Сцэнічныя творы (1923—1924)/2/Сон на балоце

Соцыялістка Сон на балоце
Драматычная паэма
Аўтар: Міхась Чарот
1924 год
Лес шуміць

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




М. КУДЗЕЛЬКА.


СОН НА БАЛОЦЕ.

Фантастычны абраз у 1 дзеі.

Раньняя вясна. Сонечны дзень. Абшары балот. Невялічкая палянка. Наўкола лес і кусты. У абдзёртай вопратцы, з вязанкаю дубцоў на плячох і сякераю пад поясам выходзіць з кустоў на палянку мужык. Змораны зусім — кідае дубцы і садзіцца на іх адпачыць.


МУЖЫК.
Эх, ма! Як замарыўся…
Ох ты жыцьцё, жыцьцё…
Чуць золак выбраўся я з хаты
Ды неяк заблудзіўся.
Няўжо-ж нячысты ён, пракляты
Мяне тут водзіць?
Ах, ты, пагана страхацьцё,
І ты над мужыком рагочаш?..
Ну пачакай…
Няхай-бы ўночы, а то ўдзень
Блуджу паўдня ўжо па балоце…
Ня дарма кажуць, што ў бядоце
Пужае нас і ўласны цень.
Хэ-хо!
Пазіхае. Вымае люльку і тутун.
А дома жонка, дзеці хворы,
І ў печы нечым прапаліць…
І гэтак — ўсё жыцьцё у горы:
Няма таго, няма сяго —
Хоць лезь ў вяроўку ды… таго…
На сьвет паглядзіш — хочаш жыць.
Ня гіне пэўная надзея,
Што хутка прыдзе лепшы час…
Пакуль-жа люлька ды махорка
Адно і лечаць толькі нас.
Закурвае люльку і ўкладаецца на
дубцох спаць.
Як горка…
За сэрца смокча, дабрадзею…
Яно й ня дзіва, — ні расінкі
Сягоньня ў роце я ня меў…
Пашоў дубцоў прыдбаці крыху
У панскі лес, на дзьве хвілінкі,
Ды заблудзіўся… Аж самлеў…
Ото-ж натрапіла мне ліха…
Лепш укладаецца і пазіхае.
Хо-хо!.. Спачыць ахвота,
А там паціху і да хаты,
Вось будзе крыху ад Агаты.
Эх, родны край — адно балота,
І людзі пахнуць гнільлю, мохам.
Вось толькі пан наш — ён багаты…
Ды што яму?.. Усё ён мае…
Хэ-хэ!
Пазіхае.
Заснуць мне троха?!.
Праз сон.

Ну, краіна.
Адзін тут ні аб чым ня дбае,
Другі — ад працы ломіць сьпіну.
А як-бы й мне пажыць хацелась
Хоць крыху лепей?.. Ня прыждаць…
Ох… Балота завярцелась,
Махорка гэтак стала браць,
Ажно пачуўся ў вуху звон…
Адно люблю я — гэта сон…
Ў жыцьці маім — адзін ён цешыць.
У сьне бываю роўня пану…
Спачну хвілінку ды устану…
Хто сьпіць — той меней грэшыць.
Пераварачваецца і засыпае. Сонечны
дзень як-бы пахмурнеў, а пасьля зноў
праясьніўся.

ВОЛЯ.
А тут?! А тут вось на балоце
Між гэтых пнёў, кустоў і лесу
Людзей гаротных колькі сьпіць?
Праз шмат вякоў
Ніхто іх не разбудзіць.
На ўсходзе песьня ваякоў
Даўно ліецца гучным звонам, —
А тут балота сном спавіта.
Ня знойдзе сьцежкі у тумане…
Я разбуджу… Прасьніся!
Прасьніся, брат мой працавіты!..

МУЖЫК праз сон.
Хэ-хэ-э! Ты адчапіся!

ВОЛЯ.
Ня ўстане.
Пакуль ня ўбачыць блеск яскравы
Майго адзеньня… Годзе спаць!

МУЖЫК.
Хачу я есьці хлеба… стравы,
Каб дзецям, жонцы… дзе дастаць?

ВОЛЯ.
Усё тваё, тваё паслухай, —
Цяпер інакш ты будзеш жыць.

МУЖЫК пераварачваецца.
Ня трэба ўсё… Мяне ня рухай.
Ах, як баліць!.. чухае ззаду.

ВОЛЯ.
Устань, кажу, даўно пара!

МУЖЫК праснуўшыся.
А? Што?! Вой, божа мой,
Якая пані…

ВОЛЯ.
Кажу — прасьніся, сын няволі,
І сядзь на трон гаспадара.

МУЖЫК.
Даруйце мне… Спрасону
Я пані не спазнаў
Кланяецца.

ВОЛЯ.
Ня бі паклоны.
Ты стагнаў
Ад раніцы свайго жыцьця
І быў, гаротны, у драмоце.

МУЖЫК.
Даруйце мне, даруйце,
Ня буду сеч дубцоў ніколі
У панскім лесе й на балоце.

ВОЛЯ.
Ня панскі лес, а твой.

МУЖЫК.
Вой-во-ой!..
Аб чым яна гамоніць?!.

ВОЛЯ.
Цяпер ты роўны з панам.

МУЖЫК.
Я, мусіць, сплю?.. Дай стану.
Устае, здалёк далятаюць таемныя
зыкі: „Адвеку мы спалі…“

ВОЛЯ.
Ці чуеш ты, як звоніць
Там песьня Волі?.. Чуеш ты?

МУЖЫК.
Ратуй, угоднік, нас, сьвяты…
Аб чым вы кажаце, васпані?

ВОЛЯ.
Сам будзеш ведаць, як паўстануць
Усе, што сьпяць тут: гэты край…
Я ўсіх буджу…

МУЖЫК.
А хто ты?

ВОЛЯ.
Воля.

МУЖЫК.
Ага!.. Чакай,
Я пра цябе раз слухаў казку,
Дык гэта ты?!.

ВОЛЯ.
Але. Ня бойся толькі краску
Сарваць у час купальскай ночы, —
Прышоў той час.

МУЖЫК.
Пастой, пратру я вочы…
Дык ты для нас
Прынесла брацтва, роўнасьць, згоду?

ВОЛЯ.
Дзе буду я — усё там будзе.
Толькі ня сьпі, хто жыць ахвочы,
Жыві, пануй над ўласнай працай!
Цяпер ты вольны.

МУЖЫК.
Яна і вельмі добра судзе…
Але хто толькі не мароча
Нас мужыкоў — дзяцей балота!?…
Дык, знацца,
Я — бяздолены —
Так сама хутка стану панам?
Так сама мець свой буду кут,
Кавалак хлеба, солі, сала?…

ВОЛЯ.
Твой край ня будзе зьвіт туманам
Мінулых дзён цяжкога зьдзеку…
Як там на ўсходзе, так і тут
Жыць будзе вольна чалавеку.
Сьпявай-жа песьню, каб паўстала
Твая краіна… Чуеш, там
Ліюцца гукі вольнай песьні,
І ты паўстань,
На сонца глянь!..

МУЖЫК.
Яно асьлепіць…
Напрадвесьні
Яго агнём гараць праменьні.

ВОЛЯ.
Яскравы блеск цябе сагрэе —
То сонца Волі…
І помні сказ ты мой: ніколі
Ня падай болей на калені…
З цябе зьнімаю крыж прымусу.
Цяпер ты сьвету вольны сын
Ў сям‘і маіх дзяцей бяздольных,
Ня будзе пасынкаў нявольных,
Там будзе месца й беларусу,
Запомні сказ.

МУЖЫК.
Як шчыра дзякую я вас.
Надзея! Хліпнула надзея!..
Цяпер, браты і дабрадзеі,
Я роўны з вамі…
А з панамі
Ці хутка роўным буду я?

ВОЛЯ.
На гэта ўлада ёсьць твая.
Змагайся з ворагам няправым…
А я пайду… пайду узьняць
Адвеку сьпячую краіну…
Мой сьветлы воблік, — шлях крывавы.
Зьнікае.

МУЖЫК.
Ах песьня, песьня ўжо чуваць!..
Я веру — я тут не загіну.
Як цяжка стала… Ах!..
Садзіцца.
Яе крывавы шлях…
І гэтым шляхам я пайду?..
Узіраецца.
А гэта хто? Агата — жонка.
Нясе нячысты мне бяду…
Цьфу, згінь! Вось будзе ліха.

ЖОНКА.
Ах, ты, латруга, абібок!

МУЖЫК.
Чаго ты? Ціха, ціха…
Ты паглядзі у той вунь бок!

ЖОНКА.
Каб ты ня бачыў, шэльма, сьвету!
Хто бачыў гэтаку зьнявагу?
Знайшоў тут некую кабету
І з ёю… Ах, абармот, лайдак, брадзяга!..
Хапае і тузае.

МУЖЫК.
Вось жонку маю, як той чорт,
Над каркам цёнгля завывае,
Трасе, як вецер той асіну.

ЖОНКА.
Дык вось ты як?
Ні дроў, ні хлеба, ні крупіны…
Мяне пакінуў, кучу дзетак…
К чужой дзяўчыне прычапіўся.
Ці-ж можна жыць мне далей гэтак?
Згніла ўся хата, хлеў схіліўся,
Гумно пакрытае ўсё небам!..
Ах, ты, анцыхрыст! Звадыяш!..

МУЖЫК.
Ах, божа міласэрны наш,
Навошта гэта я жаніўся,
Нашто злы дух мне гэты трэба?
Ці-ж тут была дзяўчына?
Апомніся хутчэй, Агата!

ЖОНКА.
Яшчэ ты будзеш агрызацца!..
Што я вачэй сваіх ня мела?
Ці сьлепата ў мяне курына?
Здаецца, я не сьлепавата…

МУЖЫК.
Паслухай-жа, Агата…
То не дзяўчына, гэта Воля
Мяне ад сну тут разбудзіла.

ЖОНКА плача.
Ах доля, мая доля,
Нашто яго я палюбіла?
Лепш рынулася-б я ў рэчку…

МУЖЫК.
Паставіў-бы я богу сьвечку.

ЖОНКА.
Вось ты які, паганец!

МУЖЫК.
Чаго ка мне прыстала?
Цьфу, згінь, мара! Ну, штучка!
Няхай у хаце мыліш шыю —
Сюды яе прыгнала…
Вось крапіва — ды шчэ пякучка.
Вые…
Перадражнівае.
Прыду да хаты, не загіну…

ЖОНКА плача.
Кахаеш ты дзяўчы-ы-ну…

МУЖЫК.
То-ж не дзяўчына… Ах, злы дух!
Каб тут ня пах мне твой і дух,
Пашла да хаты! Чаго плачаш?
Бо вось, як адвяжу я дзягу,
Дык ты ў мяне паскачаш!..

ЖОНКА.
Ага, дык ты такі? — чакай…
Пайду на рэчку — утаплюся.

МУЖЫК.
Як напужала ты… а-яй!..
І богу памалюся…

ЖОНКА.
Чакай, чакай, дурніца…

МУЖЫК.
Ах, бойся, бойся, маладзіца!
За гэтаку зьнявагу
Вось палажу сякеру
Ды гэтак высьцягаю дзягай!..
Я адвучу за мной бадзяцца.

ЖОНКА.
Ці не цябе баяцца?
Ах, грахаводнік, жонку біць!..

МУЖЫК.
Змаўчы ты лепей, валакіта,
Вось толькі дай расьперазацца…
Не пабаюся я граха…
Расьпяразваецца і гоніцца за жонкаю,
— яна ўцякае.

ГОЛАД і ХОЛАД
збоку выскакваюць.
Ха! ха! ха! ха!

ГОЛАД.
Глядзі, як жонку б‘е Мікіта.

ХОЛАД.
А ўсё з-за нас… Дзяржыся!

МУЖЫК.
Ва імя айца і сына.
Цьфу, згінь навекі, праваліся,
А гэта хто?
Ну, выдалась часіна!
Чаго вы тут? І што вам трэба?

ХОЛАД.
Я дроў прынёс табе — ха!-ха!

ГОЛАД.
Я — хлеба — ха!-ха!

МУЖЫК.
Ня раз я бачыў вас, паганцаў,
Калі жыцьцё гняло мяне.

ГОЛАД.
Былі мы вернымі сябрамі,
Калі цягнуў ты цяжкі крыж.

ХОЛАД.
Скажы, знаём ты з намі?..
Што маўчыш?

МУЖЫК.
Не, не… Вы — жыхары балота
І ведаць вас ня хочу,
Я вас баюся, абармоты.

ГОЛАД і ХОЛАД.
Ха! ха! ха! ха!

МУЖЫК.
Чаго яны рагочуць?!

ГОЛАД.
Я — голад; што ты не спазнаў?

ХОЛАД.
Я за драўмі цябе паслаў.
Я холадам завуся.

МУЖЫК.
Ніяк ад вас не адвяжуся…
Паганы наш мужычы лёс.
Плача.

ГОЛАД.
Мы многа бачым вашых сьлёз.

ХОЛАД.
Але мы вас не пакідаем.

ГОЛАД.
Бяз вас жыцьця ня будзе нам.

ХОЛАД.
Мы гэта самі добра знаем.
Абое хіляцца да мужыка.

МУЖЫК спарваўшыся.
Прэч ад мяне!.. Я помню сказ,
Мне толькі-што казала Воля,
Што зможа вас…
Што буду жыць ў цяпле, ў дастатку.

ХОЛАД і ГОЛАД.
Ха! ха! ха! ха!

ГОЛАД.
Наастатку
Яе пабачыў сёньня ты.
А глянь управа, за кусты —
Яшчэ жыве твая Няволя.

МУЖЫК.
Ты маніш Голад… Ужо болей
Табе са мной ня жыць.

ХОЛАД.
Глядзі, як ад мяне дрыжыць.

ГОЛАД.
І ў жываце яго іграе…

МУЖЫК.
Дух з голаду займае,
А то абоіх бы іх змог.
Ды так замёрз: ні рук, ні ног
Ад сьцюжы я ня чую.

ХОЛАД.
З табой я заначую, —
Няпалена у хаце печ.

ГОЛАД.
Вадой халоднай паратую.

МУЖЫК кідаецца з сякераю.
Вас абаіх хачу засеч…
Эх, Воля, Воля, дай ратунак,
Каб голад, Холад мне змагчы.

ГОЛАД і ХОЛАД.
Над намі хоча мець ушчунак…
Гэй, лес, балота, рагачы!
Рагочуць, мужык садзіцца на вязанку.

ГОЛАД.
Ты думаў Воля нас прагоніць?

ХОЛАД.
Альбо прымусіць паміраць?

ГОЛАД.
Мы доўга будзем тут скакаць
У гэтым краю на балоце.

МУЖЫК.
Хто сэрца жаль і сум разгоніць?
Калі, краіна, ў пазалоце
Прыгожа будзеш красавацца?
Голад і Холад рагочуць.

МУЖЫК усхапіўшыся.
Даволі вам сьмяяцца!
Я хутка вам пастаўлю крыж!
Я зьнішчу вас. Ня жыць вам болей!

ГОЛАД.
Ты не праснуўся, ты шчэ сьпіш?

ХОЛАД.
У сьне табе нас не змагчы.
Глядзі — ідзе твая Няволя.

ГОЛАД і ХОЛАД.
Гэй, лес, балота, рагачы!..
Рагочуць і ўцякаюць. Мужык кі-
даецца на іх, але, пабачыўшы пана,
спужана адступае назад.

МУЖЫК.
Няволя шчэ жыве…
Свайго я пана бачу…
Сюды ідзе ён з парабкамі.
Вось будзе ліха галаве…
Мікіта тут паскача…
Цэлымі вякамі
Тут на балоце стогнуць людзі…
То-ж панскіх я дубцоў насек.
Вось будзе!..
Няўжо-ж мужык не чалавек,
Што ён ня мае дроў палена,
А панскі ўвесь наўкола лес?..

ПАН.
Мікіта, ты куды залез?!

МУЖЫК
скідае шапку і кланяецца.
Паночку…

ПАН.
Маўчы!.. Гэй, каласочку,
Пачуў я, бачу, сілу,
Што сьмела ходзіш ты па лесе?

МУЖЫК.
Паночку, мілы,
Я прызнаюся ў грэсе.
Але няпалена у хаце
Больш тыдню.

ІГНАТ.
Папаўся, браце…

РЫГОР.
Шкада Мікіты.

ПАН.
Паклон кладзі мне, злыдню…
Ты, пэўна, быў нябіты?
Як ты пасьмеў тут сеч дубцы?

МУЖЫК пра сябе.
Я помню сказ: ня гнуць калені…

ПАН.
Эгэ!.. Знайшліся скакунцы…
Зіму ўсю кралі вы бярвеньне,
Цяпер пачалі сеч драбніцу.

МУЖЫК.
Сяку, паночку, першы раз…

ІГНАТ.
У ногі кланяйся, дурніца…

ПАН.
Чуў я сказ…
Як толькі зловіш, адлупцуеш, —
То казку гэтую ад вас
Заўсёды чуеш…
Першы раз!…
(Перадражнівае).
А хто ў „Лужку“ пасек бярозы?
Цяпер паехалі ў балота…
Вада і то вас ня пужае…

МУЖЫК.
То не вада — то нашы сьлёзы
Змачылі гэтак родны край,
Зрабілі з поплыва балота.

ПАН.
Ня гукай…
Цябе мне слухаць не ахвота…
Нябось, ня дрэнна разважае…
Як сьмеў, сьвінячае ты рыла,
Дубцы тут красьці?

МУЖЫК.
Даруй, панок, ня дай прапасьці, —
Няпалена два тыдні печ,
У хаце хворанькія дзеці…

ПАН.
Пакінь мне песьні пеці,
Сказаў — дубцоў мне не чапаць!
Дубцамі вас мне трэба сеч,
Вас, мужыкоў, каб чулі дух…
Ты не паважся уцякаць.
Я маю пэўных слуг, —
Цябе дастануць з таго сьвету.

МУЖЫК.
Панок, даруй мне крыўду гэту,
Ня буду больш… Даю вам слова…
Я не ўцяку — куды мне бегчы?
Бо твой загад — і ўсё гатова,
Мяне спаймае свой жа брат —
Пан сілу мае, каб запрэгчы…

ПАН.
Гэй, Ігнат!

ІГНАТ.
Я тут, паночку.

ПАН.
І ты, Рыгор!
Падняць яму сарочку.
Усыпаць дваццаць пяць,

Каб не хадзіў ні ў панскі бор,
Ні ў панскае балота
Чужыя красьці дровы.

РЫГОР І ІГНАТ.
Твае мы споўнім словы.

МУЖЫК.
Панок, даруйце мне зьнявагу,
Прад богам пану дам зарок
Ня ткнуць і носу ў панскі лес.
Мяне спакусіў, пэўна, бес…
Але каб білі? — Я ня лягу,
Даруйце крыўду мне, панок.

ПАН.
Пасьмей ня слухацца загаду!
Што пан сказаў — то сьвята!
Рыгор, Ігнат! Да справы!

МУЖЫК.
Браточкі, дайце раду,
Як мне ў бядоце жыць?..
На вашага, бач, брата
Прывёў вас вораг на аблаву,
І вы паважыцеся біць?
Мяне? Гаротнага Мікіту?

ПАН.
Рыгор, Ігнат, хутчэй!
Як бачу, вы ня біты…
Э-э! сьлёзы ён з вачэй
Пачаў пускаць, зладзюга!
Сьлязам мужычым я ня веру…
А што ты думаеш на пана?
Якія ў сэрцы ёсьць замеры?
Эх, ты, латруга!

МУЖЫК.
На сьлёзы нашы хто ні гляне, —
Спазнае, скуль яны цякуць.

ПАН.
Ня хочу я і чуць
Тваіх казалаў — мужыка.

МУЖЫК.
Адсохне мне рука,
Калі за сьлёзы я дарую.
Тут выцекла іх шмат,
Што пан-бы патапіўся,
Каб рэчкай пацяклі.

ПАН.
Што чую?
Як ты паважыўся, брыдота?
Ты, пэўна, памыліўся
З кім гутарку вядзеш?
Прышоў на панскае балота
І нешта тут пляцеш!

МУЖЫК.
Адно прашу — ня бі, паночку.

ПАН.
Годзе! Кажу падняць сарочку
І гэтых вось дубцоў
Даць
Паспытаць.
То панскі падарунак
Свайму халопу-мужыку,
Бо дужа стаў ён зазнавацца:
Сам хоча панам звацца.

МУЖЫК.
Адкуль-жа прыдзе паратунак!?

ПАН.
Мацней крычы, я раджу.

МУЖЫК.
Панок, даруй мне кражу.

ПАН.
Павінен быць ты пакараны.
Рыгор, Ігнат! Лажэце.
(Кладуць).

МУЖЫК.
О, божа, лёс паганы!
Ой людзі, людзі, памажэце!

РЫГОР.
Няма для пана грэха…
А хто тут счуе?

ІГНАТ.
Нас, мужыкоў, пачуе рэха.

МУЖЫК.
Дык вы-ж, браты, Ігнат, Рыгорка,
Каго зьбіраецеся біць?
А заўтра-ж гэты кат
Прыкажа з вас абдзерці скуру.
(Пачынаюць біць).
Рыгор, зьмілуйся, брат!

ІГНАТ.
Самім жыцьцё нам горка.

РЫГОР.
Яго мы слугі, што рабіць?…

МУЖЫК.
Што хочаце, але ня біце.

ПАН.
Мацней яго сячыце!
Няхай мужыцкая натура
Ня мае волі над панамі.

МУЖЫК.
А-яй!… панок, даруйце…

ПАН.
Пан гонар робіць, дык ня хоча…
Яшчэ, бач, дрыгае нагамі…

МУЖЫК.
Вой, вой, баліць… Рату-у-йце,
Хто мае сілу, мае сэрца…
Зьдзек панскі бачаць вашы вочы.

ПАН.
Пятнаццаць налічыў, здаецца…
Рыгор, Ігнат са смакам
Яшчэ дзесятак сыпянеце…
Да хаты пойдзе ён са знакам
На мяккім месцы…

МУЖЫК.
Эх, крывапійцы! Замаўчэце!
Да дна я вып‘ю чарку гора.
Але устану я, устану,
І гэты шрам, што сёньня, ўчора
Рука Няволі налажыла,
Ён зажыве… Сьмялей я гляну
На сонца Волі, вой, вой, вой!

ПАН.
Пакуль яшчэ закон тут мой!
Габцуйце, хлопцы, — мой загад.

МУЖЫК.
Ратуйце, людзі, а-я-яй!…
Калі-ж паўстанеш, родны край,
І выйдзеш з ворагам змагацца?
Ай-ай-ай!…
Зноў чуваць гукі
„Мы доўга цярпелі“…

РЫГОР.
Ты чуеш? чуеш песьню, брат?
То-ж песьня Волі…

ПАН слухае.
Няўжо-ж пачалі уздымацца,
Пачуўшы гэтыя вось крыкі?

ІГНАТ кідаючы дубцы.
Ня буду біць я болей.

РЫГОР.
То-ж песьня нашай грамады!

ПАН спужана.
Схавацца мне куды?

РЫГОР і ІГНАТ да пана.
Цяпер і ты маўчыш?
Усе ўцякаюць.

МУЖЫК
стогнучы пераварачваецца.
О, ты, ўсямоцны і вялікі,
Зьнімі з нас цяжкі крыж!..

Цямнее, пасьля сьвятлее. Мужык сапраўды прачынаецца, падрыгаўшы доўга нагамі. Чухае ззаду і ня ведае, што з ім рабілася. Стаіць у задуменьні.

То-ж гэта сьнілася ўсё мне…
А сьпіну, пэўна, я адлежаў
На гэтай вязанцы дубцоў,
Што гэтак стала мне балюча…
Я думаў, праўда, ажно ў сьне,
Ды гэтак рэжа
Сякера некім тут рубцом.
А-а! Вось спалася калюча!
Ды, чорт, што сьнілася — ха… ха…
Зявае.
А ўсё-ж няма таго граха,
Які ў жыцьці з людзьмі бывае…
А з голаду мне дух займае
І ў роце стала горка.
Плюе.
Дзе-ж гэта люлька ды махорка?
Падымае і закурвае.
Ну сон… А вось знайсьці дарогу,
Каб хутка сігануць да хаты…
Сьцюдзёна стала — змоклі ногі,
Ня грэе мой лахман шарпаты.
Чуваць далёкія зыкі песьні.
Ага! Ці песьня, ці гамонка
Мне чуецца… Але далёка…
Ня бачу хто… Ну і старонка!
Усюды лес, дзе кінеш вокам…
Але, напэўна, ёсьць там людзі,
Яны моʻ вывядуць на шлях,
А не — то цэлы дзень праблудзіш,
А ўночы напаткае страх…
Ды будзе лаяцца Агата,
Што гэтак позна… Ой, як цяжка!
Падымае дубцы на плечы.
Ці данясу да роднай хаты?..
О, страшны сон — жывая казка.
Сякеру затыкае за пояс, люльку ў
зубы і пайшоў на гукі песьні.

Заслона.