Суседзі (1932)/Сумна
← Бюрократычная сьвіньня | Сумна Фэльетон Аўтар: Анатоль Вольны 1932 год |
Малайцы землякі → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сумна (Вольны). |
СУМНА.
Пасьля таго, ды зноў тое-ж…
Сумна таварышы!
Рэжуць!
І штаты, і накладныя, і прагулы, і нават разьязныя рэжуць.
Ды што вам, таварышы, тлумачыць, слова вы-ж мяне і самі разумееце…
Сумна!
Раней бывала, не бяз цяжкай працы, зьбярэцца сабе свая кампанія ва ўстанове і так сядзяць ужо сабе бяз клопатаў ды загадваюць адзін аднаму.
Кажуць, што у аднай установе вось так загадвалі.
— Ты, Міцька, занес дзядзьку на подпіс паперу?
— Не.
Ну, пачакай жа вось я скажу зараз цётцы, а яна перадасьць свайму зяцю, а зяць скажа свайму дзеду; ён тады ўжо табе пакажа.
А цяпер…
Цэлымі сем‘ямі, кажуць у некаторых установах скарачаюць.
Ой, сумна!
Альбо раней — зойдзеш сабе за якой-небудзь даведкай ва ўстанову. Падыдзеш да сакратара ды толькі пачнеш яму:
— Скажэце, калі ласка…
— Да старшага справавода!
А справавод да зама, а зам да рэгістратара, а рагістратар зноў да сакратара.
І пайшло…
Ходзіш сабе цэлы двень ды пасьвістваеш!
А цяпер…
Альбо раней анкета.
Адзін раённы культсавет толькі павінен быў за год адказаць па 51 форме па 98.122 запытаньні.
Анкета бывала, аб усім у вас запытаецца, усё высьветліць.
У ёй бывалі і гэткія запытаньні:
— Хлопчык ты ці дзяўчынка, і калі не, дык чаму.
— Быў ты пад судом ці не, і калі не, дык чаму.
— А цяпер…
— Нават і анкету скарачаюць!
Сумна!
■