Суседзі (1932)/Вясёлы народ

Фашысцкі фокстрот Вясёлы народ
Фэльетон
Аўтар: Анатоль Вольны
1932 год
Вар‘яцкая чахарда
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вясёлы народ…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЯСЁЛЫ НАРОД…

Люблю панскую Польшчу!

Маладая дзяржава, а працавітая…

— Школы зачыняе…

— Нацменшасьці граміць/

— Турмы будуе…

А тут яшчэ дзяржаўныя спрэчкі ў сойме пайшлі…

Адны кажуць: стаяць!

Другія кажуць: сядзець!

Адны кажуць: дурні!

Другія адказваюць: ад гэткіх і чуем таму, што і вы члены сойму…

Нарэшце вынесьлі крэслы і прачыталі дэкрэт аб адчыненьні сойму.

А тыя, што крычалі „стаяць“, яшчэ і пасьмейваліся над тымі, што гукалі „сядзець“.

Казалі: — сядайце, будзьце ласкавы, панове паслы на сойм. На чым стаіце, на тым і сядайце! Просім!..

І не пасьпелі яшчэ паслы адпачыць пасьля першага дзяржаўнага конфлікту, як выбух другі.

Адны кажуць: устаўляць!

Другія адказваюць: не ўстаўляць!

Адны кажуць: людзі сьмяяцца будуць.

Другія адказваюць: затое ў пер‘ях хадзіць будзем!

Справа ў тым, што ўрадавыя колы рашылі завесьці форму для дзяржаўных чыноўнікаў.

Па гэтаму проекту адказны чыноўнік павінен будзе ў шапцы насіць два страусавыя пёркі, менш адказны чыноўнік — адно, але затое белае страусавае пяро, а „колескія рэгістратары“ адно ды і тое чорнае…

Вядома, колескія рэгістратары запротэставалі:

— Чаму, — кажуць, — гэткая несправядлівасьць, адным будуць устаўляць па два пёркі і абодвы белыя, а нам уставяць адно ды і тое чорнае…

А міністр асьветы, кажуць, патрабаваў дадаткова, каб да пер‘яў яму яшчэ дазволілі ўставіць асьліны хвост.

— Для намёку, — кажа, — мне гэта патрэбна. Каб усе бачылі, што я асьветаю кірую, школы зачыняю і наогул…

Пакуль што яшчэ невядома, чым гэты ўрадавы проект кончыцца, але спрэчкі ўжо ідуць…

Адны кажуць: устаўляць!

Другія адказваюць: не ўстаўляць!

Адны кажуць: са шкіпінарам.

Другія адказваюць: без шкіпінару.

Вясёлы народ!..

Люблю панскую Польшчу…