Суседзі (1932)/Малайцы землякі
← Сумна | Малайцы землякі Фэльетон Аўтар: Анатоль Вольны 1932 год |
Любім выпіць → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Малайцы землякі… |
МАЛАЙЦЫ ЗЕМЛЯКІ…
„Адзін грамадзянін з перапою звар‘яцеў і ў той час, як яго вялі ў міліцыю, пачаў зьбіраць па вуліцы трэскі, думаючы, што ён у лесе“.(З газэт).
Малайцы землякі!..
Любяць выпіць!..
І з гонарам за сваіх землякоў магу дадаць: — і могуць выпіць.
Вунь пра аднаго земляка, дык нават у газэтах пісалі.
Можа дзядзька выпіць!
Праўда, хоць-жа сабе пасьля дзядзька і звар‘яцеў ад гарэлкі, але-ж затое, як суседзі з гонарам казалі, яе-ж і выпіў.
Любяць землякі выпіць!
Вядуць земляка ў міліцыю, а ён сабе ідзе ды трэскі зьбірае.
І суседзі з пашанаю кажуць:
„Вось гэта да!.. двиствительно. Гэта выпіў“…
І земляку прыемна: яго ў вучастак вядуць, а ён лічыць, што ў лес па трэскі прыехаў.
Пасадзілі дзядзьку ў міліцыю, а ён лічыць, што да сваёй бабы на печку забраўся.
Рад дзядзька!
І суседзі здаволены.
Разважаюць суседзі:
— Што міліцыя?!. Як недапіў, дык яно тады вядома, яе страшна, а як добра выпіў, дык тады чаго яе баяцца?
Малайцы землякі!
Шавеляць мазгамі!..
Разважаюць, як той дзядзя: „што значыць саўсім ня піць. Гэта кожны можа. Я вось каля піўной прайду: а ў яе не зайду; ды што каля піўной, я ў яе зайду, а піць ня буду, ды што зайду, — я чарку пад рот паднясу, а ня выхілю, ды што пад рот, — я ў рот набяру, а ня вып‘ю“…
Вось гэта, да!
Гэткі дзядзя піць ня будзе.
Цьвёрды чалавек, адразу відаць.
А калі і вып‘е гэткі дзядзька, дык умеру. Ня больш таго, колькі радзіць адзін верш:
„Вып‘еш ты ня менш, ня болей — |
А ўрэшце малайцом той дзядзя, што трэскі зьбіраў: вядомым чалавекам зрабіўся.
Цяпер і самому прыемна, і суседзі ганарацца.
■