Сцэнічныя творы (1923—1924)/2/Соцыялістка

Соцыялістка
Драма
Аўтар: Цішка Гартны
1924 год
Сон на балоце

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ц. ГАРТНЫ.


СОЦЫЯЛІСТКА,

Драма ў 5 дзеях.

АСОБЫ:

СЫМОН РЫХЛЫ — высокі, стройны мужчына: доўгія валасы, вусы і рэдкая маладая бародка; здаровы, плячысты, з хмурым заўсягды паглядам; багаты гілаўскі гаспадар, знатнага котлішча, 45 гадоў.
ДОМНА — яго жонка, тоўстая, гладкая, не па гадох маладжавая кабета; рэзвая, хцівая, але мяккая, не ганарыстая, 40 гадоў.
ПАЛУТА — іх старшая дачка, дзяўчына надта прыгожая, добрая, не гардлівая, не ў бацькоў удаўшыся, даступная і простая, чулая к новым навеям жыцьця, 21 год.
ТЭКЛЕЧКА — яе меншая сястра, другая дачка Рыхлаў, адбітак маткі, з прыдачаю бацькавай гордасьці і рызыкі, 10 гадоў.
ВОЛЬКА СЁМКАВА — сваячка па матцы Палуце і яе лепшая таварышка, 18 гадоў.
ПРУЗЫНА КЛЁЦКІНА — другая таварышка Палуты, 19-ты год.
ПЯТРУСЬ ЛІС — каханак Палуты; з адной вёскі, сірата, сын бедных бацькоў; гаротны, старанны ды ўчулы да сьвецкасьці і розных навінных думак ды зьвеяў; бываўшы з недастаткаў у горадзе на фабрыцы; прыгожы, разумны хлапец, добры і гасьцінны, 24 гады.
АЎГЕНЯ — яго маці, маладжавая кабета, 42-гі год.
ГАННА — суседка Лісаў, добрая іх знаёмая, 38 год.
АНТОСЬ СМЫК — таварыш Пятруся, ва ўсім яму падобны, 25 год.
ЯН СЬЛІВА — другі каханак Палуты, любы яе бацьком, знатнага роду; ласы ўсім сялянскім дзяўчатам, здаровы, стройны хлапец, але просты і няпрыгожы, 26 год.
ГЭЛЯ — 22 гадоў дзяўчына, сястра Яна Сьлівы.
МАТРУНА — маці Яна і Гэлі, здаровая, маладжавая кабета, тып сельскай багацейкі, 40-вы год.
ЯКАЎ КІШКА — брат Матруны, апякун Яна і Гэлі, ганарысты, гаварлівы, хвалько і здраднік; багатыр, гадоў 45-цёх.
ТОДАР ХВЭЛЬКА — таварыш Яна, багатага селяніна сын, 24 гады.
ВІНЦЭНТ СЛОЙ — валасны пісарчук, старшынёў нябож, каханак Гэлі, рызыкант, фанабэра, 20-ты год.
ВУРАДНІК, ЦЫГАНКА, МАРШАЛАК, СОТНІК, СТРАЖНІКІ, ПАНЯТЫ, КУХАРКІ.
ВЯСЕЛЬНЫЯ МУЗЫКІ, ГЛЕДЗЯЧЫ. Дзеецца ўсё ў вялікім сяле Плаве, далёка ад нелапога старога тарговага мястэчка.


ДЗЕЯ I.

Гаспадарства Рыхлаў. Новы вялікі і прасторны будынак, які займае можа з гоні даўжыні: хата, сенцы, клець, абора, хлеў для коняў, хлеў для гавяды, сьвінарнік і сьметнік. Ад суседняе хаты ўздоўж двара нелапы садок з яблынь, грушак, сьліў, каштаноў і вішань. У садку чыстая высокая мураўка і кусты красак ды агрэсту; з красак — вяргіні белыя і чырвоныя, рожы і званкамі і купкамі, таксама белыя і чырвоныя піоні, гвазьдзіка, гарошак і інш.
Праходзяць удоўжкі дзьве сьцежачкі. Пад кучаравай цукроўкаю лаўка і столік. Між саду і будынкаў сажняў са тры ўшыркі — двор, які ў канцы мае зварот за сад, пад паветкаю. Супроць сенешніх дзьвярэй у платох саду — варотцы баляскамі. Цёплы сонечны дзень. Нядзеля.

ЗЬЯВА 1-я.
ПАЛУТА (адна).

Палута (спацаруе па сьцяжынцы ў садзе, аглядае кветкі, некалькі сарвала і трымае ў руцэ ды раз-па-разу нюхае. Напявае ў паўголаса). У лу-у-зе-э-э, у лу-у-зе-э-э пры да-а-ро-зе ка-а-лі-ы-на-а ста-а-яла-а… Па-а-ра-дзі-ыла та-а-я ўда-вень-ка-а ма-а-ла-а-до-а-га сына-а, гэй-гэй, па-а-ра-дзі-ыла-а, та-а-я ўда-венька-а ма-а-ла-до-ога-а сы-на-а. (Перапявае некалькі разоў, а потым абрывае пяяць і йдзе к лаўцы ды садзіцца, расьцягваючы рукі на стале). Ах, ах! І чаму яго так доўга няма? (Глядзіць на вуліцу). Чаму ён ня прыходзіць так доўга? Вось калі. Няўжо ён чагось кольвечы зазлаваў? Ня можа таго быць. Здаецца няма завошта. Не! Ня думаецца, каб злаваўся. Дык дзе-ж ён падзеўся ўсё-ж-такі? (Пазірае ў абодва бакі). Ажно абрыдла чакаць. Кажа адно, а робіць зусім інакшае. (Сьцінаецца). Не, дальбог-жа засярджуся і гаварыць ня буду з ім, калі ён гэтакі. Або… не, з Янам я не пайду, бо ён мне праціўны… Эх! і чаго ён заўсягды лезе ка мне асою? Вось і ўчора вечарам: стрэў, пераняў, нат ня даў Пятрусю за вугал схавацца. (Жахае)… Ага, бадай Пятрусь гэта ўбачыў учора і падумаў, што падумаў, што я яго ашукваю, іграю на два бакі… Бадай. (Крывіцца нездавольна). Але-ж няўжо ён гэткі дурань будзе і падумае так? Пятрусь на мяне-э па-а-ду-у-ма-а-е? Ня можа таго быць… А моʻ… (Думае). Мо‘ бацькі мае яму адваротны? О, гэта дык можа быць. (Верціць галавою). Толькі, цудны ён, калі так судзіць, бо што бацькі? Не шманай іх, калі йдзеш да мяне… Бацьком — бацькоўскае. Толькі, бач, казаў учора на разьвітаньні: „Чакай мяне ў садку; я пасьля з царквы зайду да цябе“. А вось ужо людзі з царквы папрыходзілі, пасьпелі паабедаць і шмат хто ў Граева пайшоў, а Пятруся ўсё нямашака. (Глядзіць). Не, так не прапушчу. (Між садам хтось прайшоў. Яна хутка зірнула). А ўжо-ж думала, што можа і ён, ажно не-е… (Нехта йдзе). Хаця-б гэты касалапы ня прыцягся. (Сьцінаецца). А то прыдзе, убярэцца ў сад, пазаве бацьку і пойдуць тут ліха ведае аб чым балабоніць… (Ківае галавою). Каб хаця гэтага, Яна ня прыгнала, а то ўвесь настрой сапсуе і Пятруся адгоне; хай яго ліха… (Мяняе тон). І як мне адчапіцца ад Яна, як адкараскацца? Прывязаўся назолаю, падлабуніўся к бацьком і… круцяць-муцяць гэтта ўсякую ўсялячыну… Думаюць нешта зрабіць. Хэ-хэ-хэ! Дурны-ыя-ж. Нашлі дзіця-а ўва мне-э. (Прыпеўвае). Ды-ы чаму-у ты мі-і-лы-ы не па-а-йшоў, не па-е-хаў. Ці-ы каня-а ня ма-аеш, ці-ы да-а-рожкі-ы ня-э зна-аеш. (Глядзіць на вуліцу і злуецца). Няма і няма. Ну, калі прыдзе, дык лазьню састрою я яму. Проста вылаю. Мала ўпічышча — вы-лаю бяспрыменна. (Устае з лаўкі, падбягае к кусту вяргіняў і зрывае адну). Пайду яшчэ пасяджу крыху. (Ідзе назад да лаўкі). А калі ня прыдзе, тады болей чакаць ня буду; пайду к Вольцы, зайдзем да Прузыны і ў Граева… Дакуль-жа чакаць? Не да самага-ж, нябось, цёмнага… (Круціць галавою). Хаця-б яшчэ і яны не пашлі ў Граева без мяне. (Нездавольна). І цікавасьць бярэ, дзе ён? Ліха ведама што… (Скрыпнулі весьніцы, і ў двор убегла Тэклечка).

ЗЬЯВА 2-я.
ПАЛУТА — ТЭКЛЯ.

Палута (зварачваецца да Тэклі). Тэкля, Тэклюся, ты дзе была?

Тэкля (спыняецца і падыходзіць к платом). Га, хто там? (пазнае). Гэта ты, Палута?

Палута. Дзе ты была, я пытаю?

Тэкля. Гуляла на вуліцы з дзяўчатамі. (Да Палуты). А ты ў садзе адна?

Палута. Бачыш, што адна… Слухай, ты не прыкмячала, часамі, не праходзіў каля нас Пятрусь?

Тэкля (зловна і ўпічна). Да не, ня бачыла. Клопат мне аб тваім, гэтым… (Адварочваецца і ціха). Ушалопала ліха ведае што… Палута (сярдзіта). Я-ж у цябе пытаю, як у добрае… Ашчапенак, вырадак; спаганяе чужое… (Сама сабе). Вось на яго ліха ўдалося дык удалося. І чаму яно…

Тэкля (перапыняе мякчэйшым тонам). Ну, а яшчэ, што болей?

Палута. Зьбегай, паглядзі, ці дома Волька ці не… Зьбегай, Тэклюся.

Тэкля. А потым што?

Палута. Калі дома, то прыбяжы і скажаш мне, а калі няма, то забяжы падарозе да Прузыны. Добра?

Тэкля (крыху памаўчаўшы). Няма іх абедзьвюх дома… Я бачыла, як яны пайшлі пад гасьцінец… І Пятрусь, здаецца, з Антосем — з імі. (Адыходзіць ад платоў).

Палута (раптам). Ці можа быць?.. Ты ня хлусіш? (Сама сабе). Вось на іх ліха… Тэклечка, га, Тэклечка. (Шукае вачыма няпрыкметна адышоўшую ад платоў Тэклю). Дзе ўжо ты дзелася, на цябе ліха… Ідзі сюды…

Тэкля (нездавольна падыйшла). Ну, чаго ты? Што табе трэба?

Палута. Чаго ты ня ўрымсьцішся, чаго? Дрэнчыць і дрэнчыць, яе ліха… Нагуляешся яшчэ да вечара… (Спакайней). Зьбегай усё-ткі да Волькі, чуеш…

Тэкля (нездавольна). А дай мне красак і… капейку…

Палута. Добра, добра, толькі зьбегай і накажы мне; дам нават тры капейкі, вось! (Паказвае ёй шастак).

Тэкля (радая з абяцанкі, весела). Вось я захаплю ў хаце хлеба і пабягу. (Бяжыць ад плоту к дзьвярам).

Палута (у дагон). Хутчэй толькі там, ня баўся; а то пойдзеш…

Тэкля (з сянец). Хутка, Палутка, хутка. (Хаваецца ў сенках). це-ж,

ЗЬЯВА 3-я.
ПАЛУТА (адна).

ПАЛУТА (адходзіць ад платоў, падходзіць да лаўкі і садзіцца. Сама сабе для ўспакою). Мабыць ужо ня прыдзе. Куды там. Цэлых гадзін тры чакаю і не паказваецца. (Пачакаўшы). Бадай такі ён пайшоў, як Тэкля кажа, з дзяўчатамі да Граева. (Злосна). Вось на іх ліха, гэта-ж трэба. Згаварыліся, мабыць, не зайсьці да мяне. Чакайце-ж, калі вы такія таварышкі, чакайце… Не падарую і табе, браточку Пятрусь… Сьвята прапала. (Уздыхае). А мо‘ і я вінавата, што да іх не зайшла. (Крывіцца). Бадай што так. Заўсягды, бач, яны ды яны да мяне заходзяць. Чым-жа я лепшая за іх? Ці мае ногі даражэйшыя?.. (Пачакаўшы). Але-ж няхай то дзяўчаты, дык маглі так падумаць, а Пятрусь-жа дык абяцаў, абяцаў зайсьці… Чаму-ж ён падашукаў так гладка?.. Ці-ж яму можна дараваць? Эх, каб, здаецца, ён прыйшоў. (Напявае). Ці-ы ва-а-лы-ы пры-ста-а-лі-ы, ці з да-а-ро-жкі-ы зьбіў-ся-а-а… (Суцешна). Што-ж, нічога не парадзіш. Цяперака злаваць позна. Не паправіш. Трэба на вечар адлажыць — тагды спаткаю. (Рада). Але-ж і накладу. Не пашкадую, дам дыхту здорава. А цяперака буду сядзець, каратаць час… (Надзейна). А мо‘ яшчэ і зазірне часамі? Пасяджу, пачакаю… А вось і Тэклечка прыбяжыць… (Устае, зварочваецца і глядзіць у вокны хаты). А мо‘ яшчэ яна і не пабегла: нешта ня чуваць было скрыпу весьніц. (Крычыць). Тэкля, Тэклечка. (Сама да сябе садзячыся). Не, мусі быць пабегла, не аказваецца… Ды і ў хаце, бадай, нікога няма… Добра гэта — хаця-б бацька куды пайшоў, а то той гатоў за… (Плюс). І ненавіджу-ж я яго! Вось нешта адварочвае ды годзе… А тут якраз на бяду і выходзіць так, што чым болей ненавідзіш, тым назойлівей ён лезе ў вочы… Ды, галоўнае, бацькі яшчэ-э. Што такі яны думаюць з гэтага. (Жахаецца). Дзіўна. (Напявае). Ва-а-лы ня пры-ы-ста-а-лі-ы, з да-а-ро-о-гі-ы ня зьбіў-ся-а-а.

ЗЬЯВА 4-я.
ПАЛУТА — СЫМОН РЫХЛЫ.

Сымон (няпрыкметна для Палуты выходзіць з хаты і ўходзіць у сад. Акідае вачмі дзераўцы, паглядае ўмільна на дачку і падыйшоўшы хлопае яе зьлёгку, ажно Палута схамяняецца). Адна тут, Палутка? Ад самага абеду так і сядзіш тутака? Што ты ад людзей адбілася, ці пасварылася з таварышкамі, што нікуды не пашла? Га, Палутка?

Палута (нездавольная, што прыйшоў бацька). Э, нічога. Так сабе, ня хочацца нікуды йсьці.

Сымон (узіраецца ў вочы дачцэ). Аб чым ты нешта задумалася? Ці мо‘ нездаровіцца табе? Нешта ты сумная. Ні ў Граева ня йдзеш, ні да Волькі. Такіж-та сягоньня нядзеля, сьвята, павесялілася-б. Га, Палутка?

Палута. Ахвоты ня маю зусім. Заседзілася і сяджу. Ніхто не заходзіць, ні Волька, ні… Чакала ўсё, а цяперака, мусіць, ніхто і ня прыдзе…

Сымон. А вось толечкі Тэклюся казала, што яна бачыла, як Волька ды іншыя дзяўчаты з гэтымі Лісамі ды Смыкамі павалакліся-а. Эх, спляліся, дурніцы! Нібы ім лепшых хлапцоў не стае… Выдумалі — Лісюк нейкі, галыш, прайдоха, басяк. (Другім тонам). Вось добра, што ты не пайшла з імі… І ніколі не хадзі, адцурайся яго… Навошта табе быць пасьмешышчам людзкім? Выдумала ліха ведае што. Думаеш мне ўжо не сьмяяліся ў вочы праз цябе? Го! Людзі бачаць… Надоечы Саўка Самусёў — стрэліся мы з ім у Граеве — з першых слоў і тыча табою: „кінь“ — кажа — патвараць дачцэ і прыкажы, каб яна ня швэндалася з гэтым Лісюком. „Гэта-ж басяк, дамакрат“. Я так і ня ведаю, што адказваць, так сорамна мне…

Палута (як на шылах седзячы. Сярдзіта). Кіньце вы, тата, ліха ведае што балхвіць… Што вам брыдкага Пятрусь зрабіў? Мала каму хто не падабаецца. А я ня бачу ў тым ніякае шкоды вам, што з ім пагуляю… Наадварот, яшчэ мне з ім ахватней гуляецца, чымся з іншым, бо ён хлапец хоць і бедны, але разумны, прыгожы і сьвецкі… (Цішэй). Ды і падабаецца ён мне. Але, падабаецца і я не магу слухаць, калі хто гэтак гавора на яго, як вы, тата. (Хмура). Усё-такі так не прыстае аб чалавеку адзывацца, як сабе хочаце. (Прыпявае цішком, адвярнуўшыся ад бацькі). Ва-алы-ы ня прыста-а-лі… З да-ро-гі.

Сымон (непадабаючы даччыных слоў, але спыняючы злосьць). Дык такі, я бачу, што ты, дачушка, як ушалопала сабе адно, вось і балхвіш аб тым. Колькі табе ня тлумач, колькі не талкуй, а ты ўсё на сваім стаіш. (Памаўчаўшы). Маладая яшчэ ты, нябога, і непрактычная зусім, вось і судзіш падзіцячаму. Што ў гэтага твайго Пятруся гэткае завабнае ёсьцека?. Розум яго? (Гучней). Га? Розум? Ну, і заваба-ж з яго розуму. Ты скажы толькі мне, да чаго ён дайшоў са сваім розумам, га?.. Чаго ён навучыўся? Лаяць другіх людзей, не ўважаць багатых і знатных, разводзіць дэмокрацтва, бунты супроць начальства. Ці-ж гэта вельмі ўдзячна або пахвальна? Гэ-эх! А дзе яго багацьце? Што ён нажыў са сваім розумам? (Прысядае і цішэй). Кінь ужо ты свае дзіцячыя забабоны — адкасьніся ад Пятруся, дык выгадней і разумней зробіш, дачушка. Паглядзі сама, чаму твае таварышкі ня гоняцца за ім, а далі табе волю? Вось Волька, Прузына — глядзі на каго яны сягаюць. І маюць дзяўчаты розум і маюць яны толк. Бо вось іншыя хлопцы — дык сапраўды хлопцы, што называецца. Хоць-бы Карп Гладыш, або… Ян Сьліва?… Як ты, Палутка, думаеш? Ян Сьліва, калі толькі… ці ты-б ад яго не адказалася-б?

Палута (устае і глядзіць праз платы на вуліцу). Ды кіньце вы папраўдзе свае забабоны. Навошта вам мяшацца ў мае справы? Ці вам хочацца няйначай улезьці ў мае думкі і разгадаць іх?…

Сымон (суха). А чаму не, — ты-ж мая дачка-а?…

Палута (садзячыся). Дачка, дзіця… Ці-ж гэта ўжо так многа абавязвае? Дачка, але і чалавек. Я й не кажу, што чужая, і шкоднага вам не раблю… А ў чым іншым, нябось, маю права быць і незалежнаю. Вось што…

Сымон (злосна). Чаму гэта так? А мо‘ і ня маеш іх. Дай толькі табе гэтыя, „чалавечыя“ правы, тады ты ліха ведае чаго начаўпеш з імі. Правы чалавеку даюцца тады, як ён становіцца сталым, а ты-ж… ты-ж яшчэ напалову дзіцё… І павінна слухаць бацькі, яго парады, яго прыказаў.

Палута. Я іх слухаю і нічога брыдкага ды шкоднага не раблю ім. Ці-ж гэта нават яшчэ шкоднае ды нядобрае, калі я кахаю каго, па свайму густу выберу. Ого, тады ўжо дзякуй за ласку. (Скоса пазірае на бацьку. Перабірае ў руках краскі).

Сымон (едка падмінуўшы). Вось гэты, каго „па выбару кахаеш“, бадай і вучыць цябе ўсялякіх асаблівых мудрасьцяў… тых мудрасьцяў, якія мне на старасьці год прыходзіцца чуць ад цябе, нябога. Бадай Пятрусь і навучвае цябе іх.

Палута. Пятрусь, Пятрусь! А калі й Пятрусь, то я нічога ня трачу, малое ўпічышча для мяне.

Сымон. Ой, дзяўчына, дзяўчына, далёка ў бок ты хіліш, як я бачу. Замнога сьцігаеш ведаць, а ведаеш якраз мала… (Угаварываючы). Я бачу, што ты гонішся за красою і за балхлівасьцю. Палута, і вось загэтым патраціш многа. Многа гэтым згубіш. Табе думаецца, што з яго розумам увесь век прыдзецца жыць, што ён хлеба дасьць табе. Не, мілая, дарэмны твае рахункі; ашукаешся ты на іх… (Добра). Паслухай лепш мяне, галубка, пажылага чалавека, напрактыкованага ў жыцьці-та, не абмылішся тады. Ты ня любіш Яна, а гонішся за Пятрусём і лічыш, што добра робіш. А я кажу, што якраз нядобра… Жыцьцё потым вырабіцца і зусім незалежна ад любашчаў. Паглядзі, вось і я тваю матку дзяцюком ня дужа любіў, а жаніўшыся ды пражыўшы гадок-другі, адкуль тая і любоў узялася… Гэтак усе з вырахаваньнем людзі робяць і выграюць…

Палута. Мала што, татка, з кім бывае; людзі няроўны, а барджэй іх душы і пачуцьцё: адзін бачыць вырахаваньне ў адным, а другі ў іншым. А да гэтага яшчэ цяперака і сьвет перамяніўся, другім стаў; розумам сталі больш жыць, а не багацьцем ды знатнасьцю, бо розум ляпей усяго. Грошы мяне таксама ня дужа спакушаюць. Мала аб іх я дбаю і…

Сымон. Бо я-ж кажу, што надта паразумнела, са сваім Пятрусём водзячыся… Ха-ха-ха! Ёй грошы нічога ня варты, мала спакушаюць. Ха-хэ-хэ. А скажы мне, шаноўная, з чым-жа ты на другі дзень пачнеш жыцьцё, калі ні ў твайго гаспадара, ні ў цябе ня будзе гэтых грошай, а! Не, сястрыца, з гэтага ўжо відаць, што ты, не паслухаўшы мяне, у добрую пяцельку ўлезеш… О-о-о! Ты з гэтымі голікамі як зазнаешся — дык галаву гатова згубіць… (Пачакаўшы). Вось што я табе скажу: хочаш дабра — паслухай згодна мяне і рабі, што я табе скажу; ня хочаш — прыкажу, а за дабром ты гнацца мусіш, не зачым інакшым… Памятай гэта… Табе бацька — ня вораг — кажа.

Палута (сярдзіта). Ня трэба мне вашага дабра.

Сымон (устаўшы). Як? што ты кажаш? А што табе трэба? Згуба? Прапасьць?

Палута. Не клапацецеся аба мне, я і сама…

Сымон. Як-то не клапацецеся? Ці ты помніш, што гаворыш?

Палута. Помню і кажу…

Сымон. Ага, дык ужо вось да чаго? Добра, дачушка-а, добра. Паглядзімо, ці ўпраўду так будзе толькі, ці адкажашся ты ад пасагу… Ну, гэтага-та я не чакаў ад цябе, нябога. Ці бачыш ты яе — не-а-а ха-чу-у. Ну, ну, ну, ну. Вось дык, ягадка… і трэба-ж, на яго ліха, так угаварыць дзяўчыну, трэба-ж убіць такі-та ў галаву… Няма на іх ушчунку, няма пагроз… Гэта-б такіх прайдох узяць ды ў вастрогах марыць, а начальства і вачыма не вядзе… Гэта ж бядовая рэч. Паехаў у горад, набраўся там басяцтва і сюды шчэ навёз спакушаць другіх. Не-э! Так не павінна быць — трэ‘ напамянуць, каму сьлед, хай пасочаць за ім… Палута, пакінь свае жарты… Расстанься з гэтым галадранцам — ляпей будзе, ляпей будзе. Я табе кажу, што будзе ляпей. А то ён цябе на добрае не узьвядзе. Мы ня раз ужо з мацераю казалі, што губіш ты сябе праз яго, дальбог-жа губіш… Вазьмі сабе ў галаву, і ты пакаешся. Ёсьцека Ян, такі здатны хлопец і зважны, самавіты род мае… Ёсьцека другія…

Палута (перабівае). Ого, вельмі важны, вельмі значны…

Сымон (нібы ня чуе). Пойдзеш за яго — у рай пападзеш. Гэтулькі дабра ад бацькі ў насьледку дастаў: дзьве валокі поля, будынкі, а грошай колькі… Гэта-ж проста скарб, не чалавек, а ты, цудніца гэткая, кідаешся ім і лезеш к чорту на рогі. Як-то сказаць…

Палута (стаіць ля платоў і ў жменю сьмяецца). Ну і скарб-жа… Ха-ха-ха! Вось татку прыйшло ў голаву дык…

Сымон (злосна). Такі сьмяешся? Жартуеш з бацькам ці што? (Ківае ўшчунна пальцамі). Эх, дзяўчына, дзяўчына, нічога ты ня высьмяеш. (Паднімае голас). Пасьмяешся ты ў мяне, пачакай, пасьмяешся галубка!

Палута. Ну, вось будзе ўжо вам лаяцца. Прысталі, прысталі, як смала… Ішлі-б куды сьвятам; вось усе мужчыны йдуць ці туды ці сюды, а гэта… Прышло ўжо нешта на вас, ка… точыць увесь дзень сэрца ды точ…

Сымон. А табе ўжо і я няміл стаў… бацькі агорклі, мяшаюць табе… Бедная — разгарненьня не даюць. Вось дык малайчына, вось дык выг…

Палута. А такі і мяшаеце…

ЗЬЯВА 5-я.
ПАЛУТА — СЫМОН — ДОМНА.

Домна. Аб чым-жа, хоцькі, мае дарагенькія, так вы голасна разгутарыліся? Шчыра так у дваіх сабе сабраліся і гамоняць, каханенькія мае. (Падыходзіць і сядае на лаўцы). Палутка, Сымонка, сядайце, родныя мае, сядайце. Гэ-э-э, гэ-э, котка мая. (Палута садзіцца, і Домна яе цалуе). Хаця пацалую цябе, дачушка мая. (Жартоўна). А цябе ўжо, стары, другім разам не абміну. (Пачакаўшы). Ну, дык раскажэце-ж мне аб вашай гутарцы, га?

Сымон. Гутарка, гутарка. Ня вельмі ты і пагутарыш з ёю. Папробуй палюдзку пагутарыць — будзеш ведаць. Гэткага фэфару засыпе табе, што і не ацярэбішся, нябось… Выгадавалі дачку, няма чаго сказаць…

Домна. А што гэткае? Што гэткае тут у вас вышла? У чым вы не паладзілі, за што пагневаліся, родныя мае, га? Сымонка, у чым справа, скажы?

Сымон. Дачкі пытай; хай дачка скажа.

Домна. Ну, а ты-ж? Чаго ты гневаешся так?

Сымон. Пагутары з дачкою, будзеш ведаць тады, ці варта гневацца ці не. Яна ў нас занадта паразумнела ўжо, ажно і гутарыць ладам нельга. Дагадаваліся, нябось.

Домна. Чым-жа ўразіла яна цябе? За што ты гэтак моцна разгневаўся, Сымонка? (Да Палуты). Палута, ты-ж чаму гэта, котка, з бацькам сварышся, а? Такі-та-ж я цябе разумніцаю лічу, а ты дурноту сабе дазваляеш, дачушка.

Палута. Будзе вам, мама… Вы верыце яму, нібы ня ведаючы яго каразьлівасьці… Прыйшоў вось, прыстаў, прыстаў ка мне, раззлаваў, а цяпер яшчэ скардзіцца… Нойдзе на чалавека нейкая паветрасьць, што раз…

Сымон. Маўчы, што так разбрахалася, га? Разышлася-а-а.

Палута. Вось бачыце, во, прыстаў, прычапіўся з ушчункамі ды выгаворамі і яшчэ злуе няма ведама чаго. Вунь ты яму з Пятрусём ня гуляй, бо ён сякі ды такі, басяк, соцыялісты; вунь ня йначай выходзь за Яна замуж, бо Ян багаты і знатны, та… і далей балей, слова за слова, ды да ўшчынкаў дайшоў, да лаянкі і крыку. (Скоса паглядае на бацьку). Замест таго, каб пайсьці куды сьвятам, як усе добрыя мужчыны робяць, ён знайшоў лепшым са мною ваяваць.

Сымон. Я загадаю табе змаўчаць, чуеш ці не?

Палута. Вось і праўды ня любіць, бач…

Сымон. Я кажу табе, Палута, маўчаць.

Домна. Ды ня злуйся ўжо хаця ты, старызна. І я кажу, прыйшла ўжо на цябе тая ліхая хвіліна, пазлавацца захацелася… Навошта табе да дзяўчыны прыставаць: сядзіць адна спакойна, няхай сядзіць… А калі і пагаварыць, дык можна-ж спакойна, ладам…

Палута. Праўда, дачакаешся ад яго калі таго ладу, але…

Сымон. Вось бачыш, во, ці-ж можна тут ладам абыйсьціся… З вамі ўсімі нельга ладам меркавацца; усе, як адна, кропка ў кропку. (Пачакаўшы). Матчына дачка, а даччына матка. Што адна, тое і другая спаганяе… Навучыліся. Распусьціла, распусьціла, а цяпер і патурае… (Нялюба адварочваецца).

Домна (нездавольна). Ды кінь ужо ты разыходзіцца; годзе табе паліцца. Вось калі чалавек… Гм… гм…

Сымон. Не, можа ў зубы вам глядзець ці па галоўцы гладзіць. Дазволіць езьдзіць на мне… Я ведаю ўжо, што я вам непатрэбен. Ну і добра… Добра… Дажыўся падзякі… Дай волю, дык завядуць у няволю.

Домна. Да пачакай, куды ты рвешся. Які непамеркаваны чалавек. Неспакоіцца, гарачыцца, лаецца, а чаго — і сам ня ведае. Трэба аб чым пагутарыць — гутары цішком, згодна і…

Сымон. Ліха з вамі можа памеркавацца, ня я… Рабеце, што хочаце, калі я лішні вам; мяшацца ня буду. Годзе. Але пабачыма. Хочаце пастанавіць на сваім — стаўце… Нюхайцеся з Лісамі, паганьце хату, паганьце род наш — што-ж зрабіць. Мабыць ужо так трэба, каб я на старасьці год усё гэта бачыў, каб маю душу… Толькі, не. Я ўсё роўна ня дамся, не дапушчу-у-у, галубкі… Яшчэ сілы маю пакуль што, маю і ахвоты…

ЗЬЯВА 6-я.
ПАЛУТА — ДОМНА.

Домна (устае з лаўкі і робіць некалькі крокаў сьледам за мужам; разважае ўдагон). Да кінь-жа ты пад канец плявузгаць ліха ведае што. Пачакай, ня злуйся… Кінь каўтун свой… Як табе ня сорамна, стары чалавек, беснавацца? Нібы малое дзіця, калі ня горш, — запырскаўся, забрыкаўся і пабег… Сымон, га, Сымон… А каб ты спраг, гэтакі чалавек… (Спыняецца. Махае рукою й варочаецца). Да заўсяголаў ужо ты такі. Ідзі, няхай цябе цяміць, адкасьніся… (Ідзе да століка да Палуты). Вось чалавек, дык чалавек. І найдзе на яго ліхая часіна, што проста не пазнаць… Толькі, здаецца, быў у сабе, а гэта вунь што… Што ты яму, Палутка, такое сказала, га?

Палута (вяртае к сталу й прысядае). Дальбог-жа, мамачка, нічога такога не казала. Я сядзела адна, чакала Волькі, а ён увайшоў і давай. Перш падобраму, а далей і да сваркі. Усё праз Пятруся. Праз вясельле ўшаломаў, як баба якая. Сядзіць, мармоча і грызе сэрца…

Домна. Як праз Пятруся?

Палута. Вось, каб я яго не кахала, каб не страчалася з ім, бо ён такі й такі, паганіць наш род… і ўсякчыну іншую… Чаму і як ёнпрышоў на вум — я й сама ня ведаю…

Домна. Ды яно-та, дачушка, і ўпраўду ня варта было-б з гэтым Пятрусём табе валандацца. Што ты гэткага ўгледзіла ў ім?… Нічога завіднага ў ім няма: бедны, непачэсны ды яшчэ распусны такі: ні бога ў яго няма, ні цара, ні начальства, на багатых людзей ліха ведае што пляце, ні ў вошта не становіць… А ты-ж, мілая, усё-ж такі з роду знатнага, паважанага… Падумай адно, Палутка, аб тым, што дагэтуль ніхто яшчэ з нашага роду ніколі не спаганіў сябе нічым… А гэта… (Пачакаўшы). Бацька і злуецца за тое, што ня можа далей трымацца старога парадку і крычыць. Ці-ж ты думаеш ён ліха нам хоча? Яму здаецца, што так лепш, як яго розум кіруе.

Палута. Можа быць, можа і так, хто яго ведае. Але-ж што мне зрабіць, калі я йначай не магу… Сэрца ня пытае, каго яно выбірае. Бацьку Ян даўся ў вочы, а мне… Ну, а я ляпей-бы ўжо Пятруся магла-б пакахаць…

Домна. Сэрца, сэрца. Мала што маладому сэрцу захочацца, ці-ж слухаць яго? Трэба і розуму крыху мець і практыкі жыцьцёвай таксама… А гэтага толькі ў пажылых можна навучыцца, галубка… Калі мы табе радзім, што рабіць — слухай, не ашукаешся: мы пражываем сваё жыцьцё і чаму небудзь ды навучыліся. Што табе цёмна — нам ясна да каліва… (Пачакаўшы). Бацька хоча выдаць цябе за Яна — слухай, ідзі. Хлопец ня кепскі ды багаты; век будзеш бога маліць за яго… (Устае і йдзе к платом).

Палута (падбягае к кусту агрэсту). Ну, як-жа-ж сілаю… Гвалтам любіць нельга, мамка.

Домна. Ды кінь ты, нябога. Які тут гвалт?…

Палута. Якія вы, мамачка, цудныя; вы, як і бацька, думаеце, што я мо‘ знарок, наперакор вам гэта раблю… Дзе-ж вы бачылі, каб можна было сілком, саматугам у гэткай вялікай справе рабіць… Я не магу, што хочаце сабе рабеце. Ды каму-каму, а вам, мамачка, і самой павінна быць знаёма гэта; і вы-ж перажывалі мае гады і іх пачуцьцё. Дык навошта ўжо вам казаць.

Домна. Дачушка мая, але-ж са мною гэтага ня было; сказалі бацькі выходзіць за Сымона, бач, за твайго бацьку, я і пайшла — ні словам не пярэчыла. І ўсе былі здаволены: бацькі паслухмянасьцю, а я Сымонам. Ды вартасьці сямейнай не паніжала ні каліва.

Палута. Вось бачыце, вы-ж таксама тату кахалі, па сэрцу знайшлі, дык нашто казаць…

Домна (падышоўшы к Палуце). Палутка, дык трэба-ж ведаць і тое, што вырахаваньне многа знача. Ты-ж сама здаровая, а ведаеш, што Лісы могуць апаганіць наша котлішча… Гэта-ж галякі, батракі, парабкі… Няўжо цябе не сарамаціць радня з імі?… А не сарамаціць цябе, дык бацьку хаця ўваж: не атручвай яго старых дзён. Паслухай і рабі, як ён кажа…

Палута. Ай, мама, годзе вам. Кіньце лепш гэта, бо дарэмна толькі язык мазолім.

Домна (гнеўна). Як-та кіньма? Чаму дарэмна? Няўжо ты думаеш, што такі на сваім пастановіш? Эх, цудная ты.

Палута (праз сьлёзы). Прашу вас, кіньце. Калі тое будзе… (Сама сабе). Захацелі загубіць, мабыць…

Домна. Няма чаго, нябога, плакаць… (Пацяшаючы гладзіць дачку). Ці-ж гэтым мы табе гора наклікваем, га? Пакінь горніцца, цудная. Падумай добра, разьбярыся ўва ўсім. А вось і ладам усё абыдзецца. Навошта так сабе прыймаць кожнае слова. Усё бывае: і бацька пагарачыцца, і я зазлую на цябе, — на тое-ж мы і бацькі твае. Хоць злуём, а ліха ня думаем — шчасьця, дабра табе хочам… Бачыш, ты сама ўсяму віною: хай-бы ўзяла ды ўступіла бацьком — дык не, на сваім настаеш, і, пэўна, злуеш нас… Робіш нялад у хаце, сварку…

(Адчыняюцца варотцы, і ў сад убягае вясёлая разьвістая Тэклечка. У садку падбягае к мацеры і чапляецца на яе).

ЗЬЯВА 7-я
ПАЛУТА — ДОМНА — ТЭКЛЯ.

Домна (адпіхаючы Тэклю). Чаго ты вешаешся, ашчапенак ты ліхі. Пайшла, пайшла. Адкасьніся ад мяне. Ушалопала ліха ведае што: кожны раз чапляцца на шыю. Мудрагелька. Ушалопала, уздумала…

Тэкля (трэцца ля мацеры). Калі-бо я люблю вас, мама; шкадую вас, дык і хочацца з вамі быць.

Палута. Ну, была ў Волькі?

Тэкля (весела). Была, Палутка; у хату нават заходзіла і пытала ў бабусі. „Няма, — кажа, — пашла кудысь з таварышкамі“. Я падарозе ад Волькі забягала і да Клёцкіных, думала Прузыну ўбачыць, ажно яе таксама няма.

Домна. А чаго цябе насіла туды, блізкі сьвет? Чаго ты вандзігаеш па сялу, на цябе цураха, на цябе!

Палута. Ша, ша, мама! Гэта я яе пасылала.

Домна. За чым, навошта?

Палута. Ды вось мне патрэбна Волька; абяцаліся мы з ёю пайсьці сёньня ў адно месца. Згаварыліся, што сойдземся ў нас тут у садку: я, Пятрусь, Волька, Прузына і Антось. Я з абеду ўсё іх і чакаю. Потым, каб праканацца, дзе яны, я паслала да Волькі Тэклечку. (Падыходзіць к платом і ўзіраецца).

Домна. Ну, хіба так. А я думала, што яна сама выдумала бегаць туды, я-б тады ёй. (Ківае пальцам на Тэклю).

Тэкля (бяжыць к Палуце). Не, мамачка, я сама туды ніколі адна не пайду. Я ад Палуты не хацела ісьці, ды яна стала крычаць, і я мусіла пайсьці. (Да Палуты). Праўда?

Домна. Маладзец, Тэклечка, маладзец, дзяўчынка. (Да Палуты). А ласьне ты, Палута, ня бачыла, як Антось з Прузынаю йшлі? Яны якраз паміж садку прайшлі, я стаяла ў вакне і бачыла. Я думала, што і ты іх прыкмячала…

Палута. Даўно гэта?.. (Адварочваецца ад платоў).

Домна. А яшчэ быў бацька ў хаце. (Углядаецца ў агрэст).

Палута. Не. Я-ж, здаецца, і сачыла за вуліцаю ды прыкмячала… (Пачакаўшы). І не зайшлі, заразы…

Домна. Пашлі, пашлі. (Тэкля падбегла к мацеры).

Палута (да Тэклі). Паглядзі там, Тэклечка, можа хто… (Тэкля ізноў бяжыць к платом).

Домна. Ты думаеш, што яны прыдуць к табе?

Палута. Спадзяюся. Павінны.

Тэкля (ад платоў). Палута, Палута, вось ідуць цэлаю чарадою. Вунь Волька, Пятрусь…

Домна. Як, ласьне і Ян? (Азіраецца вакол).

Тэкля. Здаецца, што Ян. (Пачакаўшы). Эй, не! Антось, то, Антось, Антось.

Палута. Выбяжы, Тэклечка, пазаві іх сюды; скажы, што я іх прашу. (Да мацеры). Ну і дам-жа я ім фэфару. Накладу ім добра. Другі раз ня будуць абманваць. (Адламвае розгу з агрэсту).

Тэкля (бяжыць к варотцам саду. Набягу). Я іх пазаву. Усіх? І Пятруся?

Палута. Усіх, усіх заві… Чаму і Пятруся? Сказала ўсіх. Рачыстая, на яе ліха. (Устае і тупае ля стала. Потым ізноў садзіцца. Тэкля выбегла).

ЗЬЯВА 8-я.
ПАЛУТА — ДОМНА.

Домна. А чаго-ж гэта Ян ужо колькі дзён ня прыходзіў? Ці не ўзлавала ты яго чымсьці, Палута?

Палута. Эй… Я навет і не гаварыла з ім, навет і не сустракалася… Цікавасьць з ім гаварыць, або бяда, што ня прыходзіць? Толькі і клопату. Ячшэ і лепш.

Домна. Ды я ведаю, што табе які-небудзь Пятрусь ці Антось мілей. Якое наўды? Калі ўзяла на розум, то ўжо ня так лёгка растацца… (Адчыняюцца варотцы, і хутка ў сад убягае Волька, а за ёю сьледам Прузына, потым Антось і Тэклечка, а пасьля ўсіх Пятрусь).

ЗЬЯВА 9-я.
ПАЛУТА — ДОМНА — ВОЛЬКА — ПРУЗЫНА — АНТОСЬ — ТЭКЛЯ — ПЯТРУСЬ.

Тэкля. Пятрусь дык не хацеў ісьці, адказваўся. Ледзьве Волька яго ўпрасіла.

Домна. Сядайце, небажаты, сядайце. Патаміліся, нябось, за дзень: у Граева, бадай, хадзілі. Сядайце.

Антось. Не клапацецеся, цётачка, сядзеце вы. Мы маладыя і пастаімо, нічога.

Волька. Што вы ўздумалі? Хай бог крые, каб мы вас зганялі… Вось месца хопіць колькі хоць. Пятрусь, сядай паміж Палуты, а ты, Прузына, гэтта, а Антось… А я пагуляю па сьцяжынцы ды пастаю, а моʻ падрасту яшчэ крыху. Сядайце вы!

Домна. Да сядай і ты, нябога, сядай. Натупалася за дзень.

Прузына. Ня хоча — ня трэба. Хай падрастае, калі ёй гэтага мала.

Антось. Вяліканшай хоча вырасьці. Высунуцца пад неба, як той казаў, каб… (Усе сьмяюцца).

Палута. Ну, дык дзе-ж былі, кажэце, га?.. Эх, і вы. Чакала-чакала і ніхто ня прышоў. Вось якія. А казаць, дык кажаце, абяцаеце… Волька, га? Пятрусь? Маўчыцё, нябось, папаліся? Чырванейце… Вы думаеце, што я гэта забуду? Пятрусь? Пятрусь. Мы заходзілі да цябе ня відаць было.

Палута. Ну, брэшаш, мілы: я з абеду тут сяджу. Як угаварыліся тады, дык я і сядзела ўвесь час, нікуды ні на крок.

Волька. Дальбог мы заглядалі ў садок, але цябе ня было. Не ашукваем.

Палута. Кінь хлусіць. Маўчы, ляпей будзе… Палічымся потым калі вы гэткія… Ну, кажэце, дзе былі? У Качоргі хадзіла?

Прузына. Былі ў Граеве, галубка. Чаго-чаго мы там ня бачылі! Цуда ды годзе!

Антось. Ого, што і казаць: на цудзе цуда.

Домна. Ну, ну, кажэце.

Прузына. Піліпчанку бачылі з Дружнікам. Так рызыкуюць па месьце пад ручку, што ані божа мой. Фанабэры тае не абярэшся. Пастэрка ў яе, парасон чырвоны, а ў яго белая камізэлька, сурдут. Хоць куды.

Домна. Ймо? Дай ты рады! Бадай вясельле будзе?

Волька. А будзе, я чула: на запаведзі давалі тры дні таму.

Прузына. Чаму-ж ня быць. Абое ўжо пажылыя; цягаюцца так з якіх пор — усім абрыдлі…

Домна. А пасаг Піліпчанцы няма ведама які даюць? Ня чулі?

Волька. Паўвалокі дае Сук. Чаго-ж хацець. Нямала.

Антось. Вось зьбірайце і вы пастолькі пасагу, дык ураз зробім некалькі вясельляў: пачарзе, перш я, потым Пятрусь, далей Цімох, толькі лічы.

Пятрусь. Бач, захацеў. А паўмаргоў табе ня хопе?

Прузына. Чым-жа вы горшыя ад Дружыньніка? Ніякага сьмеху. Ад нас-та не дастанеце, бо няма, а што варт, дык і сумненьня няма.

Антось. Вось, ці бачыў? Добры на пачатак. Ужо гатовы і даць…

Пятрусь. Я-ж табе казаў, што мала запрасіў. Нам трэба самае меншае валок па тры.

Домна. Эх, і жартаўнікі-ж вы, хлопцы. Вось што значыць, як кажуць, сьвету пабачылі.

Волька. О, яшчэ колькі розуму набраліся. Вось пабудзьце з імі крыху больш часу, яны да таго набрэшуць вам, што вы і ня рады будзеце… Гэта ж ліха ведае што.

Домна. Вядома, моладзь. Ну, ваша пара, красуйце і жартуйце! Але мне ўсё-ткі трэба ўжо йсьці. Тэкля, ідзі і ты гуляй. Чаго ты верцішся ў садку? Твае таварышкі на вуліцы. Бяжы.

Тэкля (З кустоў). Я зараз, мамачка, толькі сарву вяргіню. Я зараз. (Сарвала краску і бяжыць за мацерай).

Домна. Ну, весялецеся, нябогі, хай вас бог гадуе. (Ідзе к выйсьцю).

Волька (выбягае з кустоў і хапае яе за рукаў). Ды пабудзьце з намі, яшчэ рана. Чаго вам так зарупіла. Пагутарце з намі аб сім, аб тым. Вы-ж нам не замінаеце. Пагуляйце, цётачка, нам весялей будзе.

Домна (вырываецца і йдзе). Вось, мо‘ я прыду яшчэ, цяперака-ж трэ‘ пайсьці.

ЗЬЯВА 10-ая.
ПАЛУТА — ВОЛЬКА — ПРУЗЫНА — АНТОСЬ — ПЯТРУСЬ.

Волька. А ты, Палута, усё тут сядзела ўвесь час? Цэлы дзень у садку? І нікуды ня выходзіла? Ды ня нудзілася?

Палута (трасе прад ёю рукою). Ну, а то-ж дзе? Вы ж такія добрыя, што захацелі і на гэты раз, як і заўсёды, схлусіць і не зайсьці па мяне… Уцяклі, нябось, адны да Граява, а мне хоцькі-няхоцькі трэ‘ было сядзець. Куды ж мне адной ісьці?..

Прузына. Адна, Палутка, і сядзела ты?

Пятрусь. Чаму вам так хочацца, каб яна адна сядзела? А мо‘ яшчэ з ёю хто… Праўда, Палута?

Антось. Бо яны, мабыць, ведаюць, што не адна, а…

Палута. Вось не дагадвайцеся зараней: я вам і ім адначасова скажу, што такі і не адна сядзела ўвесь час.

Усе. Ого-о!

Палута. Чакайце, ня радуйцеся наперад, ша-а. Зусім ня тое, што можа хто з вас падумаў… Сядзела не адна таму, што бацька замінаў…

Усе. Ха-ха-ха, Хэ-хэ-хэ!

Волька. Як гэта бацька замінаў? (Бяруць Палуту ў кола).

Палута (варочаецца к усім). А вось як. (Усе прыслухоўваюцца). Села я вось тут на лаўцы скора пасьля абеду і чакала Пятруся (паказвае пальцам), бо ён мяне пераканаў, што хоцькі ніхто ня прыдзе па мяне, а ён такі няйначай. (Узіраецца ў Пятруся).

Антось (да Пятруся). Ці праўда?

Пятрусь (сьціскае плячыма са сьмехам). Ня памятаю.

Палута (кідае на яго ралінкаю). Ну, адказвацца цяперака? Таіцца? Дарэмная турбацыя, браточку!

Прузына. Хітрыя!

Волька. Ну, заўсяголаў яны. Кажы далей, кажы. (Усе слухаюць).

Палута (садзіцца і ўстае). Вось села, сяджу ды паглядаю на вуліцу праз платы, ці ня йдзе хто-кольвечы (паказвае). Так прасядзела мо‘ з гадзіну. А потым бацька прыходзіць. Прыходзіць, садзіцца паміж са мною і давай гутарыць… Што з ім зрабілася — ня прыдумаю. Вось у гутарцы памаленьку ды патрошку давай сварыцца. (Вольцы на вуха). З-за Пятруся ўсё ведаеш, галубка. Чаго-чаго на яго не навычвараў, кім-кім яго не празваў! Вось, кажа, ты гэтым басяком толькі Яна адбіваеш. (Гульчэй). Я доўга не цярпеўшы — як задала яму ўсякага шпэлаху наперакор, да наадварот — і цэлая сварка ўзгарэлася… Так злым і выйшаў. (Да Пятруся, усьмешліва). Праз цябе, браточку, уся справа. Нешчасьлівы ты…

Пятрусь. Ці-ж можа? Ох, я рад, што хаця ўвагі такой заслужыў.

Антось. Ого, а цябе, нябось, яе бацька добра ўважае. Як ідзеш — бадай, дарогу дае, староніцца.

Пятрусь. Прыяцелі, аднэй партыі. Соцыял-дэмократы.

Антось. Злучаныя еднасьцю клясавых інтарэсаў.

Волька. Ну, годзе хаця кпіць са старога чалавека. Грэх, нават, ня то, што брыдка.

Прузына. Увагі ніякае ня маюць да старшых.

Палута. Калі-бо, галубкі, з яго і трэба толькі кпіць. Такі чалавек, такі чалавек, што і выказаць нельга. Каб вы толькі пажылі з ім, дык ня гэтае шчэ сказалі-бы аб ім… Надта круты ўжо.

Волька. А ты думаеш, што мой ляпейшы? Я ня жыла з тваім, а ты з маім, і табе здаецца мой лепшы, а мне — твой…

Пятрусь. А ўсамадзелячы абое роўныя.

Волька. Бадай што так: адзін гонар праводзяць, аднэю знатнасьцю гардзяцца.

Прузына. Як-бы там ня было, а ўсё-ткі кпіць вам з іх ня варта.

Пятрусь і Антось (у адзін голас). Прабачайце, імасьці, вінаваты. (Усе сьмяюцца. Антось з Пятрусём падходзяць да лаўкі і садзяцца. Поруч з імі дзяўчаты).

Палута (астаўшыся стаяць, да ўсіх). Засьпявайма песьню якую, ці што? Ці ў гульню якую згуляем…

Волька і Прузына. Але, але, давайце, хлопцы, запяём.

Антось. Колькі нас — толькі людзям на сьмех, ня болей. Такія пявуны з нас.

Волька. Ды не адказвайся ўжо. Няма ахвоты сьпяваць, дык гавора ліха ведае што.

Прузына. Сьпяяйма, браткі. — „Ой у лузе-лузе пры дарозе каліна стаяла“. Вясёлая такая песьня; дужа падабаецца мне.

Антось. Як пяяць — дык пейма рабочыя песьні: „У руднікох пад зямлёю, за варштатам і ў полі — вакол чуваць песьні аб шчасьці і долі“. (Пяе, Пятрусь памагае, ім утуруюць дзяўчаты. Выходзіць складна і пекна. У самы расьпеў на вуліцы паднімаецца дзіцячы крык і гоман. Дзеці зьбіраюцца грамадаю ля платоў. Тэклечка ўбягае ў сад і прыводзіць з паўдзесятка дзетак. Палута грозіць на яе пальцам).

ЗЬЯВА 11-ая.
ТЫЯ-Ж і ТЭКЛЯ.

Тэкля. Волечка, вунь на вуліцы ходзіць цыганка ды на карты варожыць. У Самулі сабрала цэлую грамаду жанок: кожная варожыць. Ці не пазваць яе да вас?

Волька. Што ты казала, Тэклюся, што?

Тэкля. Цыганка ходзіць ды на карты варожыць: ці не пазваць яе да вас?

Палута. А дзе яна, у каго?

Тэкля. Я ў Самулі пакінула яе, а цяперака мо‘ куды йдучы зайшла.

Волька (да дзяўчат). Мо‘ пазваць, га?

Палута. Няпрыменна пазваць. Вось, хаця на тую спробу, што яна скажа. Паваражу, а ну-ж і што добрае вываражыць. Пазаві йдзі, Тэклюся.

Прузына. Вядзі сюды!

ЗЬЯВА 12-ая.
ТЫЯ-Ж бяз ТЭКЛІ.

Пятрусь. Што вы ўшалопалі! Як вам ня брыдка. А яшчэ дэмократкамі сябе лічаць, сьвядомымі. Эх, я-б назваў-бы вас, але няхай… Хэ-хэ-хэ! Цыганку зваць на варажбу.

Палута. Ну, і што-ж дзіўнага? А бывае, што і праўду кажа. Вось надоячы Лізе Грышкавай якраз усё праказала, што і здарылася потым…

Антось. Ці праўда?

Палута. Вядома, што праўда. Ня верыце — запытайце ў яе.

Антось. Значыць, і ты думаеш праведаць аб сабе, што здарыцца з табою ўперадзе, дзівіся, Пятрусь.

Палута. А вядома. Сьмейцеся, сьмейцеся. Вы думаеце, што толькі вы ўсё знаеце, што хітрэйшыя за ўсіх, калі ні ў вошта ня верыце.

Волька. Гарадзкія… (Яе спыняе крык і гоман. У двор, а потым у сад уваходзіць маладая пекная цыганка, з торбаю за плячыма і картамі ў руках. Бегаючыя за ёю грамадаю дзеці і некалькі жанок астаюцца ля платоў саду. Некалькі з Тэклечкаю і Домнаю ўваходзяць за цыганкаю ў сад… Хлопцы і дзяўчаты акружваюць стол. Пачынаецца варажба).

ЗЬЯВА 13-ая.
ТЫЯ-Ж — ЦЫГАНКА — ТЭКЛЯ — ДОМНА — КАБЕТЫ — ДЗЕЦІ.

Цыганка (расьпеўна, картуючы й раскладаючы карты, перапытвае кожнага). Ну, хто-ж з вас на карты паваражыць хоча? Хто руку пакажа? Дазвольце, дзяўчаткі, дазвольце, хлопцы. Усю праўду вам адкрыю, што было — скажу, што будзе адгадаю. Якая вас доля чакае, што жыцьцё кожнаму з вас абяцае, каму якое шчасьце яно прыпасло… Ня дорага вазьму, згодзьцеся-ж, мае дарагенькія. Усё вам раскажу.

Волька. А колькі за нас чатырох возьмеш, агулам?

Антось. Ого! Агулам хочаш наняць! Ну, ну, пробуй!

Цыганка. Адзін рубельчык, мае даражэнькія, адзін рубельчык. Зусім ня дорага будзе: па саракоўцы з дзесяткай на брата прыдзецца разлажыць.

Домна. Ого! Надта замнога хочаш адразу ўхапіць, лёгка грошай награбсьці. Паваражы ім за паўрубель — і то хопіць табе, досі. Нябось, ужо награбла за сёньня рублёў са тры. Варажы, варажы за паўрубель. (Падштурхвае яе. Кабеты памагаюць ёй).

Цыганка. Дальбог, бабулька, і рубель ня дорага. Затое ўсё разгадаю, чыстую праўду скажу. Нічагуткі не стаю. (Да Волькі). Ну, давайце за рубель — то пачну.

Домна. Эй, якая ласая… Ну, я прыдам да паўрубля сама.

Цыганка. Колькі?

Домна. Дам табе сыру… зачынай.

Цыганка. Ну, так давай, галубка, руку першая.

Прузына. Не, хай уперад Волька спрабуе, я пасьля.

Волька. Ды чаго там, давай.

Прузына. Не, давай ты наперад.

Цыганка. Хто-небудзь. Што лепш хочаш, Волька, — на карты ці на руку?

Волька. На руку давай.

Цыганка (бярэ руку, разглядае; усе настарожваюцца). Ты серадольшая дачка ў сваіх бацькоў і самая каханая бацькамі. Табе было-б вельмі добра жыць, каб не адзін прыпадак, які жывасілам адняў ад цябе праз бацькоў гэта дабро. (Волька глядзіць на ўсіх і здавольна ўсьмяхаецца). Дай гэту руку, правую. (Глядзіць). А тут вось паказвае, што ты яшчэ не загубіла ўсяго ў сваім жыцьці: табе бог суліў слаўнага, добрае душы, чалавека, які начамі ня сьпіць — аб табе думае. Ты яго ня бачыла шчэ на яву, ну ў сьне-ж колькі раз ён абдымаў цябе. Блізак час, калі жыцьцё вас злучыць… Шчасьце і слава крок за крокам справаджаюць твайго суджанага…

Антось. А ймя яго як? Кажы, кажы!

Волька. Навошта табе сьмяяцца? Бач, ты ня верыш, а ўсё праўду сказала, чыстую праўду. Угадала, даражэнькая, усё угадала. Малайчына!

Домна. А калі замуж выйдзе, цікаўна?

Цыганка. Неўзабаве, зусім неўзабаве. Толькі трэба праждаць яе суджанаму адзін прыпадак, з якім так ці йначай абмяркуецца далейшае яго жыцьцё. Гэта будзе не раней году і не пазьней двух год…

Домна. Вось гэта-то, наўрад, ужо ці праўда. Бадай ты, Волька, шмат раней гэта зробіш? А вось гэтай кінь на карты; а вось яшчэ больш нахлусіш…

Палута. Але, але, на карты!

Цыганка. Вось адразу табе паказвае благі скутак: два чалавекі ганяюцца за табою — багаты, знатны, але нялюбы табою, і другі, за якім ты сьвету ня чуеш, у кім усю душу поіш шчасьцем; толькі не даступны ён табе праз самых блізкіх людзей; гэтыя людзі і не дадуць магчымасьці злучыць з ім табе сваё жыцьцё. А вось твой каханы суліць табе дарогу, якое ты баішся і не адважваешся пакінуць бацькоў; а бацькі гэтым і выкарыстаюць.

Палута. Ну, досыць, будзе…

Домна. Балхвіць, ліха ведае што. „Нялюбы, выкарыстаюць“… Гэта ўжо дык няпраўда, галубка, ня варта-б было, на добры лад, і сыру даваць…

Палута. Чаму няпраўда — праўду якраз сказала. Дарэмна вы, мама, кажаце. Дай, Прузынка, хай паварожа і табе, паглядзіш — усё ўгадае.

Цыганка. Давай, Прузына, закіну на карты, адгадаю.

Прузына. Не, ужо ня варта; цямнее, трэба дамоў ісьці, а то там маці ўжо прачакалася… Ды я надоячы варажыла — зусім няпраўду мне вываражыла. Больш зараклася варажыць.

Цыганка. Я то праўду скажу. Давай руку. Давай. Ну, болей ніхто ня хоча, га? Дык ідзі, гаспадынька, дай мне абяцанае.

Домна. Не азірайся, іду, іду, я ня скручу: абяцала дык дам, хоць і няварта было-б; мала варажыла і вываражыла ўжо вельмі няважна.

Палута (нездавольна ўдагон мацеры). Абяцалі даць — дык дайце. Яна мне праўду сказала. (Адварочваецца да дзяўчат). Хоць часу зьвяла, а ўпапад сказала. Няўжо такі так знае?

Антось і Пятрусь. А пэўна, што знае (сьмяюцца).

Прузына. Трэ‘ і мне йсьці… Ты, Волька, яшчэ ня пойдзеш?

Волька. Чакай, іду і я.

Антось. І я з вамі разам.

Палута. Пагуляйце яшчэ. Ну, дык ты хаця застанься, Пятрусь, я табе штосьці скажу.

Волька. Вы заставайцеся, вам блізка абаім, а мы пойдзем. Хадзем, мае родненькія; пакуль яшчэ зайдзем… Заўтра будзённы дзень, трэба ўставаць ды йсьці лён палоць. (Выходзіць).

Прузына (усьлед, нахаду). Гэтак-жа і мне ў Вілы. Мо‘ і ты, Волька, туды?

Антось. Я туды заўтра каня павяду пасьвіць. У мяне дык як раз на заўтра не выпадае работы. Я-б гуляў-бы, толькі, прызнацца, у жываце казлыча. (Да Прузыны). Заўтра ўгледзімся можа?

Прузына. Можа, чаму не. (Гутарка цішэе й аддаляецца).

Волька. А са мною хіба вечарам заўтра, калі будзе пагода (рагоча). А цяперака пайду спаць, а ну-ж „сулены мой сасьніцца.“ (Выходзіць з двара).

Антось (на вуліцы). Дай, божа! Знача, пажадаю табе салодкіх мар.

Пятрусь (падышоўшы к плоту). Салодкіх мар, Волечка.

Волька (здалёк). Дзякуй, браточку, дзякуй. (Разьвітаньне канчаецца. Вынікае голас цыганкі й Домны, якія ўсё яшчэ не пасьпелі расплаціцца. Іх гутарку перабівае паўторны крык дзяцей. З-за вёскі даносіцца пяяньне. За хатай брэша сабака. У другім канцы грае жалейка).

ЗЬЯВА 14-ая.
ПАЛУТА — ПЯТРУСЬ.

(Палута садзіцца на лаўцы і ў задуменьні абапіраецца локцямі на стол. Пятрусь ходзіць каля стала па сьцежаццы, перабіраючы ў руках красачку чырвонае рожы. Водбліск зайшоўшага сонца толькі маленькай шэрай стужкаю, бы пісах, вісьне над лесам. Пятрусь кідае зіркам к верху. Праз колькі хвіль падыходзіць да Палуты і садзіцца поміж з ёю).

Пятрусь (азіраецца на двор, абдымае Палуту і зазірае ёй у вочы). Ты маркотуеш чагось, Палутка? Ці не прыняла да сэрца толькі ты цыганскіх слоў?… І ты верыш варажбе? Чуеш, Палута? (Тырхае яе плячом). Няўжо такі верыш? Ну, калі так, дык я проста дзіўлюся з цябе, ды годзе. Гэта-ж забабоны старых баб, выдумкі, балтаўня. Ласьне можа цёмны, няграматны чалавек, як гэта вось цыганка, што кольвечы ведаць у перадзе твайго жыцьця. Ніхто ня ведае і ніколі ня ведаў гэтага: ні вучоныя людзі, ні прарокі. Плюй у вочы, калі хто схоча цьвярдзіць табе гэта, ня вер, не шманай. Палута, Палутка, чуеш? Кінь, плюнь… А то сьмяяцца буду, ня болей. Чуеш? (Прыхіляецца к ёй шчыльней).

Палута (не паднімаючы галавы, няўверана). Я ня веру, я… Толькі, Пятруська, яна якраз усю праўду сказала. І далей сказала-б, але я знарок перапыніла, вырваўшы руку: не хацела, каб маці лаялася… (Пачакаўшы). А, думаеш, маці ня скеміла? Усё скеміла, усё чыста. Ды і хто ня скеміць, калі так проста і ўверана кажа, нібы з ёю самою робіцца гэта ўсё. Глядзі — з другога боку… „першы знатны, багаты, але нялюбы“… або „блізкія людзі вымусяць за яго“. Ці-ж тут не пазнаць? Знатны, багаты — то-ж Сьліва; блізкія ж людзі — бацькі. О, яны, Пятруська, так насталі, так накінуліся на мяне, што ўжо наўрад, ці ўдасца мне ад іх аслабаніцца… (Паднімае голаў, хіліцца да Пятруся). Пятруська, родненькі, нешта чуе маё сэрца нядобрае для нас з табою; хаця-б яно ня збылося, а то ня вытрываю, ні за што ня вытрываю, каханы. Мне прыходзіцца выбіраць адно з двух: або, або… ці ты, ці бацькі з Янам…

Пятрусь. Можа я табе прашкаджаю, мо‘ набіваюся к табе са сваім… ты скажы мне, Палутка, дык я пакіну цябе ў спакою… Сьцісну, здушу пачуцьцё і адкасьнюся… Кончу сваё жыцьцё дзе-кольвечы адзін, бо болей мне ня трэба ніхто… Раню душу, разаб‘ю жыцьцё і… Скажы, Палута, ня тайся мне… Я маракаваць ня буду, бо я сам віною таму. Гэтак суджана мусі быць нам… Нічога ня зробіш. Дзьве дарогі перад намі і розныя дарогі, даражэнькая (нагінаецца і цалуе).

Палута. Пятрусь, Пятруська, не кажы мне гэтага, мой каханы, я з табою не растануся, мяне ніхто ня зможа з табою разлучыць па дабросьці… без цябе-ж жыцьця я ня маю, ня буду мець. Хай бацькі злуюць, хай праклінаюць мяне бацькаўскім праклёнам, а я ад цябе не адыйду, ня кіну цябе.

Пятрусь. Мілая, ці-ж у цябе хопіць адвагі? То-ж назаўсёды не на раз, і вялікая справа: трэ‘ кідаць, забываць, уцякаць, бадзяцца, цярпець… А ты дагэтуль жыла ў роскашы, у здавольсьцве… Падумай, добра падумай, я не гвалтую, я…

Палута. Маўчы, маўчы. Пачынае ныць маё сэрца… Ты такі добры, так я цябе люблю… А бацька мой які злы, які сіберны! Ён ні перад чым ня спыніцца, нічога не пашкадуе, каб нас разлучыць. Гэта-ж не чалавек, а шыбельнік… Божа мой! Чаму ў мяне такія бацькі, чаму так склалася жыцьцё маё; яшчэ ня жыла, а ўжо і прашкоды на пуціне… Ня вытрываю я, ня вытрываю… Пятруська мой!

Пятрусь (суцешна). Ня тужы, Палутка, а ну і ляпей усё ўстроіцца. Ды ўрэшце, што нам твой бацька, што нам яго сэрца? Ці-ж мы малыя і будзем баяцца? Нам ніхто не паперашкодзіць, калі толькі захочам мы. Калі ў нас знойдзецца сілы і нашае каханьне не падарвецца ні з чыйго боку — мы заваюем сабе жыцьцё. Чуеш, Палута, га? У цябе хопіць сілы і сьмеласьці кінуць-рынуць усё і са мною… уцячы? Уцячом тады ад тваіх бацькоў і таквеля. У горад паедзем, і хто нас нойдзе? Добра, ці не? (Прыціскае). Будзе памойму, згодзішся? Ды навошта казаць, калі я не сумляваюся, што ты на ўсё пойдзеш і на мяне здасіся, Палутка.

Палута. Я твая, Пятруська. Згодна на ўсё, каханы мой. Толькі, як-жа мне бацькоў абмануць, як мне ад іх вырвацца? Навучы ты мяне, ты-ж разумнейшы. Скажы, парадзь.

Пятрусь. Я ўсё вазьму сам, на сябе вазьму. Ты чакай, ды сілу зьбірай, рыхтуйся. Як толькі ўжо бацькі парашаць няйначай выдаць цябе за Яна — ты кажы мне, і мы хутчэй усё кінем і ўцячэм у горад… Толькі ты будзь сьмела, гартуй сэрца і душу. А мо‘ яшчэ і так мінецца, мо‘ і ня выдадуць цябе за Сьліву, тады будзем аб іншым думаць… Толькі-б грошаў больш захапіць… (Падыходзіць к Палуце, ціха). У бацькі ты вазьмі; падгледзь, дзе ён хавае, і вазьмі; толькі-б на дарогу, а там усё будзе, я дастану ў таварышоў. Ці добра, Палутка?

Палута. Усё добра, абы толькі з табою быць. Я ўсё зраблю. Але, што-б то значыла: „яны вымусяць цябе“. Няўжо ня ўдасца нам уцячы? Ці мо‘ хто з нас кіне адно другога?

Пятрусь (матае галавою). Ты не забываеш цыганчыных слоў? Што ты ўшалопала сабе, цудная. Кінь думаць. (Хвошча яе вяцінкаю). Я і казаў-жа: навошта тая паганая варажба. Дык не, не паслухалі. А цяпер вось пранялася славамі, запалі вельмі яны ў душу і… Эх-хэ! Дальбог, якая ты даверная, Палута. (Бярэ пад паху і заглядае ў вочы. З двара нясецца кліч Тэклечкі: Палута, га Палута! Мама завуць у хату).

Палута. Стой, стой! Чаго спалохаўся? (Хапае яго за руку). Табе хочацца, каб я цябе паслухала? Ну, добра, я больш ня буду верыць цыганчыным словам. Кіну. (Кліч паўтараецца. Палута адзываецца). Іду, іду.

Пятрусь. Калі бо неяк злосна, ды ўсё: нібы якая дурная баба — ліха ведае чаму верыць. (Спахватваецца). Бягуць па цябе. Ну, дык мо‘ пойдзеш? (Прыгінаецца і хутка, з налёту цалуе некалькі раз). Ідзі, а то яшчэ бацькі прыдуць. Няпраўда, не паддамося ліхой сіле. Больш настойнасьці, родненькая. Круцей павядзі з бацькамі. Ня дайся гнуць у дугу. Я-ж з свайго боку буду старацца… Ці ў нас сілы няма змаганьню? Кінь сумненьне… Пяройдам прашкоды… (Ідуць к выйсьцю; спыняюцца ля куста аграсту).

Палута. Веру, Пятрусю мой, веру…

Тэкля (убягае і голасна крычыць). Канца няма тваёй гульні!

ЗЬЯВА 15-ая.
ПАЛУТА — ПЯТРУСЬ — ТЭКЛЯ.

Тэкля (хапае Палуту за спадніцу). Палута, чамусьці ты ня слухаеш, чаму? Мама сказала йсьці — дык ідзі. Колькі-ж цябе прасіць заставіш, можа шчэ і пакланіцца загадаеш. (Сама сабе). Не нагуляецца ніколі, бедная. І ўчора цэлы вечар гуляла і сягоньня якую пору, а ўсё яшчэ мала. Укахалася ўжо вельмі шчыра, што і растацца ня можа. Ня ўбачыцца ўжо болей, ці што: прападзе Пятрусь, небарака. (Ізноў заве). Палута, ці ты чуеш, ці не? Што ты сабе думаеш, ты-ж яшчэ сёньня ад абеду нічога ў рот ня брала. Ідзі, ды я пайду па бацьку, вячэраць будзем. Ідзі, чуеш?

Палута (трымаючы Пятруся за руку, крычыць на сястрыцу). Ды годзе табе крычаць, ашчапенак ты. Ідзі скажы мацеры, што я йду. (Да Пятруся). Нешта засядзеўся гдзесьці мой бацька. (Насьмешліва). Можа ўпрочкі зьбег, зазлаваўшы на нас. Не залюбіў бедны, што дачка заспрачалася…

Тэкля (выбягае з садку). Дык ты ня кончыла ўсяго? Павяла гутарку далей? Мабыць хочаш, каб мама прыйшлі з повадам. (Пятрусь з Палутаю рагочуць).

Пятрусь (сьціскає руку Палуце). Дык ідзі, ідзі, а то і ў праўду прыдзе маці ды крыку наробіць; сорамна толькі будзе… А там і бацька гатоў насьцігнуць — а гэта зусім дрэнна. (Таўхае яе). Ідзі, ідзі. Я так сама пайду, бо і мяне маці там чакае. Так сама ня быў цэлы дзень дома… (Азіраецца на двор). Ну, Тэкля зараз мацеру прывядзе. А я-б ужо не хацеў-бы з ёю сустракацца: ня любіць мяне яна, як і бацька… Толькі (азіраецца) адна дачка можа трохі… кахае… (Глядзіць Палуце ў твар). Га? Праўда, ці не, Палутка?

Палута (вешаецца на Пятруся). Го, праўда, праўда… мой Пятруусь-ка-а, мой мілы. (Цалуе). Го-орка-а-я праўда… (З заду двара вынікае зычны гоман Домны: „Ня-а-слу-а-хае. Прыліпла-а, немач на яе… Неналюбавалася за паўдня“.

Пятрусь (цалуе Палуту і йдзе к выйсьцю. На хаду). Чуеш, чуеш? Ідзі, а то пападзе… Грыміць ужо… (Махае капялюхом і выходзіць з саду. Палута ківае рукою ўсьлед. Чуцен багаславенны звон. Дзесь заліваецца жалейка пастуха. Змрок глыбее).


Дзея II

правіць

ДЗЕЯ II.

Хата Сьліваў. У хаце прыбрана чыста. Вакол глядзіць багацьце і здавольства. Сьцены атынкованы і выбелены. На сьценах разьвешаны абразы — адбіткі абшараў летам і зімою, і вайны з часу швэдзкага спаленьня. На покуці блішчасты сьвяты абраз, перад якім чырвоны ліхтарчык. Ля тыльнае сьцяны два ложкі, з трыма на кождым падушкамі. На падушках узьдзеты блакітныя ў доўгіх брыжох навалачкі. Адвячорак. Дваровае вакно адчынена. Матруна, Янава маці, увіхаецца то ў запечку, то ў мыцельніку. Гэля стаіць ля ложка і здалёк кідае зіркам у люстэрка, якое вісіць на дваровай сьцяне між вакон. Ян сядзіць ля адчыненага вакна, абагнуўшыся на стол. Зрэдка пазірае ў вакно. У вакно глядзіцца ралка дзярэўца. Відаць абросшы зеленьню ўзгор.

ЗЬЯВА 1-ая.
ЯН — МАТРУНА — ГЭЛЯ.

Ян. Аднаму, ведаеце, усё-ткі цяжка справіцца. Куды-ы там! Дзякуй богу, тры валокі поля — чуць не хвальварак. Ды быў-бы і хвальварак, каб гэта ўся зямля ў зборы, разам. Ого, латва было-б! Ды каб яшчэ зямля ўся гэткая, як на Паселішчах — роўная, чорная, тлустая. Зажыў-бы чалавек. Яшчэ як зажыў-бы! Паставілі-б будынак вялікі (размахвае рукамі), прасторны; рассадзілі-б туды, к лагчыне, гарод капусны, а к горцы — сад; ля рэчкі быў-бы паплаў, а апошняе — поле. Ажыцца можна было-б… Бацька тады, мабыць, ня думаючы купляў, ня ведаў, у каго і як. Ці мо‘ нельга было? Дзіўная рэч, я ўсё-ткі не разумею: чаму-б не перадзяліць і не парабіць маёнтачкаў? Ня ведаюць выгады людзі. Не, нам то ўжо трэба старацца, каб як усю зямлю сабраць у адно месца. Ня праўда, мама? Ды наняць пару парабкаў? Абстроіцца, як сьлед…

Матруна. Чаму ня праўда. Усё праўда, сынку, толькі немагчыма гэтага зрабіць. Зусім немагчыма: ніхто ня згодзіцца; ды другое — людзі прывыклі ўжо да цяперашніх парадкаў. А кожны з малою вылучкаю, і мае зямлі па крысе. Глядзі, мы-ж самыя багатыя ня толькі на вёсцы, а і на павеце ўсім…

Гэля. Дзесяць гаспадарстваў іншых злажы і то ня старчыць да нашага… Дзякуй яму, то-ж усё тата-нябожчык нарабіў: зрабіў нам гэта дабро…

Матруна. Усё, дзеткі, бацька, вечны яму пакой, клапаціўся да дбаў, і вось, дзякуючы яму, нам так і жывецца, няўрокам, ня кепска. Усяго хапае — і пахваліцца ня грэх… А што датыча табе падмогі, то вядома, сынку, трэба наняць чалавека. Вось гэта лета як-кольвечы скаратаем — Гэля дапаможа, Якаў часамі, а к налецьцю з самае вясны так і трэба старацца… Так нельга.

Ян. Яно-то трэба было-б і на сёлета — але ўсё неяк няма калі і падумаць. Некалькі раз зьбіраўся вам сказаць, да вазьму й забуду. А іншы раз палічыш і, здаецца, шкода грошаў: усё-ж утратак: парабак з лета возьме ня меней дваццаці рублёў, а яму яшчэ спраў вопраткі ды пракармі. На цэлую сотню нагоніць. Ды і парабка добрага, стараннага ня так лёгка падабраць; а ўзяць гультая якога, абібоку — дык лепш хай ён згіне апроч нас. Будзе сядзець ды аб‘ядаць, а яму шчэ і грошы гатуй… (Устае й ходзіць).

Матруна (любуецца сынам). Вядома, сынку, вядома. Цяперака сьвет надта благі, нічога людзі ня вартыя, раўняць ня трэба з даўнейшымі. Бывала, за залатоўку працуе табе не адгінаючыся з цёмнага да цёмнага ды на сваіх харчох. Возьмем жанца, капальніка, ці касца — люба паглядзець: за цяперашнюю машыну выраблялі. Паробіць увесь дзень, а вечарам яшчэ падзяку гаспадару за найміцтва дае. (Загаварваецца. Махае рукою і вылівае з міскі ў руцэ ваду). Ах, божачка! Што-ж я зрабіла! (Гэля крычыць: „Што там? ну разьлілі воду“. Матруна стаўляе міску). Але… што-ж бо я казала… але… А цяперака і ня думай! Людзі гультаі — непаслухнікі; распусныя ўсе, не баяцца бога, не паважаюць багатых і знатных. Вунь, нарабілася дэмократаў нейкіх, соцыялістых — проста за кару божую. І сеюць нялады, вядуць грабежствы ліха ведае што… Бачыце — хоцькі гэты Пятрусь Яўгенін, Антось Смыкаў, Ромусь Каўжалёў… Хай бог бароніць! Насланьне — ды годзе… Але-ж нічога не парадзіш. Прыходзіцца гадзіцца і з гэтым…

Гэля. — Вось гэта Пятрусь, ведаеце, надоячы, — мне казалі дзяўчаты, — дык проста клікаў усіх ня слухаць начальства; зваў да нападу на багатых. „Гэта, — крычаў ён, — крывасмокі вашы, дармаеды, якіх трэба каб вы ўсіх зьвялі са сьвету. Як іх ня будзе — тады і жыцьцё ўсім будзе лепшае, шчасьліўшае“. Ды на нас намякаў.

Ян. Ды, ведама, што і казаць! Ну, але, мама, Шмойла глядзеў Цвыркуні?

Матруна. Не, яшчэ. Я наказвала яму надоячы, але нешта ня прыходзіць. (Задумоўваецца). А мо‘, Яначка, мы і прадаваць яе ня будам? А ну-ж і пабегае пад восень. Яшчэ зусім маладая і надта шкода будзе, збыўшы. Добрага плоду, малочная… Няхай застаецца, сынку, не памяшае. Калі ўжо так падыдзе, то можна будзе і зімою прадаць — яшчэ болей грошы возьмем. А малака хопіць.

Ян. Ды яно — няхай. Толькі, бач, я думаў грошы дастаць за яе, ды гарнітур выняць ад краўца. А тут і чаравікі трэба… Матруна. Эх, цудны. Ня ўсё роўна грошы. Бяры з тых і ўсё, чаго там шкадаваць! Дзякуй богу, не пазычаць ісьці.

Гэля. А мне сукна набярэце к Пятру? Вы абяцалі-ж.

Матруна. Чаму-ж не? Набяром, дачушка, набяром. Дзякуй богу, вы абое ў такой пары, што кожны раз трэ‘ і прыгоды ў хату чакаць. (Цішэй да Гэлі). Гэта-ж, ці праўда, ці не, мне Слоіха абяцала сваты прыслаць да цябе. Чуеш, Гэлечка? Ці часамі з табою Вінцэнт нічога аб гэтым ня гутарыў?

Гэля (чырванее; бяжыць к адчыненаму вакну). Ну, кіньце, мама, казаць гэта. Вось ажэнім перш Яна, тады ўжо я стану на чаргу, а цяперака казаць заўчэсьня.

Матруна (сьмяецца). Чаму, цудная? Ці-ж мы ня зможам справіцца ў адно лета? Бог дасьць ажэнім Яна, а потым і цябе выдамо замуж. Вось калі.

Гэля (пасьмялеўшы). А мы шчэ з Вінцэнтам аб сім і не заікаліся, прызнацца вам. (Адварочваецца ад вакна). Вы думаеце, калі гуляем з ім, дык ужо і да вясельля дойдзе. Яшчэ як здарыцца з хлопцамі аб пэўнасьці трэ‘ з асьцярогаю гукаць. Гэта вецер.

Матруна (з цікам). Ці-ж і ад Вінцэнта можна чакаць усяго? А, здаецца, хлопец ён акуратны, вытрывалы.

Ян (садзіцца ля стала). Мала што яна кажа. Ня слухайце яе. (Пачакаўшы). Вінцэнт — то чалавек. Залаты! Пашукаць такіх… А гэты Ліс — дык — запраўды варт таго, каб яго ўсім сялом выбавіць адгэтуль. Такая паскуда — што ані рады. Зьбірае ля сябе хэўру ня толькі з нашае вёскі, а і з Качаноў. Мае таварышоў у Граяве і толькі знае, што нацкоўвае на гаспадароў, на начальства. Ня раз грозіўся і мне, што дасьць нейкае адамшчэньне… А так — дык і сустрэцца нельга: кпіны строіць, сьмяецца… Мы ўжо з Вінцэнтам казалі, што трэба з ім разьлічыцца — трэба праз Вінцэнтавага дзядзьку давясьці да станавога — хай сцапаюць на колькі часу — сьмеласьць падаб‘юць крыху.

Матруна. А такі і зрабеце: дайце самі знаць станавому. А то далей гэтак папускаць нельга: занадта разбазыраў ужо — ушчунку просіць. Будзем маўчаць — дык настроіць усю голь і гатовы яшчэ папаліць людзей… Падпаляць, пакрадуць — ты шукай тады права… Думаеце, дзеткі, Гаўрыла згарэў праз каго — усё з іх ласкі. Ого, гэта жулікі добрыя, прабеглыя…

Гэля. Дык, мамачка, Грышка Гаўрылаў, стрэўшы Ліса, у вочы казаў яму: „Ты кажа, мне адкажаш за падпал“. А той толькі ўсьміхнуўся, махнуў рукою і гэтак пагрозна адказвае: „Вас усіх багацеяў трэба спаліць — жывымі пакідаць у вагонь“. Вось што вычварае.

Матруна. Вось ужо й жывёла з поля прыйшла. Хадзем, Гэлечка, загонім у хлеў, ды трэба падаіць. Хадзем, мілая. А ты, Яначка, нікуды ня йдзі, пасядзі. А калі пойдзеш — то прычыні вакно. (Адна за другою выходзяць у сенцы. Штосьці за дзьвярыма гутараць. Ян астаецца адзін.)

ЗЬЯВА 2-ая.
ЯН (адзін).

Ян (устае з лавы, пацягваецца і азірае хату; потым праходзіць узад і ўперад колькі раз і зазірае ў вокны). Ня ведаю, ці йсьці куды сёньня, ці не? Неяк няма ахвоты сядзець дома, а йсьці так сама, куды няведама. (Пачакаўшы, узіраецца ў адчыненае вакно). А пагода слаўная на вуліцы — не засьнеш ні зашто. Трэ‘ пайсьці… Папробую перайсьці да Рыхлаў — а ну-ж Палуту напаткаю… Добра было-б угледзіцца з ёю: пагутарыў-бы ўжо апошні раз і хоць ведаў-бы пэўна, як быць… Але што тое значыць, што яна неяк не адкрытна ўсягды — не дагадацца, што думае… Так, то гнецца да гэтага Ліса нібы, а пагутары шчыра — спрыяе і табе… Не, каб ня Ліс, то і слоў ня было-б, што Палута была-б мая. Мая, мая — гэта відаць з усяго. (Уверана матае рукою). Ды дзіва, каго-ж-бы яна найшла другога? Знарок ці што пайшла-б на вандроўку? Сьмешна… (Ідзе к мыцельніку і ўмываецца). А гэты, зараза, падлабуніўся так, што ані рады, як заваражыў яе. Прыгожы, на яго ліха, разумны хлопец! Сьвет прайшоў… Ёсьцека на што пагнацца. Хоцькі-б на мяне — то я-б і з другога боку разьлічваў-бы. Ну, вядома, дзяўчыне гэта ў голаў ня прыходзіць. (Выцерся й падыходзіць да люстра). Аднак што-небудзь прыходзіцца рабіць, каб яго адгэтуль спасьці — трэба. Нічога ня будзе, відаць, калі ён тут будзе аставацца… Але, што тут зрабіць? Няўжо такі і сапраўды падказаць станавому? Хай бярэ, хай арыштоўвае. А калі ды нічога ня знойдуць у яго і не абвінавацяць — тады неяк ніякавата; гатовы прычапіцца да мяне. Ды і падказваць непачэсна. Толькі — два выбары стаяць — ці Палуту мець, ці гэтага ў спакою пакінуць. Параджуся ўсё-ткі з Тодарам. Адзін розум добра — а два яшчэ лепш. Пайду да Тодара… А з ім ужо і гуляць пойдзем.

ЗЬЯВА 3-ая.
ЯН — ТОДАР — ВІНЦЭНТ.

Ян. А я перш і думаў чакаць, а пасьля думаю: ня прыдуць, заразы, давай лепш самому да іх пайсьці. Заходзьце, браткі, посядізмо крыху. Вось я засьвячу лямпу. (Дастае з кішэні запалкі і запальвае лямпу). Сядайце крыху — яшчэ пасьпеем у іншым месцы нагуляцца.

Тодар (стаіць перад вакном, каля яго Вінцэнт). Ды пасьпеем, чаму не! (Садзіцца). Сядай, Вінцэнт.

Вінцэнт (пачынае спацыраваць па хаце). Яно, памойму, дык можна сёньня й зусім далей ня йсьці. (Закурвае папяросу). А калі раз і без дзяўчат прагуляем вечар.

Тодар. Ну, табе-то, вядома, няма куды йсьці і ня варта. Падвёў якраз я. (Азіраецца ў вакно).

Вінцэнт. Ты кінь, ліха ведае што, плявузгаць… (Цішэй). Ды яе-ж і дома няма, так што не папаў ты і ўкалупіць як… Альбо я прасіў цябе падводзіць!

Ян (увіхаецца, то ля лямпы, то ў мыцельніку). Дык чагосьці вы заспрачаліся… Можна ладам вырашыць. Вінцэнт захоча застацца тут — хай застаецца, а мы пасядзімо трохі ды пойдзем, куды захочам… (Падыходзіць к хлопцам). Згодны, га?

Вінцэнт (паважна ходзячы). Ня маю нічога супроць. (Падсьмейваеца). Мая трэцяя скрыпка. Мяркуйцеся між собою. (Тодар насьвіствае). Вось, бач, ужо Тодар марш грае. (Усе сьмяюцца).

Ян (да Тодара). Ну, што ты скажаш, браток?

Вінцэнт. Ён злы, што мяне прывёў сюды. Паглядзі, як сур‘ёзна настроіўся. А як стрэліся, дык першы запрапанаваў да вас прысьці. (Спыняецца перад Тодарам). Мо‘ я, кажаш, хлушу? (Ян сьмяецца).

Тодар (жартоўна). Бач, я цябе хацеў прывясьці к Гэлі.

Ян. Ну, як сабе там ня было, я вельмі рад, што вы прыйшлі, і скажу нават чаму. Я ўжо сам сабе казаў, думаў бач ня раз…

Вінцэнт і Тодар. А што?

Ян. Ведаеце, у мяне страшэнная падазронасьць на Ліса. Гэта-ж, кажуць, ён цэлую хэўру залажыў дэмократаў і ўвесь час падбухторвае іх то на мяне, то на іншых. Грышку хто спаліў? — Ён. Будзем маўчаць — цярпець — усіх нас папаліць… А з часам, чаго добрага, калі забунтуе — дык сьцеражыся… Я надумаўся, каб гэта…

Вінцэнт і Тодар. Н-ну?

Ян. Трэба падказаць на яго станавому, і падказаць гэткім манерам. Вось ты, Вінцэнт, папрасі дзядзьку, хай ён, як паедзе ў Граява — дык там і скажа. Проста, хай зойдзе да станавога ў стан і аб усім перадасьць: што Пятрусь Ліс у Млаве навучае моладзь на соцыялістых, падбухторвае яе на багатых, вучыць не баяцца начальства, напрывозіў з гораду забароненых кніжак і чытае іх усюды і робіць падпалы. Так няхай і скажа. Як вы думаеце, браткі?

Вінцэнт. Ды я ўжо дзядзьку напамінаў. Добра надумаў… Я так сама меў думку. О, я не прапушчу. Я ведаю ўсё, дзе што ён робіць… І ўсё запісваю… А потым усё, як на далоні вылажыцца каму сьлед… Як-жа, трэба стаяць адзін за другога… Тады хоць табе лягчэй будзе. Тодар. Так, табе, Ян, проста збаўленьне было-б, каб як яго выжыць з вёскі. Гэта-ж, глядзі: да Палуты, гад, так пад‘ехаў, што ані рады. І што дзіва, што тая з ім так і ўецца.

Ян. Але.

Вінцэнт. А часамі яе бацькі ня ўшчуюць за гэта? Каб на майго бацьку, дык-бы ён у хату яе ня пусьціў-бы. А гэта… што і казаць!

Ян. Не, браце, і яе бацькі ўшчуюць, але яна не баіцца. „Забейце кажа, — а я Пятруся не пакіну“. Ну, дык як вы кажаце, варта-б яго сплавіць адсюль?

Вінцэнт. І… чаго многа казаць. На гэтым-жа тыдні яго возьмуць. Заўтра мой дзядзька якраз да станавога едзе па справе і там нагаворыць яму, што той ні хвілі не перачакае. Будзе і ціха і гладка.

Тодар. Толькі-б гэтае ціха і гладка было. Паміж намі…

Вінцэнт. Ніхто і ведаць ня будзе. Шыта-крыта. Цудныя, чаго талкаваць дарма. Але тады ўжо дык праз тыдзень і вясельле-б ігралі. Ня праўда, Ян, мо‘?

Ян. А так, ці йначай, то вясельле, думаецца мне, усё-ткі паграем… І ня трачу веры, што выграем у маю карысьць.

Тодар. Ды мо‘ з Палутаю шчэ?

Ян. А вядома… маю прычыны казаць… Бацькі, брат, цягнуць за мяне, так што ёй не настаяць на сваім. Авось яшчэ сплыжым гэтага заразу, тады…

Тодар. Калі гэтак — дык віншуем. (Падбягае і сіліцца падняць Яна).

Ян (вырываецца). Ша, хай ты спрахні, пакінь дурэць… (Бразгаюць дзьверы. Чуваць гутарка на двары). Вунь ідзе маці, мабыць. Пакінь.

Вінцэнт. Вядома, толькі так і трэба.

ЗЬЯВА 4-ая.
ЯН — ТОДАР — ВІНЦЭНТ — МАТРУНА — ГЭЛЯ.

Матруна. А ў нас, вось, і госьці. Нечакана… неспа-а-дзява-на-а… Добры вечар, даражэнькія!..

Гэля. Добры вечар.

Тодар і Вінцэнт. Вечар добры, цётачка.

Матруна (да Яна). Чаму-ж ты, сынку, нас не пазваў? Яны мо‘ ўжо й даўно сядзяць у нас? (Да хлопцаў). Як, дзеткі, ужо мо‘ даўно ў нас? (Ідзе к прыпечку й спыняецца. Гэля ўвіхаецца з ложкам, каб прыдаць яму лепшы выгляд).

Ян. Ня вельмі й даўно… Прышлі, неяк загутарыліся і не прыкмячаем часу. (Пахаджвае па хаце). А вы дзе былі?

Тодар і Вінцэнт. Нябось, з поля толькі што?

Матруна (пачынае завіхацца ў мыцельніку). Дзе вы бачылі, нябогі, з поля: вось з кароўмі ды коньмі на захлеўі распарадкоўваліся… Ня дай божа, каб да поўначы сядзець у полі. І так сьвету за работаю ня бачым. (Адварочваецца к хлопцам) Як-жа, хаця і ў праўду, вы да нас заблудзілі?

Гэля. Гэта не здарма. (Уладуе ў запечку).

Вінцэнт (падыходзіць к вулічнай лаве і садзіцца ўблізку к Гэлі). Чаму табе думаецца так? Якраз вельмі проста: ішлі — і зайшлі.

Матруна. То і дзякуй, вам, браточкі, за гэта. Вось пагуляеце ў нас у добрую пору. Можа гарбаты віпілі-б?

Вінцэнт. Э, не, не. Не клапацецеся, цётачка, дарэмна. Мне яна абрыдзела ўжо: цэлы дзень у канцылярыі сёньня цадзіў яе. От калі. Гэта-ж адна ад самых звычайных работ у нас: піць гарбату. А мо‘ ты Тодар ахвоч?

Тодар. Я так сама ад гарбаты да вас прыйшоў… Можа Ян хоча?

Матруна. То даруйце, хлопцы, лепшага нічога няма; зусім не спадзяваліся мы вас. Каб гэта мы ведалі, то… А цяпер ужо позна…

Вінцэнт і Тодар. Ну, што, вы, цётка, выдумалі. Як-бы і ў праўду такі мы госьці… Кіньце свае замеры.

Ян. Чаму, кіньце? Бяз гэтага не абыдзецца. Бяда толькі, што не ў пару папалі.

Гэля. Я дык заўсяды цягну-цягну Вінцэнта, а ён, упарты вельмі, адказваецца заўсёды наадрэз. Ці баіцца чагосьці, ці саромеецца йсьці да нас… Здаецца, ні таго, ні другога не павінен-бы ўжо ты і спаганяць, а тота-ж аднак любіць фанабэрыцца… (Азіраецца на Вінцэнта). Мо‘ няпраўда?

Вінцэнт. Бо й няпраўда… А я іду, бо часу няма якраз тагды, калі ты завеш. А часам завеш ня вельмі ахвотна… Затое, як зачашчу, дык і сама ня рада будзеш: не адкосьніцеся ад мяне. Надазалю добра. (Тодар устае і йдзе к Яну, з якім аб чымсьці перашоптваюцца).

Матруна. Ой, не, сынок! Не надазоліш. Наадварот, рады вельмі будзем табе: хоцькі й жыві ў нас заўсяды. Кожны раз мы з Гэляю ўспамінаем у дваіх аб табе: чаму не заходзіць Вінцэнт, чаму не заходзіць Вінцэнт. Ян так сама падзякуе табе, калі будзеш прыходзіць. (Глядзіць на Тодара і Яна). А вы-ж што там нарахоўваецеся?

Ян. Думаем пасунуцца куды ў двух. Прайціся хаця — цэлы-ж тыдзень, нябось, верна служылі гаспадарству — чаму-б не спачыць хоць у суботу. Праўда, хлопцы?

Тодар і Вінцэнт. Ёсьць вядома. За век яшчэ напрацуемся.

Вінцэнт. Я-то, прызнацца, і ня дужа стаміўся за гэты тыдзень: якраз работы ў воласьці выпала мала.

Тодар. Ты, што нам аб табе казаць! Ты мне з Янам ня роўня: мы аратаі, горацешцы, а ты беларучка, шэршань, паўпанак. (Усе сьмяюцца). Бацьку маеш здаровага, маладога, двух братоў у сіле — ім давай яшчэ столькі зямлі — дык абробяць, а сам пануеш. А мы з Янам — ужо ня тое, браточку. Мой бацька стары, нямоглы, а Ян зусім бяз бацькі. Самі як валы мусім ярмо цягаць. (Жартоўна). Ты ўжо ня наш таварыш. Цягні ўверх, як той казаў. (Гэля здавольна ўсьміхаецца).

Матруна (садзіцца на зэдліку ля прыпечку). Ах, каб ты заглядзеўся, Тодар, як ты любіш заўсёды жартаваць. У бацьку ўдаўся, як дзьве кроплі вады; і той, бывала, як прыдзе на зборню, дык усім жываты пападрывае. (Аглядаецца на Яна). На вешале ў сенцах жукетка… Прынясі яму, Гэлька… (Гэлька выбягае ў сенцы; да Вінцэнта бягучы: Вось, бачыш, як цябе палошчуць. А ты вазьмі — ды ня йдзі з імі)…

Вінцэнт (дастае партабак і робіць папіросу). Хай сьмяецца, што-ж парадзіш. Гэта адно. А па другому, я так-бы не рабіў, як яны. Навошта ўжо занадта тужыцца. Цяжка — наняў парабка; мала — дадаў-бы другога. А самім, як валы, памойму ня прыстала. Таму, хто мае зямлі крыху ды стараецца і яе абрабіць і шчэ з боку капейку-другую падскрабсьці іншы інтарэс. Ну, а вам — нават і сорамна ўжо перасілівацца. Ці-ж у вас не дастае чаго? Нізваньня. А тымчасам, сілы зьбераглі-б на далей і жыцьцё мілей-бы йшло… Я-б гэтак рабіў-бы, каб мяне цягнула да земляробства, і так зраблю, калі доля з зямлёю зьвяжа. (Праходзіць па хаце і пускае рызыкоўна дым, Гэля варочаецца з жукеткаю. Дае яе Яну: „На, вось! Падзякуй за услужжа!“).

Матруна (не зважае на Гэлю). Не, Вінцэнтку родны, так судзіць нельга. Ня так усё проста, як здаецца, сынку. Павядзі гаспадарку скрозь рук — дык скора можна прашпэціцца. Трэба ведаць, як з ёю кіравацца; кожная капейка павінна быць начаку. Гаспадарка любіць, калі да яе далікатна адносішся, калі пільна і старанна ходзіш за ёй. Думаеш, якім чынам мы, вашы бацькі, нажывалі вам яе? Бэсьцячыся? О, не! Мы не даядалі, не дапівалі; прасьветлых гадзін ня бачылі. І толькі тады нам госпад дапамог нажыць гэта… Не, Вінцэнтку. (Устае і йдзе к сталу, дзе бярэ кусок хлеба ды зноў варочаецца к зэдліку).

Тодар (паказвае пальцам на Вінцэнта). Ды што яму тлумачыць. Ён усё роўна не зразумее гэтага, як я дзесянцёраў. Тады-б гаварыць яму можна было-б, каб ён, як і мы, за плугам сьвету ня бачыў, а то з-за валаснога стала ўсё ў іншы колер ахварбована. Гарбата, папіросы ды пяро — ня тое, што плуг і каса.

Ян. Ну, дык выйдзем куды?

Матруна. Чаго табе, Яне, ня ўседзіць? Хлопцы сядзяць, а ён стараецца іх выправадзіць з хаты. Вось гуляйце ў нас, куды вам ісьці.

Тодар. Не захочам — ня выправадзіць… Але трэба было-б куды выйсьці. (Зіркае ў вакно). Падзівецеся, што за ноч! Якая прыгожасьць! Ці можна ў хаце праседзець яе, даражэнькая цётачка? Цягне!..

Матруна. Ды я ведаю, што цягне, але-ж сёньня ня першая і не апошняя гэткая ноч. На тое бог лета паслаў.

Ян. А паслаў лета — дык і карыстай ім… (Да Вінцэнта). Дык пойдзем, ці не?

Гэля. Ды не наставай ужо ты, Ян. Жывасілам гоніш з хаты.

Вінцэнт. А вось мяне, дык якраз і ня выганіць. Я з сягоньняга дня якраз і пачынаю надаядаць ім. А вы можаце сабе выбірацца.

Тодар. Як сабе хочаш, а мы йдзём. Ідзём, Ян.

Ян. Я ўжо гатоў. А дзе-ж мая палка? Ага, ёсьцека.

Тодар. Дык дабранач вам. Пойдзем.

Матруна. Што-ж з вамі парадзіш. Ня спыніш сілаю. Дабранач. Мы на закрутку запіраць ня будзем. Толькі на засаўку. А есьці пакінуць?

Ян. Добра, добра.

Тодар. Пакіньце, ня крыўдзьце.

ЗЬЯВА 5-я.
ВІНЦЭНТ — МАТРУНА — ГЭЛЯ.

Матруна. Маладосьць. Цягне гуляць. Я-ж, бач, і сама перажывала калісьці і добра ведаю. А цяперака як і ня было таго. Нагаруешся, напрацуешся і рад-бы як хутчэй легчы спачыць. Ні месяц, ні сьвятло яго не чаруюць, як бывала. Усё бог дае, небажата, у сваю пору. Сьвет так пабудаваны… (Да Вінцэнта). Ну, а як вашы хаця там маюцца? Я ўжо доўгі час не страчалася з імі. (Мые рукі і йдзе к сталу, дзе садзіцца). Вядома, нікуды сама і ня йду — мо‘ і за гэтым. Прыдзецца да крамы зайсьці — дык і то пасылаю Гэлю. Ды цяперака і да крамы няма чаго йсьці: мясаед і лета…

Вінцэнт (расхаджвае па хаце, гладзіць косы). І нашы неяк абсядзеліся ў доме апошнім часам. Ужо мо‘ з месяц да Граева нават ня ехалі. Праўда, маці з братам надоячы ў Тарэсы была, там сьвякроў, дачку аддавала замуж.

Матруна. На вясельле, бач, езьдзіла? Запрашалі, нябось?

Вінцэнт. Здаецца, хоцькі я і ня дужа цікавіўся. Не маё дзела. Як і што яны там ня ведаю…

Матруна. А скора патрэбна і самому жаніцца. Гады — чаго чакаць. Знайходзь дзяўчыну і… Мы Яна думаем няйначай жаніць гэтым летам…

Вінцэнт. Перш Ян, а потым і я. А Яну такі няма чаго марудзіць. А то пакуль ён адумаецца — дык і маладую ўтраціць… Той пільнуе парадкам. А гэта хлопец ёмкі.

Матруна. Лісук гэты?

Вінцэнт. А, вядома, ніхто іншы. Закруціў Палуце голаў і ня знайся той… Але мы парашылі з ім штуку ўстроіць!

Матруна. Якую штуку?

Вінцэнт. А вось якую: я папрашу дзядзьку, хай ён данясе на яго станавому, што ён дэмократ, бязбожнік і, наогул, шкодны чалавек. А станавы яго і схопіць… Цяперака ўсюды такіх ловяць… Абы крыху прыкмецілі, ці пачулі — дык і сюды. Вось і з Лісам тое самае. Забяруць, пасадзяць і чакай, пакуль выкруцішся. А ў гэты час Ян можа і сватацца. Ці ня добра так, цётка? Або мо‘ ня варт ён таго, скажаце?

Матруна. Вось калі! Чаму ня варт. Яму яшчэ мала гэтага. Такі жулік, распусьнік, што шыбеніцы яму мала. Усім надаволіў ён. Але Рыхлы цьвёрда стаяць на сваім — як мага засьцярагчы Палуту ад яго. Яны ведаюць добра, што нясе ім яе вандзіганьне з ім! Вось усялякся й засьцерагаюць яе ад гэтага… (Яшчэ падбліжаецца к Вінцэнту і лісьліва глядзіць яму ў вочы). А ведаеш, сынку, к Яну дык абое, як Сымон, так і Домна — душы ня чуюць. Хоць сягоньня спраўляй заручыны. Ды, папраўдзе, дзе ім усьміхнецца гэткае шчасьце? Вось я й думаю, каб угаварыць Яна — ды не чакаць доўга, а пасылаць сваты. Ці ня праўда?

Гэля. Ды Яна і ўгаварваць ня трэба: ён кожны дзень гатоў на гэта.

Вінцэнт. Так, я думаю таксама тое.

Матруна. Ды я ведаю, што Янучок згодзен. (Памаўчаўшы). Даруй мне, я йзноў, бач, аб Палуце скажу — неяк уцерпець нельга. Гэта-ж падумай сам, Вінцуля, дзяўчына, пане мой, багатых, знатных гаспадароў ды вазьмі спляціся чуць не з жабраком па беднасьці ды соцыялістым шчэ, бязбожнікам. Усяму роду ганьба. Няпраўда мо‘? Трэба-ж як выкараскаць яе з гэтае кампаньні. А пажаненьне з Янам — найлепшае выйсьце.

Вінцэнт. Вядома. Праўда.

Матруна (забыла пра мыцельнік; уваходзіць у цік). Хто-б то пайшоў бы сьціху на гэта. Запляміць сваё котлішча мала які чалавек з розумам захоча. А Сымону Рыхлу ў розуме адказаць ніхто ня сумее. Гэтага чалавека паважаюць усе ня толькі ў нашым сяле, але і ў вакрузе. І ня толькі людзі-сяляне, а й начальства. Бачыш, прыедзе ў Граева — з вураднікам за руку, з папом за руку, з аптэкарам — тое самае. А кажуць нават у станавога бывае.

Вінцэнт. Вядома. Я сам бачыў, як ён ішоў раз з ім.

Гэля. Я таксама бачыла. (Папеўвае).

Матруна. Вось бачыце. А гэта вунь нейкі Ліс падлабуніўся і думае нешта выграць. Галяк, непачэснага роду… З усяго сьвету, можна сказаць. І што ў ім за мацыя? Ці-ж ня дурная гэтая Палута? Ушалопала, узяла сабе на розум і ня даць рады. Што-ж дурнота збурвае. Маладая, мала дзе што бачыла, мала перажывала шчэ. Кудры, ды гарнітур зачаравалі…

Гэля. Не, мамачка, не кажэце: Ліс прыгожы хлопец.

Матруна (кідаецца к ёй падняўшы міску ў руцэ). Кінь ты, цудная, бог з табою! Дзе тая прыгожасьць у ім? У чым яна хаваецца? Вось калі! І другая такая знайшлася. (Да Вінцэнта). Вось чуеш, га? Да дзіва, што Палута углуздалася ім. Дурнасьць! І скажы ім. (Да Гэлі). Ты-ж толькі маўчы, дурніца…

Вінцэнт (сьмяючыся). Сыходзяцца на густу.

Матруна. Але, але! Толькі зусім непахвальна, што на брыдкім гусьце. Неразборныя, ні каліва. Дурноты ў галаве цэбар. Гэ, што і казаць. Хоць розгу бяры.

Вінцэнт (прыпыняецца перад Гэляю). Я таксама. (Пачакаўшы). Але ня ўсе роўны. Цяперака ў модзе гэткія хлопцы, як Пятрусь. Сьвецкі, прайходны. (Бразгаюць дзьверы з надворку. Гэля кідаецца к мыцельнікаваму вакну. Матруна зазірае ў другое. Вінцэнт прысядае на Гэліным месцы).

Гэля (адварочваецца ад вакна). Нейкі мужчына йдзе. Ці ня Ян ужо вяртаецца з гульні? Нешта хутка вельмі справіўся — толькі Тодара правёў. (Сьмяецца).

Вінцэнт (прыглядаецца праз вакно). Ды яно і ня так хутка. Мы загутарыліся тут і не прыкмячаем, як ідзе час. Ужо бадай за адзінаццатую перабегла. (Глядзіць у сябе на грудзёх). А я й забыў захапіць свой гадзіньнік, каб ён спрах, каб ён. Ужо пазнавата?

Матруна (варочаецца ў мыцельнік). Ды дзе табе тая адзінаццатая гадзіна. Толечкі зьмеркла. Колькі мы гутарым тут — з паўгадзіны. Мо‘ так, прайшлі, паглядзелі, нідзе нікога не знайшлі і вярнуліся па хатах… (Адчыняюцца хатнія дзьверы і ўваходзіць Якаў Кішка. Усе так і зяхаюць. Гэля бяжыць к сталу, бярэ вязаньне й хавае за зеркалам, а сама адыходзіць к ложку і становіцца каля яго).

ЗЬЯВА 6-я.
ТЫЯ-Ж і ЯКАЎ КІШКА.

Якаў. Добры вечар у хату! Ого, тут і госьці ёсьцека, а я думаў, што яна адна сядзіць у хаце. Сьвятло маркотнае, ціха неяк, ды ноч к таму. На вуліцы зачараваньне — калі хочаш ведаць.

Вінцэнт. Добры вечар! Як жывеце? — Такі і праўда, што ноч — зачараваньне! Вось Ян з Тодарам пайшлі гдзесьці, а я супыніўся, каб даказаць цётцы Матруне, што я зусім ня чураюсь іх хаты, як то яна думае… (Ідуць к сталу і садзяцца па рагох). Ды пакідаць яе адну не хацелася — каб ня нудзела. Вось цяперака можна, бадай, і мне пайсьці на вуліцу. Не правядзеш мяне Гэля?

Якаў. Вядома ідзеце, пагуляйце. Вам зусім і ня прыстала каратаць час, калі хочаш ведаць, у хаце. Гм. Маладзежства. Самае, што гуляць.

Матруна (выцірае рукі каля прыпячу). А куды ім ісьці? Ня варта ўжо, Гэлечка. Вінцэнт зойдзе да дому і адзін. Ян хутка вернецца, а табе прыдзецца дзьверы адчыняць. Не хадзі ўжо. (Да Вінцэнта). Ці ня праўду кажу?

Вінцэнт (размахвае рукамі). Не бяруся судзіць.

Гэля (просячна). Не, мамачка, я на трошкі выйду: вось толькі Вінцэнта правяду крыху. (Шукае хустку і, знайшоўшы, адзяе на голаў).

Якаў (да Матруны). Пусьці, няхай пойдзе. Яна не забавіцца. Ня трымацца-ж ёй за тваю спадніцу.

Матруна (махае рукою). Ну, та выйдзі на часінку. Толькі ня баўся, дачушка, вярніся хутка.

Гэля (ідзе к дзьвярам). Не, не. І не агледзіцеся, як вярнуся. (Да Вінцэнта). Ідзем, Вінцэнт.

Вінцэнт (устае і надзяе шапку). Вось іду. (Да Матруны і Якава). Дабранач, вам, заходзьце да нас калі-кольвечы.

Матруна (праводзіць іх да парогу і сама адчыняе дзьверы). Дабранач, сынку. Зайду на волі. Ты толькі нас не забывай. (Зачыняе дзьверы і надыходзіць да Якава). А ты-ж гэта адкуль? Нябось быў дзе-кольвечы?

Якаў. Быў. У млыне быў дасюль, калі хочаш ведаць. Завёз пудоў з дваццатак жыта змалоць, ды вось праз цэлыя два тыдні яно там і ляжыць нярушаным. Ветру няма — ня меле. Думаў, што мо‘ ўчора з ранку прапусьціў крыху, ажно толькі, калі хочаш ведаць, і не засыпаў.

Матруна (зьдзіўлена). Што, завозу многа?

Якаў. Ёсьцека троха… Вось і цяперака, калі хочаш ведаць, падвязьлі нават некалькі вазоў… Чаму? І вы, мо‘ думаеце, што малоць?

Матруна (прылягае на стол). Зьбіраемся. Насушылі пудоў па дзесяць усяго: хацелася-б і пшаніцы крыху спытляваць; гэта-ж можа калі і прыгода трапіцца — няхай будзе белая мука.

Якаў. А такі… Зьмеле і спытлюе, чаму не. Падвернецца вецер, калі хочаш ведаць, дык у вадну пору процьму намеле. Ну, а як-жа з прыгодаю? Ня думаеш, каб паслаць да Рыхлаў сватоў на Пётра?

Матруна. Чаму ня думаю. Мне-б дужа хацелася-б, ды і Ян ні ад таго. Вось, як ты на гэта Якаўка паглядзіш? Мо‘ часамі ты прабаваў загаварваць з Сымонам, не пасупрацівіцца? А трэ‘ было-б за чаркаю гэта зрабіць. Хто іх ведае, а мо‘ яшчэ й не рашацца яны. Ды Лісюк тут зашмат псуе. Кажа, да таго настроіў Палуту, што тая і слухаць ня хоча аб Яне…

Якаў. Ды кінь ты казаць аб сім. Няўжо, ты думаеш, Сымон паглядзіць на гэта. За вушы працягне, калі ўпінацца будзе, калі хочаш ведаць. Будзе ён дбаць аб ёй. Хай водзіцца пакуль-што, а прыдзе час, дык такі наганяй дасьць, што тая і дзесятаму закажа страчацца з ім. На гоні абыходзіць будзе, калі хочаш ведаць. (Пачакаўшы). Я надоячы спатыкаўся з Сымонам; нават да Хрумы заходзілі пасьнедаць. Казалі і аб вясельлі, калі хочаш ведаць…

Матруна. Ну, і як Сымон глядзіць?

Якаў (зважна). Як Сымон глядзіць: як-жа яму йначай, як не са спагадай глядзець. Хоць сягоньня рабі лад, калі хочаш ведаць… Бач, Сымон, проста ня кажа так, але з усяго, з яго слоў, з навароту ясна відаць, што Ян у яго адзін на прыкмеце, калі хочаш ведаць.

Матруна. Тота-ж і ёсьцека. Гэта людзі вядомыя, чаго і казаць. Дачка-то ўжо ня ў іх пашла, распусьцілася; непаслухнянай, непаладлівай стала; але абрахманяе — калі трэба будзе… (Пачакаўшы, сядае супроць Якава). На яго ліха, на яго, Лісюк гэты так сапсаваў дзяўчыну. Да яго прыезду з гораду была дзяўчына, аж люба паглядзець. Стрэнецца — заўсёды дасьць дзень добры, часта ў хату зайдзе, з Янам, як блізьняты, дзень у дзень, а гэта сустракацца ня хоча: здалёк абыходзіць, калі бачыць… Усё ж гэта настроіў ён. Прыламзаў да сябе дзяўчыну да таго крэпка, што і бацькі ня могуць даць рады. І, думаеш, гэтага мала. Вунь надзрочвае вясковых хлопцаў супроць начальства, падбухторвае на багатых, адучае ў царкву хадзіць. Палуту таксама вучыць на соцыялістку. Дапусьціць — дык чаго добрага — і вывучыць.

Якаў. Вядома, соцыялісты настаяшчы. Цяперака ўсе соцыялістыя так, калі хочаш ведаць. Вось надоечы ў Граеве іх да дзесятку злавілі на сходцы ў лесе. Усіх адправілі ў вастрог. Нябось, патагі ім не дае начальства, ловіць, нібы мух, калі хочаш ведаць. А думаеш ён, Лісюк, папануе доўга? Не, галубка. Мы ўжо з Сымонам згаварыліся, як і што з ім зрабіць, калі хочаш ведаць. А як-жа, трэба Палуту збавіць з яго рук.

Матруна (з цікам). Няўжо? Тут бо хлопцы казалі…

Якаў (уверана). Сапраўды. Вось і азірнешся, як яго схопяць і вывязуць адсюль, калі хочаш ведаць. (Пачакаўшы). Ды што-ж іначай і зрабіць. (Разводзіць рукамі). Гэта-ж нямерна шкодны чалавек ля усіх, ад яго ўсяго чакаць можна, калі хочаш ведаць. Трэба бараніцца.

Матруна. А Сымону дык вельмі павінна быць крыўда. Сапсуе дзяўчыну, зладзюга. Ты-ж мо‘ шчэ ня ведаеш, Якаў, а ён ужо і Яну гразіўся ня раз. Рознымі мянушкамі празываў.

Якаў (ідзе к прыпеку й выбівае люльку). Ад яго ўсяго чакаць можна. Вось за ўсё і адкажа, няхай, сучы сын. Сымон калі сказаў, то не пакіне на паўдарозе, калі хочаш ведаць. А я таксама не маніла які-небудзь. (Грозіцца пальцам).

Матруна (надыходзіць і ціха на вуха Якаву). А ведаеш, і хлопцы ўжо згаварыліся таксама ўшчаць аб ім справу. Вось Вінцэнт праз дзядзьку пачне гізаваць.

Якаў. А і добра, калі хочаш ведаць. Добра, калі так. Ну, а як Ян? Ці думае ён што рабіць? Мае ахвоту жаніцца? Не казала з ім аб гэтым?

Матруна. Чаму не казала. Колькі раз! Хоцькі сягоньня. Адно ўсяго яго і супыняе, што гэты Пятрусь. „Пасватаюся“ — кажа ён — заўсягды а Палута і адкажа: адно сорамна будзе“. А так, Ян шчэ просіць нават мяне. (Пачакаўшы, цішэй). А гэта вось, Грышкаў Вінцэнт думае за Гэляй сватацца. Як ты думаеш, хлапец, здаецца, ніякаваты? Нераспусны, хітры і з часам можа ў людзі выйсьці — даслужыцца да начальніка. Мне ён падабаецца надта і Гэлі таксама… Вось ажаніць бы Яна, — а ўсьлед і другая прыгода ў хаце. (Усьміхаецца). Шанцуе, дзякуй богу. Удалося добра, ціха выгадаваць — а цяперака бог дае, што і ажаніць таксама прыждала здаровая. (Перагароджвае дарогу Якаву). Давай, Якаўка, на Пятра пойдзем у сваты; так ужо і помні сабе. Па абедзе прыходзь з Тацянаю і — гайда. Куды там адкладаць на далей.

Якаў. І я думаю так. Навошта на далей адцягаць. Гады — самы раз. Мала што далей можа здарыцца, а цяперака пара як раз падыйшла сходная, калі хочаш ведаць. (Красае агонь). А з Гэляю таксама ня трэба чакаць. Загаворыць Грышка і згаджайся, калі хочаш ведаць.

Матруна. Ну, а калі, крый чаго, ды з Рыхламі нічога ня выйдзе? Ці не гатовы будуць, ці Палута гвалту наробіць, то як тады? Вельмі-ж ніякавата будзе. Ты не баішся гэтага?

Якаў (варочае паважна галавою). Навошта казаць ліха ведае што. Ня выйдзе, ня выйдзе! Як-то можа ня выйсьці? Ці Сымон не разрахоўвае, куды і як пахіліць? О, ён ведае, дзе і адкуль выгадным пахне, калі хочаш ведаць. Не аддасьць — то каго ён лепшага нойдзе, калі хочаш ведаць. Нікога… калі хочаш ведаць…

Матруна. Яно, канешна, што так. (У дварэ чуцён гоман. За хлявом брэша сабака. Матруна надбягае к вакну і ўзіраецца на двор, робячы казырок над вачмі рукою. Гаворыць у вакно). Нашы йдуць. Ідуць абое, здаецца. Нагуляліся, родныя… Гэля ў мяне малайчына — ніколі ня схлусіць: скажа і выпаўніць. (Бразгаюць дзьверы).

Якаў. І добра што так, калі хочаш ведаць. Чаго-ж іншага хацець… (Уваходзіць Ян, а за ім Гэля).

ЗЬЯВА 7-я.
ЯКАЎ — МАТРУНА — ГЭЛЯ — ЯН.

Ян (скідаючы шапку ў парозе, глядзіць зьдзіўлена на Якава). Ого, і дзядзька ў нас. Добры вечар. Якім-та чынам вы заблудзілі так позна?

Гэля. Добры вечар, дзядзька. (Праходзіць між Якава к ложку і на хаду распранаецца. Да Матруны). А што, бачце, ці-ж забавілася? (Матруна сьцешвае яе рукою).

Якаў (к Яну). Адгадай, браток, не скажу сам. Дзіўна, нябось? (Падыходзіць к Яну й стукає яго на плячы).

Ян (ухмыляецца дзядзьку ў вочы). Яно-та німа ніякага дзіва, толькі…

Матруна (адыходзіць ад вакна, ідзе к прыпечку й садзіцца на лаўцы). Толькі дзіва…

Якаў. Толькі дзіўна, калі хочаш ведаць. (Сьмяецца сам і іншыя).

Ян (падыходзіць к сталу). Дзіва, што я ўвесь час у гэтым канцы вярцеўся і не прыкмячаў, каб вы йшлі. Ноч відная — можна было-б прыкмеціць. Я ля Дзямянавай хаты сядзеў… там нас некалькі было.

Якаў. Я тудэма ня йшоў… Вось, калі табе цікава, калі хочаш ведаць, то скажу: я ў млыне быў. Іду і бачу, што ў хаце сьвятло, дай, думаю, зайду. А да гэтага якраз і інтарэс меў, калі хочаш знаць.

Ян. А які?

Якаў. Інтарэс то важны і якраз цябе ён датыркае.

Ян (з цікам). Ну?

Якаў (падыходзіць к сталу і прысядае). Сапраўды. Наконт твайго вясельля, калі хочаш ведаць. (Змоўчвае і пытальна глядзіць у вочы Яну. Ян ухмыляецца). Ажаніць, калі хочаш ведаць, насталі цябе; ужо ня выкруцішся з нашых рук. Вось, калі хочаш ведаць, на Пятра йдзём у сваты да Палуты. Не чакаў мо‘ нябож? (Ян угінае голаў). Не чакаў, дык во табе гасьцінец, калі хочаш ведаць (Памаўчаўшы. Пыхкае люльку). Ізноў патухла, на яе ліха. (Вымае з кішэні крэсіва). Затое Палута, калі хочаш ведаць, твая пэўная. Ад Сымона даручыўся… (Красае) Ніхто не перашкодзіць: Лісюка, калі хочаш ведаць, спасём і ціха і гладка, што ніхто і знаць ня будзе. А Палута тады сама крыльле апусьціць. Ну, што, ці згоджваешся?

Ян. Трэба падумаць.

Матруна (вельмі раптоўна). Яначка, Яначка, што ты ўжо кажаш ізноў. Ці-ж даўно згадзіўся.

Якаў. А чаго думаць? У гэткіх справах, калі хочаш ведаць, ня думаюць сяк так, а здаўна гатуюцца. Няўжо ты ня думаў шчэ аб сім? (Ян сьмяецца, Рыгор матае рукою). Гэ, нябожа, ад мяне не захаваеш нічога. Я ведаю, што ты ўжо здаўна не растаешся з думкаю аб жаніханьні. А калі так, дык нечага далей капырсьціцца: ўзяў і пайшоў напралом, упарта, калі хочаш ведаць, і ўсё тады выграеш. (Пытальна). Як, Ян?

Ян (ківае галавою). Вядома, што чакаць далей ня выгрышна, толькі… Лісюк гэты стаіць якраз сярод дарогі — во што бракуе. (Чухае патыліцу).

Якаў (прыпадымаецца). Плюнь, кажу, калі хочаш ведаць. Як напралом — то нічога ня бойся, нічога не лякайся. Пойдзеш нацянькі — выграеш дзянькі… (Спусьціўшы крыху). Ну, а ты з Палутаю ня гукаў аб сім?

Ян. Вось то і ёсьцека, што ні разу апошнім часам не здаралася: ўсё з Пятрусём цягаецца. Як назнарок…

Якаў (тупае па хаце). Ды і гэта не бяда, калі хочаш ведаць. Тут важна не Палута, а Сымон. Сы-ымон важна. А ён — хоцькі сягоньня гатоў вясельле граць, — калі хочаш ведаць.

Ян (спахваціўшыся). І можа? Скуль вы ведаеце? (Прыўстаў).

Якаў. Калі кажу, дык ведаю. А ведаючы, і прышоў знарок павядоміць і настроіць.

Ян (некалькі часу думаючы). Дык што-ж? Ісьці — то йсьці. Па мне можна. Будзь — што будзе. Гаманем з мацераю — ды…

Якаў. Знача, малайчына ты, Яне, у нас. Можна з табою меркавацца. Хвалю. Благаславі госпад гэну хвілю. Вось, Матрунка, знача на Пятра мы ідзём у сваты. Ажэнім Яна, а потым за Гэлю прымемся. Балазе каханак ёсьцека. І хто нам можа перашкодзіць? Лісюк — о! яму месца ўжо згатована. Да Пятра апыніцца ліха ведае дзе. Не разыдзецца вельмі!

Матруна. Ну, і дзякуй табе, Якаўка. Ты вельмі многа нам ласкі робіш, дай божа табе здароўя. Дзякую я, будуць і дзеці дзякаваць табе. Вось які вам дзядзька здарыўся; шануйце яго.

Якаў. Мой абавязак перад Сахронам. Ды дзядзька на тое. (Да Яна і Гэлі). Ці ня праўда? А тымчасам поўнач ужо на носе, калі ня мінула. І днее ўжо, ці што? Трэба йсьці. Дабранач. З вясёлай душою пайду да хаты.

Ян і Гэля (праводзяць да дзьвярэй). Дабранач, дзядзечка. Дзякуй вам, што зайшлі.

Матруна (праводзіць у сенцы). Але, Якаўка, як ты так злучна прыйшоў, дай божа табе здароўя. Скажы ўжо Тацяне, хай яна заходзіць да нас… (Бразгае сеньняшнімі дзьвярыма. Гэля і Ян ідуць к вокнам і ўзіраюцца на вуліцу. Назахлеўю брэша сабака. Здалёк чуцен клёкат вартаўніцкае клякоткі).


Дзея III

правіць

ДЗЕЯ III-я.

Хата Лісаў. Двор. Маленькі агародчык, у якім расьце адна вярбіна і дзьве яблыні. Ад вуліцы загарадзь з частаколу напалову двара, а напалову весьніцы. Ля хаткі старое, з выгнутымі сьценамі і трыма трохшыбнымі вокнамі — адно з вуліцы і два з двара, нявысокія прызабкі, насыпаныя жоўтым жвірам. У канцы двара відзён пералаз на гарод. Ля пералазу старая барана і саха. Ля плоту садка — нарад. Перадвячорак. Спускаючае сонца гоніць доўгія цені. У дварэ на прызьбе сядзіць Аўгіня, Пятрусёва маці, і іх суседка Ганна, жонка Сідара.

ЗЬЯВА 1-я.
АЎГЕНЯ — ГАННА.

Ганна (размахваючы рукамі). Вось калі, Аўгенька, вось калі, мілая, дык-жа шчэ якая гэта праўда, — чыстая, настаяшчая!… Што за людзі, што за народ — выказаць нельга. Вось калі хцівыя, зайздросныя да бязьмернасьці. Усё ім мала, усё ім няхватка, усё ім нядобра. Вось калі, вось калі… Якіх-кольвечы дзесяць сем‘яў, а на ўсе Залужкі раскінулі свае лапы, захапілі ўсё ды варочаюць справамі, як самі хочуць. Дзе ня ступі, куды не павярніся — тое і глядзі, каб не наступіць на іх, каб не пачуць іх крыку і лаянкі. Вось калі. Так ужо дрэнна, мая Аўгенька, збудован сьвет, так дрэнна, што і выказаць нельга. Людзі з людзьмі, бы зьвяры, бы сабакі: паелі-б адны толькі захапіць чым болей сабе багацьця. (Ківае галавою). Вось калі. Сораму ні каліва, нізваньня ня маюць, людзкасьць забылі. А шчэ багамольнымі сябе лічаць, сьвечкі стаўляюць ў цэркве. Эх, ашуканцы, дармаеды… Гэта-ж толькі падумаць — лес захапілі ў свае рукі, і дроў ні паленца ня сьмей узяць; луг — таксама іх; травінкі сарваць негдзе. Надоечы, ведаеш, Аўгеня, іду гэтак я між Пакосься і бачу трава нішто сабе — я й нагнулася, каб нарваць у прыпол, а адкуль ні вазьміся гэты кручаны Кішка: „Ты што-ж тут, гэтакая-такая, абрываеш палосы чужыя?! Пашла, а не, то я з цябе апошнюю апрануху здыму,“ — давай крычаць. Крычыць, з кулакамі гатоў кожны момант накінуцца. Ліха яго ведаў, што там яго якраз палоса праходзіць. Вось калі. Ведала-б я тое ліха, хай-бы яму трасца і хвароба разам з травою… Але-ж мне ў голаў ня прышло — што там яго. „Ці вакол, а дзе ня ступі ўсё яго“ — думаю сабе — і давай рваць. А вось ён як з-пад зямлі — адкуль ні вазьміся… Вось калі, вось калі. Усімі праўдамі і няпраўдамі заграблі пад свае рукі зямлю, набудавалі панскіх будынкаў, напладзілі гібель жывёлы і гаспадары пад усёю вёскаю. І што ім другія! Яны-б іх усіх зьнішчылі-б, каб маглі. Вось калі. Ды шчэ і зьнішчаць, Аўгенька, будзеш бачыць. А чаму? Таму, што за іх цягне начальства і ў воласьці, і ў павеце, і далей. Адна рука, свае людзі. Зірне — вітаюцца ўсягды за рукі, п‘юць разам, адзін да другога ў госьці езьдзяць. Поп — што тыдзень у нядзелю просваркі дае кожнаму, на тацы падносіць; дачок зазывае да сябе на пачостку. Вось калі, вось калі. А скажы-ж што катораму з іх — гатоў жывым зьесьці, не аказвайся: іх сіла, іх верх, хоць мала іх. (Матае галавою). І чаму бог церпіць усё так? Гэткія нелады вакол і кары не пасылае гэтым гадам. Нібы патварае ім… Падумай толькі, яны-ж старца не падораць, ня то каб суседу што пазычылі… (Цішэй). Каб гэта, не баяўся, ды ўсёю вёскаю сабраўся, і вон іх адсюль. Вон, вон! Нам ня трэба багацеяў, крывасмокаў! Ці ня праўда, Яўгенька, мо‘?

Аўгеня. Чаму ня праўда, чаму ня праўда. Вось хоцькі ўзяць і з намі… Цэлыя гады мучымся, пакутуем і канчатку няма, няма просьветы ўперадзе. Памёр Даніла. Пакінуў чацьвёра дзяцей, то ты падумай, Ганначка, колькі я з імі пацярпела. Адна з чацьвярыма. І поля таго кавалачак дагледзь, і дзяцей дапільнуй, есьці ім дабудзь, на абутак і апратак выстарайся… А што пакінуў мне Даніла? Вось толькі гэту хату. З недахваткаў і недаглядаў двое дзяцей умерла, трэба было пахаваць іх палюдзку. Засталася з двома і сяк-так выхавала іх, у людзі вывела. Ды вось абое ў горад кінуліся. Грышка працуе там за сьлесара… А Пятрусь вярнуўся і цяпер дома. Праўда, помач ёсьцека ад сыноў, але-ж колькі яе? Зусім не дастае. Тры гады Пятруська бадзяўся ў гарадох, а я ж адна тут была… (Разводзіць рукамі). І раўнуй жыцьцё да жыцьця, калі хочаш. Маё і якога-кольвечы Сьлівы. Мы-ж і ў праўду не балей, як старцы супроціў іх… Ды дзіва, што крыўда бярэ чалавека. На гэткую несправядлівасьць кожны злаваўся-б і моцна гукаў-бы аб ёй. А скажы што ўчуткі, пачні судзіць — дык вунь што на цябе вычвараюць… Гэта-ж падумай, Ганначка, праўды так ня любяць; баяцца, бач, яе ці што… Мой Пятрусь ня можа спакойна цярпець гэткіх парадкаў, па гарачнасьці сваёй, і асуджвае іх, не баючыся, перад усіма… Дык што-ж ты думаеш, дарагая? Соцыялістым, дэмократам і яшчэ рознымі мянушкамі абзываюць яго; цэбры памыяў ліюць. Ды мала таго — яшчэ-ж, калі хочаш ведаць, грозяцца згубіць яго. Пагаварваюць вурадніку, старшыні. Вунь, кажа, ён хлопцаў робіць бязбожнікамі і падбухторвае іх на начальства, дае няможныя кніжкі чытаць, у якіх пішацца, што ня трэба ні начальства, ні паноў, ні цара, а народ працоўны сам можа быць гаспадаром свайго жыцьця… ды інш. А то яшчэ ўсклалі, што быццам ён і падпалы робіць… Вось і падумай ты, здаровая. Гэта-ж так адвароцен і шкодзен ім ён, што яны так стараюцца апаганіць яго, спагардзіць. (Пачакаўшы). Сьпярша я сама ўгаварвала Пятруся, каб ён стрымоўваўся, маўчаў, таіў пры сабе крыўду, а потым бачу, што гэта-ж ён, Пятрусь, праўду кажа. Дык навошта-ж праўду баяцца казаць? Яшчэ нават і грэх, калі яе таіць хочаш. Бог-жа вяліць праўды не баяцца. Вось я і не прашкаджаю сыну… Дзякуй богу, ён у мяне многае што пабачыў і многа чаму навучыўся. А ты думаеш, Ганначка, ён адзін такі? Не-э, не. Такіх, як ён, у горадзе многа. Там, кажа Пятрусь, людзі сьветлыя, разумнейшыя і ня хочуць гэтак, як мы, цярпець усяго. Сваіх гарадзкіх багацеяў яны ня гэтак баяцца, як мы сваіх. Гарадзкі народ нецярплівы і тужэй годзіцца з дрэннымі парадкамі ў жыцьці… Мы гэтта-то ўсім прашчаем, на ўсё глядзімо праз пальцы, ня дбаем, а там — інакшае… Бачыш, прыехаў Пятрусь, сказаў колькі слоў і ўсе гатовы паверыць, што і ўпраўду ён які-кольвечы страшны чалавек…

Ганна (матае галавою й разводзіць рукамі). Але, але. Дык іначай і ня хочуць абзываць яго, як толькі соцыялісты-гарадзкі. (Цішэй). А яшчэ, ведаеш, галубка, вось гэтым Рыхлам ды Сьлівам надта няпрыемна, што з Палутаю Пятрусь кахаецца. Яны-б, здаецца, няма ведама што-б зрабілі, каб яе адбіць ад яго. Вось калі. Ці-ж можна згадзіцца, каб гэткая багачка „паскудзілася“ некім там Лісам. Увесь час яны толькі і чакаюць вясельля паміж Янам і Палутаю, а тут — на табе — Пятрусь мяшае. Як-жа не крыўдаваць ды не злаваць… Вось калі. А Палута дзяўчына зусім не ў бацькоў — і не шманае сабе, што з-заду яе чаўпецца. Укахалася ў Пятруся — і кончана. Вось калі. Адным словам, малайчына дзяўчына. (Сьмяюцца).

Аўгеня (азіраючы двор; глядзіць на вуліцу). І ведаеш, Ганначка, усё расказвае Пятрусю, што ў іх робіцца: як Сьлівы не даюць пакою ім са сватамі, штодня прыходзячы да іх з гарэлкаю, ды падсылаючы каго. Прыдзе, кажа, сёньня Кішка, а назаўтра паўзе аблуда гэты, Ян. І што, кажа, дзіўна, усё ўгаварваюць Сымона паскардзіцца на Пятруся станавому ў Граеве, што ён нібы стараецца спакусіць Палуту і падгаворвае ўцячы з ёю ў горад, каб там прылучыцца да соцыялістых. Так, кажа, і плявузгае то адзін то другі. Нават ужо Палуту завуць соцыялісткаю.

Ганна (зьдзіўлена). Ці бачыш ты? Вось калі, вось калі. Знача дачка зусім ня ў мацеру ўдалася… Гэткую нявестку мець было-б ня грэх, Аўгенька. Відаць зразу, што дзяўчына-гэрой.

Аўгеня. Вядома, але-ж куды нам да гэтага. Вось Пятрусь і водзіцца нібыта з ёю, а я патом зусім ня веру, што з гэтага можа што выйсьці. Я нават заўсягды і кажу яму: „Навошта табе, Пятруську, падводзіць Палуту пад няпрыемнасьць. Усё роўна з твае гульні з ёю нічога ня выйдзе. Дзе ты бачыў, сынку, каб Рыхлы паступіліся сваёю знатнасьцю ды зрадняліся з гэткімі, як мы? На нас-то яно-б нічагуткі ня значыла, а гэта людзі каразьлівыя, сябелюбныя. (Цішэй. Суцешна). А ён, ведаеш, сястрыца, усьміхнецца і адкажа: „Нічога, маці, мы з Палутаю знойдзем што зрабіць, каб не растацца адно з адным. Усе прашкоды пяройдзем. — Адно-б захацелі“. Тады я зацікаўлюся і пытаю ў яго: „А ці захочаце вы?“ — то Пятрусь ізноў адказвае: „Час пакажа“. Не, ён у мяне хлопец добры, шаноўны. Няма чаго на яго скардзіцца, мая сястрыца.

Ганна (здавольна ухмыляецца). А так, так. Вось калі, вось калі. Я-б дык гардавала-б такім сынам. Няўрокам яму быць сказана, і пекны, і разумны. Дарма, што вы жывеце ня гэтак ужо, каб завідна, а патом, глядзі, няма тае дзяўчыны ў вёсцы, каб не смакавала на ім вачэй… Ды ня толькі ў вёсцы, а і вазьмі самае Граева — і там нават, мяшчанкі зазіраюцца на яго ненарокам: любая-б пашла, каб толькі заікнуўся адно. А думаеш, Аўгенька, што Рыхлы, каб трохі ня гэткія яны ганорыстыя ўжо, не гаварылі-б з табою… Вось калі, вось калі. (Рухае на месцы. Паціскае плячыма. Разьзірае вакол).

Аўгеня (адмахвае рукою). Ды навошта ўжо нам з імі знацца? Нойдзем сабе параўне. За багатым не ганіся, а ліхога сьцеражыся.

Ганна (хрысьціцца). Ды гэтак яно: хай яны паміж добрых людзей прападуць! (На вуліцы ў правым баку чуцён п‘яны вясёлы крык-сьпеў. Сьпеў з кожным часам становіцца выразьней і гульчэй. Відаць, туды, адкуль ён нясецца, пакіравала некалькі мужчын і кабет з падросткамі).

Ганна (устае з прызьбы). Вось расьпяяўся, бадай Паўля, ужо насмактаўся ў Граеве і завёў сваю заўсёдную. (Песьня чутнее). Падыдзем к весьніцам, Аўгенка. (Бяжыць к весьніцам).

Аўгеня (паднімаецца). А заўся-галоў ён, гэты Паўля… Ну-ж, на яго цураха, і чалавек. Кожную нядзелю, кожнае сьвята пасьпее насмактацца. (Падходзяць к весьніцам, і ўдваіх абапіраюцца і паварочваюць галовы ў правы бок). Няўжо-ж хто, ён! Зьбірае на пацеху людзей, строіць прадстаўленьні. (Заводзіць). А ты, Саламея, маўчы, цярпі ўсё. Не, і гэткае жыцьцё ўжо на ворагаў казана. Дзеці голыя, абадраныя, дома недахваткі… Работа заўсягды недакончана, занядбана. Эх, бедная Саламея, дасталося і ёй. (Песьня цягнецца). Вось пяе, а яе, нябось, сэрца нібы іголкамі коле. Гэта-ж падумаць…

Ганна. Вось калі, вось калі. Не давядзі госпад. Я-б ні зашто ня вытрывала-б, каб гэта з маім так. Утапілася-б, а збавілася б ад яго… (Узіраецца). Вось-вось, цягне за рукаў у двор. (Песьня-крык разам змаўкае. Але гамонка на момант гучнее). А ўсё з недахваткаў, бачыш. Каб забыць гора, дык і запівае. (Варочаецца, сядае на призьбу).

Аўгеня (ідзе за Ганнаю і таксама сядае, на вуліцы шарэе). І з-за гора, а другі раз і з-за распусты таксама. Ці-ж гору, думаеш манаполька паможа? Урадзіўся ўжо такім. (Пачакаўшы). А вось мой Пятрусь дзесьці забавіўся, з самага абеду як пашоў, дык усё і няма.

Ганна. З дзяўчатамі мо‘ гуляе. У Граева моʻ пашоў, ці куды.

Аўгеня. Галодны-ж з абеду… Пара-б было і на вячэру прыйсьці.

Ганна. Прыдзе. Вымерхаецца, дык стрэлам прынясецца. (Дзесь за вёскаю раздаецца гуртоўнае пяяньне. Ганна з Аўгеняю прыслухоўваюцца. На здавольных тварынах у іх замірае ўхмылка).

Аўгеня. Здаецца, што і Пятрусёў голас чуцён. О-о-о! Так, гэта, бадай, яны ідуць з Граева. Я адмечу яго голас з тысячы другіх… Яны, яны. А, чуй, Ганна, як пекна пяюць. Гэта-ж усё Пятрусь панавучваў гарадзкіх песень. О, о! Прыгожа. Ты ўстань адно — лепі чутно. (Ганна ўстае і йдзе да яе). На крыжы паварочваюць. Скора тут будуць. (Песьня чутнее).

Ганна. Ну, ён жа ў цябе сьпявака! Галасісты такі, што адно паслухаць. Міла і толькі. (Падходзяць к канцу двара. Узіраюцца). Вось відаць. Вядома, Пятрусь першы ідзе. Бач, як рукамі размахвае. (Паказвае пальцам. Узіраюцца. Аўгеня сьмяецца). І Палута… не, то Волька, Прузына вунь, Настася… а Палуты ня відаць.

Аўгеня (адварочваецца назад). Вось ужо на вуліцы. (Песьня паціху замаўкае). О, кончылі. Добра сьпяялі, малайцы. Ня праўда мо‘?

Ганна. Надта добра… Дык я скажу табе, што калі Пятрусь прыехаў, дык ажывіў Плава… Які шчэ малайчына… (Нібы апамінаецца). А ўжо пара йсьці, засядзеліся, нябось. (Робіць некалькі крокаў к весьніцам. У гэты час з-за вугла паказваецца Пятрусь).

ЗЬЯВА 2-я.
АЎГЕНЯ — ГАННА — ПЯТРУСЬ.

Пятрусь (вясёла, рэзва). Былі ў Граеве… Цэлаю кампаняю. А адтуль ішлі ды ўвесь час песьні пяялі.

Аўгеня. Вельмі пекна пяялі, сынку. А твой голос дык выразьней усіх.

Пятрусь. Ажно яшчэ хочацца, калі пахвалілі. Ну, дзякуй за пахвалу, а потым шчэ і есьці трэба.

Ганна. А вядома — гэта галоўнае. Вось калі, вось калі. Дарогу зрабілі, вымерхаліся. Мы тут седзячы есьці захацелі, а то дзіва што. (Да Аўгені). Ідзі, кармі яго, ідзі… Дабранач. І я пайду. Можа і мой ужо прышоў ды чакае. Сварыцца будзе. (Хаваецца за вуглом хаты).

Аўгеня (ўдагонкі). Дабранач, Ганначка, дабранач. Ідзі-ж, Пятруська, у хату. Я толькі захаплю дроў. (Пятрусь устае і йдзе ў хату. Аўгеня на колькі часу хаваецца за будынкам. Потым выходзіць, нясучы дровы).

ЗЬЯВА 3-я.
АЎГЕНЯ (адна).

Аўгеня (нясе дровы ў хату). Бярэ, на яго ліха, хтосьці дровы і ня знайся. Прыкмеціла, надлажыла; бярэ і ўсё… Ай, ай! Што гэтта зрабіць і сама ня ведаю. Сколькі дроў перакралі. Дзе іх хаваць і што — ня прыдумаць. (Уваходзіць у сенцы; толькі ўшчыніла іх, як з-за частаколу пазіркам, аглядаючыся, з трывожным настроем паказваецца Палута. Ля весьніц яна крыху спыняецца, азіраецца назад на вуліцу, а потым пералазіць цераз весьніцы ў двор. У дварэ яшчэ раз азіраецца на вуліцу. Затым надбягае к вакну).

ЗЬЯВА 4-я.
ПАЛУТА — ПЯТРУСЬ.

Палута (пастуквае знадворку ў шыбу). Пятрусь, а, Пятрусь! Цётка Аўгеня! Цётка, ці Пятрусь дома? Пятрусь, га, Пятрусь, выйдзі сюды. Скора выйдзі. Хутчэй ідзі. (Чакае, прысланіўшыся к сьцяне. Некалькі часу стаіць сьціша. Чуцён дзесьці брэх сабак. Потым ушчыняюцца дзьверы, і выходзіць бяз шапкі Пятрусь).

Пятрусь (узіраецца на двор). Хто там?

Палута. Пятрусь, Пятруська, ты хутчэй уцякай куды-кольвечы на некалькі дзён, а то цябе зловяць. Прашу цябе, родненькі… Ня сёньня-заўтра можа вураднік са стражнікамі прыйсьці. Данясьлі, падказалі на цябе… Забяруць…

Пятрусь. Хто, калі?

ЗЬЯВА 5-я.
ПАЛУТА — ПЯТРУСЬ — АЎГЕНЯ.

Палута. Калі кажу табе, то праўда. Кішка Вінцэнт, Ян, нават і мой бацька замешан. Мне Ян прызнаўся… Уцякай, схавайся дзе.

Пятрусь. А куды-ж? Ня веда… Хай бяруць. Жывым у рукі ня дамся. Пабачыш, ці возьмуць.

Аўгеня. Што, сынку, гэткае?

Пятрусь. Нічога, матка, ідзеце ў хату. Нічога. Ідзеце, прашу вас, у хату.

ЗЬЯВА 6-я.
ПАЛУТА — ПЯТРУСЬ.

Палута. Ой, не, Пятруська, ня трэба давацца, каб бралі. Нічога ня зробіш ім, а забяруць, тагды ня выцерабішся… Усяго наказалі начальству: што соцыялісты ты, падбухторваеш усіх супроць начальства і багатых, і нават шчэ, што ты падпальнік, вось што… Не, Пятруська, уцячы і хутчэй, сёньня-ж, а то гатовы кожную хвіліну ўрынуцца. Прашу цябе… Ідзі, бяры шапку і пры мне выйдзі з хаты. У Граева пайдзі да Зьмітра, або ў Лужкі. Ідзі, я правяду цябе.

Пятрусь. Маці будзе плакаць… (Азіраецца на порог). Ты тут, маці?

Палута. Ідзі-ж хутчэй, хутчэй ідзі, а то… Прашу цябе… (Пятрусь пакідае яе і йдзе ў хату. Праз некалькі часу выходзіць з палачкаю. За ім сьледам маці. Палута бярэ яго пад паху. Аўгеня пытальна глядзіць на іх).

ЗЬЯВА 7-я.
ПАЛУТА — ПЯТРУСЬ — АЎГЕНЯ.

Аўгеня (стрымоўваючы рыгатку). Пятруська мой, сынок мой, хутчэй ідзі… Палутка, даражэнькая, вядзі яго тайком… Божа мой! Што-ж гэта са мною ізноў вытвараюць. Пятруська мой!

Пятрусь. Мама, ціха. Маўчы, ні слова, кажу табе. Я ня дамся ў рукі, ня возьмуць, будзь спакойна… Вось я цяперака ў Граева пайду, а заўтра вечарам выеду на нейкі час… Вы тут, мама, ня тужэце: наймеце каго-кольвечы пакасіць. Можа і Антось згодзіцца. А потым я наеду… Толькі ня плачце… (Цалуе і выходзіць з Палутаю з двара).

ЗЬЯВА 8-я.
АЎГЕНЯ (адна).

Аўгеня (зачыняе весьніцы і глядзіць усьлед ім). Божа мой, божа! Што-ж ты ізноў наслаў на нас. Сынок мой родны, каму ты быў вялікім гэтта, каго ты нездавольваў? Сьвет ім мал, ліха іх роду і плоду. За праўду топяць, паганыя душы. Цесна ім, нельга вольна зьдзекавацца над беднымі. Вочы рэжа ім сын мой. Насталі згубіць, зладзеі неміласэрдныя… Няма прогліцы на вас… Гэта-ж падумаць толькі! Пайшлі і нагаварылі. Дзякуй-жа, Палутцы, што хаця яна павядоміла Пятруся, а то-б забралі зьнячэўку. Зьнячэўку ўваліліся-б і сцапалі… А-яй-ай! Божачка мой, мілы! (Зачыняе сенцы. Сама стаіць з хвіліну на парозе, пасьля ўваходзіць у хату і, адчыніўшы вакно, глядзіць з яго ў двор. Раптам з-за вугла з вуліцы даносіцца гоман і тупат. Аўгеня жахаецца й хапаецца рукамі за голаў. У гэты час уваходзяць у двор: сьпераду паняты, Міхась, а за ім вураднік, соцкі і два стражнікі. Аўгеня адскакае ад вакна).

ЗЬЯВА 9-я.
ПАНЯТЫ — МІХАСЬ — ВУРАДНІК — СОЦКІ — СТРАЖНІКІ — АЎГЕНЯ.

Міхась (паказвае рукою на хату). Вось, гаспадзін вураднік, і хата Лісаў. Гэта яны жывуць. Можаце йсьці ў хату, ці я выклічу?

Вураднік. Пазаві на вуліцу. Ня варта йсьці ў гэты хлеў.

Міхась. Аўгеня, дома, а? Выходзь сюды, чуеш? Аўгеня, выходзь! Лісіха! Гэй, там, колькі яшчэ табе разоў казаць!?. (Скора адчыняюцца дзьверы, і ў двор выходзіць паўразьдзетая, бяз хусткі, спужаная Аўгеня).

Аўгеня. Што, што… вам патрэбна… Пятруся няма ў хаце, яго няма ў…

Вураднік. А скуль ты ведаеш, што мы па Пятруся прышлі, а?

Аўгеня. Мне… я ведаю… што набрахалі гэтыя… гэтыя крывасмокі нашы, душыцелі, грабцы падказалі ўжо… А ён зусім нявіноўны… Клянуся перад богам.

Вураднік. А дзе сын?

Аўгеня. Няма, ён ня быў зранку… паехаў… паедзе… ня ведаю, дзе ён.

Вураднік. Калі схаваўся, то знойдзем, але табе і яму горай будзе. Кажы ляпей нам, ня то…

Міхась. Ды я бачыў, гаспадзін вураднік, як ён пад вечар шоў сялом… Схаваўся недзе. Трэба йсьці пашукаць. (Да соцкага). Унімі людзей.

Соцкі. Ціха, гэй! Чаго пазьбіраліся? Расходзьцеся.

Вураднік. Ты нам, прыказваю, дай яго, а то мы ўсё роўна знойдзем, тады не здабраваць.

Аўгеня. Дзе-ж мне яго, як я яго вам дам? Яго няма… Можаце шукаць. Ідзеце ў хату.

Вураднік. Стражнікі, соцкі, найсьці яго. Абтрасьці хату.

Міхась. Вось бачыш, абтрасуць, нойдуць і таксама забяруць, а яшчэ прыпішуць, што хаваўся — і горай будзе. Эх, дурніца баба, бот за гэта. Вінават, то трэба дабрахоць начальству аддацца. На тое-ж і начальства — хай-бы за роспуст крыху пакарала. А то, дык набёдаваў тут, узьняў аж начальства і яшчэ хаваецца… думае, што ня нойдуць… А вам, мацеркам, таксама трэ‘ было-б усыпаць, каб не распускалі дзяцей.

Аўгеня. Ды кінь ты ўжо брахаць, хто цябе просіць. Начальства знайшлося. І завошта яны, і чаго яны наваліліся на нас?.. Божа-ж мой, божа! Каты паганыя, згубіцелі. Гвалту, крыміналу нарабілі, каб ім ня выдыхаць было-о-о!.. Сынок мо-о-ой!

Вураднік. Віш, разравелась. Сынок мой! Вот то-то тебе сынок и наделал…

Міхась. Гэтакіх-бы сынкоў ды на шыбеніцу. (З вуліцы даносіцца голас: „Яго даўно ўжо трэ было-б павесіць)! (Аўгеня галосіць. Яго спыняе другі голас: Га, ты-б усё вешаў-бы! Цябе павесіць“).

Заслона.


Дзея IV

правіць

ДЗЕЯ IV.

Гаспадарства Рыхлы. Шырокі муравісты прыгумень, з чатырох бакоў роўны. З аднаго гумно, насупроціў двор, які праходзіць дарожкаю між хаты і хлявоў з аднаго боку і пекнага саду — з другога. З двух другіх бакоў ля платоў растуць у радок высокія падгалістыя ялінкі, між якімі ўперамешку уваткнута некалькі бярозак. Прыгумень прыбраты. Ялінкі зьвязаны дзеразою. К гумну, у правым кутку, стаіць адзін стол, поўны закускі і з некалькімі пляшкамі гарэлкі. Радам з ім яшчэ два сталы. Між ялінак стаяць услоны. Па галу-ж спацаруюць папарна. Пекны сонечны дзень. За першым сталом сядзяць Палута ў вянку, а пры ёй Ян. З другога боку Яна — Якаў Кішка, потым Матруна. Ля Палуты — Волька, Прузына, бацькі і маці. За гэтым-жа сталом відзён і вураднік. За другім чалавек з дванаццаць вясельных. За трэцім — музыкі. Усе заняты пачосткаю, сядзяць ціха і толькі слухаюць гутарку на першым стале. Супроць маладых гараць дзьве сьвечкі, уткнутыя ў бахонак хлеба. Па заплоцьцю многа дзяцей і сталых, якія глядзяць вясельле.

ЗЬЯВА 1-я.
ЯКАЎ — СЫМОН — ЯН — МАТРУНА — ВУРАДНІК — ВОЛЬКА — ПАЛУТА — МАРШАЛАК — ДОМНА — ВЯСЕЛЬНЫЯ.

Якаў (трымаючы ў руцэ чарку гарэлкі і абяцаючы да Сымона). Будзь здароў, сваце. Як бачыш — нядаўна, можна казаць, толькі гадалі, а цяперака вось праз які месяц і прыгода. Ці доўга трэба часу. Абы жывы і здаровы, то ўсё можна раз, раз. (Аглядаючы ўсіх з вясёлаю мінаю. Абварочваецца к Матруне). Матруна ўсё сумнявалася, казала, што мо‘ Сымон перадумае ды ня выдасьць Палуты. А я кажу: Сымон ня гэткі чалавек, каб сваё слова зьмяніў — абяцаў, то так і будзе. Унь я, дзякуй богу, Рыхлаў ведаю… Ну, будзь здароў, сват. (Адварочваецца да маладых). Дык вось, небажаты, глядзеце ўжо, каб вы жылі згодна і памяркоўна, слухалі бацькоў сваіх. А ўсё тое, што было дасюль, трэ‘ забыць вам. То мінулае, дзіцячае, можна сказаць, а цяперака ўжо трэ‘ прымацца за сталае жыцьцё, за гаспадарства. Ці ня праўда, Сымоне? (Падносіць чарку да губ і зварочваецца да Палуты). Палута, а ты-ж чаго пасмутнела? Шкадуеш чаго, ці што? Кінь, нябога, забудзь ужо. Гэ, мала што было!.. Павянчалася, досыць; другое пайшло… (Глядзіць на чарку, потым зварочваецца да ўсіх вясельных). За нашых маладых, за шчасьце і долю іх, за шчасныя гады ім наўсягды. (Усе ў адзін голас: „Віншуем, віншуем“. Якаў выпіває і налівае другую). Сваце, Сымоне, хай і цябе ўкусіць крыху. На, выпі. (Падае). Кусашчая, падла, едкая. Паглядзеце, родныя і суседзі, толькі на іх, на маладых. Ці-ж ня золата гэта? Ці-ж не пралескі? Янка, Палута, дружкі, частуйцеся, весялецеся. Скакаць скора заставім, а на галодны жывот — будзе цяжка… (Да ўсіх зварочваецца). Ежце, частуйцеся, не шкадуйце… А вы, музыкі, таксама, уперамежку, закусеце і паграйце, каб… каб весялей было… Ну, то за здароўе дзяцей выпі. Выпі, сваце. На!

Сымон. За здароўе вашае, дзеткі, за вашу шчасную долю, за згоднае і спакойнае жыцьцё. Трэба табе, свахна, прымаць чаргу. Сваха Матруна, будзь здарова. Аддаю табе дачку ў гаспадыні, нібы золата. Дзякаваць будзеш: паслухмяная, кемкая, гасьцінная. Які ўжо я злы, а ніколі і пальцам не крануў… (Да Палуты). Вось, Палутка, глядзі ты, у свой чарод, слухайся мацеры, не перакор, павінуйся, дачушка, ёй. З Янам ладзьце, шануйце адно аднаго… Мінулае забудзьце…

Якаў. Пі, сваце, пі…

Сымон (крывіцца). Ды мяне ўжо нечага пільнаваць, нечага за мною сачыць. Я гаспадар тутка і мушу сам даглядаць гасьцей, а выпіць самому — час знойдзецца, сваце. (Да ўсіх). Госьці даражэнькія, не чакайце, пакуль вас папросяць, — пеце, ежце. Дзякуй богу, першую прыгоду спраўляем — значыць, няма чаго сароміцца.

Ян (да Сымона). Выпіце, татку.

Матруна (устае й працягвае рукі к Сымону). Выпі, выпі, сватка, а то і я ўвапруся ды не захачу… Ня звалішся з ног. А калі і звалішся раз, то будзеш хаця помніць, што на даччыным вясельлі падгуляў, ажно і валіўся ня раз.

Якаў (ківае пальцам). Пі, пі…

Сымон (праходзіць ля сталоў і ўсіх запрашае. Госьці ў голас і кіўкамі дзякуюць, пасьля варочаецца к Якаву). Ну, то вып‘ю, але за мною ўсе. (Абводзіць рукою). За здароўе маладых і нас усіх. (Выпівае. Усе абходзяць чаркамі, потым старэнна закусваюць. Музыкі настройваюць струмэнты). Кажу, што гэта апошняя чарка. (Налівае і падае Матруне). Табе, свахна, чарга, табе, родная. Пі, не прапушчу я ўжо. (Да ўсіх). Запрашаю, панове госьці, не далікаціцца. (Адыходзіць кудысь).

Вураднік (да суседа). Хтосьці падказаў. Ня йначай падказаў. Ён-бы ня ўцёк, ні за што ня ўцёк. А то якраз к вечару і растаў, бы канфара. (Палута і Волька прыслухоўваюцца. Чуе і Якаў, але бы ня дбае і не зварочвае ўвагі). Прыходзім — ведаем і — няма. Выходзіць з хаты маці яго і кажа — няма. Мы трасьці, шукаць — няма. Вось, знача, як ёмка ўцёк… Няйначай хтосьці падказаў… Але злаўлю! Ня я буду, калі не злаўлю!

Вясельны I-шы (зазірае вурадніку ў вочы). О, Сьцяпане Нухрэіч, хлопец-то задужа кемкі. Такі пракідкі, пранозаваты, зухаваты — што толькі трымайся. Ідзе вуліцаю — зямля трапеча, усіх так і есьць вачмі… І як-то вам ня прыпала раней яго ўхапіць?… Гэта-ж усім было вядома, што ён соцыялісты, шкодны на-а-чальству хлопец. Цяпер — ці зловіце!

Вясельны II-гі (з-за плеч першага). А праўда, праўда.

Вураднік (разводзіць рукамі). Прапусьціў крыху. Ашукаўся. Мне і раней казалі і Якаў, і Вінцэнт, і дзядзька Вінцэнтаў — але ўсё ніяк не выпадала. (Палута прыслухоўваецца). Ну, але сцапаю. Найду і ў горадзе, не ўцячэ, гадзіна!

Вясельны I-шы. Чуе ён, не паедзе. Хітры-ы хло-о-пе-эц! Абабіўся у горадзе… (Бярэ чарку, выпівае і, наліўшы, падае вурадніку). Ну, але-ж яму ўсё ткі прыдзецца і да дому наведываць. Так-жа на адну мацеру ён ня здасца… А вы, гаспадзін вураднік, пілнуйце. То калі-кольвечы вечарам і сустрэнеце. Адно почасту трэба наглядаць; прыказаць хоцькі таму самаму Міхасю… (Хапаецца за голаў). Ага, а каб гэта прыціснуць папробаваць Антося ці Ігната — дружакаў яго? Бадай што было-б лепей. Як скажаце, Сьцяпане Нухрэіч, га?

Вясельны II-гі (ківае модна галавою). А так, так. Гэта праўда.

Вураднік (хапаецца за думку). А-о, а-о паспрабую. І на іх даказы былі… Што-ж — адна хэўра… Так, так, так. Не шкадаваць мне іх! Добрая думка. (Выпівае чарку). А я й забыў, не ў шманкі якраз мне. Во-во-во. (Да стала ізноў прыходзіць Сымон. Домна-ж адыходзіць. Гутарыўшы дагэтуль з другімі, з Матрунаю ды сваёю жонкаю, Якаў мяркуецца загутарыць з Сымонам).

Ян (прыгінаецца і глядзіць у вочы Палуце). Ня смуткуй, ня журбуй, Палутка, што ты ўвесь час маркоцішся, га? Кінь думаць… Хто-ж вінават!

Волька. Палутка, пакінь, родная, пакінь, сястрыца… Яны гэта, але-ж… Кінь, Палутка, божае павяленьне такое, нічога не парадзіш, мілая…

Палута. Калі-бо, Волечка, нязьмерная крыўда-а. Гэтаж падумаць толькі, які гвалт учыніы-лі-ы. Падстроілі над ім, а потым за мяне, за разьбітую хапіліся. Ці-ж можна быць спакойнаю… Волечка… (Абвісае на шыю Вольцы).

Волька (абдымае яе). Дык што-ж парадзіш, як зрабіць іначай, а?

Палута. Нядобра мне…

Ян (не прыслухоўваючыся да гамонкі Палуты з Волькаю). Кінь, Палута, маркоціцца. Ажно сорамна ад усіх. Паглядзі, усе дзівяцца… І чаго табе гэтак нудна зрабілася?.. Перастань, а то злаваць буду… Навошта з першага дня ўсё гэта? (Усе вясельныя глядзяць у бок Палуты. Вураднік вядзе гутарку з першымі сагутарнікамі. Музыкі трумкаюць).

Палута (адхіляецца ад Волькі). Пакінь, Ян, досыць, я нічога…

Ян (бярэ яе за руку). Прашу цябе, Палутка! (Да Сымона надходзіць Домна. Аб чымсь шэпчуцца).

Сымон (да Матруны). Дык выпіла, сваха, га?

Матруна (разводзіць рукамі). А вы-ы-пі-ы-л-а! Дзякую, сватку. (Паказвае чарку. Маршалак, увесь час хадзіўшы ля сталоў, падыходзіць да Сымона, штосьці сьціха з ім гаворыць, потым зварочваецца да музык).

Маршалак. Дык што-ж, музыкі, заручыны зайграйце, хіба. (Музыкі жывей настройваюцца). А вы, кабеткі, свахны родныя, па каравай гайда! Каравай дзяліцьмем… (Музыкі іграюць. Некалькі кабет вылазяць з-за стала і йдуць за караваем у клець).

Якаў (устае за сталом). Дзякаваць богу, што ўсё так злажылася. Дзякаваць богу, Сымоне-а-а. (Музыкі сьціхаюць граць). Я думаю, што не ашукаліся ні вы, ні мы… Пары ляпей і падшукаць нікому не удалося-б. Паглядзі толькі на іх — адмысловыя, адно другога вартыя… Сваха, Домна, ці-ж ня праўду-у я кажу, мо‘? Скажы ад шчырага сэрца, ня тайся.

Домна. Дай, пацалуймася, Якаўка! Што, не?… (Перацягаюцца праз стол і цалуюцца). Ласьне-б мы на ашуку йшлі-б? Гэй, цудны ты, што ты кажаш! Гэта-ж грэх і казаць нават… Бог зьвёў, і не сягоньня, а ўжо здаўна-а…

Матруна (пнецца да Домны і цалуюцца. Цалуецца Сымон з Якавам). І я казала так. Толькі бог мог зьвясьці-ы іх… Болей ніхто. Некаторыя казалі мне, што Рыхлыя маюць у воку Лісюка: „Глядзі, кажа, Матруна, за Палутаю і Лісюк бегае. Ой, каб толькі ён не перахапіў яе!“ А я, паверыш, Домначка, плявала на гэта. І слухаць не хацела, і казаць не давала. Маё сэрца чула, што дарагі Яна з Зосяю здаўна, з роду іх сышліся. Куды-ж там слухаць плявузганьне чыё! Вось калі… (Вылазіць з-за стала).

Домна. Але-ж, але-ж. У людзей языкі на локаць. Плятуць, ліха ведама што. Мелюць-мелюць і канца няма. Нам так сама гэтым Лісюком, на яго ўсё прапашчае, вочы выдзіралі. „Паглядзі, і да гасподы вашае ходзіць, і ў садку можна бачыць яго — ці-ж здарма?“ Так мне баялі нясьціханна. І яно збоку ды праўда, усюды яго нясло. Я Палуце выгаварвала, але не прыдавала вагі зусім. Калі зрэдку і прыйдзе, то што там, — ня гнаць-жа яго. Ды пры Сымоне ён наʻт і паказацца баяўся-а-а…

Якаў (грозіцца на Марту й Матруну). Што вы плутаеце? Аб Лісюку? Кіньце — сорамна! Не паганьце нашага вясельля ім. Эх, цудныя! (Паварочваецца к Сымону). Сымон, забарані сваёй бабе ліха ведае аб чым шалаплуціць… Эх сёньня празьнік, сьвята, піць і гуляць трэба. На Лісюка ёсьць апека — вось. Музыкі — „Юрку“, „Лявоніху“, што хочаце! Сват, ты мусіш са мною паскакаць. Жыў ня буду, калі ня пойдзеш. (Музыкі граюць. Якаў з Сымонам танцуюць „Юрку“, Якаў прыпявае. Вясельныя плешчуць у далоні і падпяваюць. Гледачы паднімаюць гоман і сьмех).

То й вясельле, то й вясельлечка
У сьвятую, у нядзелечку
Мы спраўляем сваё роднае —
Сэрцу блізкае, спадобнае.
Чаго ждалі, то даждаліся —
Нашы дзеткі павянчаліся.
На дарожку на пуцёвую
Для іх сьвежую і новую
Йсьці ў дваіх яны сабраліся.
Гэй, гэй, рэж, музыкачкі,
Па пісклівай сваёй скрыпачцы.
Хай галосяць струны покатам,
А мы пойдзем рэзвым топатам,
Юрку вёрткага вандруючы —
І вясельлечка сьвяткуючы!
Пад іх струны галасістыя
Выхіляй кругі хвалістыя…

(Хутка выскаквае вураднік і яшчэ некалькі кабет і мужчын і таксама пускаюцца ў скокі).

Сымон (спыняецца, адзін бяз Якава, сапе). Закруціў, на цябе цёмнае! Замардаваў нашчэнт. Ох, ох-хо-о! Ну і Якаў, дык Якаў. Гэта сват. (Хапае і спыняе яго). Будзе-а, а то расшыбціся гатоў. Хай госьці скачуць, яны маладзейшыя. З нас хопіць… Бадай цябе! Вось, кажа, замарыў ты мяне, як вала ўздрок.

Якаў. Трэба, сват, трэба. На тое-ж вясельле. Будзем помніць на старасьці хоць гэта. Хто-ж ведае, ці другі раз удасца. Гуляй, скачы!

Сымон (выцірае скацерткаю твар). Ды яно-ж так. Толькі, бачыш, сваце, ногі ня йдуць. Калісьці было йначай — скакун быў, што толькі сьцеражыся. На добры лад, то хай маладыя ўжо скачуць. (Да ўсіх). Гуляйце, скачэце, госьці мілыя. Даю волю! (Разгортвае рукамі).

Якаў. Весялецеся. Што-ж вы сядзіцё? Памагайце гасьцём.

(Музыкі граюць. Хто папарна, а хто па аднаму рэзва скачуць. Вураднік скача адмысловей ад іншых, прысядаючы і паднімаючы ўверх рукі. Прабуюць пусьціцца ў кола й Марта з Матрунаю. Ян і Палута ды Волька з Прузынаю гамоняць між сабою. Вураднік, змарыўшыся, спыняецца скакаць. Махае музыкам, каб тыя кінулі граць. Музыкі сьціхаюць. Усе кідаюць скокі, і хто ідзе к сталу, а хто тупае. Сьмех, гаворка).

Вураднік. Дзянькую, сваце, дзянькую, свахна. (Кланяецца). Усім дзянькую. (Да маладых). І вам, маладыя, дзякуй. Каб вам шчасна жылося, каб радым, нібы вясельле, усё жыцьцё ваша было… (Да Сымона, Домны, Матруны). А вы, каб даждаліся і за другімі дзяцьмі таго, што з Янам і Палуткаю. Не забуду вавек вашае вясельле, вавек буду помніць аб ім. Эх, ці-ж калі ў каго я так весяліўся? Ніколі. Сваякоў пажаніў, раднякоў, а яшчэ ня гуляў так, як у добрых маіх знаёмых, Рыхлаў і Сьліваў. Вітаю-ж ад душы маладых і старых. (Многія крычаць „хвала“. Вураднік паціскаецца за рукі перш з маладымі, а пасьля з іх бацькамі).

Сымон (вясёла і здавольна ўсіх азірае). А мо‘, даражэнькія, каму і не ўгаджу, так выбачайце. Самі будзеце вінаваты. Я ўсім кажу: ежце, пеце, не спадзявайцеся на запрашэньне і не патурайце нічому. (Размахвае рукамі). Чым багаты, тым і рады. Дзякуй богу — сямейка ў нас сабрана нялапая, дык, вядома, можа хто і не ўкантактуецца пасвойму, што-ж зрабіць!

ЗЬЯВА 2-я.

(З клеці з песьнямі варочаюцца кабеты. Дзьве з іх нясуць на галавах каравай на веку з дзяжы, акрытым белаю сарвэтаю. Музыкі пачынаюць граць. Усе, хто сядзіць за сталом, пяюць; што тупаюць па прыгумені — становяцца ў рад і прапушчаюць паміж сябе каравайніц; пяюць).

Гой, леці, леці
Каравай з клеці,
Сядзь сабе ды на покуці
На прыгожанькай мясьціне.
Зарадзі ты, божа, жыта
На многія лета;
Нашы маладыя малы,
Каб век ды жыта жалі.

(Маршалак сустракае ля стала, бярэ каравай у рукі і кладзе на стол. Запрашае ўсіх. Песьні сьціхаюць).

Маршалак. Панове вясельныя! Прышоў час каравай падзяляць. Гаспадар запрашае вас да стала. Музыканце, заграйце каравайную, калі ласка. (Музыкі йграюць, жанкі ў такт падпяваюць).

Ды казала маці,
Каб ня збыць дзіцяці,
Але тое дзіцятка
Само збылось гладка.
У нядзельку рана,
Паслаў госпад Яна,
Яна маладога
Да цябе, нябога,
Малада Палутка.
Хоць казала маці,
Каб ня збыць дзіцяці,
Ўсё-ж збылося хутка,
Малада Палутка.

(Домна і Палута горка плачуць. Гледзячы на іх — плачуць і многія з вясельных кабет. Музыкі сьціхаюць).

Якаў (да Палуты і Домны). Свахна, Домна, нябога, Палута, кіньце гэтыя свае забабоны. Навошта вам спаганяць ліха ведае што? Пяюць жудлівыя песьні і плачуць — хто вас разжалабіў гэтак, а? Шкадуеце прошласьці? Дзеля чаго і навошта вам? Эх, што за дрэнныя парадкі ў нашых людзей…

Сымон. Нічога, сваце, не парадзіш. Ня з іх пачалося, ня імі і канчаецца. Улад гэткі, вякамі выраблены, вынашаны і захаваны. Няхай паплачуць іхнія справы, іхні парадак. Старасьветчына-а-а!.. Ня так хутка выведзецца яна. Частуйцеся, родненькія, не чакайце просьбы.

Вураднік. А мне яна, гэта старасьветчына, падабаецца. Лашчыць чымсі, прывабляе да сябе, некі асобны настрой родзіць… Люблю я ўсе гэтыя забабоны. (Робіць асобны замах рукой).

Вясельны I-шы (лісьліва зазірае вурадніку ў вочы). А праўду кажаш, Сьцяпан Анухрэіч, прыятная рэч! Успаміны родзіць, мары навявае… Праўду кажаш…

Вясельны II-гі. Праўда, але, але. (Пакіўвае галавою).

Ян (спагадна глядзіць на Палуту і кратае яе рукою). Палутка, родная, кінь ужо горніцца. Навошта табе так блізка да сэрца прымаць! (Абымае яе). Кінь, даражэнькая, горніцца-а-а.

Палута (адхіляецца ад яго твару). Не чапай мяне, пакінь неспакоіць.

Ян (прыгінаецца да яе твару). Я-ж цябе прашу. Сьцешся, Палутка.

Маршалак. (Кабеціна падае яму талерку з жытам. Ён пакрывае яе ручніком, пасьля адразае акраец караваю і кусок сыру ды кладзе на талерку. Разам ставіць і келіх гарэлкі і надае Сымону). Адзяляем караваем Сымона Рыхлу, бацьку маладое. (Музыкі граюць заручыны. Сымон працягвае руку і бярэ з талеркі паднесенае, а на талерку кладзе грошы. Потым цалуецца з дачкою і зяцем. Маршалак далей лэткім чынам надзяляе Домну, Матруну, Якава, а сьледам папарадку і вясельных. Музыкі папераменна граюць заручыны. Кабеты пяюць. За платамі ўмацняецца гоман гледачоў. Так праходзіць колькі часу).

Маршалак (скончыўшы дзяліцьбу). Ну, маладыя нашы, даражэнькія, цяперака пара на паклон. (Усе ўстаюць і вылазяць з-за сталоў ды становяцца ў кола. Маці Палуты з бацькам, узяўшы іконкі, укрываюць іх ручніком, садзяцца на ўслоне і благаслаўляюць кланяючых ім маладых. Мужчыны ідуць з прыгуменьня ў двор. Жанкі пяюць).

Пакланіся, Палутка,
Старому й малому,
Пакланіся матулі
Й татулі радному.

Домна. Хай цябе, мая Палутка, бог сьцеражэ на доўгія леты. Хай цябе бароніць божая матка.

Сымон. Будзь шчасьліва, дзіцятка маё. Не маракуй, котка, на нас, калі што якое мы і ня ўгодзім табе. Даруй нам, дачушка.

Домна. Жыві толькі там, мілая, у згодзе і пашаноўлі — то ўсё будзе добра. Не забывай і нас таксама.

Палута. Дзякую вам, мамачка, дзякую вам, татачка. (Плача. Цалуе рукі. Усе з песьнямі ідуць у двор. Паблагаславіўшы дачку, ідуць і бацькі, Ян і Якаў з жонкаю ды Матрунаю таксама. Палута з Волькаю прыпыняюцца).

Волька (цалуе таварышку). Ня плач, сястрыца, ня горніся, даражэнькая мая. Што-ж парадзіш, Палутка, што-ж парадзіш, родная. Так ужо мусіць трэба, каб было, гэтак прыназначана… Ой, ой, мілая! Яно заўсягды з усімі так бывае. Думаеш, я буду шчасьліўшая? І мяне ўвапхнуць за ліха ведама каго, хто толькі ім пад руку падвярнецца… Эй, цудная ты!

Палута. Усё-ж ткі табе йначай, Волечка-а. Іначай, сястрыца. Не кажы. Яшчэ пакуль што на твае любашчы ніхто не пасягаў і бацькі твае табе не пярэчаць… А са мною… падумаць толькі! Волечка, Волечка, як у мяне цяжка на сэрцы. Пяюць, весяляцца, а мне гэтак нудна-нудна, што нічога ня цікавіць. Сэрца так і адчувае штосьці ліхое ўперадзе… (Пачакаўшы). Скажы, бок, галубка, няўжо я буду магчы наладзіць жыцьцё? Няўжо прыдзецца мне забыць усё? Мне здаецца, што я ніколі не ўспаду на спакой, ніколі ня зьміруся з начэпленым сілаю становішчам. Не, не! Ці-ж гэта людзі? Ці-ж можна будзе з імі ладзіць? Яны ўпікамі аднымі мяне зарэжуць, папрокамі сэрца разьядуць… Чую, чую я ўжо.

Волька (абнімае яе). Ды кінь ты, Палутка, знарок неспакоіць сябе. Кінь ты думаць чорныя думкі… Што-ж, забудзь і аб Пятрусю сваім… (Палута плача). Сьцешся! Сьцешся, Палутка, усё мінецца… Вось мне ўчора Антось казаў, што ён надоечы спатыкаўся з… Пятрусём.

Палута (уздрыгнуўшы). Ну?

Волька. Папраўдзе. У Граеве, у Зьмітра… Пятрусь пытаўся аб табе многа-многа…

Палута. А ці ведае ён, што мяне аддаюць замуж?

Волька. Ведае: Антось сказаў яму. Ён пытаўся ў яго…

Палута. Што-ж Пятрусь казаў на гэта?..

Волька. Казаў… казаў… шкадаваў цябе. Ня мае сьмеласьці, кажа, яна ды і шкода мне яе. Ня то-б — я ўцёк-бы з ёю ў горад…

Палута. Няўжо?

Волька. Сапраўды… (Пачакаўшы). А цяперака зрабіць гэта ўжо цяжэй.

Палута (здрыгаецца). Волечка-а, ці-ж то праўда? (Няўпрыкмету цямнее). Божа мой! Мо‘ ўжо ён сабе і знайшоў каго?

Волька (сьціха). Не, не! (Азіраецца). Вось ліст табе перадаў. На, схавай, Палутка-а.

Палута (не патураючы на Вольку). Чаму-ж мне надало радзіцца на гэты сьвет! Чаму-ж я гэткая нешчасьлівая! (Хавае ліст). Горкая я. (У дварэ далей чуваць песьні, гоман і музыка. Выразна чуваць голас Тэклечкі. „Я пабягу на прыгумень, пагляджу, Палуты. Можа яна тамака“ і адказ чыйся ёй: „Зьбегай, дачунька“).

Волька. Цябе шукаюць, вось. Ідзем, а то падумаюць… Трэба-ж ехаць ужо ў прыданыя: там чакае падвода, сваты ўсе пашлі. Загэтым цябе і шукаюць. Каб чаго дрэннага не падумалі яшчэ.

Палута. Воле-а-чка-а, родная-а-я-а, каб ты ведала, як ня хочацца мне ехаць! Страх нейкі бярэ, сэрца адчувае штосьці… (Прасьлёжваецца). Гэта-ж падумаць — заўтра ўстань, і перад табою ўсё новае… ворагі, зьненавісныя людзі… (Пачакаўшы). Не, не пайду-у-у! Хай без мяне едуць, я не паеду ні за што! Баюся, адваротна мне… Я ведаю гэтых Сьліваў — не здабраваць мне ад іх… толькі ў рукі возьмуць. (Чуцён скрып весьніц). Гэты Якаў ды жонка яго, а сама-ж Матруна — зьвядуць мяне нашчэнт, нашчэнт зьвядуць… Што мне рабіць, Волечка, парадзь, сястрыца.

Волька (суцешна). Цудная, супакойся, суніміся. Чаму табе баяцца. Ды што выйдзе ўжо цяперака. Бачыш, павянчаліся, спраўляеце вясельле — перарабіць нельга, галубка… (Іншым тонам). Ты нічога ня бойся, нічому не патурай. (Прыглядаецца). А, вунь і Тэклечка бяжыць. (Прыслухоўваецца. Чутны вясельныя песьні ўсё далей і далей. У дварэ-ж гоман). Паехалі ўжо. Палутка, ідзем. Ідзем, кінь маркоціцца.

Палута (не зважаючы нічога). Ведаеш, сястрыца, нямерна шкада-а Пятруся. Пя-а-тру-усь-ку-у шка-а-дую-у. Дзе-э ён, родны мой, каханы!.. Зьвясьці са сьвету-у хацелі, каб мяне-э лепш заплута-аць!.. Паскуднікі, згубцы-ы заклятыя, ворагі паганы-ыя!.. Пятру-усь-ка-а, каханы мой, ці-ж угледжу-у я цябе калі, мой!..

Волька. Шша-а… Ша-а… Ідзем, Палутка-а, ідзем! Ня добра-а табе-э, галубка-а.

ЗЬЯВА 3-я.
ПАЛУТА — ВОЛЬКА — ТЭКЛЯ.

Тэклечка (падбягае да іх і хапаецца за Вольчыну руку). А там чакаюць нас. Сваты пашлі ўсе, а вы гэта марудзіце… Сьцеражэце сталоў, ці што?.. Ідзеце хутчэй, а то не дагонім сватоў. Чуйце адно, дзе пяюць.

Волька. А Ян пашоў ці чакае Палуты?

Тэклечка. Чакае… Хадзем барджэй. (Дзьве кабеты-кухаркі падходзяць да сталоў і ўглядаюць Палуту з Волькаю).

Першая кухарка (зьдзіўлена). А, божачка-а. А міласьлівень-кі-ы! Ва то-ж во і маладзенькая наша-а. Палутка, паненачка-а, а там чакаюць. Чаго-ж вы гэта засталіся, галубачкі?

Другая кухарка. Ды ня можна-ж так. Хутчэй спяшайце. (Бразгаюць нажамі і талеркамі).

Волька. Ды ведаем, ведаем мы і самі. Патрапім зайсьці.

Першая кухарка. Трэба-ж, Волечка, разам, палюдзку, як водзіцца. Ведама, што патрапіце, толькі ўсё-ж ткі…

Другая кухарка. Ня йначай разам-разам з маладым. А маладыя з вясельнымі, а вясельныя з музыкамі… Заўсягды яно так… Пякней, прыгажэй.

Тэклечка. Ідзем, а то пабягу скажу маме, што ня слухае… Разгорнілася вельмі-ы… Растужылася-а… Мо‘ па Пятрусю, нябось… Сараматніца ты. Сваты пашлі, а яна тут… Каб людзі сьмяяліся-а ды казалі потым ліха ведае што… (Бегае вакол дзяўчат).

Палута (сярдзіта). Ідзі ты прэч, ашчапёнак… бо як засьвячу, дык будзеш помніць. (Вольцы). Вось на яго ліха, шчанё якое ўдалося, ажно ня вытрымаць ад яго. Лезе ліха ведае…

Волька (разуважна). Ты, Тэклечка, гэтак не рабі, а то так сорамна. Палута-ж такі та маладая, а ты з ёю сварышся — ці-ж ня брыдка табе. Трэба быць разумнейшаю, гаварыць паспакайней, паважна…

Тэклечка (нахмурыўшыся). А чаму-ж бо яна ня слухае нікога? Заві, заві, а яна і не патурае нават. Паскудзіць вясельле… (Хмыліцца й закрывае далоньмі твар).

Першая кухарка. Гэтак брыдка, Тэклечка. Палута старэйшая твая сястра. Бач, яна ўжо йдзе ад вас, апошні дзень тут… Трэба паважаць яе, згодна пагутарыць…

Другая кухарка. Палута-ж так цябе любіць…

Тэклечка (засароміўшыся ўцякае). Любіць, але… Лаецца заўсягды ды б‘ецца. (Выбягае ў двор).

Волька. Ідзем, Палутка! (Бярэ яе пад руку і йдуць).

Першая кухарка. Дабранач, Палутка, хай цябе госпад сьцеражэ…

Другая кухарка. Шчаснае вам ночкі!..

Палута і Волька. Дабранач, дзякуй! (Яны ідуць і штось сьціха гутараць. Воддалек чуваць песьні. Усё разьбівае скліч: „Палута, Палута, та ідзі ты! Дзе ты запрапала. Эх-ха-а! Дачушка“).

(Заслона).


ДЗЕЯ V-я.

Зіма. Хата Сымона Рыхлы. Будзённы дзень. Адвячорак — шэрая гадзіна. У хаце змрачэя. Праз замерзлыя вокны праглядае смуглае сьвятло. У хаце няпрыбрана: расьцярушана сечка і вобмешка. Ля прыпеку стаяць цэбры, а ля лавы карыта. На ложку гатова пасьцель. У запеку на лаўцы сядзіць Сымон. З печы пазірае Тэклечка. Домна ўвіхаецца ў мыцельніку.

ЗЬЯВА 1-я.
СЫМОН — ДОМНА — ТЭКЛЯ.

Сымон (верціць папіросу і пачосвае бараду). Але, але, зусім ня тое, чаго чакалі. Ды ласьне можна было спадзявацца за Яна, што ён такім будзе. Ніколі! Каб мне ўперад хто аб гэтым сказаў, я-ж бы вочы яму запляваў-бы. Гм. Ціхоня, рахманы, а глядзі ты як разбазыраў. Распусьціўся так, што і ні рады. Кожны раз нап‘ецца ды лайдачыць. Прахвост — дарма што зяць. Іначай нельга назваць яго. (Ідзе да ямкі, выграбае вугаль і закурвае. З папіросаю вяртаецца назад на лаўку). Ці ты бачыў яго! Не, не. Трэба якое кольвечы рады шукаць, так пакідаць нельга. Ён-жа проста зьвядзе дзяўчыну са сьвету. Ці-ж можна жыць пры гэткіх справах. Не! Бедная Палутка, не ўгадалі мы, аднак, зрабіць гэтак, як хацелі. Ласьне думалася, што ўсё так зложыцца? Ласьне спадзявалася? Чалавек хітраваў, радзіў, каб лепш было, а яно — на табе: ня лепш, а горш. Проста ліха нейкае жартуе над намі, глуміцца з нас. Здаецца, усяго ёсьцека, багацьця па вушы, што-б і спакойна ды ціха жыць, меркавацца і дзякаваць богу. Дык не! Чагосьці не дастае, штосьці бракуе. І п‘янства, распуста, сваркі… Ды глум над непавіннай дзяўчынай… Сказаў-бы, яна благая, Палута, бач — ну, тады іншая рэч: сяды-тады можна і ўважыць, а то дзяўчына, пане мой, уступная, рахманая, паслушная. Хоцькі і праз неахвоту пайшла замуж, але-ж маўчала, не дапамінала нікому. А далей было-б і зусім добра — зжыліся-б і жылі-б памяркоўна… Не, мабыць, наўмысьне караемся мы богам. Хто ведае, мо‘ ўсё гэта і затое, што мы ўжо так усё раптоўна састроілі, пасьпяшыліся? Зусім ня ўважалі ні просьбы Палуты, ні яе хаценьня. А трэ‘ было-б усё разглуздаць, абмеркаваць… Мо‘ і… па Палуцінаму каб зрабілі — не ашукаліся-б… Але… ужо не паправіш. Глядзеце, як замёрзьлі вокны. І ўсё яшчэ намярзаюць далей… Трэба паліць агонь, — ужо ў другіх сьвеціць… Дрэнна справа з гэтымі Сьлівамі — хоць бяры ды варочай Палуту да сябе назад.

Домна (засьвечвае агонь). Але, але, на яго ліха, ня важная рэч… Ды яшчэ як ня важна! Палутку нашчэнт зьбядуюць, нашчэнт зьвядуць. Як знарок насталі. (Варочаецца ў мыцельнік). Нават ня так ужо Ян, як гэта Матруна. Не давядзі госпад такое кабеты. Грызе ды грызе ды грызе. Усё не па яе, усё ня так, як ёй хочацца. Абы прычапіцца. Чаго-чаго на яе не вычварае, чаго ня валіць на яе… А тут яшчэ на падмогу прыйдзе гэты прайдоха, Якаў, ці выдра гэта, яго жонка… Упікаюць увесь час Пятрусём, празываюць дэмократкаю ды іншае… Не, Сымонка, так далей не павінна быць, не! Трэ‘ Палутку забраць да сябе… Вось хай яшчэ раз толькі падніме на яе руку — тады аман. Ісьці і браць яе да дому. Бо што-ж то можа выйсьці? Хай сядзіць ляпей дома, есьць з намі і нам робіць усё, ніж ад гэтых гадаў цярпець глум усякі ды зьдзекі… Я ўжо намервалася раней табе гэта сказаць, але, сабе думаю, пачакаю колькі часу яшчэ: авось паправіцца, а вось унімецца. А тым-часам гэтага ўперадзе ня відно… (Пачакаўшы). Думаць далей няма чаго. Навошта нам тое багацьце — хай яны згараць з ім, апроч добрых людзей. Вось калі. Добра тады багацьце, як яно ідзе на карысьць, а калі праз яго вычвараюцца такія штукі, а… Ласьне нам не даражэй наша роднае дзіцятка? Ласьне яна ў нас лішняя ці падкідная, што мы павінны яго занядбаць? Барані божа!.. (Размахвае рукамі).

Тэклечка (з печы). Але, мамачка, няхай лепш Палутка да нас варочаецца, а то без яе неяк нудна вельмі. Бывала, ці возьме куды мяне, ці пагаворыць са мною, а цяперака — як труцень я, адна ўвесь час. Возьмем, мама, Палуту, возьмем. Навошта, каб з яе зьдзекаваўся гэты салоха кручаны… Возьмем. (Рада плешча ў далоні).

Сымон (раздумваючы). А такі і гэтак: трэба забраць Палуту да сябе, трэба. Праўду такі ты кажаш, Домна. Нельга папусьціць, каб далей так было. Навошта! Абманулі мае спадзеўкі, наглуміліся з іх і досыць… Што-ж, ашукаліся, прапала! Толькі глуміцца над Палутаю годзе… Годзе, кончана! Можа яшчэ яны і кіпця на назе яе ня варты, ня то-б каб глуміцца! Добра калі падобраму. Ласку, думаюць, мо‘ зрабілі нам, што ўзялі Палуту! Адолілі яе вельмі. Чхаць на іх долю такую і на іх гардасьць! Няхай яшчэ нам падзякуюць, што мы згадзіліся былі выдаць Палуту. Бо ці-ж варты яны ўсе яе аднае? П‘янюгі, скнары, вырадкі. Тфу! (Сам сабе). Надаў нячысты злыгацца з кім. (Праходзіць nа хаце). Забяром Палуту да дому, у нядзелю-ж гэта трэба і зрабіць. Кончана! Так і помні, Домна. Годзе ўжо спаганяць, годзе патвараць! (Іншым тонам да Тэклечкі). Дык вось, Тэклюся, Палуту мы вернем да цябе. Толькі ты з ёю, дачушка, не сварыся, жыві ў згодзе. Ня будзеш?

Тэклечка (ахопліваецца радасьцю). Не, татачка, ня буду. І слова ёй наперакор не скажу; я яе вельмі, вельмі, шкадую і люблю. Вярнеце, вярнеце!

Домна (умільна). А мая-ж ты, котка, мілая; мая ты, дачушка! Бач, як занудзіла па Палуце. Вернем, вернем з таго пекла…

Тэклечка. А чаму-ж гэта з яе так зьдзекуюцца ў Сьліваў? Завошта, мама? Ян дык нават б‘е яе заўсёды.

Домна. Няхай яго паб‘е гром сярод яснага неба, хай ён ня прыжджэ далей. Больш ужо не дамо зьдзеквацца. Годзе.

Сымон (прытопвае нагою). Больш ужо яму ня ўдасца гэтага зрабіць. Вось забяром Палутку да дому, а іх там хоць паралюш зарэж… хх(Чуцён стук сенешніх дзьвярэй. Сымон разам схамяняецца). Хтось ідзе. (Да Домны). Пастаў хаця газьніцу на стол, а то цемра. (Падбягае і прысоўвае к печы цэбры). Каб ня ўзьбіўся на цэбры; растаўлены сярод хаты заўсёды…

Домна (нездавольна). Растаўлены, растаўлены! Бо, вядома, зьбіраюся паранку даваць каровам. Дзе ж ты іх падзенеш? На лаву не паўстаўляеш. Вось адсунь трохі ды добра. (Сымон адсоўвае. Адчыняюцца хатнія дзверы, і ў хату ўваходзіць Волька).

ЗЬЯВА 2-я.
ТЫЯ-Ж ды ВОЛЬКА.

Волька (чырвоная з марозу; акідае хату пазіркам). Добры вечар у хату.

Сымон і Домна. Добры вечар, Волечка!

Домна. Заблудзіла ты к нам чагосьці. Мы думалі, што ўжо ты і забыла пра нашу хату, як вышла замуж. Вядома, свой клопат пашоў, гаспадыня стала, дзякаваць богу.

Волька. Вядома, цяперака зусім іначай, як бывала. Клопату скуль яго і ўзялося не ацерабіцца…

Сымон. Сядай, Волечка, у нас, пагуляй.

Волька. Ды яно то, дзядзечка, і часу, прызнацца, няма. Там Антось чакае мяне вячэраць. Гэта я, ведаеце, забегла да цёткі Домны пазычыць прасьніцы: на вячоркі да мяне прышла Прузына і, сорамна сказаць, няма прасьніцы ў мяне лішняе. Вось я ўспомніла, што ў вас я бачыла некалькі прасьніц.

Тэклечка (злазіць з печы). У нас ёсьцека некалькі прасьніц. А табе якую пазычыць: можа Палуціну?

Волька. Усё роўна якую, абы была прасьніца, абы да чаго кудзелю прывязаць.

Домна. Гэта-ж чыя Прузына? Логінава мо‘?

Волька. Але, але. Яна самая. Вось прышла, то, думаеце, трэба будзе і пачаставаць…

Домна. Ды ведаю, ведаю.

Сымон. Гэта з Паганявіч?

Волька. Але, але… (Пачакаўшы, да Тэклечкі). Ну, як-жа, Тэклечка, лепш: з Палутаю ці без Палуты?

Тэклечка (падбегшы к Вольцы). З Палутаю лепш… Мы возьмем Палуту йзноў да дому. Там яе крыўдзяць. Праўда, мама?

Домна. Эх, Волечка, каб ты ведала, няма рады Палуце ў Сьліваў жыць ды годзе. Глумяцца ўсе над ёю, зьдзекуюцца і кончана. Вось надоечы ні за што, ні праз што ўзяў гэты кручаны балэбус ды набіў яе… Прышоў п‘яны, прычапіўся і давай ды давай. Проста ліха ведае што чаўпецца… І мы, ведаеш, Волечка, парадзіліся ўзяць Палуту да сябе; узяць ды годзе. Як ты радзіш?

Волька. Гэтак, цётачка, гэтак. Я, нават, сама дзіўлюся, чаго вы дасюль маўчыцё! Ды таксама і Палута: цярпіць і маўчыць. Здаецца, не палахлівы чалавек, а то-та-ж падаецца… Каб на мяне, крый божа, дык я-б усю хату іх разьнесла-б там, а сама пакінула-б іх. Хай-бы іх ліха ўзяло!.. Толькі так і можна зрабіць… Я ўжо надоечы сустрэўшыся тое-ж казала Палуце: кінь, кажу, іх гняздо ды варочайся да хаты, ня згінеш…

Домна. А што-ж яна кажа?

Волька. Цудная ды ўсё! Я і сама ня ўцямлю сабе, як яна зьмянілася. „Не пайду, кажа: бацькі хацелі гэтага, няхай-жа цешацца цяперака.“

Сымон. Хацелі! Гэта праўда, што цудная яна! Нехта падумаў-бы і праўда, што мы хацелі, ды назнарок збавіліся яе. Эх, дзіўная якая! Ласьне-ж яна нам была гэтак вяліка ці перашкодзіла нам? Хацелі! Хацелі, але ня ліха, а дабра… дабра ёй хацелі… Падумай сама, нябога, ці-ж каб той лад ды згода, — ня можна ім добра жыць? Яшчэ як добра можна павясьці жыцьцё… Усяго па горла, як у памешчыка. Вось на гэта і біў я, а не навошта інакшае. Мая бацькаўская душа жадала ёй шчасьця, усяго найлепшага, выгоды. Вось чаго хацелі бацькі. А каб мы тое ліха ведалі, то плюнулі-б на ўсё гэта… і на тысячу раз большае, а не аддалі-б яе… Не перастарылася-б, нябось, ды ня горшая ўсіх.

Волька. Я ёй і казала гэта самае… Хоць, дзядзечка, яна, прызнацца, нібы і адчувала, што гэтак будзе, калі так ненавідзела Яна і баялася йсьці… Мо‘ і лепш было-б, пашоўшы за Пятруся…

Сымон. Гм… э… можа… Хто яго ведае — можа і лепш было-б… Але-ж, Волечка, пасудзі сама: аддаць за гэткага, як Пятрусь, то ўжо зусім няма рацыі. Гэта… чалавек не падходны па ўсяму. Бачыш, што сталася з ім. Пашла-б Палута за яго, а тут заарыштавалі-б, і тады рабі, што хочаш! А потым яшчэ ня ведама, што з ім зрабілі-б… Цяперака з гэткімі людзьмі не царамоняцца ні каліва: тут вастрог, а тут і растрэл ці павешаньне… Гэта-ж добра, што ён уцёк, схаваўся, а каб сцапалі — тады і рабі, што хочаш…

Волька. Ну, яно-та так, толькі… і данясьлі на Пятруся, можна сказаць, дарэмна зусім, за няма нішто… Не падкажы-б гэтыя самыя Сьлівы, то сашло-б і так. Жыў-бы паціху і моʻ ляпей за каго… Ды і цяперака будзе жыць… Вось надоечы прыслаў да Антося ліст: піша, што ўстроіўся на добрую службу, зарабляе сабе грошы, прысылае мацеры і жыве. Вядома, пакуль скрытна, каб ніхто ня ведаў, але ўсё-ж не прапаў.

Домна. А то, бач, ці праўда, Волечка, што ён наяжджае да дому? Мне заўчора хтосьці казаў… ах, ня прыпомню хто… што бачыў яго, Пятруся, бач… Мабыць-жа блізка дзе жыве…

Сымон. Кінь, то байкі! Ня можа быць.

Волька. Часам і можа быць. Толькі, маўчэце…

Тэклечка. Мне Зоська Ярамеева казала, што яна бачыла Пятруся на гэтым тыдні.

Домна. Во, бачыш. Ды, пэўна, Волечка, будзем маўчаць. Што нам за дзела — бог з ім!..

Волька (пачакаўшы). Дык я раджу ўзяць Палуту, калі так, да сябе. Вам кожны гэта скажа… (Пачакаўшы). Мой Антось дык супакоіцца ня можа, як я расказала яму пра Палуту.

Сымон (патупвае па хаце). Вось то-та і ёсьцека, што нават і брыдка, добра кажаш, ад людзей.

Волька (адыходзіць ад прыпеку). Вядома. (Глядзіць на вакно). Трэба ўжо сьпяшыць да хаты. Забавілася я ў вас.

Домна. Дык пачакай, Волька, я дастану табе прасьніцу. (Ідзе ў сені).

Сымон. Ну, а ты-ж, нябога, у згодзе жывеш, латва?

Волька (усьміхаецца). Няма чаго богу грашыць. Мой Антось мяне шануе… А болей мне нічога і ня трэба. Аб нічым мы і ня думаем.

Сымон. Бо гэта лепей за ўсё. Маецца ў хаце супакой, ёсьцека парадак і ў гэтым усё крыецца, усё. Так і ў нас з Домнаю. Вось ужо колькі пражылі, болей дваццацёх гадоў, і яшчэ ні разу не пасварыліся…

Волька. А гэта найлепшае багацьце. (Уваходзіць Домна).

Домна (нясе ў руках прасьніцу). Вось я табе якую дам; гэта спраўная будзе; я сама ўсягды на ёй праду. Паглядзі. (Падносіць да Волькі).

Волька (бярэ ў рукі і разглядае). А лёгкая якая… Добра-добра будзе. Дзякуй вам. (Ідзе да дзьвярэй).

Домна. У нас іх некалькі ёсьцека, але я ня ведаю, дзе яны. А гэта якраз падпала пад рукі.

Волька. Ды хопіць, хопіць. Дзякую!

Тэклечка. Падсподам мая ляжыць, мама. Вы ня шукалі? Калі хочаце, то я пабягу знайду?

Волька (спыняе дзяўчынку). Ня трэба, Тэклечка, ня трэба. Хопіць з мяне. (Глядзіць у вакно). А марозішча на дварэ, страшэнна! Зорная ночка — прыгожасьць адна… Ну, то бывайце здаровы! (Намерваецца адчыняць дзьверы. У гэты час на дварэ чуецца скрып сьлядоў і галоснае ойканьне. Усе разам кідаюцца к вокнам. Ойканьне бліжыцца і заварочвае ў двор. Волька адыходзіць ад дзьвярэй).

Домна. Ой, Сымонка! Хто гэта? О, чуеш, чуеш? Палута! Наша Палутка, Сымонка! Прыслухайся адно! (Усе слухаюць. Скрыпаюць весьніцы. Енк гучнее).

Сымон (прыслухоўваецца). А-а-а. Яна, яна!..

Домна. Мая-а ты дачушка-а…

Волька. Палута-а, Палута! Што-ж бы то з ёю?

Домна (у сенцах). Дочанька-ж мая-а, родная. (Бразгаюць сенешнія дзьверы. Чуцён гоман Палуты з мацераю).

Тэклечка. Татачка, гэта ж наша Палутка. Мо‘ набіў… Ян… Ліха яго матары… (Крывіць тварыну). Ой, мая Палутка-а-а, пакутніца-а мая!

Волька (суцяшае Тэклечку). Ды ад яго болей нечага і чакаць… Гэта-ж ня людзі, а ліха ведае што! (Прачыняюцца дзьверы. Ва ўхлынуўшай у хату пары ўваходзяць Домна, а ззаду Палута. У яе заплакана тварына, распушчаны косы. Апранута яна ў кажушок і валёнкі і не глядзіць на нікога. Усе кідаюцца да яе і охаюць).

ЗЬЯВА 3-я.
ТЫЯ-ж і ПАЛУТА.

Сымон (бледны, злосны). Вось, бачыце-а! Глядзіце-а, добрыя людзі. Глуміцца і толькі. Сядай, котка мая, сядай, дачушка… Гэта-ж падумаць, гэта-ж падумаць! З хаты выганяць на ноч, а? А шэльма, а прахвост, а паганец! Ну, гадзіна заклятая, пападзіся ты мне цяперака пад руку — голаў зьніму, зьніму голаў, яшчар паганы! Пачакай толькі, злапаю, пападзешся яшчэ ты мне!.. (Ізноў да Палуты). Сядзь, дачушка, сядзь, родная!

Домна. Палутка-а? Што ён табе зрабіў? Біў можа?

Волька. Палутка, сястрыца, што з табою? (Зазірае ў вочы). Раскажы маме, паведай.

Палута (садзіцца; праз сьлёзы). Зьвясьці надума-ма-а-алі. Усе разам… жы-ы-ць не даюць… Упікаюць увесь час… Пісьмо дастаў з куфра ад Пятруся… яшчэ тое, што ён калісьці пісаў… Лезе ў куфар, рые ўсё… Перш сварыўся, лаяўся, а потым… давай біцца-а-а. Палкаю, кулаком, чым папала… гузы насадзіў, сінякоў нарабіў на целе… А гэта ведзьма стаіць ды падбухторвае, нацкоўвае… „Так і трэба гэтай валацузе“

Сымон (стаіць каля Палуты і трасецца ад злосьці). Вось бачыце, вось чуеце? Н-не-э! Не падарую я яму! Сваім судом адамшчу-у. Ці-ж то можна-а дапусьціць гэта? Крымінал, гвалтоўе адно. Га, ці бачыш ты? Зух нашоўся-а, сьвіное рыла, абармот, дзяцінец… Па-а-чака-ай, браточку-у! (Грозіць кулаком уверсе).

Волька (складвае рукі). А-а-яй, я-ай-ай! Палутка, сястры-ы-ца-а і чаго ты церпіш там? Кідай, цудная, і варочайся-а дамоў… Ласьне-а табе тут, у бацькоў, месца ня стане? Ня йдзі да іх, хай яны крапівою зарастуць…

Домна. Не, не, болей ня пусьцім ужо, годзе-ы! Мы ўжо згаварыліся з бацькам. Будзеш у на-ас, мілая, у на-ас... Заўся-аголаў яны-ы. (Абнімае). Дочачка-а мая, глумяцца яны з цябе… Назьдзекаваліся… Я пасьцялю табе ды ідзі спачынь, Палутка. Ідзі, родная! (Сьцеле пасьцель і ўсхліпвае).

Тэклечка (упіліўшыся ў твар Палуты вачмі). На печы са мною, Палута, будзем спаць. Хочаш? Я ня пушчу цябе ўжо з хаты. Будзе замужам быць! У нас лепей. (Да бацькі). Ня пусьцім ужо мы, тата, Палуты?

Сымон (тупае па хаце). Трасцу ён угледзіць, а не Палуту. Ні яна да яго нагою ня ступіць, ні ён сюды і на парог не пакажацца. Якія там царамоніі. Кончана! (Да Домны). Так, дык так. Заўтра трэба запрасіць Яся і Піліпа і паехаць за куфрам.

Домна. Ці захочуць яны?

Сымон. Не захочуць — другіх папросім.

Волька. Мой Антось пойдзе-а!

Сымон. Ды знойдуцца людзі, чаго там казаць. Але забраць усё, расчытацца, ды ня знайся таго! Тут іначай нельга.

Волька. Нельга і ня варта.

Палута. Волечка-а, сястры-ы-ца-а! Увесь час так, увесь час толькі і чую гэта… Я ведала, што з ім жыцьця ня будзе — чула маё сэрца… Але… насталі, пагаліліся за багацьцем… захацелася…

Сымон. То ціха, ціха ўжо. То мінулася, прайшло… Даруй нам, Палутка-а, ашукаліся мы; што-ж парадзіш… Ці-ж мы думалі, ці гадалі мы, што яно так будзе! (У хату з вуліцы даносіцца крык: „Я-а ця-абе-э вярну з-пад зямлі-ы… Я-а та-абе-э пака-ажу-у прочкі… Затужы-ы-ла-а па Лісу, соцыялістка ліхая“… Усе настарожваюцца. Палута ажно дрыжыць ад страху і туліцца к печы. Волька адыходзіць к сталу. Домна астаецца на адным месцы. Тэклечка туліцца к ёй, хапаючыся за спадніцу. Сымон трывожна, закіпаючы злосьцю, прымае настрой і склад, нібы гатовіцца да нападу).

Палута (спужана). Татачка, даражэнькі, збаранеце мяне! Ня дайце яму ў рукі, а то ён заб‘е мяне… Ня пусьцеце яго ка мне. Ён п‘яны, будзе лезьці біцца. (На дварэ чуцён гоман зьбіраючыхся людзей. Адрозьніваецца гук Яна, які бяжыць у двор і зразу рвецца ў хату. „Я-а табе-э пакажу-у! Да та-а-ты-ы захаце-эла… Абарону-у нашла. Што мне твой тата! Плюю я на яго.“ Хутка адчыняе першыя сенешнія дзьверы потым хатнія. Кідае абое нарасхлёст, і засоплы, разьюшаны, з аборкаю ў руцэ ўвальваецца ў хату і раптам спыняецца ля парогу. Спадлоб‘я глядзіць на Вольку, затым шукае па хаце кагось. Домна з перапалоху падбягае к Палуце).

ЗЬЯВА 4-я.
ТЫЯ-ж і ЯН.

Ян (сіпла). А дзе Палута? Дзе Палута, пытаю я? Захавалі, нябось? Ня даць хочаце мо‘? Бацька, давай дачку! Вялі ёй ісьці да дому, калі хочаш, каб усё ладам вышла. Чуеш? (Стаіць цьвёрда на нагах. Сур‘ёзна глядзіць на Сымона). Навучылі яе, падбухторылі? (За вокнамі цэлы кірмаш). Дзе дачка, пытаю? Маці, кажы дачцэ, каб варочалася дамоў! Што тут за выдумкі? Прочкі нейкія каўтун закруціў…

Сымон. Пр… пр… прашу ня крычаць у маёй, у маёй гасподзе, прашу цішэй, далікатней, а то… (Дрыжыць).

Домна (растапырыўшы рукі на хату). Чаго ты, вар‘ят, прыляцеў сюды? Чаго ты трывожыш добрых людзей? Вясельле зьбіраеш? (Дае яму хвігу). Вось табе Палута! Палуту — табе — скулу, маравую немач. (Закрывае сабою Палуту). Вон з хаты, ліха твайму плоду. Вон, разбойнік, п‘яніца… Зьвясьці хочаш з гэтага сьвету нашу дачку? Якою ты яе зрабіў, да чаго ты яе давёў? Ах ты, кат крывавы…

Ян (падступае ад пароу, разглядае па хаце; праз цямлівасьць не прыкмячае Палуты ля печы). Я прашу вас падаць мне маю жонку і квіта. Я вас ня ведаю!.. Я за жонкаю прышоў! Падайце мне сюды Палуту, а то я з хаты ня выйду ўсю ноч. (Убачыўшы Палуту). А, вось дзе ты, соцыялістка! Аруйсь да хаты! Дамоў ідзі! Ідзі дамоў, кажу табе! Па дабросьці прашу. Што гэта яшчэ за прочкі выдумала? Я з цябе выганю соцыяліства, пачакай! Ідзі, а то сілком зацягну. Чуеш ты, ці не? (Намерваецца кінуцца к ёй. Палута дзіка крычыць: „Ай, баранеце, татка-а“. Сымон раптам кідаецца на Яна і абламзвае яго рукамі. Волька і Домна дзіка крычаць: „Людзі добрыя! Забіваюць! Ратуйце, хто ў бога веруе!“ На вуліцы паднімаецца рух. Тымчасам Ян грузка валіць на зямлю Сымона. Той крычыць. Знадворку ў гэты час убягаюць у хату Антось і Пятрусь і з крыкамі: — „А, крывасмок паганы! мы-ж табе пакажам“ кідаюцца на Яна).

Заслона.