Суседзі (1932)/Любім выпіць
← Малайцы землякі | Любім выпіць Фэльетон Аўтар: Анатоль Вольны 1932 год |
Ухабы па дарозе → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Любім выпіць! |
ЛЮБІМ ВЫПІЦЬ!
Малайцы землякі — любяць выпіць.
І гоняць і п‘юць, і апараты добра хаваюць.
У некаторых, праўда, паадбіралі апараты.
Бываюць разьзявы. У сям‘і не бяз уроду.
А наогул, дык землякі малайцы.
Ня ведаю, ці зьяўляецца Атачкін (старшыня Слуцкага Спажывецкага Райтаварыства) маім земляком, але выпіць ён любіць.
„То-есть в доску любит товарищ Атачкін выпить“, — як казаў пра яго адзін сябра па выпіўцы загадчык прускай крамы, які таксама быў: „не то, чтоб очень п‘ян, но весел бесконечно“.
Але гэта толькі агульная характарыстыка Атачкіна і яго сябра.
Канкрэтна ў гэты раз, аб якім ідзе рэч, таварыш Атачкін едзе са сваім сябром па вуліцы вёскі Прусы.
Едуць сабе і пяюць.
Сяляне зацікавіліся концэртам.
Тады Атачкін з таварышом рашылі парадаваць сялян.
Грацыёзным асьлёнкам Атачкін выскаквае з возу і анфасам з размаху падае на зямлю.
— Вялікі шутнік у нас на Случчыне таварыш Атачкін, — тлумачыць сялянам яго сябра загадчык крамы.
А праз хвіліну пад‘яжджае другі воз з таварышамі Атачкіна.
На ім сядзеў мясцовы поп у савецкай кэпі і мясцовы савецкі працаўнік у шапцы папа.
У сялян загутарыла пачуцьцё жалю да папа і яны папрасілі ў савецкага працаўніка, каб ён аддаў шапку.
— А вы мяне яшчэ папрасіце, — какетаваў з сялянамі мясцовы савецкі працаўнік.
— А хто вы такі будзеце? — хмура запыталіся сяляне.
— Я загадчык маемасьці Слуцкае акругі, (завгосимуществом), а гэта мае сябры… — з гонарам адказаў савецкі працаўнік і, абвёўшы прысутных поглядам, дадаў:
— Прынесьці нам бутэльку рабоча-сялян…
А тут яшчэ хлопцы сьвішчуць, дзяўчаты гігікаюць.
МАЛАЙЦЫ ЗЕМЛЯКІ.
■