Сьвяшчэнная гісторыя Новага Завету (1936)/Першы год служэньня Іісуса Хрыста
← Сьвяшчэнная гісторыя Новага Завету | Першы год служэньня Іісуса Хрыста Падручнік сьвятой гісторыі Аўтар: Сяргей Паўловіч 1936 год |
Другі год служэньня Іісуса Хрыста → |
Першы год служэньня Іісуса Хрыста.
Іоан. II, 12—25.
Пасьля чуда ў Кане Галілейскай Іісус Хрыстос з Маткаю, братамі[1] і вучнямі праз Капэрнаум пайшоў у Ерусалім на сьвята Пасхі. На гэтае сьвята ў Ерусаліме зьбіралася з розных краінаў шмат юдэяў. Каля самага храму, на яго плошчах і дварох, звычайна адбываўся вялікі торг, бо кожын багамолец ці паломнік павінен быў прынясьці ў храме ахвяру Богу — цяля, ягня, галубоў і інш. Сярод купляўшых і прадаваўшых сядзелі за сталамі мянялы, у якіх разьменьваліся чужаземныя грошы для ахвяраў на храм і раздаваньня міласьціны. Падчас торгу каля храму стаяў нязвычайны гоман, крыкі і спрэчкі гандляроў, перамешаныя з мэканьнем авечак і рыканьнем кароў і цялят. Усё гэта абражала сьвятасьць месца. Іісус Хрыстос, прыйшоўшы сюды, зрабіў з вяровак біч і пачаў адганяць ад храму ўсіх людзей, такжа і авец і валоў, а грошы мянялаў рассыпаў і сталы іх перавярнуў. Прадаўцом-жа галубоў сказаў: «Забярэце гэнае адгэтуль: не рабеце дому Айца Майго домам торгу». Ніхто з натоўпу ці гандляроў не супрацівіўся Іісусу Хрысту. Толькі начальнікі храму спыталіся ў Яго: «Які дасі нам знак, чаму гэтак робіш?» Іісус Хрыстос адказаў ім: «Зруйнуйце дом гэты, і Я ў тры дні адбудую яго». Гэтымі словамі Іісус Хрыстос прадуказваў на будучае Сваё, — па трох днёх сьмерці — слаўнае ўваскрасеньне, як найлепшы доказ Сваей Божай сілы і ўлады, але яны не зразумелі гэтых слоў і сказалі: «Гэты дом будаваўся сорак шэсьць гадоў, а Ты ў тры дні збудуеш яго». Іісус нічога не адказаў на гэта.
Падчас гэтых сьвятаў Іісус Хрыстос стварыў шмат чудаў, і многія ўверавалі ў імя Яго.
16. Гутарка Іісуса Хрыста з Нікодымам.
Іоан. ІІІ, 1—21.
Чуды Іісуса Хрыста зацікавілі ўвесь Ерусалім. З вуснаў у вусны передавалася імя Іісуса, нязвычайнага Вучыцеля з Галілеі. Узварушыліся і фарысеі — начальнікі і вучыцялі жыдоўскія. Адзін з іх, на імя Нікодым, захацеў бліжэй дазнацца, які гэта новы зьявіўся вучыцель. І вось тайна, уночы, прыходзіць да Іісуса, каб пагутарыць з Ім. „Мы ведаем кажа Нікодым — што Ты Вучыцель, Які прыйшоў ад Бога, бо ніхто, калі-б ня быў з ім Бог, ня можа тварыць такіх чудаў, якія творыш Ты“. Рабіна Нікодыма перш за ўсё цікавіць пытаньне, як чалавеку апраўдацца перад Богам. Нікодым, як і ўсе фарысэі, лічыў, што каб увайсьці ў царства Мэсіі, даволі аднаго паходжаньня ад Аўраама, даволі спаўненьня абрадавага закону Майсеевага. Іісус Хрыстос адказвае, што для апраўданьня чалавека патрэбна духоўнае адраджэньне: «Калі хто не народзіцца нанова, кажа Іісус Хрыстос, — ня можа ўвайсьці ў Царства Божае». Зьдзіўлены Нікодым кажа: „ня можа чалавек нарадзіцца другі раз». На гэта Іісус Хрыстос адказвае, што Ён гаворыць не аб цялесным нараджэньні, але аб духоўным адраджэньні чалавека ці аб ачышчэньні ад грахоў, якое дасягаецца праз хрышчэньне вадою і Духам, і дадаў: «Народжанае з цела ёсьць цела, а народжанае з Духа ёсьць дух».
У далейшай гутарцы Іісус Хрыстос адкрыў Нікодыму яшчэ больш вялікія і нязвычайныя тайны: гаварыў аб збаўленьні людзей праз Сына Чалавечага, паднятага на храсьце, падобна да таго, як Майсей падняў зьмея ў пустыні, «каб усякі, хто веруе ў Яго, ня згінуў, але меў жыцьцё вечнае»; — гаварыў аб нязьмернай любові Бога да людзей, якая выявілася праз пасланьне Ім у сьвет Сына Свайго Адзінароднага не дзеля таго, каб «судзіць сьвет, а каб сьвет быў збаўлены праз Яго»; гаварыў аб дараваньні ўсім праз веру ў Яго і аб засуджаньні тых, хто ня веруе, хто «палюбіў цемру больш за сьвятло». Закончыў Сваю гутарку Іісус Хрыстос як бы лёгкаю дакораю, што Нікодым прыйшоў да Яго ўночы, хаваючыся ад людзей: — „Хто чыніць праўду — сказаў Іісус Хрыстос — той ідзе да сьвятла, каб відавочнымі былі ўчынкі Яго, бо яны ў Богу ўчынены».
Словы Іісуса Хрыста глыбака запалі ў душу рабіна Нікодыма. Ён зрабіўся пасьледавальнікам і прыхільнікам Іісуса аж да самае Яго сьмерці.
(Maт. IV, 12; XIV, 3—5; Mpк. VI, 17—19; Іоан. IV, 1—3; Іоан. IV, 4—43).
Грозныя вінавачаньні Іоанна Хрысьціцеля не абміналі нікога. Ён нават не пабаяўся выкрыць грэх начальніка Галілеі Ірада Анціпы, які пры жывым браце сваім Піліпе ўзяў сабе ягоную жонку Ірадзіаду і жыў з ёю. Ірадзіада прасіла Ірада, каб засудзіў Іоанна на сьмерць. Гэтага-ж дабіваліся і фарысеі, якія ненавідзелі Іоанна за яго вінавачаньні. Але Ірад не хацеў засудзіць Іоанна, бо вельмі шанаваў яго, лічачы яго за сьвятога, і толькі згадзіўся пасадзіць Іоанна ў вастрог. Гэтак і было зроблена.
Пачуўшы аб узяцьці Іоанна, Іісус Хрыстос не захацеў заставацца ў Юдэі, і пайшоў з вучнямі ў Галілею. Была і яшчэ адна прычына, якая прымусіла Іісуса Хрыста пакінуць Юдэю: фарысеі, пачуўшы, што Іісус больш і больш чым Іоанн хрысьціць людзей і здабывае вучняў (Сам Іісус Хрыстос ня хрысьціў, але вучні Яго), маглі ў злосьці ўчыніць над Ім які гвалт, а як ня прысьпеў яшчэ час, дык Іісус Хрыстос палічыў за лепшае пакінуць да пары Юдэю.
Калі Іісус Хрыстос праходзіў праз Самарыю, здарылася Яму затрымацца для адпачынку недалёка ад места Сіхар, ля студні Якава. Было каля шостае, панашаму дванаццатае гадзіны дня. Стомлены падарожай,
Гутарка Іісуса Хрыста з Самаранкаю.
Іісус сеў адпачыць, а вучні Яго пайшлі ў места купіць ежы. У гэты самы час прыходзіць да студні зачарпнуць вады адна самаранка. Іісус просіць яе даць піць. Яна кажа: «Як гэта Ты, Юдэй, просіш піць у мяне, самаранкі. То-ж юдэі ня маюць зносін з самаранамі»[2]. Гасподзь кажа ёй: „Калі-б ты ведала дар Божы і Хто кажа табе: „дай Мне піць“ — то ты сама прасіла-б у Яго, і Ён даў-бы табе жывое вады“. Жанчына пытаецца: „Адкуль-жа ў Цябе вада жывая?“ Ііcyc Хрыстос, паказваючы на студню, кажа: „Кожын, хто п’е гэтую ваду, зноў піць захоча; хто-ж вып’е вады, якой я дам яму, не запрагне ніколі, і вада, што дам яму, станецца ў ім крыніцаю вады, што цячэ ў жыцьцё вечнае“. Тады жанчына кажа Яму: „Госпадзі! дай мне гэтай вады, каб мне ня прагнуць і ня прыходзіць сюды чэрпаць“. Відаць, самаранка не зразумела, якая гэта „жывая вада“. На просьбу даць ёй „жывое вады“, Іісус Хрыстос сказаў, каб паклікала сюды свайго мужа. — „У мяне няма мужа“, — кажа жанчына. — „Праўду ты сказала, што ў цябе няма мужа, бо ў цябе было пяць, а той, якога цяпер маеш, ня муж табе,“ — адказаў Хрыстос. — „Госпадзі! бачу, што Ты — Прарок“! — выклікнула жанчына, і адразу перайшла на самае балючае пытаньне, якое дзяліла юдэяў і самаранаў: дзе трэба пакланяцца Богу? на гары Гарызім ці ў Ерусаліме? — Іісус Хрыстос адказаў так: „Прыйшоў час, калі праўдзівыя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе“ значыць, на ўсякім месцы). „Бог ёсьць дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў духу і праўдзе“. Жанчына кажа Яму: „Ведаю, што прыйдзе Мэсія, і калі Ён прыйдзе, абвесьціць нам усё.“ Іісус кажа ёй: „Гэта Я, што гавару з табою“. Здзіўленая словамі Госпада, самаранка пабегла ў места, пакінуўшы нават вядро сваё, і там казала ўсім: „Пайдзеце, паглядзеце Чалавека, які рассказаў мне ўсё, што я рабіла. Ці ня Хрыстос гэта?“ Жыхары Cіхару пайшлі да Іісуса і прасілі Яго пабыць у іх. Ён прабыў там два дні, навучаючы іх словам Сваім. Многія ўверавалі ў Яго, кажучы жанчыне: „Верым ужо не дзеля тваіх расказваньняў, а дзеля таго, што самі чулі і даведаліся, што гэта ёсьць праўдзівы Збавіцель сьвету — Хрыстос“.
18. Чудоўны лоў рыбы.
Лук. V, 1—11.
Стаяў Іісус Хрыстос на беразе Галілейскага возера і вучыў народ. Народ ціснуўся да Яго, каб чуць слова Божае. Каб было зручней, Іісус Хрыстос увайшоў у адзін човен на возеры, які быў Сіманаў, і прасіў яго крыху адплыць ад берагу. Сеўшы Іісус Хрыстос пачаў вучыць народ з чаўна.
Калі перастаў вучыць, кажа Іісус Хрыстос Сіману: „Адплыві на глыбіню і закінь сеці твае дзеля лову“. Сіман (з ім былі яшчэ Якаў і Іоанн, сыны Завядзеевы) адказаў: „Настаўнік! Мы лавілі ўсю ноч і нічога не злавілі; але па слову Твайму закіну яшчэ сеці“. Закінулі, і злавілі такое мноства рыбы, што нават прарывалася сетка. Дзеля таго, што рыба ўся не зьмяшчалася, яны далі знак сябром, што былі на другім чаўне, і прасілі памагчы ім; сябры пад’ехалі і разам напоўнілі абодва чаўны, так што яны пачалі залівацца вадой. Гэта ўзапраўды было чуда. Вялікі страх апанаваў Сімана і ўсіх быўшых з ім. Сіман у вялікім узварушэньні прыпаў да кален Іісусавых і сказаў Яму: „Выйдзі ад мяне, Госпадзі, бо я чалавек грэшны“. Гасподзь заспакоіў Сімана і сказаў яму: „Ня бойся, ад сяньня будзеш лаўцом чалавекаў“. Пасьля гэтага Сіман, Якаў і Іоанн, выцягнуўшы абодва чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім, каб ужо больш не пакідаць Яго.
19. Чудоўнае аздараўленьне аслабленага.
Лук. V, 17—26; Мат. IX, 1—8; Мрк. II, 1—12.
Прыйшоў Іісус Хрыстос у Капернаум і стаў вучыць у адным доме. Народу сабралася гэтулькі, што нават ля дзьвярэй ня было месца. У гэты час чацьвёра людзей прынясьлі на пасьцелі аслабленага (жыламі) чалавека, каб палажыць яго перад Іісусам, бо чулі пра „сілу Госпадаву дзеля аздараўленьня людзей“. Але прынёсшыя ніяк не маглі праціснуцца праз натоўп. Тады яны ўзьлезлі на верх дому і праз страху[3] спусьцілі хворага з пасьцельлю на сярэдзіну перад Іісусам. Толькі глыбокая вера ва ўсемагутнасьць Іісуса магла ўдыхнуць ім гэтую думку. Гасподзь, бачачы веру іх, сказаў чалавеку гэнаму: „Адпускаюцца табе грахі твае“. Гэтыя словы чулі некаторыя з фарысэяў і кніжнікаў, якія прыйшлі з Галілеі, Юдэі і нават з Ерусаліму паслухаць Іісуса. Яны пачалі між сабою разважаць: „Хто можа адпускаць грахі, апрача аднаго Бога?“ Іісус, ведаючы думкі іхныя, сказаў ім: „Што лягчэй сказаць: адпускаюцца табе грахі твае ці сказаць: „Устань, вазьмі пасьцель тваю і хадзі? Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі — сказаў Ён аслабленаму: табе кажу: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі ў хату тваю“. Хворы адразу ўстаў, узяў усё, на чым ляжаў, і пайшоў да хаты, славячы Бога. І страх апанаваў усіх, і славілі Бога, кажучы: „Дзіўныя падзеі бачылі мы сяньня“.
- ↑ Братамі названы тут ня родныя браты, якіх у Іісуса Хрыста ня было, а блізкія сваякі — сыны Марыі Клеопавае: Якаў, Сымон, Іосія і Юда.
- ↑ Самарыя калісьці была часткаю царства Ізраільскага, але па зруйнаваньні гэтага царства Асырыйскім царом, жыхары былі забраны ў палон, а на іх месца пераселены каляністыя — паганцы з Асырыі. Ад зьмяшаньня гэтых каляністых з тымі яўрэямі, якія яшчэ заставаліся ў Самарыі, і пайшлі самаране. Хаця яны пакланяліся Праўдзіваму Богу, але не пакідалі служыць і паганскім багом. Калі юдэі вярнуліся з палону, дык самаране хацелі злучыцца з імі, але павадыры народу не дапусьцілі да гэтага, баючыся паганскае распусты і няверыя. 3 таго часу ня было між імі ніякіх зносін. Юдэі лічылі грахом увайцьці ў хату самараніна, сядзець з ім за адным сталом, піць ваду з яго пасудзіны і г. д. Самаране мелі некалі і свой храм на гары Гарызім. Цяпер ён быў зруйнованы.
- ↑ На ўсходзе дамы маюць плоскія стрэхі, на якіх можна гуляць ці адпачываць. Гэтыя стрэхі ў некаторых дамох рассоўваюцца, каб з хаты адразу можна было выйсьці на верх. Разумеецца, можна на страху ўлезьці і з панадворку, па сходах.