Суседзі (1932)/Вар’яцкая чахарда
← Вясёлы народ | Вар‘яцкая чахарда Фэльетон Аўтар: Анатоль Вольны 1932 год |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вар’яцкая чахарда… |
ВАР‘ЯЦКАЯ ЧАХАРДА…
Пачалося гэтак…
Падыходзяць да нармальнага чалавека ды і кажуць:
— Пасядзіце, калі ласка, у вяр‘яцкім доме!
— Не хачу! — наіўна запротэставаў нормальны чалавек.
— Слухайце, — панахмурыліся падышоўшыя, — як сьвядомага чалавека просім вас, сядайце ў вар‘яцкі дом.
— Ня сяду! — настайваў нормальны чалавек.
— Чэсьцю вас просяць! — адказалі падышоўшыя, надзяваючы наручнікі нормальнаму чалавеку.
— Ну, што-ж? Ехаць, дык ехаць! сказаў нормальны чалавек, калі некалькі здаравенных поліцэйскіх павезьлі яго ў вар‘яцкі дом.
Праз некалькі дзён дактары вызвалілі нормальнага чалавека з вар‘яцкага дому, як безнадзейна здаровага і не падаючага ніякіх надзей на вар‘яцтва чалавека.
Нормальны чалавек, як толькі вышаў з вар‘яцкага дому, паскардзіўся вышэйшай уладзе на поліцэйскага, які даў загад пасадзіць яго ў вар‘яцкі дом.
Вышэйшае начальства вырашыла гэтак: калі толькі гэтакі загад даў ня хворы, а нормальны поліцэйскі, дык за гэткі ўчынак пасадзіць яго самога ў вар‘яцкі дом.
Гэткім чынам да гэтага часу пасядзелі ў вар‘яцкім доме „Жэчы Паспалітай“
— першы — рэдактар газэты „Кур‘ер Повшэхны“ — Станіслаў Мігдалевіч і другі — бурмістр гораду Лешны — Кавальскі.
Я не падбухторнік, але на месцы бурмістра я-б падаў скаргу і на вышэйшага начальніка, які засадзіў у вар‘яцкі дом бурмістра.
Няхай сабе і ён пасядзіць у вар‘яцкім доме.
Я не падбухторнік, але няхай вышэйшы начальнік, у сваю чаргу, падасьць скаргу на зноў вышэйшага і ўрэшце дацягнецё справу да Пілсудзкага.
І тады ўжо „крышка“…
Бо вышэй маршалка — начальства няма.
■