Кампетэнцыя Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта

У планаванні, бюджэтнай палітыцы і фінансах:

  • распрацоўвае на аснове навуковага аналізу і прагназавання стратэгію ўстойлівага развіцця горада і кіравання ім; распрацоўвае і прадстаўляе на зацвярджэнне Савету праекты стратэгічнага плана, гадавых і перспектыўных прагнозаў і праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця горада, забяспечвае іх выкананне;
  • распрацоўвае і прадстаўляе на зацвярджэнне Савету праект бюджэту горада, прымае меры па яго выкананні і прадстаўляе ў адпаведнасці з заканадаўствам справаздачу аб яго выкананні;
  • ва ўстаноўленыя тэрміны прадстаўляе ў Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь праект бюджэту горада на чарговы фінансавы (бюджэтны) год і справаздачу аб выкананні бюджэту горада за папярэдні фінансавы (бюджэтны) год;
  • арганізуе атрыманне даходаў бюджэту горада і іх выкарыстанне па мэтавым прызначэнні, прымае рашэнні аб правядзенні аўкцыёнаў;
  • выступае ў якасці заснавальніка банкаў (у тым ліку гарадскога), нябанкаўскіх фінансава-крэдытных арганізацый, страхавых арганізацый і іншых юрыдычных асоб;
  • укладвае і размяшчае свабодныя сродкі горада ў акцыі і іншыя каштоўныя паперы, дэпазіты, а таксама дае працэнтныя і беспрацэнтныя пазыкі, праводзіць латарэі і іншыя фінансавыя мерапрыемствы;
  • садзейнічае ўзнікненню на тэрыторыі горада арганізацый розных форм уласнасці, удзельнічае ў іх заснаванні на долевых пачатках;
  • ажыццяўляе кантроль за выкананнем заканадаўства па пытаннях цэнаўтварэння на тэрыторыі горада;
  • устанаўлівае ў адпаведнасці з заканадаўствам цэны, тарыфы, надбаўкі (скідкі) на тавары (работы, паслугі), на якія ўстаноўлена дзяржаўнае рэгуляванне цэн і тарыфаў, з улікам наяўнай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі;
  • прадастаўляе льготы па выплаце дзяржаўнай пошліны і іншых абавязковых плацяжоў, якія паступаюць у бюджэт горада;
  • праводзіць рэвізіі стану бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў адміністрацый раёнаў горада.

Ва ўпраўленні камунальнай уласнасцю, узаемаадносінах з прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі і аб’яднаннямі на тэрыторыі горада:

  • вядзе ўлік і рэестр уласнікаў нерухомай маёмасці, якая знаходзіцца на тэрыторыі горада, незалежна ад форм уласнасці на падставе дадзеных тэхнічнай інвентарызацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам і рашэннямі выканаўчага камітэта;
  • праводзіць дзяржаўную рэгістрацыю, ліквідацыю (спыненне дзейнасці) юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў у адпаведнасці з заканадаўствам;
  • распараджаецца маёмасцю, якая знаходзіцца ў камунальнай уласнасці, у парадку, устаноўленым Саветам;
  • ажыццяўляе ў адпаведнасці з заканадаўствам раздзяржаўленне і прыватызацыю аб’ектаў, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці;
  • прымае рашэнні аб стварэнні, рэарганізацыі і ліквідацыі арганізацый камунальнай уласнасці ў парадку, вызначаным Саветам, зацвярджае рэжым працы такіх арганізацый, а таксама ўзгадняе рэжым працы іншых арганізацый незалежна ад форм уласнасці, размешчаных на тэрыторыі горада, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам;
  • атрымлівае ад арганізацый усіх форм уласнасці, размешчаных на тэрыторыі горада, неабходныя звесткі аб праектах іх планаў і мерапрыемстваў, якія могуць мець экалагічныя, дэмаграфічныя, сацыяльныя і іншыя наступствы, якія закранаюць інтарэсы жыхароў горада, ажыццяўляе абавязковае іх узгадненне;
  • прадастаўляе ў першачарговым парадку ў арэнду будынкі, збудаванні і іншыя аб’екты, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці, дзяржаўным органам Рэспублікі Беларусь, а таксама дыпламатычным прадстаўніцтвам, консульскім установам замежных дзяржаў і прадстаўніцтвам міжнародных арганізацый у Рэспубліцы Беларусь;
  • ажыццяўляе па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь асобныя паўнамоцтвы па валоданні, карыстанні і распараджэнні размешчанымі на тэрыторыі горада будынкамі, збудаваннямі і іншымі аб’ектамі, якія знаходзяцца ў рэспубліканскай уласнасці.

У горадабудаўніцтве, землекарыстанні, жыллёва-камунальнай гаспадарцы:

  • праводзіць адзіную палітыку ў галіне архітэктуры, будаўніцтва, добраўпарадкавання, урымання, рамонту і рэканструкцыі жыллёвага фонду і аб’ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі;
  • дэлегуе частку паўнамоцтваў адміністрацыям раёнаў горада ў галіне праектавання будаўніцтва і эксплуатацыі аб’ектаў, а таксама кантролю і нагляду за іх ажыццяўленнем;
  • распрацоўвае з улікам меркавання адміністрацый раёнаў горада і прадстаўляе на зацвярджэнне Мінскіх гарадскога і абласнога Саветаў дэпутатаў праекты адпаведна генеральнага плана развіцця горада і яго прыгараднай зоны;
  • зацвярджае праекты дэталёвай планіроўкі горада, правілы яго забудовы, нормы забеспячэння жыхароў горада жылой плошчай, аб’ектамі культурна-бытавога прызначэння і іншыя нормы ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
  • зацвярджае па ўзгадненні з адпаведнымі дзяржаўнымі органамі горадабудаўнічыя, будаўнічыя і эксплуатацыйныя нормы і правілы горада;

арганізуе будаўніцтва, рэканструкцыю і ўтрыманне на тэрыторыі горада аб’ектаў, неабходных для ажыццяўлення горадам функцый сталіцы Рэспублікі Беларусь, за кошт сродкаў у адпаведнасці з заканадаўствам;

  • прыцягвае са згоды ўласнікаў іх сродкі на развіццё тэрыторый горада;
  • прыцягвае ў адпаведнасці з заканадаўствам сродкі юрыдычных асоб у стварэнне (развіццё) сацыяльнай і інжынерна-транспартнай інфраструктуры горада;
  • устанаўлівае парадак вызначэння памеру і кампенсацыі выдаткаў за створаную інжынерна-транспартную інфраструктуру пры прадастаўленні зямельных участкаў;
  • устанаўлівае ў адпаведнасці з заканадаўствам парадак крэдытавання грамадзян у будаўніцтве жылля, уключаючы выкарыстанне сродкаў жыллёва-інвестыцыйных фондаў, ажыццяўляе будаўніцтва сацыяльнага жылля;
  • інфармуе грамадзян аб прадастаўленні зямельных участкаў для размяшчэння аб’ектаў, дзейнасць якіх закранае інтарэсы гэтых грамадзян;
  • прадастаўляе зямельныя ўчасткі ў карыстанне, арэнду, пажыццёвае спадчыннае валоданне, перадае іх ва ўласнасць, а таксама адбірае зямельныя ўчасткі ў парадку і на ўмовах, прадугледжаных заканадаўствам;
  • перадае свае паўнамоцтвы адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны „Мінск“ у частцы канфіскацыі, прадастаўлення і перадачы ў арэнду зямельных участкаў у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам;
  • выкупляе ў грамадзян зямельныя ўчасткі, што знаходзяцца ў межах горада;
  • вырашае зямельныя спрэчкі ў адпаведнасці з заканадаўствам;
  • выдае дазвол на правядзенне пошукавых работ на зямельных участках на тэрмін не больш за адзін год па ўзгадненні з землекарыстальнікамі, землеўладальнікамі і ўласнікамі зямельных участкаў;
  • ажыццяўляе вядзенне гарадскога зямельнага і гарадскога горадабудаўнічага кадастраў;
  • ажыццяўляе кантроль за выкананнем правілаў утрымання і выкарыстання дзяржаўнага і прыватнага жыллёвага фондаў, прымяняе ў адпаведнасці з заканадаўствам меры адказнасці за іх парушэнне;
  • перадае ва ўласнасць, прадастаўляе ў пажыццёвае спадчыннае валоданне, карыстанне, арэнду і забірае ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадку зямельныя ўчасткі для размяшчэння жылых дамоў, будынкаў, збудаванняў, іншых аб’ектаў, у тым ліку аб’ектаў, неабходных для функцыянавання дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь, а таксама дыпламатычных прадстаўніцтваў, консульскіх устаноў замежных дзяржаў і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый у Рэспубліцы Беларусь;
  • каардынуе і кантралюе дзейнасць арганізацый водазабеспячэння, энергазабеспячэння, транспартных і іншых арганізацый з мэтай забеспячэння надзейнага функцыянавання.

У сацыяльнай сферы і абароне навакольнага асяроддзя:

  • вырашае ў адпаведнасці з заканадаўствам пытанні аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароны і культурнага забеспячэння, гандлёвага, транспартнага, камунальнага, бытавога і іншага абслугоўвання грамадзян на тэрыторыі горада, абараняе правы бежанцаў;
  • уносіць ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку прапановы аб абвяшчэнні (прызнанні) асабліва ахоўваемых асобных прыродных тэрыторый і аб’ектаў, помнікаў гісторыі і культуры, размешчаных у межах горада і прыгараднай зоны;
  • садзейнічае развіццю народных традыцый і звычаяў на тэрыторыі горада;
  • можа выступаць заснавальнікам навуковых і адукацыйных устаноў, а таксама сродкаў масавай інфармацыі горада;
  • удзельнічае ў адпаведнасці з заканадаўствам у вызначэнні рэкламнай палітыкі ў горадзе, клапоцячыся аб тым, каб рэклама, у тым ліку вонкавая, была добрасумленнай, дакладнай, этычнай, даступнай для ўспрымання і не накіраванай на шкоду жыхарам горада;
  • садзейнічае выкананню заканадаўства Рэспублікі Беларусь па пытаннях вайсковай службы ўсімі службовымі асобамі і грамадзянамі, а таксама арганізацыямі, размешчанымі на тэрыторыі горада;
  • забяспечвае законнасць і грамадскую бяспеку на тэрыторыі горада;
  • можа ўдзельнічаць у стварэнні і забеспячэнні працы рэспубліканскіх і міжнародных сістэм сувязі і інфармацыйных сетак;
  • плануе і ажыццяўляе ў адпаведнасці з заканадаўствам мерапрыемствы ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, ажыццяўляе кантроль за выкананнем экалагічных нарматываў;
  • прыпыняе будаўніцтва, рэканструкцыю, капітальны рамонт або эксплуатацыю аб’ектаў у выпадку парушэння экалагічных, санітарных, будаўнічых норм і правіл на тэрыторыі горада;
  • распрацоўвае і прадстаўляе на зацвярджэнне ў Савет тэрытарыяльныя праграмы і мерапрыемствы ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, прымае меры па іх рэалізацыі;
  • ажыццяўляе на тэрыторыі горада дзяржаўны кантроль за выкарыстаннем і аховай зямель, нетраў, водных аб’ектаў, лясоў, расліннага і жывёльнага свету, а таксама за аховай атмасфернага паветра ў парадку, устаноўленым заканадаўствам;
  • арганізуе экалагічную асвету, адукацыю і выхаванне жыхароў горада, забяспечвае іх неабходнай інфармацыяй у галіне аховы навакольнага асяроддзя.

У арганізацыі кіравання:

  • распрацоўвае і прадстаўляе на зацвярджэнне Савету праект статута горада і змены ў яго;
  • распрацоўвае на навуковай аснове сістэму кіравання горадам і пастаянна ўдасканальвае яе, для чаго стварае адпаведную патрабаванням часу арганізацыйную структуру, якая спрыяе эфектыўнай дзейнасці гарадской выканаўчай улады;
  • накіроўвае, каардынуе і кантралюе працу адміністрацый раёнаў горада, садзейнічае іх дзейнасці;
  • вырашае ўскладзеныя на яго заканадаўствам задачы па арганізацыі выбараў і рэферэндумаў, а таксама абмеркаванню іншых найважнейшых пытанняў гарадскога і рэспубліканскага значэння;
  • устанаўлівае граніцы тэрытарыяльных утварэнняў (мікрараёны, кварталы і іншыя) у межах адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак горада;
  • адмяняе ў межах яго кампетэнцыі рашэнні адміністрацый раёнаў горада, якія прыняты з парушэннем заканадаўства або супярэчаць рашэнням Савета і выканаўчага камітэта;
  • утварае па пытаннях яго дзейнасці камісіі, вызначае іх паўнамоцтвы і кіруе іх дзейнасцю;
  • прымае меры па забеспячэнні і абароне інтарэсаў горада ў судовым парадку, а таксама ў вышэйстаячых органах дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных органах;
  • забяспечвае інфармаванне насельніцтва аб важнейшых падзеях сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага жыцця горада;
  • узаемадзейнічае на прынцыпах сацыяльнага партнёрства з прафесійнымі саюзамі ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных задач;
  • узаемадзейнічае з грамадскімі арганізацыямі і рухамі, органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання;
  • арганізуе прыём насельніцтва кіраўнікамі выканаўчага камітэта і яго структурных падраздзяленняў, разглядае звароты грамадзян і прымае па іх рашэнні ў межах сваёй кампетэнцыі;
  • уносіць ва ўстаноўленым парадку прапановы аб прадстаўленні да дзяржаўных узнагарод і заахвочванняў;
  • прадстаўляе сталіцу Рэспублікі Беларусь — горад Мінск у адносінах з замежнымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Выканаўчы камітэт ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканадаўствам і Статутам горада, у тым ліку дэлегаваныя яму Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь і іншымі дзяржаўнымі органамі.

Артыкул 23. Структура Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта

Структура і штатны расклад выканаўчага камітэта вызначаюцца старшынёй выканаўчага камітэта ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, у межах бюджэтных сродкаў, зацверджаных Саветам на яго ўтрыманне.

Структурныя падраздзяленні выканаўчага камітэта могуць з’яўляцца юрыдычнымі асобамі і мець банкаўскія рахункі.

Артыкул 24. Рэгламент Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта

Выканаўчы камітэт зацвярджае свой рэгламент. Рэгламент з’яўляецца нарматыўным актам, які рэгулюе парадак і формы дзейнасці выканаўчага камітэта.

Артыкул 25. Рашэнні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта

Выканаўчы камітэт у межах сваёй кампетэнцыі прымае рашэнні.

Рашэнні выканаўчага камітэта прымаюцца простай большасцю галасоў ад яго складу, падпісваюцца старшынёй і кіраўніком спраў выканаўчага камітэта.

Артыкул 26. Старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта

Старшыня выканаўчага камітэта з’яўляецца вышэйшай службовай асобай і кіраўніком выканаўчай улады на тэрыторыі горада.

Старшыня прызначаецца на пасаду Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і зацвярджаецца Саветам у парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Старшыня выканаўчага камітэта:

  • разглядае ва ўстаноўленым парадку прадстаўленыя на ўзгадненне праекты законаў Рэспублікі Беларусь, актаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскіх праграм, якія закранаюць інтарэсы горада;
  • уносіць на разгляд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь праекты нарматыўных прававых актаў і іншыя прапановы па пытаннях, што тычацца горада;
  • прымае ўдзел у пасяджэннях Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь з правам дарадчага голасу пры разглядзе пытанняў, якія закранаюць інтарэсы горада;
  • прымае ўдзел у вырашэнні пытанняў аб правядзенні ў горадзе мерапрыемстваў агульнадзяржаўнага і міжнароднага характару;
  • прымае ўдзел у вырашэнні пытанняў аб размяшчэнні ў горадзе дзяржаўных органаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў, консульскіх устаноў і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый;
  • уносіць у адпаведныя дзяржаўныя органы прапановы аб перадачы або продажы ў камунальную ўласнасць горада аб’ектаў, якія знаходзяцца ў рэспубліканскай уласнасці, а таксама долей належачых Рэспубліцы Беларусь маёмасці ў статутных фондах гаспадарчых таварыстваў, размешчаных на тэрыторыі горада, калі яны маюць важнае значэнне для забеспячэння выканання горадам функцый сталіцы Рэспублікі Беларусь;
  • узгадняе прызначэнне і звальненне кіраўнікоў рэспубліканскіх прадпрыемстваў, размешчаных на тэрыторыі горада;
  • узгадняе пытанні аб стварэнні, рэарганізацыі, перапрафіляванні або ліквідацыі арганізацый рэспубліканскай формы ўласнасці, размешчаных на тэрыторыі горада;
  • прызначае па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь першага намесніка, намеснікаў старшыні, кіраўніка спраў, іншых членаў выканаўчага камітэта, кіраўнікоў адміністрацый раёнаў горада;
  • прызначае намеснікаў кіраўнікоў і кіраўнікоў справамі адміністрацый раёнаў горада;
  • прадстаўляе выканаўчы камітэт ва ўзаемаадносінах з Саветам, іншымі дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі і грамадзянамі, а таксама на міжнародным узроўні;
  • прадстаўляе на сесіі Савета па меры неабходнасці, але не радзей за адзін раз на год справаздачы аб дзейнасці выканаўчага камітэта, інфармуе Савет і грамадзян аб стане спраў на тэрыторыі горада;
  • арганізуе работу па падрыхтоўцы пасяджэнняў выканаўчага камітэта, вядзе пасяджэнні, забяспечвае кантроль за рэалізацыяй прынятых рашэнняў;
  • падпісвае рашэнні і пратаколы пасяджэнняў выканаўчага камітэта, выдае ў межах сваёй кампетэнцыі распараджэнні;
  • з’яўляецца распарадчыкам крэдытаў па расходнай частцы бюджэту і пазабюджэтных сродкаў горада;
  • накладае ў адпаведнасці з заканадаўствам дысцыплінарныя спагнанні на кіраўнікоў адміністрацый раёнаў горада, іх намеснікаў;
  • вызначае структуру і штаты выканаўчага камітэта, яго камітэтаў, упраўленняў, аддзелаў і іншых падраздзяленняў, кіруе імі, прызначае на пасады і вызваляе ад пасад кіраўнікоў аддзелаў, упраўленняў, камітэтаў і іншых падраздзяленняў выканаўчага камітэта, іншых работнікаў апарату выканаўчага камітэта, заключае ад імя наймальніка працоўныя дагаворы (кантракты) з работнікамі выканаўчага камітэта, прымяняе да іх меры заахвочвання, накладае на іх дысцыплінарныя спагнанні;
  • ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва дзейнасцю падведамных выканаўчаму камітэту прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў і аб’яднанняў, прызначае на пасады і вызваляе ад пасад з улікам меркавання адміністрацыі адпаведнага раёна іх кіраўнікоў;
  • прызначае па ўзгадненні з выканаўчым камітэтам на пасады і вызваляе ад пасад кіраўнікоў арганізацый, заснаваных на камунальнай уласнасці горада;
  • узгадняе на падставе рашэння выканаўчага камітэта кандыдатуры на пасады кіраўнікоў гарадскіх падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага падатковага камітэта Рэспублікі Беларусь;
  • кіруе грамадзянскай абаронай на тэрыторыі горада, у выпадках стыхійных бедстваў, аварый, катастроф прымае меры па выратаванні людзей і захаванні матэрыяльных каштоўнасцей, нармалізацыі экалагічнай абстаноўкі, мае права для ліквідацыі наступстваў такіх надзвычайных сітуацый прыцягваць насельніцтва да выканання неадкладных грамадска неабходных работ і выкарыстоўваць матэрыяльна- тэхнічныя рэсурсы арганізацый, размешчаных на падведамнай яму тэрыторыі, незалежна ад форм уласнасці;
  • распараджаецца маёмасцю і фінансавымі рэсурсамі выканаўчага камітэта;
  • ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы, прадугледжаныя заканадаўствам, у тым ліку рашэннямі Савета і выканаўчага камітэта.
Артыкул 27. Першы намеснік, намеснікі старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта

Першы намеснік, намеснікі старшыні выканаўчага камітэта прызначаюцца на пасаду старшынёй выканаўчага камітэта па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Паўнамоцтвы першага намесніка, намеснікаў старшыні вызначаюцца старшынёй выканаўчага камітэта.

Першы намеснік выконвае абавязкі старшыні выканаўчага камітэта ў перыяд яго адсутнасці або немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў.

Вызваленне ад пасады першага намесніка, намеснікаў старшыні ажыццяўляецца ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам.

Артыкул 28. Пасяджэнні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта

Пасяджэнні выканаўчага камітэта праводзяцца па меры неабходнасці, але не радзей як два разы на месяц.

Падрыхтоўку пасяджэнняў ажыццяўляе кіраўнік спраў выканаўчага камітэта.

Пасяджэнні выканаўчага камітэта правамоцныя, калі ў іх прымае ўдзел не менш як дзве трэці ўстаноўленага складу выканаўчага камітэта.

Парадак правядзення пасяджэнняў і прыняцця рашэнняў вызначаецца рэгламентам выканаўчага камітэта.

Артыкул 29. Апарат Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта

Для арганізацыі бягучай работы, падрыхтоўкі пасяджэнняў выканаўчага камітэта ствараецца апарат выканаўчага камітэта.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі (а таксама ў ЗША), бо, паводле беларускага заканадаўства, афіцыйныя дакументы (законы, судовыя рашэнні, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады, дзяржаўныя знакі (сцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі), не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскіх правоў (арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 года № 262-З «Пра аўтарскае права і сумежныя правы»).


Падрабязней гл. у дакументацыі.