Суседзі (1932)/Машыністка вінавата

„Балда турэцкая“ Машыністка вінавата
Фэльетон
Аўтар: Анатоль Вольны
1932 год
Альянс марцовых кавалераў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАШЫНІСТКА ВІНАВАТА.

Гэты фэльетон аб беларусізацыі я пішу для развагі Нацкамісіі БССР.

Трэба дзеля посьпехаў беларусізацыі, мабыць, скараціць адну машыністку будзе.

Бо ня рухаецца беларусізацыя ў Белкоопсаюзе, ні на крок ня рухаецца.

Ня інакш, як за машыністку трэба будзе ўзяцца.

У тым-жа, што машыністка затрымоўвае беларусізацыю, я ўпэўніўся пасьля гэтага выпадку.

Гэтымі днямі зайшоў да нас, у рэдакцыю, адзін адказны таварыш ды кажа:

— Надрукуйце, кажа, гэты мой артыкул, ён па-беларуску правільна напісаны, бе яго перакладаў мой сакратар.

— Чаму-ж тут ёсьць памылкі ў перакладзе вашага сакратара? — запыталіся мы ў адказнага таварыша.

— Бо ў майго сакратара ёсьць яшчэ сакратар, — адказаў адказны таварыш і, падумаўшы, дадаў: — дык і той яшчэ можа памыляцца, бо і ў яго ёсьць яшчэ сакратар, а вось ужо машыністка дык тая павінна правільна пісаць па-беларуску бо падначаленых у яе ўжо няма. Яна значыцца і адказвае за беларусізацыю.

Пасьля гэтага выпадку ва ўсёй гэтай гісторыі, аб якой гутарка будзе далей, зразумелі: вінавата машыністка, выключна і безапеляцыйна

Цяпер конкрэтна да справы.

Гэтымі днямі нам у рэдакцыю прынесьлі адну афіцыйную паперку, у якой паказаны практыкаваньні Белкоопсаюзу ў беларускай пісьменнасьці.

Вось што Белкоопсаюзам напісана ў гэтай офіцыйнай адносіне:

Беларускі саюз
спажывецкіх
коопэрацыйных
аб‘яднаньняў. „Белкоопсаюз“.
за 13/III — 28 г.
№ 3044
Наркамгандлю
Тут.

Сябра праўленьня БКС
Загадчык Вучотна-Транспор.
Аддзяленьня.

Сябра праўленьня БКС
Загадчык Вучотна-Транспор.
Аддзяленьня.

На ваша пытаньне ад 13 — II № 6211 паведамляем, што ніякіх вываз цяжару ў Прямое Паўночна-Заходніе Заморскіе цяжарнага сообшчэньня ня будзе.

Прачытаў я гэтую адносіну раз, потым прачытаў яе яшчэ раз, потым зьнізу ўверх прачытаў і нейкі полах пачаў мяне агортваць і хаця-ж добра я ведаю, што наш Белкоопсаюз піша гэткую адносіну, і хаця-ж прозьвішча росчаркам таксама для нас ня чужое, і хаця-ж, як гэта ў адносіне зазначаецца, усе яны „тут“, — усё-ж палахліва мне неяк робіцца ад гэтакіх адносін.

Кажуць, што ў гэты час, як я пішу фэльетон, справавод з Наркомгандлю начытаўшыся белнандляўскіх адносін, пачаў скакаць на аднэй назе, балбатаць па-індычаму і называць сябе членам праўленьня Белкоопсаюзу:

Ёсьць чуткі, што няшчасны звар‘яцеў.