Сьляпы музыка (1928)/Прадмова аўтора
Сьляпы музыка Публіцыстыка Аўтар: Уладзімір Караленка 1928 год Арыгінальная назва: От автора (1898) Пераклад: Макар Краўцоў |
Сьляпы музыка → |
Адчуваю, што перагляд і дапаўненьні ў повесьці, вытрымаўшай ужо некалькі выданьняў, зьяўляюцца неспадзяванымі і вымагаюць трохі тлумачэньня. Аснаўны псыхолёгічны мотыў этюду складае інстынктыўны, арганічны пацяг да сьвятла. Адсюль крызыс душы майго гэроя і яго разрашэньне. І ў вусных і ў друкованых крытычных увагах мне даводзілася сустрачаць пярэчаньне, як відаць, вельмі грунтоўнае: па думцы пярэчыўшых, гэтага мотыву няма ў сьляпых ад нараджэньня, якія ніколі ня бачылі сьвятла і дзеля гэтага не павінны адчуваць недахопу ў тым, чаго зусім ня ведаюць. Гэтае меркаваньне мне не здаецца праўдзівым: мы ніколі не ляталі, як птушкі, аднак-жа ўсе ведаюць, як доўга адчуцьцё лёту бывае ў дзіцячых і юнацкіх снох. Павінен, аднак-жа, прызнацца, што гэты мотыў увайшоў у маю працу, як апрыорны, падказаны толькі ўяўленьнем. Толькі ўжо праз некалькі гадоў пасьля таго, як мой этюд пачаў выходзіць у паасобных выданьнях, шчасьлівае здарэньне даставіла мне, у час аднае з маіх экскурсіяў, магчымасьць простага нагляданьня. Фігуры двух званароў (сьляпы і сьлепароджаны), якія чытач знайдзе ў разьдз. VІ, розьніца іх настрояў, сцэна з дзяцьмі, словы Ягора аб снох — усё гэта я занёс у сваю запісную кніжку проста з натуры, на званіцы Сараўскага манастыра, Тамбоўскай епархіі, дзе абодва сьляпыя званары, быць можа, і цяпер яшчэ водзяць тых, хто зьяўляецца, на званіцу. З таго часу гэты эпізод, — як мне здаецца, рашучы ў паказаным пытаньні, — ляжаў на маім суменьні пры кожным новым выданьні майго этюду, і толькі труднасьць брацца ізноў за старую тэму перашкаджала мне ўвясьці яго раней. Цяпер ён склаў самую важную часьць дадаткаў, увайшоўшых у гэтае выданьне. Рэшта зьявілася побач, таму што раз закрануўшы ранейшую тэму, — я ўжо ня мог абмежавацца мэханічнаю ўстаўкаю, і работа ўяўленьня, папаўшага ў ранейшую каляіну, натуральна адбілася і на прылеглых часьцях повесьці.
26 лютага 1898 г.