Я у Менск наш прышла за навукай
Ад сялянскіх, ад родных мне ніў,
Бо зрабілася цемра дакукай,
А прынадай — асьветы агні…
Адчуралася, кажуць, палеткаў, —
Захацелася на панскі хлеб!
Не! Зімою я толькі студэнтка,
А вясною — ізноў на сяле.
Ня чураюся цяжкае працы,
Ня чураюся мазольных рук:
Мне ня хочацца час дарма траціць
У зімовую ў вёсцы пару!
Тачыць лясы ды толькі галёкаць
Па закутках, куткох кожны дзень,
Калі хочацца к мэце высокай,
Сем‘янінам каб быць ў грамадзе.
Праўда, вёска па многіх з нас плача,
Што рассыпалісь недзе, як мак;
Можа, думае, ужо не пабачыць…
Ня усхліпвай-жа, вёска, дарма!
Прыдзе лета — я буду на ніве
Нават лепей ранейшага жаць.
Была некалі я палахлівай,
Бо падточвала цемры іржа.
Маё сэрца, уздымы пачуцьцяў,
Былі зьмяты, зьняважаны — страх:
Гадавалась, расла у пакуце,
Бо няволя была мне сястра.
А цяпер адчыніліся вочы,
Захацелася знаць чаго шмат;
І за тоўстаю кніжкаю ночы
Я праводжу вось тут не дарма.
І з другімі пасьля падзялюся,
Што сама атрымаць я магла.
Падсабіць я хачу Беларусі,
Чым магу, будаваць новы лад.
А ты, вёска, ня скардзься, што зьнікла,
І мяне зьбегляцом не заві:
Ад цябе я яшчэ не адвыкла
Не хачу я душою крывіць!
Ты мне міла! Сумую па полі,
Сьвярбіць ня раз па сярпу рука.
Не зракуся цябе я ніколі,
А вярнуся! Крыху пачакай!
Я пакінула ўвосень палеткі,
Каб вярнуцца вясною да ix.
Я — сялянка, а разам — студэнтка:
Мяне вабяць асьветы агні!
|