Сьляпы музыка (1928)/Сьляпы музыка

Прадмова аўтора Сьляпы музыка
Аповесьць
Аўтар: Уладзімір Караленка
1928 год
Арыгінальная назва: Слепой музыкант (1886)
Пераклад: Макар Краўцоў
Іншыя пераклады гэтага твора: Сьляпы музыка (Караленка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗЬДЗЕЛ І.
I.

Дзіцянё нарадзілася ў багатай сям’і паўдзённа-заходняга краю, ў глухую поўнач. Маладая маці ляжала ў глыбокай няпрытомнасьці, але, калі ў пакоі разьлёгся першы крык нованароджанага, ціхі і жаласны, дык яна замітусілася з заплюшчанымі вачыма ў сваёй пасьцелі. Яе губы нешта шапталі, і на зьбялеўшым твары, з мягкімі, ледзь што ня дзіцячымі яшчэ, рысамі, зьявілася міна нецярплівае пакуты, як у расьпешчанага дзіцяці, якое прабуе няпрывычнага гора.

Бабка схіліліся вухам да яе штосьці ціха шаптаўшых губаў.

— Чаго… чаго гэта яно? — пыталася хворая ціхусенька.

Бабка не зразумела пытаньня. Дзіця йзноў закрычала. Па твары ў хворае прабегла адбіцьцё вострага цярпеньня, і з расплюшчаных вачэй сьлізтанула буйная сьляза.

— Чаго, чаго? — паранейшаму ціха шапталі яе губы.

Гэтым разам бабка зразумела пытаньне і спакойна адказала:

— Вы пытаецеся, чаго дзіцянё плача? Гэта заўсёды так бывае, супакойцеся.

Але маці не магла супакоіцца. Яна ўздрыгвалася кожны раз, як толькі крычэла дзіця, і ўсё паўтарала з гнеўнаю нецярплівасьцю:

— Чаго… гэтак… гэтак страшна?

Бабка ня чула ў дзіцячым крыку нічога асаблівага і, бачачы, што маці гаворыць быццам у сумнай няпрытомнасьці і, напэўна, проста броіць, пакінула яе і занялася дзіцянём.

Маладая маці сьціхла, і толькі час ад часу, нейкая цяжкая пакута, што не магла вырвацца наверх рухамі або словамі, выціскала з яе вачэй буйныя сьлёзы. Яны праціскаліся праз густыя брывіцы і ціха сьцякалі па белых, як мармур, шчоках.

Можа быць, што матчына сэрца пачула, што разам з нованароджаным дзіцянём зьявілася на сьвет цёмнае, непраходнае гора, якое навісла над калыскаю, каб ісьці разам з новым жыцьцём аж да самае дамавіны.

Хоць-жа быць можа, што гэта было і сапраўднае броеньне. Як-бы там ні было, — дзіцянё нарадзілася сьляпым.

II.

Спачатку ніхто гэтага не заўважыў. Хлопчык пазіраў тым цьмяным і неазначальным паглядам, якім пазіраюць да пэўнага веку ўсе нованароджаныя дзеці. Дні ішлі за днямі, жыцьцё новага чалавека лічылася ўжо тыднямі. Яго вочы праясьніліся, з іх зьлезла мутная павалочка, зрачок вызначыўся. Але дзіця не пахіляла галавы за сьветлай коскаю, праходзіўшаю ў пакой разам з вясёлым шчабятаньнем птушак і з шорхатам зялёных букаў, якія ківаліся каля самюсеньніх вокнаў у густым вясковым садзе. Маці, пасьпеўшая ачуняць, першая з неспакоем заўважыла дзіўны выраз дзіцячага твару, які заставаўся нярухомым і неяк не-падзіцячаму сур’ёзным.

Маладая жанчына глядзела на людзей, як спалоханая галубка, і пыталася:

— Скажэце-ж мне, чаму гэта ён гэткі?

— Які? — спакойна перапытвалі людзі. — Ён нічым не адрозьніваецца ад іншых дзяцей гэткага веку.

— Пагляньце, як дзіўна шукае ён чагось рукамі…

— Дзіця яшчэ ня можа коордынаваць рухаў рук з бачаным вачыма, — адказаў доктар.

— Чаго-ж ён глядзіць усё ў адным кірунку?.. Ён… ён сьляпы? — вырвалася раптам з матчыных грудзей страшэнная дагадка, і ніхто ня мог яе супакоіць.

Доктар узяў дзіця на рукі, шпарка пахіліў да сьвятла і зірнуў у вочы. Ён крыху зьбянтэжыўся і, сказаўшы некалькі нязначных фразаў, ад’ехаў, дакляраваўшы вярнуцца праз якія два дні.

Маці плакала і трапясталася, як падстрэленая птушка, прыціскаючы дзіця да сваіх грудзей, тымчасам як вочы хлопчыка пазіралі ўсё тым самым нярухомым і строгім паглядам.

Доктар сапраўды вярнуўся дні цераз два, захапіўшы з сабою офтальмаскоп. Ён запаліў сьвечку, прысоўваў і аддаляў яе ад дзіцячага вока, заглядаў у яго і, нарэшце, сказаў з зьбянтэжаным выглядам:

— Нажаль, панечка, вы не памыліліся… Хлопчык сапраўды сьляпы і, пры гэтым, безнадзейна…

Маці выслухала гэтую вестку з спакойнаю тугою.

— Я ведала даўно, — сказала яна ціха.

III.

Дружына, ў якой нарадзіўся сьляпы хлопчык, была невялікая лікам. Апрача названых ужо асобаў, яна складалася яшчэ з бацькі і „дзядзькі Максіма“, як звалі яго ўсе бяз вынятку хатнія і нават чужыя. Бацька быў падобным да тысячы іншых вясковых абшарнікаў паўдзённа-заходняга краю: ён быў дабрадушны, нават мо’ й добры, добра наглядаў за работнікамі і вельмі любіў будаваць і перабудоўваць млыны. Гэты занятак праглынаў ледзь ня ўвесь яго час, і праз гэта голас яго чуўся ў хаце толькі ў вядомыя, азначаныя гадзіны дня, каля палудня, сьнеданьня і іншых падзеяў гэтага роду. У іншых выпадках ён заўсёды вымаўляў нязьменны сказ: „ці здарова ты, мая галубка?“ — пасьля чаго сядаў за стол і ўжо блізка што нічога не казаў, хіба часам даводзіў да ведама што-нібудзь аб дубовых валках і шэсьцернях. Ведама, што яго ціхае і няхітрае істнаваньне мала адбівалася на складзе душы яго сына.

Затое дзядзька Максім быў зусім у іншым родзе. Гадоў за дзесяць да тых, якія тут апісваюцца, падзеяў дзядзька Максім быў вядомы, як самы небясьпечны забіяка ня толькі ў ваколіцах яго двара, але нават у Кіеве „на Кантрактах“[1]. Усе дзівіліся, як гэта ў такой паважнай з усіх бакоў дружыне, якой была дружына пані Папельскай, народжанай Яцэнка, мог выдацца гэткі жахоўны браток. Ніхто ня ведаў, як трэба з ім трымацца і чым яму ўнаравіць. На далікатнасьці паноў ён адказваў востра, а мужыком дараваў сваволю і грубасьці, на якія самы цішэйшы з „шляхцічаў“ абавязкова адказваў-бы аплявухамі. Нарэшце, на вялікую радасьць усіх добра думаўшых людзей, дзядзька Максім за штосьці моцна засердаваў на аўстрыякаў і выехаў у Італію: там ён прылучыўся да гэткага-ж самага забіякі і гэрэтыка — Гарыбальды, які, як з жахам дзейкалі паны-абшарнікі, пабратаўся з чортам і ў грош ня ставіць самога папу. Пэўна-ж, гэткім чынам Максім навекі загубіў сваю неспакойную схізматычную душу, затое „Кантракты“ адбываліся з меншымі скандаламі, і шмат якія шляхетныя матулі кінулі турбавацца аб долі сваіх сыноў.

Аўстрыякі, як відаць, таксама моцна зазлавалі на дзядзьку Максіма. Час ад часу ў Кур’ерку, з давён каханай газэце паноў-абшарнікаў, спаміналася ў рэляцыях яго імя ў ліку адчайных гарыбальдыйскіх таварышоў, аж пакуль аднаго разу з таго самага Кур’ерка паны не даведаліся, што Максім упаў разам з канём на полі бітвы. Разьюшаныя аўстрыякі, даўно ўжо, як відаць, вастрыўшыя зубы на заўзятага валынца (якім ледзь што не адным, як думалася яго земляком, трымаўся яшчэ Гарыбальды), пацялі яго, як капусту.

— Блага скончыў Максім, — сказалі сабе паны і прыпісалі гэта спэцыяльнаму заступніцтву сьв. Пётры за свайго намесьніка. Максіма лічылі памёршым.

Аднак-жа аказалася, што аўстрыяцкія шаблі ня мелі спрыту выгнаць з Максіма яго ўпартую душу, і яна засталася, хаця і ў моцна папсованым целе. Гарыбальдыйскія забіякі вынясьлі свайго дастойнага таварыша з бою, аддалі яго кудысь у шпіталь, і вось, праз некалькі гадоў, Максім неспадзявана зьявіўся ў дом свае сястры, дзе і застаўся.

Цяпер яму было ўжо не да дуэляў. Правую нагу яму зусім адрэзалі, і праз гэта ён хадзіў на кулі, а левая рука была пашкоджана і прыдавалася толькі на тое, каб сяк-так апірацца на кій. Дый наагул ён зрабіўся сур’ёзьнейшы, ўціхаміріўся, і толькі калі ні калі яго востры язык дзеяў так сама спрытна, як некалі шабля. Ён больш ня езьдзіў на „Кантракты“, рэдка зьяўляўся ў кампанію і большую часьць часу праводзіў у сваёй бібліятэцы, чытаючы нейкія кнігі, пра якія ніхто нічога ня ведаў зя выняткам прыпушчэньня, што кнігі зусім бязбожныя. Ён таксама і пісаў нешта, але таму што яго працы ніколі не зьяўляліся ў Кур’ерку, дык ніхто і не прыдаваў ім сур’ёзнага значэньня.

У той час, калі ў вясковай хатцы зьявілася на сьвет і пачала расьці новая істота, ў коратка абстрыжаных валасох дзядзькі Максіма ўжо прабівалася серабрыстая сівізна. Плечы ад заўсёднага падпіраньня куляў падняліся, тулава набрала чатырохкутняй формы. Дзіўная павярхоўнасьць, панура стуленыя бровы, стукат куляў і стаўпы табачнага дыму, якімі ён заўсёды абкружаў сябе, не выпушчаючы з рота люлькі, — ўсё гэта палохала пастароньніх і толькі блізкія да інваліда людзі ведалі, што ў парубаным целе стукаціць гарачае і добрае сэрца, а ў вялікай чатырохкутняй галаве, з густымі цьвёрдымі валасамі, працуе няўпынная думка.

Але нават і блізкія людзі ня ведалі, над якім пытаньнем працавала гэтая думка ў той час. Яны бачылі што дзядзька Максім, абкружаны сінім дымам, праседжвае часамі цэлыя гадзіны нярухома, з атуманеным паглядам і панура стуленымі густымі бровамі. Тымчасам скалечаны ваяка думаў аб тым, што жыцьцё — барацьба, і што ў ім няма месца для інвалідаў. Яму прыходзіла да галавы, што ён назаўсёды выйшаў ужо з радоў і цяпер дарэмна завальвае сабою фурштат; яму здавалася, што ён рыцар, выбіты з сядла жыцьцём і павалены ў пыл. Ці-ж не маладушнасьць — мітусіцца ў пыле, як той раздушаны чарвяк; ці-ж не маладушнасьць — хапацца за стрэмя пераможніка, вымольваючы ў яго нікчэмную рэшту ўласнага істнаваньня?

Пакуль дзядзька Максім з халоднай мужнасьцю разважаў над гэтаю палючаю думкаю, кемячы і параўноўваючы доказы за і проці, перад яго вачыма пачала мільгацець новая істота, якой лёс судзіў зьявіцца на сьвет ужо інвалідам. Спачатку ён не зьвяртаў увагі на сьляпое дзіцянё, але пасьля дзіўная сходнасьць лёсу хлопчыка з яго ўласным зацікавіла дзядзьку Максіма.

— Гм… але, — задумліва сказаў ён аднаго разу, коса пазіраючы на хлапчанё, — гэты малы таксама інвалід. Калі злажыць нас абодвух разам, дык мо’ і выйшаў-бы адзін лядачы чалавечак.

З той пары яго пагляд пачаў спыняцца на дзіцяці ўсё часьцей і часьцей.

IV.

Дзіця нарадзілася сьляпым. Хто вінаваты ў яго няшчасьці? Ніхто! Тут ня толькі ня было і ценю чые-нібудзь „злое волі“, але нават самая прычына няшчасьця схована недзе ў глыбіні таямнічых і складаных працэсаў жыцьця. А тымчасам пры кожным паглядзе на сьляпога хлопчыка матчына сэрца сьціскалася ад вострага болю. Пэўна-ж, яна пакутавала ў гэтым выпадку, як маці, адбіцьцём сынавай хваробы і цёмным прадчуцьцём цяжкое будучыны, якая чакала яе дзіцянё; але, апрача гэтых прадчуцьцёў, у глыбіні сэрца маладой жанчыны шчаміла гэтак сама і сьвядомасьць, што прычына няшчасьця ляжала ў постаці грознае магчымасьці ў тых, хто даў яму жыцьцё… Гэтага было даволі, каб маленечкая істота з прыгожымі, але сьляпымі вачыма зрабілася цэнтрам дружыны, бесьсьвядомым дэспотам, з найменшым капрызам якога лічылася ўсё ў хаце.

Невядома, што з часам выйшла-б з хлопчыка, настроенага да беспрадметнае злосьці сваім няшчасьцем і ў якім усё, што было вакол яго, імкнулася разьвіць эгоізм, калі-б дзіўны лёс і аўстрыяцкія шаблі ня змусілі дзядзькі Максіма пасяліцца ў вёсцы, ў дружыне сястры.

Прысутнасць у хаце сьляпога хлопчыка паступова і неадчувальна дала дзеяльнай думцы скалечанага ваякі іншы кірунак. Ён усё таксама праседжваў цэлыя гадзіны, дымячы люлькаю, але ў вачох замест глыбокага і тупога болю, відаць было цяпер задумлівы выраз зацікаўленага нагледача. І чым больш прыглядаўся дзядзька Максім, тым часьцей хмарыліся яго густыя бровы, і ён усё мацней соп сваёю люлькаю. Нарэшце, аднаго разу ён рашыў умяшацца:

— Гэты малы, — сказаў ён, пушчаючы калясцо за калясцом, — будзе шмат яшчэ няшчасьнейшы за мяне. Лепей было-б яму і не радзіцца.

Маладая жанчына нізка схіліла галаву, і сьляза ўпала на яе работу.

— Жорстка напамінаць мне пра гэта, Макс, — сказала яна ціха, — напамінаць бяз мэты…

— Я кажу толькі праўду, — адказаў Максім. — У мяне няма нагі і рукі, але ёсьць вочы. У малога няма вачэй, з часам ня будзе ні рук, ні ног, ні волі…

— Чаму-ж?

— Зразумей мяне, Ганна, — сказаў Максім мягчэй. — Я не пачаў-бы дарэмна казаць табе жорсткія рэчы. У хлопчыка тонкая нэрвовая арганізацыя. У яго, пакуль што, ёсьць усе шансы разьвінуць рэшту сваіх здольнасьцяў да гэткае ступені, каб хоць часткаю ўзнагародзіць яго сьлепату. Але для гэтага патрэбна практыкаваньне, а практыкаваньне выклікаецца толькі неабходнасьцю. Дурны клопат, які ўхіляе ад яго неабходнасьць натугаў, забівае ў ім усе шансы на больш поўнае жыцьцё.

Маці была разумнаю і праз гэта патрапіла перамагчы ў сабе непасрэднае пабуджэньне, змушаўшае яе кідацца кумельганам пры кожным жаласным крыку дзіцяці. Пачакаўшы некалькі месяцаў пасьля гэтае размовы, хлопчык вольна і шпарка поўзаў па пакоях, настаўляючы вуха насустрэчу кожнаму гуку і, з якоюсь нязвычайнаю ў іншых дзецях жвавасьцю, абмацваў кожную рэч, якая траплялася ў рукі.

V.

Маці ён хутка навучыўся пазнаваць па хадзе, па шорхаце адзежы, па яшчэ нейкіх, яму аднаму даступных, няўлоўленых іншымі азнаках: колькі-б ні было ў пакоі людзей, як-бы яны ні перасоўваліся, ён заўсёды скіроўваўся без памылкі ў той бок, дзе яна сядзела. Калі яна неспадзявана брала яго на рукі, дык ён усё-ж адразу пазнаваў, што сядзіць у маці. А калі яго бралі іншыя, дык ён борзьдзенька пачынаў абмацаваць сваімі ручкамі твар таго, які ўзяў яго, чалавека, і таксама хутка пазнаваў няньку, дзядзьку Максіма, бацьку. Але калі ён трапляў да чалавека незнаёмага, дык тады рухі маленечкіх рук рабіліся маруднейшымі: хлопчык асьцярожна і ўважна праводзіў імі па незнаёмым твары, і яго рысы выказвалі напружаную ўвагу; ён як быццам „утарапляўся“ кончыкамі сваіх пальцаў.

Па натуры ён быў вельмі жывым і рухлівым дзіцянём, але месяцы ішлі за месяцамі, і сьлепата ўсё болей накладала свой адбітак на хлопчыкаў тэмпэрамэнт, які пачынаў азначвацца. Рухлівасьць рухаў пакрысе гублялася; ён пачаў залазіць у ціхія куточкі і сядзеў там цэлымі гадзінамі ціха, з застыўшымі рысамі твару, як быццам да нечага прыслухваючыся. Калі ў пакоі бывала ціха, і зьмена рознародных гукаў не разрывала ўвагі, дык здавалася, што дзіця думала аб нечым з недаўменным і зьдзіўленым выразам на прыгожым і не-падзіцячаму сур’ёзным твары.

Дзядзька Максім згадаў: тонкая і багатая хлопчыкава нэрвовая арганізацыя брала сваё і ўспрыймальнасьцю да адчуцьцяў вошчупу і слыху як быццам імкнулася збудаваць да вядомае ступені паўнату сваіх успрыйманьняў. Усіх зьдзіўляла не абы якая тонкасьць яго вошчупу. Часамі нават здавалася, што ён ня чужы для адчуцьця колераў; калі яму траплялі ў рукі ясна нафарбованыя лапеньні, дык ён даўжэй спыняў на іх свае тонкія пальцы, і па твары яго праходзіў выраз дзіўнае ўвагі. Аднак-жа, з часам пачало выясьняцца ўсё больш і больш, што разьвіцьцё ўспрыймальнасьці ідзе, галоўным чынам, у бок слыху.

Хутка ён дасканальна вывучыў пакоі па іхніх гуках: адрозьніваў хаду хатніх, скрыпеньне крэсла пад інвалідам дзядзькаю, сухое разьмеранае шорханьне ніткі ў матчыных руках, роўнае ціканьне сьценнага гадзіньніка. Інады, поўзаючы каля сьцяны, ён моцна прыслухваўся да лёгкага, нячутнага для іншых, шорхату і, падняўшы руку, выцягваў яе за бегаўшаю па абоях мухаю. Калі спалоханая яна зьнімалася з месца і адлятала, дык на твары сьляпога зьяўляўся выраз балючай недаўменнасьці. Ён ня мог даць сабе справаздачы з таямнічага зьніканьня мухі. Але ў далейшым і ў гэткіх выпадках твар яго захоўваў выраз асьведамленае ўвагі; ён пахіляў галаву ў той бок, куды адлятала муха, — вымуштраванае вуха ўмела ўлавіць, як у паветры тонка зьвінелі яе крыльля.

Сьвет, што навокал зіхацеў, рухаўся і зьвінеў, у маленькую галоўку сьляпога праходзіў галоўным чынам у форме гукаў, і ў гэтыя формы адліваліся яго прадстаўленьні. На твары застывала асаблівая ўвага да гукаў: ніжняя сківіца крыху выцягвалася наперад на тонкай і падаўжэўшай шыі. Бровы набывалі асаблівае рухлівасьці, а прыгожыя, але нярухомыя вочы прыдавалі твару сьляпога нейкі строгі і разам за сэрца хапаўшы адбітак.

VI.

Трэцяя зіма яго жыцьця падходзіла да канца. На дварэ ўжо тануў сьнег, зьвінелі вясьняныя раўчакі і, разам з тым, здароўе хлопчыка, які зімою ўсё пахворваў і праз гэта ўсю яе правёў у пакоях, ня выходзячы на паветра, пачало папраўляцца.

Вынялі другія рамы, і вясна ўляцела ў пакой з дубальтоваю сілай. У залітыя сьвятлом вокны глядзела сьмехавітае вясьнянае сонца, гойдаліся яшчэ голыя галіны букаў, удальку чарнеліся нівы, па якіх дзе-ня-дзе ляжалі плямы тануўшага сьнегу, а дзе-ня-дзе прабівалася ледзь заметным зяленівам маладая травіца. Усім дыхалася вальней і лепей, на ўсіх вясна адбівалася прылівам абноўленай і сьвежай жыцьцёвай сілы.

Для сьляпога хлопчыка яна ўлятала ў пакой толькі сваім пасьпешным шумам. Ён чуў, як бягуць раўчакі вясьнянае вады, быццам гонячы адзін аднаго, дзыгаючы па каменьнях, прарэзваючыся ў глыбіню разьмягчэўшае зямлі; галіны букоў вялі шэпты за вокнамі, стукаючыся і звонячы лёгкімі ўдарамі па вокнах. А шустрая вясьняная капель ад зьвісаўшых з страхі ледзяных цукерачак, прыхопленых ранешнім марозам і цяпер разагрэтых сонцам, стукала тысячаю звонкіх удараў. Гэтыя гукі падалі ў пакой, падобна да ясных і гучных каменьчыкаў, шпарка адбіваўшых пераліўчатую дроб. Часамі праз гэтую звонкасьць і шум крыкі жураўлёў плыўка праляталі з далёкай вышыні і паступова сьціхалі, быццам ціха растапляючыся ў паветры.

На хлопчыкавым твары гэтая рухлівасьць прыроды сказвалася хваробнаю недаўменнасьцю. Ён з натугаю стуляў свае бровы, выцягваў шыю, прыслухваўся і затым, раптам выцягваў рукі шукаючы маці, і бег да яе, моцна прыціскаючыся да яе грудзей.

— Што гэта з ім? — пыталася сама ў сябе і ў іншых маці.

Дзядзька Максім уважна ўтарапляўся ў хлопчыкаў твар і ня мог вытлумачыць яго незразумелае трывогі.

— Ён… ня можа зразумець, — дагадвалася маці, ловячы на сынавым твары выраз хваробнае недаўменнасьці і пытаньня.

Сапраўды дзіцянё было ўстрывожанае і неспакойнае: яно то лавіла новыя гукі, то дзівілася таму, што ранейшыя, да якіх яно ўжо пачало прывыкаць, раптам сьціхалі і недзе губляліся.

VII.

Хаос вясьнянага няладу ўціхамірыўся. Пад гарачымі сонцавымі косамі праца прыроды ўваходзіла ўсё болей і болей у сваю каляіну, жыцьцё як быццам напружвалася, яго паступальны ход рабіўся больш рашучым, быццам бег цягніка, які ўжо разыйшоўся. На сенажацях зазелянела маладая травіца, ў паветры лётаў пах бярозавых почак.

Хлопчыка рашылі вывясьці ў поле, на бераг бліжэйшае рэкі.

Маці вяла яго за руку. Побач на сваіх кулях ішоў дзядзька Максім, і ўсе яны скіроўваліся да берагавога ўзгорка, які даволі ўжо высушыла сонца і вецер. Ён зелянеў густым мурагом, і з яго адкрываўся від на далёкі прастор.

Ясны дзень ударыў па вачох маці і Максіма. Сонцавы косы грэлі іхнія твары, вясьняны вецер, як быццам махаючы нябачанымі крыльлямі, зганяў гэтую цяплыню, замяняючы яе сьвежаю прахалодаю. У паветры лятала штосьці, што п’яніла да роскашы, да змогі.

Маці пачула, што ў яе руцэ моцна сьціснулася маленечная ручка дзіцяці, але ап’яняўшы павеў вясны зрабіў яе менш чулаю да гэтае праявы дзіцячае трывогі. Яна дыхала поўнымі грудзьмі і ішла наперад, не адварочваючыся: калі-б яна зрабіла гэта, дык убачыла-б дзіўны выраз на хлопчыкавым твары. Ён павяртаў расплюшчаныя вочы да сонца з нямым зьдзіўленьнем. Губы яго разявіліся: ён убіраў у сябе паветра шпаркімі глыткамі, быццам рыба, якую выцягнулі з вады, выраз хваробнае ўцехі прабіваўся час-ад-часу на бязрадна-зьбянтэжаным тварыку, прабягаў па ім нейкімі нэрвовымі ўдарамі, асьвятляючы яго на міг, і зараз-жа зьмяняўся ізноў выразам зьдзіўленьня, якое даходзіла да перапуду і недаўменнага пытаньня. Толькі адныя вочы пазіралі ўсё адным і тым-жа роўным і нярухомым сьляпым паглядам.

Дайшоўшы да ўзгорка, яны селі на ім усе ўтраіх. Калі маці падняла крыху хлопчыка ад зямлі, каб пасадзіць яго выгадней, дык ён ізноў дрыжучы ўшчыперыўся за яе вопратку: здавалася — ён баяўся, што ўпадзе кудысьці, як быццам ня чуючы пад сабою зямлі. Але маці і гэтым разам не заўважыла трывожнага руху, таму што яе вочы і ўвага былі прыкуты да чудоўнага вясьнянага малюнку.

Быў поўдзень. Сонца ціха кацілася па сінім небе. З узгорка, на якім яны сядзелі, відаць было шырокую разьлітую раку. Яна пранясла ўжо свае крыгі, і толькі час-ад-часу на яе паверхні плылі і растапляліся дзе-ня-дзе апошнія з іх, выдзяляючыся белымі плямачкамі. На заліўных сенажацях стаяла вада шырокімі ліманамі; белыя вобалачкі адбіваліся ў іх разам з перакуленым лазурным каўпаком неба, ціха плылі ў глыбіні і зьнікалі, як быццам і яны растапляліся, як тыя крыгі. Часамі прабягалі ад ветру лёгенечкія хвалячкі, бліскаючы на сонцы. Далей за ракою чарнелі разапрэўшыя нівы і парылі, засьцілаючы лятучаю, хістальнаю імгліцаю і дальнія хацінкі, крытыя саломаю, і ледзь зарысованую сінію палоску лесу. Зямля як быццам уздыхала і штосьці паднімалася ад яе да неба, як стаўпы ахвярнага фіміаму.

Прырода раскінулася навокал, быццам вялікая царква, прырыхтованая да сьвята. Але для сьляпога гэта была толькі неахопная цемра, якая ня так, як заўсёды, хвалявала навокал, варушылася, грукацела і зьвінела, выцягваючыся да яго, дакранаючыся да яго душы з усіх бакоў нязьведанымі яшчэ, нязвычайнымі ўражаньнямі, ад наплыву якіх хваробна стукацела дзіцячае сэрца.

З першых-жа шагоў, калі коскі цёплага дня ўдарылі яму ў твар, сагрэлі далікатненькую скуру, ён інстынктыўна павяртаў да сонца свае сьляпыя вочы, як быццам адчуваючы, як да яго цэнтру цягнецца ўсё, што яго абкружала. Для яго ня было ні гэтае празрыстае далі, ні лазурнага нябеснага каўпака, ні шырока рассунутага гарызонту. Ён адчуваў толькі, як штосьці матар’яльнае, лашчыўшае і цёплае чапляецца да яго твару далікатным, сагравальным дакраненьнем. Пасьля хтосьці халаднаваты і лёгкі, хоць і менш лёгкі, як цяплыня сонечных косаў, зьнімае з яго твару гэтую далікатнасьць і прабягае па ім адчуцьцём сьвежай прахалоды. У пакоях хлопчык прывык рухацца вольна, чуючы вакол сябе пустату. А тут яго ахапілі нейкія дзіўна зьменныя хвалі, то далікатна лашчыўшыя, то казытаўшыя і ап’яняўшыя. Цёплыя дакраненьні сонца шпарка абмахваў хтосьці, і струя ветру, звонячы ў вушы, ахапляючы твар, віскі, галаву да самай патыліцы, цягнулася вакол, як быццам стараючыся падхапіць хлопчыка, ўцягнуць яго кудысьці ў прастор, якога ён ня мог бачыць, забіраючы сьвядомасьць, навяваючы забыўчывую змогу. Тады вось хлопчыкава рука мацней сьціскала матчыну руку, а яго сэрца замірала і, здавалася, што вось-вось зусім пакіне стукацець.

Калі яго пасадзілі, дык ён як быццам крыху супакоіўся. Цяпер, ня гледзячы на дзіўнае адчуцьцё, перапоўніўшае ўсю яго істоту, ён усё-ж такі пачаў быў адрозьніваць паасобныя гукі. Цёмчыя ласкавыя хвалі ляцелі паранейшаму няўпынна, і яму здавалася, што яны залазяць у нутро яго цела, бо ўдары яго раскалыханай крыві паднімаліся і асядалі разам з ударамі гэтых хваляў. Але цяпер яны прыносілі з сабою то ясную трэль жаваранка, то ціхі шорхат распусьціўшайся бярозкі, то ледзь чутныя плёхканьні ракі. Ластавачка сьвістала лёгкім крылом, выпісваючы недалёчка дзівосныя кругі, зьвінелі мошкі, і над усім гэтым пралятаў часам працяжны і тужлівы вокрык ратая на раўніне, паганяўшага валоў над разгорванаю палоскаю.

Але хлопчык ня мог схапіць гэтых гукаў цалком, ня мог злучыць іх, разьмеркаваць у пэрспэктыву. Яны як быццам падалі, залазячы ў цёмную галоўку, адзін за адным, то ціхія, няясныя, то гучныя, ясныя, аглушаўшыя. Час ад часу яны тоўпіліся адначасна, няпрыемна зьмешваючыся ў незразумелую дысгармонію. А вецер з поля усё сьвістаў у вушы, і хлопчыку здавалася, што хвалі бягуць быстрэй і іхні грукат засьцілае ўсе іншыя гукі, якія пруцца цяпер аднекуль з іншага сьвету, быццам успамін пра ўчарашні дзень. І па меры таго як гукі цьмянелі, у хлопчыкавы грудзі ўлівалася адчуваньне нейкае казытаўшае змогі. Твар зацягваўся рытмічна праходзіўшымі па ім пералівамі; вочы то заплюшчаліся, то расплюшчаліся ізноў, бровы трывожна варушыліся, і ўва ўсіх рысах прабівалася пытаньне, цяжкая натуга мысьлі і ўяўленьня. Не замацованая яшчэ і перапоўненая новымі адчуваньнямі сьвядомасьць пачынала ўтамляцца: яна яшчэ баролася з наляцеўшымі з усіх бакоў уражаньнямі, хочучы ўстаяць сярод іх, зьліць іх у адно цэлае і гэткім чынам заўладаць імі, перамагчы іх. Але задача была не па сіле цёмнаму мозгу дзіцяці, якому не хапала для гэтае працы таго, што даюць вочы.

І гукі ляцелі і падалі адзін за адным, усё яшчэ вельмі пярэстыя, вельмі звонкія… Ахапіўшыя хлопчыка хвалі ўздымаліся ўсё напружаньней, налятаючы з тае, што была навокал, зьвінеўшае і грукацеўшае цемры і адыходзячы ў гэту-ж самую цемру, зьмяняючыся новымі хвалямі, новымі гукамі… шпарчэй, вышэй, балючэй паднімалі яны яго, закалыхвалі, люлялі… Яшчэ раз праляцела над гэтым цьмянеўшым хаосам доўгая і сумная нота чалавечага вокрыку, і затым усё адразу сьціхла.

Хлопчык ціха застагнаў і паваліўся назад на траву. Маці шпарка пахілілася да яго і таксама крыкнула: ён ляжаў на траве, зьбялеўшы, ў глыбокім абамленьні.

VIII.

Дзядзька Максім быў вельмі стрывожаны гэтым выпадкам. Ад нейкага часу ён пачаў выпісваць кнігі па фізыялёгіі, псыхолёгіі і пэдагогіцы, і з звычайнаю сваею энэргіяю заняўся вывучэньнем усяго, што дае навука ў сэнсе таямнічага росту і разьвіцьця дзіцячае душы.

Гэтая работа зацягвала яго ўсё болей і болей, і дзеля гэтага цёмныя думкі аб няздольнасьці да жыцьцёвае барацьбы, „аб чарвяку, што поўзае ў пыле“ і аб „фурштаце“, даўно ўжо незаметна выкіпелі з квадратнае галавы вэтэрана. На іх месцы запанавала ў гэтай галаве ўдумчывая ўвага, а часамі на’т і рожавыя лятуценьні грэлі старэўшае сэрца. Дзядзька Максім усё больш і больш пераконваўся, што прырода, адмовіўшая хлопчыку ў вачох, не пакрыўдзіла яго ў іншым сэнсе; гэта была істота, якая адклікалася на даступныя для яе вонкавыя ўражаньні з нязвычайнаю паўнатою і сілаю. І дзядзьку Максіму здавалася, што ён прызваны да таго, каб разьвіць закладзеныя ў хлопчыку задаткі, каб натугай свайго розуму і свайго ўплыву ўраўнаважыць несправядлівасьць сьляпога лёсу, каб замест сябе паставіць у рады ваякоў за справу жыцьця новага рэкрута, на якога, без яго ўплыву, ніхто ня мог-бы разьлічваць.

„Хто ведае, — думаў стары гарыбальдыец, — гэта-ж бароцца можна ня толькі дзідаю ды шабляю. Быць можа, што несправядліва скрыўджаны лёсам падніме з часам даступную для яго зброю ў абарону іншых, абяздоленых жыцьцём, і тады я не дарма пражыву на сьвеце, пакалечаны стары салдат“…

Нават вольным філёзофам саракавых і пяцьдзесятых гадоў ня была чужою забабонная думка аб „таямнічых праднакрэсьленьнях“ прыроды. Дык праз гэта, і ня дзіва, што па меры разьвіцьця дзіцяці, выказваўшага нятузінныя здольнасці, дзядзька Максім умацаваўся аканчальна ў перакананьні, што і самая сьлепата ёсьць толькі аднэю з праяваў гэтых „таямнічых праднакрэсьленьняў“. „Абяздолены за пакрыўджаных“ — вось дэвіз, які ён выставіў загадзя на баявым штандары свайго гадунца.

IХ.

Пасьля першага вясьнянага спацыру хлопчык праляжаў некалькі дзень броячы. Ён то ляжаў нярухома і ціха ў сваёй пасьцелі, то мармытаў нешта і да нечага прыслухваўся. І праз увесь гэты час з яго твару ня сходзіў характарны выраз недаўмеласьці.

— Вось-жа ён пазірае так, як быццам стараецца зразумець нешта і ня можа, — казала маладая маці.

Максім задумваўся і махаў галавою. Ён зразумеў, што дзіўная хлопчыкава трывога і раптоўнае самленьне тлумачылася веліччу ўражаньняў, якім не магла даць рады сьвядомасьць, і пастанавіў дапушчаць да хлопчыка, які стаў папраўляцца, гэтыя ўражаньні паступова, як той казаў, разьдзеленымі на складаныя часьці. У пакоі, дзе ляжаў хворы, вокны былі шчыльна завешанымі. Пасьля, разам з выздараўленьнем, іх адсланялі на нейкі час, затым яго вадзілі па пакоях, выводзілі на ганак, на падворак, у сад. І кожны раз, як на твары ў сьляпога зьяўляўся трывожны выраз, маці тлумачыла яму зьдзіўляўшыя яго гукі.

— Ражок пастуха чуваць за лесам, — казала яна. — А гэта з-за шчабятаньня стады вераб’ёў чуваць голас малінаўкі. Бусел клякоча на сваім коле. Ён прыляцеў гэтымі днямі з далёкіх краёў і будуе гняздо на старым месцы.

І хлопчык павяртаў да яе свой твар, які сьвяціўся падзякаю, браў яе за руку і махаў галавою, слухаючы далей з сур’ёзнаю і асьведамленаю ўвагаю.

X.

Ён пачынаў распытваць пра ўсё, што прыцягвала яго ўвагу, і маці ці, яшчэ часьцей, дзядзька Максім расказвалі яму аб розных рэчах і істотах, выдаваўшых тыя ці іншыя гукі. Матчыны расказы, больш жывыя і ясныя, рабілі на хлопчыка большае ўражаньне, але часамі гэтае ўражаньне бывала вельмі балючае. Маладая жанчына, пакутуючы сама, з разжаленым тварам, з вачыма, пазіраўшымі з бясьсільнаю скаргаю і болем, старалася даць свайму дзіцяці разуменьне аб формах і колерах. Хлопчык напружваў увагу, стуляў бровы, на лобе ў яго зьяўляліся нават лёгкія зморшчкі. Як відаць, дзіцячая галоўка працавала над непасільнаю задачаю, цёмнае ўяўленьне бічкавалася, імкнучыся стварыць з пасрэдных даных новае прадстаўленьне, але з гэтага нічога ня выходзіла. Дзядзька Максім заўсёды нездаволена злаваў у гэткіх выпадках, і, калі на матчыных вачох зьяўляліся сьлёзы, а хлопчыкаў твар бялеў ад сконцэнтрованых натугаў, дык тады Максім умешваўся ў размову, адхіляў сястру ды пачынаў свае расказы, ў якіх, па магчымасьці, ўжываў толькі момэнты гукаў і прастораў. Твар у сьляпога рабіўся спакайнейшым.

— Ну, а які ён? вялікі? — пытаўся ён пра бусла, адбіваўшага на стоўпе гультайскі барабанны гук.

І пры гэтым хлопчык рассоўваў рукі. Ён рабіў гэта звычайна пры падобных пытаньнях, а дзядзька Максім казаў яму, калі трэ’ было затрымацца. Цяпер ён зусім расставіў свае маленечкія ручкі, але дзядзька Максім сказаў:

— Не, ён яшчэ куды большы. Калі-б яго прывясьці ў пакой і паставіць на падлозе, дык галава яго была-б вышэй, як усё крэсла.

— Вялікі… — задумліва сказаў хлопчык. — А малінаўка — вось! — і ён чутачку расставіў стуленыя разам далоні.

— Але, малінаўка гэткая… Затое вялікія птушкі ніколі не пяюць гэтак добра, як маленечкія. Малінаўка стараецца, каб усім было прыемна яе слухаць. А бусел — сур’ёзная птушка, стаіць сабе на аднэй назе ў гнязьдзе, азіраецца навакола, быццам злы гаспадар на работнікаў, і гучна гурчыць, бяз клопату аб тым, што голас у яго сіплівы, і яго могуць чуць пастароньнія.

Хлопчык сьмяяўся, слухаючы гэтыя апісаньні, і запамінаў на нейкі час пра свае цяжкія спробы зразумець матчыны расказы. Але ўсё-ж гэтыя расказы прыцягвалі яго мацней, і ён лічыў за лепшае зьвяртацца з распытваньнямі да яе, а не да дзядзькі Максіма.



РАЗЬДЗЕЛ ІI.
I.

Цёмная галоўка дзіцяці багацела на новыя разуменьні; праз моцна навостраны слух ён залазіў усё далей і далей у тую, якая была навокал, прыроду. Над ім і вакол яго, як і раней, стаяла глыбокая, непраглядная цемра; цемра гэтая павісла над яго мозгам цяжкаю хмараю і, хоць яна лягла над ім ад дня нараджэньня, хоць, як відаць, хлопчык мусіў прывыкнуць да свайго няшчасьця, аднак-жа дзіцячая прырода паводле нейкага інстынкту бесьперастанку старалася вызваліцца ад цёмнае заслоны. Гэтыя, не пакідаўшыя дзіцяці ні на мінуту, бессьвядомныя парывы да незнаёмага яму сьвету адпячатваліся на яго твары ўсё глыбей ды глыбей выразам няясняе пакутніцкае натугі.

Ня гледзячы на ўсё, былі і для яго мінуты яснага задаволеньня, яркіх дзіцячых уцехаў, і гэта здаралася тады, калі даступныя для яго вонкавыя ўражаньні давалі яму новае моцнае адчуваньне, знаёмілі з новымі зьявамі нябачанага сьвету. Вялікая й магутная прырода ня была для сьляпога зусім закрытаю. Гэтак, аднойчы, калі яго завялі на высокую прываль, над рэкаю, дык ён з асаблівым выразам прыслухваўся да ціхага плюсканьня ракі далёка пад нагамі і з заціханьнем сэрца хапаўся за матчыную вопратку, слухаючы, як каціліся ўніз выскакваўшыя з-пад нагі ў яго каменьні. З гэтага часу ён рысаваў сабе глыбіню, як ціхую жальбу вады ўнізе прывалі, або як перапуджаны шорхат падаўшых уніз каменьчыкаў.

Далечыня гучэла ў яго вушох ціха заміраўшаю песьняю; калі-ж па небе гучна каціўся вясьняны гром, запаўняючы сабою прастор і з злым грукатам губляючыся за хмарамі, дык сьляпы хлопчык прыслухваўся да гэтага грукату з богабойным перапудам, і сэрца яго расшыралася, а ў галоўцы паўставаў вялічавы абраз прастору паднябесных вышыняў.

Гэткім чынам, гукі былі для яго галоўным непасрэдным выразам вонкавага сьвету; рэшта ўражаньняў служыла толькі дапаўненьнем да слухавых уражаньняў, у якія адліваліся яго прадстаўленьні, як у формы.

Часамі, ў гарачы поўдзень, калі навакола ўсё сьціхала, калі заціхаў чалавечы рух і ў прыродзе ўстанаўлялася тая асаблівая цішыня, над якою адчуваецца толькі неперарыўны, бясшумны бег жыцьцёвае сілы, дык на твары сьляпога хлопчыка зьяўляўся характарны выгляд. Здавалася, што пад уплывам вонкавае цішыні ў глыбіні яго душы паднімаліся нейкія аднаму яму даступныя гукі, да якіх ён як быццам прыслухваўся з напружанаю ўвагаю. Можна было падумаць, гледзячы на яго ў гэткія мінуты, што няясная, якая зароджваецца, дума пачынае зьвінець у яго сэрцы, як няясная мэлёдыя песьні.

II.

Яму йшоў ужо пяты год. Ён быў тонкі і слабы, але хадзіў і нават бегаў вольна па ўсім доме. Хто глядзеў на яго, як ён упэўненна выступаў у пакоях, скіроўваючыся якраз вось там, дзе трэба, і вольна шукаючы патрэбных яму рэчаў, той мог-бы падумаць, калі гэта быў-бы незнаёмы чалавек, што перад ім не сьляпы, а толькі дзіўна задуманы хлопчык з задумлівымі і пазіраўшымі ў неазначальную далечыню вачыма. Але ўжо па падворку ён хадзіў з большаю труднасьцю, пастукваючы перад сабою палкаю. А калі ў руках у яго ня было палкі, дык ён лічыў за лепшае поўзаць па зямлі шпарка абмацваючы рукамі тыя, якія сустрачаліся па дарозе, рэчы.

III

Быў ціхі летні вечар. Дзядзька Максім сядзеў у садку. Бацька, па звычаю, замарудзіў недзе ў далёкім полі. На дварэ і навокал было ціха; сяло засынала, ў пакоі для слугаў таксама сьціхла гутарка работнікаў і служанак. Хлопчыка ўжо з поўгадзіны, як паклалі ў пасьцель.

Ён ляжаў, напалову задрамаўшы. З некаторага часу ў яго з гэтаю ціхаю гадзінаю пачаў зьвязвацца дзіўны ўспамін. Ён, пэўна-ж, ня бачыў, як цямнела сіняе неба, як чорныя вяршочкі дрэваў гойдаліся, рысуючыся на зорнай лазуры, як задумваліся кудлатыя стрэхі стаяўшых навокала падворку будынкаў, як сіняя імгла разьлівалася па зямлі разам з тонкім золатам месячнага і зорнага сьвятла. Але вось ужо некалькі дзён ён засынаў пад нейкім асаблівым, чаравальным уражаньнем, аб якім на другі дзень ня мог даць сабе справаздачы.

Калі драманьне ўсё гусьцей засьцілала яго сьвядомасьць, калі няяснае шарахценьне букоў зусім сьціхала, і ён пераставаў ужо разрозьніваць і далёкі брэх вясковых сабак, і шчабятаньне салаўя за ракою, і мэлянхолічнае пазвоньваньне звончыкаў, падвязваных да жарабяці, што пасьвілася на лузе, — калі ўсе паасобныя гукі стушоўваліся і губляліся, дык яму пачынала здавацца, што ўсе яны, зьліўшыся ў адну стройную гармонію, ціха ўлятаюць у вакно і доўга круцяцца над яго пасьцеляй, навяваючы неазначальныя, але на-дзіва прыемныя мары. Назаўтра ён уставаў разлагоднены і зьвяртаўся да маці з жывым пытаньнем:

— Што гэта было… ўчора? Што гэта такое?

Маці ня ведала, ў чым справа, і думала, што дзіця трывожаць сны. Яна сама клала яго на пасьцель, рупліва жагнала і адыходзіла, калі яно пачынала драмаць, не заўважаючы пры гэтым нічога асаблівага. Але на другі дзень хлопчык ізноў казаў ёй аб нечым, што прыемна трывожыла яго з вечара.

— Гэтак добра, мама, гэтак добра! Што гэта такое?

У гэты вечар яна пастанавіла застацца каля дзіцячай пасьцелі даўжэй, каб разьясніць сабе дзіўную загадку. Яна сядзела на крэсьле, побач з яго ложачкам, машынальна перабіраючы петлі вязаньня і прыслухваючыся да роўнага дыханьня свайго Пятруся. Здавалася, што ён зусім ужо заснуў, як раптам у цемры пачуўся яго ціхі голас:

— Мама, вы тут?

— Але, але, мой хлопчык…

— Адыйдзеце, калі ласка, яно баіцца вас і да гэтага часу яго няма. Я ўжо зусім быў заснуў, а гэтага ўсё няма…

Зьдзіўленая маці з нейкім дзіўным пачуцьцём слухала гэты паўсонны, жаласны шэпт… Дзіця казала аб сваіх сонных марах з гэткаю пэўнасьцяй, як быццам гэта штосьці рэальнае. Як-ні-як, а маці ўстала, нахілілася да хлопчыка, каб пацалаваць яго, і ціха выйшла, пастанавіўшы ціхачом падыйсьці да адчыненага вакна з боку саду.

Не пасьпела яна зрабіць свайго абходу, як загадка разьясьнілася. Яна пачула раптам пераліўчатыя тоны жалейкі, якія ляцелі з стайні, зьмешваючыся з шорхатам паўднёвага вечара. Яна адразу, зразумела, што якраз гэтыя няхітрыя пералівы простае мэлёдыі, ў адзін час з фантастычнаю парою драманьня, гэтак прыемна настройвалі хлопчыкавы ўспаміны.

Яна сама спынілася, з мінуту пастаяла, прыслухваючыся да мілых-мілых напеваў украінскае песьні, і, зусім супакоеная, адыйшла ў цемную алею саду да дзядзькі Максіма.

— Добра грае Іохім, — падумала яна. Дзіўна, колькі тонкага пачуцьця ў гэтым грубаватым на від „хлопе“.


IV.

А Іохім сапраўды іграў добра. Яму не рабіла труднасьці нават і хітрая скрыпка, і быў час, калі ў карчме, нядзелямі, ніхто лепей ня мог зайграць „казака“ або вясёлага польскага „кракавяка“. Калі, бывала, ён, сеўшы на лаўцы ў кутку, моцна прыціснуўшы скрыпку голеным падбародкам і парызыканску схіліўшы высокую смушковую шапку на патыліцу, ўдараў крывым смыком па пруткіх струнах, тады рэдка хто ў карчме мог усядзець на месцы. Нават і стары аднавокі жыд, які ўтараваў Іохіму на басэтлі, натхняўся да апошняе ступені. Яго няспрытны „струмант“, здавалася, аж трашчаў ад натугаў, каб пасьпець сваімі цяжкімі басовымі нотамі за лёгкімі, пявучымі і скакаўшымі тонамі Іохімавае скрыпкі, а сам стары Янкель, высока падрыгваючы плячыма, круціў лысаю галавою ў ярмолцы і ўвесь паддзыгаў у тахту шалапутлівай і бойкай мэлёдыі. А што-ж казаць пра хрышчоны народ, у якога ногі з даўных давён збудованы такім чынам, што пры першых гуках вясёлага скакавога напеву самі пачынаюць падгінацца і тупацець.

Але з таго часу, як Іохіму палюбілася Мар’я, дворная дзеўка суседняга пана, дык ён штосьці ня зьлюбіў вясёлае скрыпкі. Праўда, што скрыпка не памагла яму перамагчы сэрца вострае дзеўкі, Мар’я выбрала сабе бязвусую нямецкую фізіяномію панскага камэрдынэра замест вусатае „пыкі“ хахла-музыканта. З таго часу яго скрыпкі ня чулі болей у карчме і на вечарніцах. Ён павесіў яе на калочку ў стайні і не зьвяртаў увагі на тое, што ад вільгаці і яго нядбайнасьці на мілым раней інструманце так і ведай адна за аднэю рваліся струны. А яны рваліся з гэткім гучным і жаласным зьвіненьнем, што нават і коні спачувальна іржалі і дзівячыся пакручвалі галовы да раззлаванага Іохіма.

На месца скрыпкі Іохім купіў у вандроўнага карпацкага горца дзеравянную дудку. Ён, як відаць, думаў, што яе ціхія, браўшыя за сэрца, пералівы болей адказваюць яго горкаму лёсу, лепей выкажуць тугу яго адкіненага сэрца. Аднак-жа, горская дудка ашукала яго чаканьні. Ён перабраў іх каля дзесятка, прабаваў на ўсе лады, абрэзваў, мачыў у вадзе і сушыў на сонцы, вешаў на тонкай дратве пад страхою, каб яе абдула ветрам, але нішто не памагала: горская дудка ня слухала хахлацкага сэрца. Яна сьвістала там, дзе трэ’ было пяяць, пішчала тады, калі ён чакаў ад яе томнага дрыжаньня, і наагул ніяк не паддавалася яго настрою. Нарэшце ён зазлаваў на ўсіх бадзякаў-горцаў, пераканаўшыся аканчальна, што ніводзін з іх ня можа зрабіць добрае дудкі, і пасьля пастанавіў зрабіць яе сваімі рукамі. У працягу некалькіх дзён ён бадзяўся з нахмуранымі бровамі па палёх і балатох, падходзіў да кожнага кусьціка івы, перабіраў яе галінкі, зрэзваў некаторыя з іх, але, як відаць, усё не знаходзіў таго, што яму было патрэбна. Яго бровы былі паранейшаму панура стулены, і ён ішоў далей, усё шукаючы. Нарэшце ён трапіў на адно месца, над гультаявата цёкшаю рэчкаю. Вада ледзь-ледзь варушыла ў гэтым віры белыя галоўкі збаночкаў, вецер не далятаў сюды праз густа заросшыя івы, якія ціха й задумліва схіліліся да цёмнае, спакойнае глыбіні. Іохім, расхіліўшы кусты, падыйшоў да рэчкі, пастаяў з мінуту і неяк раптам пераканаўся, што якраз тут ён знайдзе тое, што яму трэба. Зморшчкі ў яго на лобе разгладзіліся. Ён выцягнуў з халявы прывязаны на раменьчыку складаны ножык і, абвёўшы ўважнымі вачыма кусты іваў, якія шапталі задумаўшыся, рашуча падыйшоў да тонкага, простага сьцябла, што гойдалася над размытаю прывальлю. Ён чамусьці пстрыкнуў па ім пальцам, паглядзеў з задаволеньнем, як яно ўпарта захісталася ў паветры, прыслухаўся да шэпту яго лістоў і махнуў галавою.

От-тэ воно самэсенькое, — прамармытаў Іохім з задаволеньнем і кінуў у рэчку ўсе раней зрэзаныя пруты.

Дудка выйшла якнайлепшая. Высушыўшы іву, ён выпаліў ёй сэрца распаленым дротам, прапаліў шэсьць круглых дзірачак, прарэзаў наўсукось сёмую і шчыльна заткнуў адзін канец дзеравяннаю затычкаю, пакінуўшы ў ёй косую вузенькую шчылінку. Затым яна цэлы тыдзень вісела на дратве, пры гэтым яе грэла сонцам і абдавала гучным ветрам. Пасьля гэтага ён старанліва выстругаў яе нажом, пачысьціў шклом і моцна абцёр кавалкам тоўстага сукна. Вяршок у яе быў круглы, ад сярэдзіны йшлі роўныя, як-бы адпалітурованыя грані, па якіх ён выпаліў кавалкамі пагнутага жалеза розныя хітрыя ўзоры. Папрабаваўшы яе некалькімі шпаркімі пералівамі гамы, ён неспакойна махнуў галавою, кашлянуў і пасьпешліва схаваў у ціхае месьцечка каля свае пасьцелі. Ён не хацеў рабіць першага музыкальнага досьледу сярод дзеннае суматохі. Затое ў той-жа самы вечар з стайні паліліся далікатныя, задумлівыя, пераліўчатыя і дрыглівыя трэлі. Іохім быў зусім задаволены з свае дудкі. Здавалася, што яна была масткаю яго самога; гукі, якія яна выдавала, ліліся, як быццам, з уласных яго сагрэтых і раздалікатненых грудзей, і кожны выгіб яго пачуцьця, кожны адценак яго гора зараз-жа дрыжаў у цудоўнай дудцы, ціха зрываўся з яе і гучна ляцеў сьледам за іншымі, сярод чутка слухаўшага вечару.

V.

Цяпер Іохім быў закаханы ў сваю дудку і сьвяткаваў з ёю свой мядовы месяц. Удзень ён акуратна спраўляў абавязкі канюха, вадзіў коні на вадапой, запрагаў іх, выяжджаў з „паняй“ або з Максімам. Час ад часу, калі ён заходзіў у бок суседняга сяла, дзе жыла жорсткая Мар’я, дык туга пачынала смактаць яго сэрца. Але з надходам вечара ён забываў пра ўсё на сьвеце і нават абраз чарнабрывае дзяўчыны засьцілаўся быццам туманом. Гэты абраз губляў сваю палючую выразнасьць, рысаваўся перад ім у нейкім няясным фоне і ўсяго настолькі, каб прыдаваць задумліва-сумны характар напевам цудоўнае дудкі.

У гэткім музыкальным экстазе, ўвесь растапляючыся ў дрыглівых мэлёдыях, ляжаў Іохім у стайні і ў той вечар. Музыка пасьпеў зусім забыць ня толькі жорсткую красуню, але нават згубіў з вачэй уласнае сваё істнаваньне, як раптам ён уздрыгануўся і падустаў на сваёй пасьцелі. У самым патэтычным месцы ён пачуў, як нечая маленечкая рука борзда прабегла лёгкімі пальцамі па яго твары, сьлізганула па руках і затым пачала неяк пасьпешліва абмацваць дудку. Разам з тым, ён пачуў каля сябе чыёсь быстрае, неспакойнае, кароткае дыханьне.

Цур тобі, пэк тобі! — вымавіў ён звычайнае закляцьце і тут-жа дадаў пытаньне: — чортовэ чы божэ? — хочучы даведацца, ці ня мае ён справы з нячыстаю сілаю.

Але ў тую самую мінуту глянуўшы ў адчыненыя вароты стайні прамень месяца паказаў яму, што ён памыліўся. Каля яго ложка стаяў сьляпы паніч і заўзята цягнуўся да яго сваімі ручкамі.

Праз гадзіну маці, захацеўшая паглядзець на соннага Пятруся, не знайшла яго ў пасьцелі. Яна спалохалася спачатку, але хутка мацяркоўская кемкасьць падказала ёй, дзе трэба шукаць згінуўшага хлопчыка. Іохім вельмі сканфузіўся, калі, супыніўшыся, каб здабыць перадышку, ён неспадзявана ўбачыў у дзьвярох стайні „міласьцівую пані“. Яна, як відаць, ужо некалькі мінут стаяла на гэтым месцы, слухаючы, як ён іграў і гледзячы на свайго хлопчыка, які сядзеў на ложку, ахінуты Іохімавым кажухом, і ўсё яшчэ са смагаю прыслухваўся да перарванае песьні.


VI.

З таго часу кожны вечар хлопчык прыходзіў да Іохіма ў стайню. Яму й да галавы ня прыходзіла прасіць у Іохіма, каб зайграў што-нібудзь удзень. Здавалася, што дзенная клапатлівасьць і рух выключала ў яго ўяўленьні магчымасьць гэтых ціхіх мэлёдыяў. Але як толькі на землю спушчаўся вечар, дык Пятрусь перажываў страшэнную нецярплівасьць. Вячэрняя гарбата і вячэра служыла яму толькі паказаньнем, што жаданая мінута блізка, і маці, якой неяк інстынктыўна не падабаліся гэткія музыковыя сэансы, ўсё-ж такі не магла забараніць свайму любімчыку бегчы да дудара і сядзець у яго ў стайні гадзіны са дзьве перад сном. Гэтыя гадзіны зрабіліся цяпер для хлопчыка найшчасьлівейшым часам, і маці з палючай зайздрасьцю бачыла, што вячэрнія ўражаньні пануюць над дзіцянём нават у працягу чароднага дня, што нават на яе пяшчоту яно не адказвае з ранейшаю непадзельнасьцю, што, седзячы ў яе на руках і абнімаючы яе, яно з задуманым выглядам успамінае ўчарашнюю Іохімаву песьню.

Тады яна ўспомніла, што некалькі гадоў таму вучалыся ў кіеўскім пансіоне пані Радзецкае яна, паміж іншымі „прыемнымі мастацтвамі“, вывучвала таксама і музыку. Праўда, што сам па сабе гэты ўспамін яе быў не асабліва салодкім, таму што зьвязваўся з думкай аб вучыцельцы, старой нямецкай паненцы Кляпс, надта худой, надта прозаічнай і, галоўнае, вельмі злой. Гэта надзвычайна жаўцёвая дзеўка, вельмі спрытна „выкручваўшая“ пальцы сваіх вучаніцаў, каб надаць ім неабходную пруткасьць, разам з тым з найдзіўнейшаю ўдачаю забівала ў сваіх гадуніцах усякія азнакі пачуцьця музычнае поэзіі. Гэтае палахлівае пачуцьцё не магло цярпець ужо аднае прысутнасьці паненкі Кляпс, ня кажучы аб яе пэдагогічных спосабах. А таму, выйшаўшы з пансіёну і нават замужам, Анна Міхайлаўна й не падумала аб аднаўленьні сваіх музычных практыкаваньняў. Але цяпер, слухаючы хахла-дудара, яна пачувала, што разам з зайздрасьцю да яго ў яе душы паступова будзіцца адчуцьцё жывое мэлёдыі, а абраз нямецкае паненкі цьмянéе. У рэзультаце гэтага працэсу зьявілася просьба пані Папельскай да мужа выпісаць з места піаніно.

— Як хочаш, мая галубка, — адказаў узорны муж. — Ты, здаецца, не асабліва любіла музыку.

У той самы дзень было паслана пісьмо ў места, але пакуль інструмэнт быў куплены і прывезены з места ў вёску, павінна было прайсьці ня менш як два-тры тыдні.

А, тымчасам, з стайні кожны вечар зьвінелі мэлёдычныя заклікі, і хлопчык кідаўся туды, нават ня пытаючыся ўжо пазваленьня ў маці.

Спэцыфічны пах стайні зьмешваўся з мілым пахам сухое травы і вострым пахам сырамятных рамянёў. Коні ціха жавалі, шамоцячы дабыванымі з-за драбінак касмакамі сена; калі дудар супыняўся для перадышкі, дык у стайню яўна даходзіў шэпт зялёных букоў з саду. Петрык сядзеў, як ачарованы, і слухаў.

Ён ніколі не перарываў музыкі, і толькі, калі той сам супыняўся і праходзіла дзьве-тры мінуты ў маўчаньні, дык нямое ачараваньне зьмянялася ў хлопчыку нейкаю дзіўнаю смагаю. Ён цягнуўся да дудкі, браў яе дрыжаўшымі рукамі і прыкладаў да губаў. Дзеля таго, што пры гэтым у хлопчыкавых грудзёх захапляла дух, дык першыя гукі выходзілі ў яго нейкія дрыжачыя і ціхія. Але пасьля ён пакрысе пачаў апаноўваць няхітры інструмэнт. Іохім расстаўляў яго пальцы па дзірачках, і хаця маленечкая ручка ледзь магла ахапіць гэтыя дзірачкі, але ўсё-ж такі ён хутка прывык да гукаў гамы. Пры гэтым кожная нота мела для яго як-бы сваю асаблівую фізіяномію, свой індывідуальны характар; ён ведаў ужо, ў якой дзірачцы жыве кожны з гэтых тонаў, адкуль яго трэба выпусьціць, і часам, калі Іохім ціха перабіраў пальцамі які-нібудзь ня вельмі мудры напеў, дык хлопчыкавы пальцы таксама пачыналі варушыцца. Ён з поўнаю яснасьцяй прадстаўляў сабе пасьлядоўныя тоны разьмяркованымі па іх звычайных месцах.


VII.

Нарэшце роўна цераз тры тыдні з места прывязьлі піаніно. Петрык стаяў на падворку і ўважна слухаў, як клапатлівыя работнікі рыхтаваліся нясьці ў пакой прывозную „музыку“. Яна была, як відаць, вельмі цяжкая, таму што, калі яе пачалі паднімаць, дык воз трашчаў, а людзі храплі і глыбока дыхалі. Вось яны рушылі разьмеранымі, цяжкімі шагамі, і з кожным гэткім шагам над іхнімі галовамі штосьці дзіўна гуло, гурчала і пазвоньвала. Калі дзіўную музыку ставілі на падлогу, дык яна ізноў адгукнулася глухім гудзеньнем, як быццам пагражаючы камусьці ў вялікім гневе.

Усё гэта наводзіла на хлопчыка пачуцьцё, блізкае да перапуду, і не настройвала ў карысьць новага няжывога, але разам з тым і злога гасьця. Ён выйшаў у сад і ня чуў, як устанавілі інструмэнт на ножках, як прыезны з места наводчык заводзіў яго ключом, прабаваў клявішы і наводзіў драцяныя струны. Толькі, як усё было скончана, маці загадала паклікаць у пакой Петрыка.

Цяпер, азброіўшыся венскім інструмэнтам лепшага майстра, Анна Міхайлаўна загадзя трыумфавала перамогу над няхітраю вясковаю дудкаю. Яна была пэўнаю, што яе Петрык забудзе цяпер стайню і дудара і што ўсе свае радасьці будзе адтрымліваць ад яе. Яна глянула расьсьмяянымі вачыма на палахліва ўвайшоўшага разам з Максімам хлопчыка і на Іохіма, які прасіў пазваленьня паслухаць заморскае музыкі і цяпер стаяў каля дзьвярэй, саромліва спусьціўшы вочы і чуб. Калі дзядзька Максім і Петрык селі на кушэтцы, дык яна раптам ударыла па клявішах піаніно.

Яна іграла п’есу, якую ў пансіёне пані Радзецкай і пад кіраўніцтвам паненкі Кляпс вывучыла дасканальна. Гэта было штосьці асабліва гучнае, але даволі хітрае, вымагаўшае значнае пруткасьці пальцаў; на публічным экзамене Анна Міхайлаўна заваявала гэтаю п’есаю вялікія пахвалы і сабе, і асабліва сваёй настаўніцы. Ніхто ня мог сказаць гэтага напэўна, але шмат хто дагадваўся, што маўклівы пан Папельскі ачараваўся паннаю Яцэнка якраз у тую кароткую чэцьверць гадзіны, калі яна выпаўняла трудную п’есу. Цяпер маладая жанчына іграла яе з сьвядомым разьлічваньнем на іншую перамогу: яна хацела мацней прыцягнуць да сябе маленькае сэрца свайго сына, захопленага хахлацкаю дудкаю.

Аднак-жа, на гэты раз яе чаканьні былі ашуканы: венскаму інструмэнту аказалася не па сілах барацьба з кавалкам украінскае вярбы. Праўда, ў венскага піаніно былі магутныя асяродкі: дарагое дзерава, найлепшыя струны, шыкарная работа венскага майстра, багацьце абшырнага рэгістру. За тое і ў украінскае дудкі знайшліся саюзьнікі, бо яна была ў сябе дома, сярод свойскае украінскае прыроды.

Раней, чымся Іохім яе зрэзаў сваім нажом і выпаліў ёй сэрца распаленым жалезам, яна гойдалася тут, над знаёмаю хлопчыку роднаю рэчкаю, яе лашчыла украінскае сонца, якое грэла й яго, і той самы абдаваў яе вецер, пакуль быстрае вока украінца-дудара заўважыла яе над размытаю прывальлю. І цяпер трудна было чужаземнаму прыблудзе бароцца з простаю мясцоваю дудкаю, таму што яна зьявілася сьляпому хлопчыку ў ціхую гадзіну драманьня, сярод таемнага вячэрняга шорхату, пад шахаценьне засынаўшых букоў, у акружэньні ўсяе роднае украінскае прыроды.

Ды і пані Папельскай далёка было да Іохіма. Праўда, яе тонкія пальцы былі і быстрэйшыя і прутчэйшыя; мэлёдыя, якую яна грала, — складанейшая і багацейшая, і шмат трудоў паклала паненка Кляпс, каб вывучыць сваю вучаніцу ўладаць трудным інструмэнтам. За тое ў Іохіма было непасрэднае музычнае пачуцьцё, ён кахаў і тужыў, і з каханьнем сваім і з тугою зьвяртаўся да роднае прыроды. Яго вучыла нескладаных напеваў гэтая прырода, шум яе лесу, ціхі шэпт сьцяповае травы, задумлівая, родная, старадаўная песьня, якую ён чуў яшчэ над сваёю дзіцячаю калыскаю.

Але, трудна аказалася венскаму інструмэнту перамагчы хахлацкую дудку. Не прайшло й аднае мінуты, як дзядзька Максім раптам моцна застукаў сваёю куляю аб падлогу. Калі Анна Міхайлаўна пахіліліся ў той бок, дык яна ўбачыла на зьбялеўшым Петрыкавым твары той самы выраз, з якім у памятны для яе дзень першага вясьнянага спацыру хлопчык ляжаў на траве.

Іохім спагадліва паглядзеў на хлопчыка, пасьля павёў пагардлівым вокам па нямецкай музыцы і выйшаў, стукаючы па падлозе сваімі непаваротлівымі „чоботамі“.


VIII.

Шмат сьлёз каштавала беднай маці гэтая няўдача, — сьлёз і сораму. Ёй, „міласьцівай пані“ Папельскай, чуўшай гром воплескаў „выбранае публікі“, разумець сябе гэтак жорстка пераможанаю, і кім-жа ж? — простым канюхом Іохімам з яго дурною сьвісьцёлкаю! Калі яна ўспомніла поўны пагарды пагляд хахла пасьля яе няўдачнага концэрту, дык фарба гневу заліла яе твар, і яна шчыра ненавідзела „нехарознага хлопа“.

І, аднак-жа, кожны вечар, калі яе хлопчык уцякаў у стайню, дык яна адчыняла вакно, апіралася на ім лакцямі і моцна прыслухвалася. Спачатку слухала яна з пачуцьцём гнеўнае пагарды, стараючыся толькі ўлавіць сьмешныя бакі ў гэтым „дурным ціліканьні“, але пакрысе, — яна й сама не разумела ясна, як гэта магло здарыцца, — дурное ціліканьне пачало апаноўваць яе ўвагу, і яна ўжо са смагаю лавіла задумліва-сумныя напевы. Спахапіўшыся яна задала сабе пытаньне, ў чым-жа ж іхняя прыцягальнасьць, іх чароўняя тайна, і пакрысе гэтыя сінія вечары, неазначальныя вячэрнія цені і дзіўная гармонія песьні з прыродаю вырашыла ёй гэтае пытаньне.

„Але, — думала яна паціху, пераможаная і заваёваная ў сваю чаргу, — тут ёсьць нейкае зусім асаблівае, праўдзівае пачуцьцё… чароўная поэзія, якое ня вывучыш па нотах“.

І гэта была праўда. Тайна гэнае поэзіі была ў дзіўнай сувязі паміж даўно памёршым мінулым і тою, якая вечна і жыве і вечна гаворыць чалавечаму сэрцу, прыродаю, сьведкаю гэтага мінулага. А ён, грубы мужык у шмаравальных ботах і з мазалістымі рукамі, насіў у сабе гэтую гармонію, гэтае жывое пачуцьцё прыроды.

І яна разумела, што гордая „пані“ сьціхамірваецца ў ёй перад канюхом-хлопам. Яна забывала яго грубую вопратку і пах дзёгцю, і праз ціхія пералівы песьні ўспамінаўся ёй дабрадушны твар, з мягкім выразам шэрых вачэй і саромліва-гумарыстычнаю ўсьмешкаю з-пад даўгіх вусоў. Часамі фарба гневу ізноў прылівала да твару і віскоў маладое жанчыны: яна пачувала, што ў барацьбе за ўвагу яе дзіцяці яна стала з гэтым мужыком на адну арэну, на роўнай назе, і ён, „хлоп“, перамог.

А дрэвы ў садзе шапталіся ў яе над галавою, ноч разгаралася агнямі ў сінім небе і разьлівалася па зямлі сіняю цемраю і, разам з тым, у душу маладое жанчыны ліўся гарачы сум ад Іохімавых песьняў. Яна ўсё болей сьціхамірвалася і ўсё болей вучылася цяміць няхітрую тайну беспасярэдняе і чыстае бясштучнае поэзіі.


IX.

Але, ў мужыка Іохіма праўдзівае пачуцьцё! А ў яе? Няўжо-ж у яе няма ані каплі гэтага пачуцьця? Ад чаго-ж гэтак горача ў грудзёх і гэтак трывожна стукаціць у ёй сэрца і сьлёзы мімаволі падходзяць да вачэй?

Хіба-ж гэта не пачуцьцё, не палючае пачуцьцё любасьці да яе абяздоленага сьляпога дзіцяці, якое ўцякае ад яе да Іохіма, і яму яна ня ўмее даць гэткае самае жывое насалоды?

Ёй успомніўся выраз болю, выкліканы яе ігрою на хлопчыкавым твары, і палючыя сьлёзы ліліся ў яе з вачэй, і часамі яна ледзь стрымлівала падступаўшыя да горла і гатовыя вырвацца спазмы.

Бедная маці! Сьлепата яе дзіцяці зрабілася і яе вечнаю невылячальнаю хваробаю. Яна сказалася і ў хваробна-павялічанай далікатнасьці, і ў гэтым, усю яе праглынуўшым, пачуцьці, зьвязаўшым тысячаю нябачаных струнаў яе збалелае сэрца з кожнаю праяваю дзіцячае пакуты. Па гэтай прычыне тое, што ў іншай выклікала-б толькі нездаволеньне, — гэтая дзіўная конкурэнцыя з хахлом-дударом, — зрабілася для яе крыніцаю наймацнейшых, павялічана-пякучых цярпеньняў.

Гэтак ішоў час, ня прыносячы ёй палёгкі, але за тое і не без карысьці: яна пачала разумець у сабе прылівы таго самага жывога адчуцьця мэлёдыі і поэзіі, якое гэтак ачароўвала яе ў ігры хахла. Тады ў ёй ажыла й надзея. Пад уплывам раптоўных прыліваў самаўпэўненасьці яна некалькі разоў падыходзіла да свайго інструмэнту і адчыняла накрыўку з замерам заглушыць пявучымі ўдарамі клявішоў ціхую дудку. Але кожны раз пачуцьцё нерашучасьці і саромлівага страху ўстрымлівала яе ад гэтых спробаў. Ёй успамінаўся твар яе пакутаваўшага хлопчыка і пагардлівы пагляд хахла, і шчокі гарэлі ў цемнаце ад сораму, а рука толькі прабягала ў паветры над клявіятураю з баязьліваю смагаю…

Так ці йначай, а з дня на дзень нейкая ўнутраная сьвядомасьць свае сілы ў ёй усё павялічвалася, і выбіраючы час, калі хлопчык гуляў пад вечар у далейшай алеі або выходзіў спацыраваць, — яна сядала за піаніно. Першымі досьледамі яна засталася не асабліва здаволенай; рукі ня слухалі яе ўнутранага разуменьня, гукі інструмэнту здаваліся спачатку чужымі для запанаваўшага над ёю настрою. Але паступова гэты настрой пераліваўся ў іх з большаю пэўнасьцяй і лёгкасьцю; хахловы лекцыі не прайшлі дарма, а гарачая любасьць матчына і чулае разуменьне таго, што якраз захапляла гэтак моцна сэрца дзіцяці, дало ёй магчымасьць гэтак хутка ўцяміць гэтыя лекцыі. Цяперака з-пад рук выходзілі ўжо не траскатлівыя трудныя „п’есы“ а ціхая песьня, сумная украінская думка зьвінела і плакала ў цёмных пакоях, разьмякчаючы матчынае сэрца.

Нарэшце, яна рабіла даволі адвагі каб выступіць у адкрытую барацьбу, і вось, вечарамі, паміж панскім домам і Іохімавай стайняю пачалося дзіўнае змаганьне. З зацененага хлява з павісшаю саломенаю страхою ціха выляталі пераліўчатыя трэлі дудкі, а насустрэчу ім з адчыненых вокнаў сядзібы, зіхацеўшай праз лісьцьцё букоў адбіткам месячнага сьвятла, ляцелі пявучыя, поўныя акорды фортэпіано.

Спачатку ні хлопчык, ні Іохім не хацелі зьвяртаць увагі на „хітрую“ музыку сядзібы, да якое ў іх была нейкая неахвота. Хлопчык нават настаўляў бровы і нецярпліва панукваў Іохіма, калі той сьціхаў.

— Э! грай-жа, грай!

Але не прайшло і трох дзён, як гэтыя паўзы зрабіліся ўсё часьцейшымі ды часьцейшымі. Іохім раз за разам адкладваў дудку і пачынаў прыслухвацца з нарастаўшаю цікавасьцю, а ў часе гэтых паўзаў і хлопчык таксама заслухваўся і забываў падганяць прыяцеля. Нарэшце, Іохім сказаў з задуманым выглядам:

Ото-ж, як гарно… Бач яка воно штука…

І затым, з тым самым задумліва-зьбянтэжаным выглядам чалавека, які прыслухваецца, ён узяў хлопчыка на рукі і пайшоў з ім цераз сад да адчыненага вакна салёну.

Ён думаў, што „міласьцівая пані“ грае для свае ўласнае пацехі і не зьвяртае на іх увагі. Але Анна Міхайлаўна чула ў водступах, як сьціхла яе конкурэнтка-дудка, бачыла сваю перамогу, і яе сэрца стукацела з радасьці.

Разам з тым яе гнеўнае пачуцьцё да Іохіма сьцішылася аканчальна. Яна была шчасьліваю і разумела, што абавязана гэтым шчасьцем яму: ён навучыў яе, як ізноў прыцягнуць да сябе дзіця, і калі цяпер яе хлопчык адтрымае ад яе цэлыя скарбы новых уражаньняў, дык за гэта абое яны павінны быць удзячнымі яму, мужыку-дудару, іх агульнаму настаўніку.

X.

Лёд быў зломаны. Хлопчык на другі дзень з нясьмелай цікавасьцю ўвайшоў у салён, у якім ня бываў з таго часу, як у ім пасяліўся дзіўны гарадзкі госьць, што здаўся яму гэткім сярдзіта- крыклівым. Цяпер учарашнія песьні гэтага гасьця падкупілі хлопчыкаў слух і зьмянілі яго адносіны да інструмэнту. З апошнімі сьлядамі ранейшай нясьмеласьці ён падыйшоў да таго месца, дзе стаяла піаніно, супыніўся на пэўнай адлежнасьці і прыслухаўся. У салёне нікога ня было. Маці сядзела з работаю ў другім пакоі на канапе і, ўтаіўшы дух, пазірала на яго, цешачыся з кожнага яго руху, з кожнае зьмены выразу на нэрвовым твары дзіцяці.

Выцягнуўшы здалёк рукі, ён дакрануўся да адпалітурованае паверхні інструмэнту і зараз-жа палахліва адыйшоў. Паўтарыўшы разоў два гэты досьлед, ён падыйшоў бліжэй і пачаў уважна дасьледваць інструмэнт, нахіляючыся да зямлі, каб абмацаць ножкі, абходзячы навокал па вольных бакох. Нарэшце, яго рука трапіла на гладкія клявішы.

Ціхі гук струны няпэўна дрыгануў у паветры. Хлопчык доўга прыслухваўся да зьнікшых ужо для матчынага вуха вібрацыяў і пасьля, з выразам поўнае ўвагі, крануў другую клявішу. Правёўшы пасьля гэтага рукою па ўсёй клявіятуры, ён трапіў на ноту верхняга рэгістру. Кожнаму тону ён даваў даволі часу, і яны адзін за адным, гойдаючыся, дрыжалі і заміралі ў паветры. Твар сьляпога, разам з напружанаю ўвагаю, выражаў задаволеньне; ён, відочна, цешыўся з кожнага асобнага тону, і ўжо ў гэтай вострай уважнасьці да элемэнтарных гукаў, складаных часьцяў будучае мэлёдыі, сказваліся задаткі артыста.

Але пры гэтым здавалася, што сьляпы прыдаваў яшчэ нейкія асаблівыя свойствы кожнаму гуку: калі з-пад яго рукі вылятала вясёлая і яркая нота высокага рэгістру, дык ён паднімаў рухлівы твар, як быццам праводзячы ўгару гэтую гучную лятучую ноту. Наадварот, пры густым, ледзь чутным і глухім дрыжаньні басу ён нахіляў вуха; яму здавалася, што гэты цяжкі тон павінен абавязкова нізка разьлегчыся над зямлёю, рассыпаючыся па падлозе і губляючыся ў далейшых кутох.

ХІ.

Дзядзька Максім адносіўся да ўсіх гэтых музычных экспэрымэнтаў толькі так, што зносіў іх. Як гэта ні дзіўна, але гэтак выразна выяўленыя хлопчыкавы нахілы спараджалі ў інвалідзе дваякае пачуцьцё. З аднаго боку, моцнае імкненьне да музыкі паказвала на бяссумліўна быўшыя ў хлопчыку музычныя здольнасьці і, гэткім чынам, азначала з большага магчымую для яго будучыну. З другога — да гэтае сьвядомасьці прымешвалася ў сэрцы старога салдата неазначальнае пачуцьцё расчараваньня.

„Пэўна-ж, — разважаў Максім, — музыка таксама вялікая сіла, якая даець магчымасьць панаваць над сэрцам натаўпу. Ен, сьляпы, будзе зьбіраць сотні багата апраненых франтаў і паняў, будзе ім раз’ігрываць розныя там… вальсы і ноктюрны (праўду кажучы далей гэтых „вальсаў“ і „ноктюрнаў“ ня ішла музычная Максімава веда), а яны будуць выціраць сьлёзы хустачкамі. Эх, чорт пабяры, ня гэтага мне хацелася-б, ды што-ж рабіць! Малы сьляпенькі, дык хай-жа зробіцца ў жыцьці тым, чым можа. Толькі ўсё-ж лепш-бы ўжо песьня, ці што? Песьня прамаўляе не да адных неазначальна раздалікатненых вушэй. Яна дае вобразы, будзіць думку ў галаве і адвагу ў сэрцы.“

— Гэй, Іохім, — сказаў ён аднаго вечару, ўваходзячы сьледам за хлопчыкам да Іохіма. — Кінь ты хоць раз сваю сьвісьцёлку! Гэта добра хлапчанятам на вуліцы або падпасавічу ў полі, а ты ўсё-ж такі дарослы мужык, хоць гэтая дурная Марыся і зрабіла з цябе запраўднае цялё. Цьфу, нават сорамна за цябе, дапраўды! Дзеўка адвярнулася, а ты й раскіс. Сьвішчаш, быццам перапёлка ў клетцы!

Іохім, слухаючы гэту доўгую рацэю разабранага нездаволеньнем пана, усьмяхаўся ў цемнаце над яго бяспрычынным гневам. Толькі ўспомненьне аб хлапчанятах і падпасавічы крыху разварушыла ў ім пачуцьцё лёгкае крыўды.

— Не скажэце, панок, — загаварыў ён. — Гэткае дуды не знайсьці вам у ніводнага пастуха ў Украіне, ня толькі што ў падпасавіча… Там усё сьвісьцёлкі, а гэта… вы вось паслухайце.

Ён затуліў пальцамі ўсе дзірачкі і ўзяў на дудцы два тоны ў актаву, цешачыся з поўнага гуку. Максім плюнуў.

— Цьфу, даруй Божа! Зусім падурнеў парубок! Што мне твая дуда? Усе яны аднолькавыя — і дудкі, і бабы з тваёю Марысяю ў прыдачу. Вось лепей сьпяяў-бы ты нам песьню, калі ўмееш, — добрую старую песьню.

Максім Яцэнка, сам украінец, быў чалавекам простым з мужыкамі і чэлядзяй. Ён часта крычаў і лаяўся, але неяк бяз крыўды, і праз гэта да яго адносіліся людзі пашанліва, але вольна.

— А што-ж? — адказаў Іохім на прапазыцыю пана. — Пяяў калісьці й я ня горш за людзей. Толькі мо’ й наша мужыцкая песьня таксама вам будзе не да густу, панок? — укусіў ён ледзь-ледзь таго, з кім гаварыў.

— Ну, не брашы дарма, — сказаў Максім. — Песьня добрая — ня дудцы пàра, калі толькі чалавек умее пяяць, як трэба. Вось паслухаем, Пятрусь, Іохімаву песьню. Ці ты толькі зразумееш, малы?

— А гэта будзе „хлопская“ песьня? — спытаўся хлопчык. — Я разумею „пахлопску“.

Максім уздыхнуў. Ён быў рамантыкам і калісьці лятуцеў аб новай сечы.

— Эх, малы! Гэта ня хлопскія песьні… Гэта песьні дужага, вольнага народу. Твае дзяды па матцы пяялі іх на сьцяпох па Дняпры, і на Дунаі, і на Чорным моры… Ну, ды ты зразумееш гэта калі-нібудзь, а цяпер, — дадаў ён задумаўшыся, — баюся я іншага…

Сапраўды, Максім баяўся іншага неразуменьня. Ён думаў, што ясныя вобразы песеннага эпосу вымагаюць абавязкова бачыць, каб маглі яны гаварыць да сэрца. Ён баяўся, што цёмная галава дзіцяці ня мець будзе сілы ўсвоіць вобразную мову народнай поэзіі. Ён забыў, што даўнейшыя баяны, што украінскія кабзары і бандурыстыя былі найчасьцей сьляпымі. Праўда, што цяжкая доля калецтва змушала нярэдка браць у рукі ліру або бандуру, каб з ёю жабраваць. Але ня ўсе-ж яны былі толькі жабракі ды рамесьнікі з гугнавымі галасамі, і ня ўсе яны згубілі пагляд толькі пад старасьць. Сьлепата засьцілае той, які мы бачым, сьвет цёмнаю заслонаю, которая, пэўна-ж, кладзецца на мазгі, затрудняючы і прыгнятаючы іх працу, але ўсё такі са спадчынных прадстаўленьняў і з уражаньняў, адтрымліваных іншымі шляхамі, мазгі твораць у цемры свой уласны сьвет, сумны, пануры й цямравы, але не пазбаўлены свайго роду смутнае поэзіі.

ХІІ.

Максім з хлопчыкам сеў на сене, а Іохім лёг на сваю лаўку (гэтая поза найболей адказвала яго артыстычнаму настрою) і, падумаўшы з мінуту, засьпяваў. Выпадкова ці паводле чулага інстынкту выбар яго аказаўся вельмі ўдачным. Ён затрымаўся на гістарычным вобразе:

Ой, там на горі, тай женці жнуть.

Кожнаму, хто чуў гэту прыгожую народную песьню ў такім як трэба выкананьні, напэўна ўрэзаўся ў памяць яе старадаўны мотыў, высокі, працяжны, быццам ахінуты тугою гістарычнага ўспаміну. У ёй няма падзеяў, крывавых сечаў і подзьвігаў. Гэта і не разьвітваньне казака з мілаю, не ўдалы набег, не экспэдыцыя ў чайках па сінім моры і Дунаі. Гэта толькі адзін мімалётны абраз, усплыўшы мігам у ўспаміне украінца, як смутная мара, як кавалачак сну аб гістарычным мінулым. Сярод будзённага і шэрага цяперашняга дня ў яго ўяўленьні паўстаў раптам гэты абраз, няясны, туманны, ахінуты тэю асабліваю тугою, якая вее ад зьнікшае ўжо роднае старасьветчыны. Зьнікшае, але яшчэ не бясьсьледна! Аб ёй гавораць яшчэ высокія магілы-курганы, дзе ляжаць казацкія косьці, дзе апоўначы загараюцца агні, адкуль чуюцца ночамі цяжкія стогны. Аб ёй гаворыць і народнае паданьне, і тая, што ўсё болей і болей сьціхае, народная песьня:

Ой, там на горі, тай женці жнуть,
А по-під горою, по-під зеленою
Козакі ідуть!…
Козакі ідуть!…

На зялёнай гары жнеяры жнуць хлеб. А пад гарою, ўнізе, ідзе казацкае войска.

Максім Яцэнка заслухаўся сумнага напеву. У яго ўяўленьні, выкліканы цудоўным мотывам, які дзіўна зьліваўся са зьместам песьні, ўсплыў гэты абраз, быццам асьветлены мэлянхолічным водбліскам захаду. У спакойных палёх, на гарэ, бязгучна пахіляючыся над нівамі, віднеюцца фігуры жнеяроў. А ўнізе бясшумна праходзяць аддзелы адзін за адным, зьліваючыся з вячэрнімі ценямі даліны.

По переду Дорошенко
Веде свое військо, військо запорожське,
Хорошенько

І працяжная нота песьні аб мінулым гойдаецца, зьвініць і заціхае ў паветры, каб зазьвінець ізноў і выклікаць з змроку ўсё новыя і новыя фігуры.


ХІІІ.

Хлопчык слухаў з засмучаным і панурым тварам. Калі сьпявак пяяў аб гары, на якой жнуць жнеяры, дык уяўленьне зараз-жа пераносіла Пятруся на вышыню знаёмае яму прывалі. Ён пазнаў яе таму, што ўнізе булькоча рэчка ледзь чутнымі ўдарамі хвалі аб камень. Ён ужо ведае таксама, што такое жнеяры, ён чуе пазвоньваньне сярпоў і шорхат тых, што падаюць, каласоў.

А калі песьня пераходзіла да таго, што робіцца пад гарою, дык уяўленьне сьляпога слухача зараз-жа аддаляла ад яго вярхоў у даліну…

Зьвіненьне сярпоў сьціхла, але хлопчык ведае, што жнеяры там, на гарэ, што яны засталіся, што іх ня чуваць, таму што яны высока, так сама высока, як сосны, шум якіх ён чуў, стоячы пад прываляй. А ўнізе, над ракою, разьлягаецца часты, роўны тупат конскіх капытаў… Іх шмат, ад іх стаіць няясны гул там, у цемнаце, пад гарою. Гэта „йдуць казакі“.

Ён ведае таксама, што значыць казак. Старога Хведзька, які заходзіць часамі ў cядзібу, ўсе завуць „старым казаком“. Ён няраз браў Пятруся сабе на калені, гладзіў яго валасы сваёю дрыжачаю рукою. Калі-ж хлопчык, паводле свайго звычаю, абмацваў яго твар, дык намацваў сваімі чулымі пальцамі глыбокія зморшчкі, вялікія, адвіслые ўніз вусы, запалыя шчокі і на шчоках старцавыя сьлёзы. Гэткіх самых казакоў уяўляў сабе хлопчык пад працяжныя гукі песьні там, унізе, пад гарою. Яны сядзяць на конях, гэткія самыя, як Хведзька, вусатыя, гэткія самыя згорбленыя, гэткія самыя старыя. Яны ціха пасоўваюцца бясформеннымі ценямі ў цемнаце і гэтак вось сама, як Хведзька, аб нечым плачуць, быць можа, таму, што і над гарою і над далінаю стаяць гэтыя сумныя, працяжныя стогны Іохімавай песьні, — песьні пра „нязвычайнага казачыну“, што абмяняў маладую жонку на паходную люльку і на баявыя нявыгады.

Максіму даволі было аднаго пагляду, каб зразумець, што чулая хлопчыкава натура здольна адгукнуцца, ня гледзячы на сьлепату, на поэтычныя вобразы песьні.



РАЗЬДЗЕЛ ІII.
I.

Дзякуючы рэжыму, які быў заведзены паводле Максімавага пляну, сьляпы ўва ўсім, дзе гэта было магчыма, быў адданы ўласным натугам, і гэта прынясло самыя найлепшыя рэзультаты. У доме ён не здаваўся зусім бязрадным, хадзіў усюды вельмі пэўна, сам парадкаваў свой пакой, трымаў у вядомым парадку свае забаўкі і рэчы. Апрача таго, наколькі гэта яму было даступна, Максім зьвяртаў увагу на фізычныя практыкаваньні: у хлопчыка была свая гімнастыка, а на шостым годзе Максім падарыў сыноўцу і плахенькага коніка. Маці спачатку не магла сабе ўявіць, каб яе сьляпое дзіця магло езьдзіць конна, і яна называла братаў замер чыстым вар’яцтвам. Але інвалід пусьціў у ход увесь свой уплыў, і цераз два-тры месяцы хлопчык весела паддзыгаў у сядле побач з Іохімам, які камандаваў толькі на заваротах.

Гэткім чынам, сьлепата не перашкодзіла правільнаму фізычнаму разьвіцьцю, і ўплыў яе на моральны склад хлопчыка быў па магчымасьці аслаблены. Для свайго веку ён быў высокі і стройны; твар яго быў крыху бялявы, рысы тонкія і выразьлівыя. Чорныя валасы адценьвалі яшчэ болей бялявасьць твару, а вялікія, цёмныя, мала рухлівыя вочы прыдавалі яму асаблівы выраз, які неяк адразу прыкоўваў увагу. Лёгкая фалдачка над бровамі, прывычка крыху схіляцца галавою ўперад і выраз тужлівасьці, часамі прабягаўшы нейкімі воблакамі па прыгожым твары, — гэта ўсё, чым сказалася сьлепата ў яго павярхоўнасьці. Яго рухі ў знаёмым месцы былі пэўныя, але ўсё-ж было відаць, што прыродная рахманасьць прыдушана і праяўляецца часамі даволі вострымі нэрвовымі парывамі.

ІІ.

Цяпер уражаньні слуху аканчальна адтрымалі ў жыцьці сьляпога пераважальнае значэньне, гукавыя формы зрабіліся галоўнымі формамі яго думкі, цэнтрам разумовае працы. Ён пакінуў у памяці песьні, ўслухваючыся ў іхнія чароўныя мотывы, знаёміўся з іх зьместам, афарбоўваючы яго тугой, веселасьцю або раздумлівасьцю мэлёдыі. Ён яшчэ ўважлівей лавіў галасы акружаўшай яго прыроды і, зьліваючы няясныя адчуваньні з прывычнымі роднымі мотывамі, час ад часу ўмеў уагульніць іх вольнаю імпровізацыяю, ў якой цяжка было адрозьніць дзе канчаецца народны, прывычны для вуха, мотыў і дзе пачынаецца асабістая творчасьць. Ён і сам ня мог разлучыць у сваіх песьнях гэтых двух элемэнтаў: гэтак пэўна зьліліся ў ім яны абодвыя. Ён хутка завучваў усё, што перадавала яму маці, вучыўшая яго граць на фортэпіано, але любіў таксама і Іохімаву дудку. Фортэпіано было багацейшае, гучнейшае і паўнейшае, але яно стаяла ў пакоі, тады як дудку можна было браць з сабою ў поле, і яе пералівы гэтак непадзельча зьліваліся з ціхімі ўздыханьнямі сьцепу, што часам Пятрусь сам ня мог сьцяміць, ці вецер гэта навявае здалёк няясныя думы, ці гэта ён сам выцягвае іх са свае жалейкі.

Гэтае захапленьне музыкай зрабілася цэнтрам яго разумовага жыцьця; яно запаўняла і рознародзіла яго істнаваньне. Максім карыстаўся ім, каб знаёміць хлопчыка з гісторыяй яго краю, і ўвесь ён прайшоў перад уяўленьнем сьляпога, сплецены з гукаў. Зацікаўлены песьняю, ён знаёміўся з яе рыцарамі, з іхнім лёсам, з лёсам свае бацькаўшчыны. Адсюль пачалася цікавасьць да літэратуры, і на дзевятым годзе Максім прыступіў да першых лекцыяў. Умелыя лекцыі Максіма, (якому прышлося вывучыць для гэтага спэцыяльныя спосабы вучэньня сьляпых), вельмі падабаліся хлопчыку. Яны ўносілі ў яго настрой новы элемэнт — азначанасьць і яснасьць, ураўнаважваўшую няясныя адчуваньні музыкі.

Гэткім чынам, хлопчыкаў дзень быў запоўнены, нельга было пажаліцца на ўбогасьць адтрымліваных ім уражаньняў. Здавалася, што ён жыў поўным жыцьцём, наколькі гэта магчыма для дзіцяці. Здавалася таксама, што ён не ўсьведамляе свае сьлепаты.

А, паміж іншым, нейкая дзіўная, нядзіцячая, сумнота ўсё такі выказвалася ў яго характары. Максім прыпісваў гэта недахопу дзіцячага таварыства і стараўся папоўніць гэты недахоп.

Вясковыя хлопчыкі, якіх запрашалі ў двор, дзічыліся і не маглі вольна разьвінуцца. Апрача няпрывычнае абстаноўкі, іх ня мала трывожыла і „панічова“ сьлепата. Яны палахліва пазіралі на яго і, зьбіўшыся ў кучу, маўчалі або трусьліва перашэптаваліся адзін з адным. Калі-ж дзяцей пакідалі адных у садзе або ў полі, дык яны рабіліся адважнейшымі і пачыналі гульні, але пры гэтым аказвалася, што сьляпы неяк заставаўся ў баку і сумна прыслухваўся да вясёлага шурмаваньня таварышоў.

Часамі Іохім зьбіраў дзяцей вакол сябе ў кучу і пачынаў расказваць ім вясёлыя прыказкі ды казкі. Вясковыя дзеці, якнайлепш знаёмыя і з дурнаватым хахлацкім чортам, і з хітрымі ведзьмамі, папаўнялі гэтыя расказы з уласнага запасу, і наагул гэтыя гутаркі ішлі вельмі рухліва. Сьляпы слухаў іх з вялікаю ўвагаю і цікавасьцю, але сам сьмяяўся рэдка. Як відаць, гумар жывое мовы ў значнай ступені аставаўся для яго недаступным і ня дзіва: ён ня мог бачыць ні хітрых агоньчыкаў у вачох расказчыка, ні сьмешных зморшчкаў, ні пацягваньня даўгімі вусамі.

III.

Ня так даўно перад апісваным тут часам у невялікім суседнім двары зьмяніўся „пасэсар“[2]. На месцы ранейшага, неспакойнага суседа, ў якога нават і з маўклівым панам Папельскім выйшаў суд з-за нейкае шкоды, цяпер у блізкай сядзібе пасяліўся стары Яскульскі з жонкаю. Ня гледзячы на тое, што абое мелі, агулам бяручы, ня менш як сто гадоў, яны пажаніліся досіць нядаўна, дзеля таго, што пан Якуб доўга ня мог скалаціць патрэбнае на арэнду сумы і праз гэта хадзіў у характары „акомана“ па чужых людзях, а пані Агнешка, чакаючы шчасьлівае мінуты, жыла ў характары ганаровае „покоювкі“ ў графіні Патоцкай. Калі, нарэшце, шчасьлівая мінута надыйшла і „малады“ з „маладою“ сталі рука ў руку ў касьцёле, дык у вуснах і ў чубе малайцаватага „маладога“ палавіна валасоў была зусім сівая, а пакрыты саромлівым румянцам маладусін твар быў таксама аблямованы серабрыстымі пасмамі.

Гэтая акалічнасьць не перашкодзіла, аднак-жа, шчасьцю мужа і жонкі, і пладом гэтага познага каханьня зьявілася адзіная дачка, якая была блізка што й равесьніцай сьляпога хлопчыка. Уладзіўшы пад старасьць свой куток, у якім яны, хоць і умоўна, маглі лічыць сябе за поўных гаспадароў, старыя пачалі жыць у ім ціха і скромна, як-бы плацячы сабе гэтаю цішынёю і адзінотай за клапатлівыя гады цяжкага жыцьця „ў чужых людзях“. Першая іхняя арэнда аказалася ня зусім удачнаю, і цяпер яны крыху звузілі справу. Але й на новым месцы яны зараз-жа ўладзіліся пасвойму. У куце занятым абразамі, пераплеценымі плюшчом, у Яскульскае, разам з вярбою і „грамніцаю“, перахоўваліся нейкія мяшочкі з зельлямі і карэньмі, якімі яна лячыла мужа і тых, што прыходзілі да яе, вясковых бабаў ды мужыкоў. Гэтае зельле запаўняла ўсю хату асаблівым спэцыфічным прыемным пахам, які моцна зьвязваўся ў памяці кожнага, хто туды заходзіў, з успамінам аб гэтым і чыстым маленькім доміку, аб яго цішы і парадку і аб абаіх старыкох, жыўшых у ім нейкім нязвычайным у нашыя дні ціхім жыцьцём.

У таварыстве гэтых старыкоў расла іх адзіная дачка, невялікая дзеўчынка, з доўгаю русаю касою і блакітнымі вачыма, зьдзіўляўшая ўсіх з першага-ж знаёмства нейкаю дзіўнаю павагаю, разьлітаю па ўсёй яе фігуры. Здавалася, што спакойнасьць познага каханьня бацькоў адбілася ў характары дачкі гэтаю нядзіцячаю разважлівасьцю, роўнаю спакойнасьцю рухаў, задумлівасьцю і глыбінёю блакітных вачэй. Яна ніколі ня дзічылася пастароньніх, ня ўхілялася ад знаёмства з дзяцьмі і брала удзел у іхніх гульнях. Але ўсё гэта рабілася з гэткаю шчыраю прастатою, як быццам для яе асабіста гэта было зусім непатрэбна. Сапраўды, яна якнайлепш задавольвалася сваім уласным таварыствам, спацыруючы, зьбіраючы краскі, гутарачы з сваёю лялькаю, і ўсё гэта з выглядам гэткае павагі, што часамі здавалася, быццам перад вамі ня дзіця, а малюсенькая дарослая жанчына.


IV.

Аднойчы Петрык быў адзін на ўзгорачку над ракою. Сонца сядала, ў паветры стаяла цішыня, толькі мычаньне быдла, якое вярталася з вёскі, далятала сюды, памягчанае адлежнасьцю. Хлопчык толькі што пакінуў іграць і лёг на траву дагары вачыма, аддаючыся паўдрамотнай утоме летняга вечару. Ён забыўся на мінуту, як раптам нечыя лёгкія шагі вывялі яго з драманьня. Ён з неахвотаю падустаў на локаць і прыслухаўся. Шагі супыніліся над узгоркам. Хада была яму незнаёмаю.

— Хлопчык! — пачуў ён раптгм воклік дзіцячага голасу. — Ці ты ня ведаеш, хто гэта тут толькі што іграў?

Сьляпы ня любіў, калі трывожылі яго адзіноту. Праз гэта ён адказаў на пытаньне не асабліва ласкавым тонам:

— Гэта я…

Лёгкі зьдзіўлены воклік быў адказам на гэту заяву, і зараз-жа голас дзяўчынкі дадаў тонам прастадушнага адобраньня:

— Як хораша!

Сьляпы прамаўчаў.

— Што-ж вы не адыходзіце? — спытаўся ён затым, чуючы, што няпрошаная госьця і далей стаіць на месцы.

— Нашто-ж ты мяне праганяеш? — спыталася дзяўчынка сваім чыстым і прастадушна-зьдзіўленым голасам.

Гукі гэтага спакойнага дзіцячага голасу прыемна дзеялі на слух сьляпога; ня гледзячы на гэта, ён адказаў ранейшым тонам:

— Я ня люблю, калі да мяне прыходзяць…

Дзяўчынка засьмяялася.

— Вось яшчэ!.. Глядзеце-ж! Хіба-ж уся зямля твая і ты можаш каму-нібудзь забараніць хадзіць па зямлі?

— Мама загадала ўсім, каб сюды да мяне не хадзілі.

— Мама? — перапытала задумліва дзяўчынка. — А мая мама пазволіла мне хадзіць над ракою…

Хлопчык, з большага расьпешчаны агульнай уступчывасьцю, ня прывык да гэткіх упартых запярэчаньняў. Парыў гневу прайшоў па яго твары нэрвоваю хваляю; ён падустаў і загаварыў борзда і зьмянтрэжанна:

— Адыйдзеце, адыйдзеце, адыйдзеце!..

Невядома, чым скончылася-б гэтая сцэна, але ў гэты час з сядзібы пачуўся Іохімаў голас, клічучы хлопчыка на гарбату. Ён борзда зьбег з узгорку.

— Ах, які гадкі хлопчык! — пачуў ён за сабою гнеўную ўвагу.

V.

У чародны дзень, седзячы на тым самым месцы, хлопчык успомніў пра ўчарашнюю спатычку. У гэтым успаміне цяпер ня было нездаволеньня. Наадварот, яму захацелася, каб ізноў прышла гэтая дзяўчынка з гэткім прыемным, спакойным голасам, якога ён ніколі яшчэ ня чуў. Знаёмыя яму дзеці гучна крычалі, сьмяяліся, біліся і плакалі, але ніводнае з іх не гаварыла гэтак прыемна. Яму шкада зрабілася, што ён скрыўдзіў незнаёмую, якая, як відаць, ніколі больш ня вернецца.

І праўда, дзён са тры дзяўчынка зусім ня прыходзіла. Але на чацьвёрты Пятрусь пачуў яе шагі ўнізе, на беразе ракі. Яна йшла ціха; берагавая галька лёгка шарахцела ў яе пад нагамі; і яна сьпявала напаўголасу польскую песьню.

— Слухайце! — гукнуў ён, калі яна з ім параўнялася. — Гэта ізноў вы?

Дзяўчынка не адказала. Каменьчыкі паранейшаму шарахцелі ў яе пад нагамі. У робленай бясклопатнасьці яе голасу, напёўваўшага песьню, хлопчыку чулася яшчэ незапомненая крыўда.

Аднак-жа, прайшоўшы некалькі шагоў, незнаёмая спынілася. Дзьве-тры сэкунды прайшлі ў маўчаньні. Яна перабірала ў гэты час букет з палявых красак, які трымала ў руках, а ён чакаў адказу. У гэтым супыненьні і надыйшоўшым за ім маўчаньні ён улавіў водцень абдуманага незьвяртаньня ўвагі.

— Хіба-ж вы ня бачыце, што гэта я? — спыталася яна, нарэшце, з вялікай дастойнасьцю, даўшы спакой краскам.

Гэтае простае пытаньне балюча адгукнулася ў сэрцы сьляпога. Ён нічога не адказаў і толькі яго рукі, якімі ён упіраўся ў зямлю, неяк сударгавата схапіліся за траву. Але размова ўжо пачалася, і дзяўчынка, ўсё яшчэ стоячы на тым самым месцы і займаючыся сваім букетам, ізноў спыталася:

— Хто цябе вывучыў гэтак хораша граць на дудцы?

— Іохім вывучыў, — адказаў Пятрусь.

— Вельмі добра! А чаму ты гэткі злы?

— Я… ня злую на вас, — сказаў хлопчык ціха.

— Ну, дык і я ня злую… Давай гуляць разам.

— Я ня ўмею гуляць з вамі, — адказаў ён спусьціўшы вочы.

— Ня ўмееш гуляць?.. Чаму?

— Так.

— Не, чаму-ж?

— Так, — адказаў ён ледзь чутна і яшчэ болей спусьціў вочы.

Яму не даводзілася яшчэ ніколі гаварыць з кім-нібудзь пра сваю сьлепату, і простадушны тон дзяўчынкі, прапанаваўшай з наіўнаю заўзятасьцяй гэтае пытаньне, адгукнуўся ў ім ізноў тупым болем.

Незнаёмая паднялася на ўзгорачак.

— Які ты сьмешны, — загаварыла яна з папускальным жалем, сядаючы побач з ім на траву. — Гэта ты, мусі, таму, што яшчэ са мною незнаёмы. Вось пазнаеш мяне, тады пакінеш баяцца. А я не баюся нікога.

Яна казала гэта з бясьпечнаю яснасьцяй, і хлопчык пачуў, як яна кінула сабе ў хвартушок шмат красачак.

— Дзе вы ўзялі краскі? — спытаўся ён.

— Там, — махнула яна галавою, паказваючы назад.

— На сенажаці?

— Не, там.

— Значыцца, ў маладняку. А якія гэта краскі?

— Хіба ты ня знаеш красак?.. Ах, які ты дзіўны… дапраўды, ты вельмі дзіўны…

Хлопчык узяў у руку красачку. Яго пальцы шпарка і лёгка кранулі лісточкі і венчык.

— Гэта люцік, — сказаў ён, — а вось гэта фіялка.

Пасьля ён захацеў тым самым спосабам азнаёміцца і з тою, з кім гаварыў: узяўшы леваю рукою дзяўчынку за плячо, ён праваю пачаў абмацваць яе валасы, пасьля векі, і борзда правёў пальцамі па твары, дзе-ня-дзе спыняючыся і ўважліва вывучваючы незнаёмыя рысы.

Усё гэта было зроблена гэтак неспадзявана і борзда, што дзяўчынка, ахопленая зьдзіўленьнем, не магла сказаць ні слова; яна толькі глядзела на яго шырока расплюшчанымі вачыма, ў якіх адбівалася пачуцьцё, блізкае да жаху. Толькі цяпер яна заўважыла, што ў твары яе новага знаёмага ёсьць нешта нязвычайнае. Белыя і тонкія рысы застылі на выразе напружачае ўвагі, неяк не гармоніяваўшае з яго нярухомым паглядам. Хлопчыкавы вочы пазіралі кудысьці, бяз ніякага адношаньня да таго, што ён рабіў, у іх дзіўна пераліваўся водбліск заходзіўшага сонца. Усё гэта здалося дзяўчынцы на адну мінуту проста цяжкім кашмарам.

Вызваліўшы свае плечы з хлопчыкавае рукі, яна раптам падскокнула на ногі і заплакала.

— Нашто ты палохаеш мяне, гадкае хлапчанё? — загаварыла яна гнеўна, праз сьлёзы. — Што я табе зрабіла?… Нашто?…

Ён сядзеў на тым самым месцы, азадачаны, з нізка спушчанаю галавою, і дзіўнае пачуцьцё, — мешаніна нездаволеньня і паніжэньня, — напоўніла болем яго сэрца. Першы раз яшчэ давялося яму спрабаваць паніжэньня калекі; першы раз ён даведаўся, што яго фізычны брак можа напушчаць не адзін жаль, але і перапуд. Ведама, ён ня мог здаць сабе яснае справаздачы з прыгнятаўшага яго пачуцьця, але таму, што сьвядомасьць гэтая была няяснаю і цемнаватаю, яно выклікала ня менш пакуты.

Пачуцьцё пякучага болю і крыўды падыйшло яму да горла; ён упаў на траву і заплакаў. Плач гэты рабіўся ўсё мацнейшым, сударгаватыя уздрыгваньні трасьлі ўсё яго маленечкае цела, тым болей што нейкая ўроджаная гордасьць прымушала яго душыць гэты парыў.

Дзяўчынка, якая зьбегла ўжо з узгорачку, пачула гэты глухі плач і з зьдзіўленьнем вярнулася. Бачачы, што яе новы знаёмы ляжыць ніцьма і горка плача, яна пачула ўчасьце, паціху ўзыйшла на ўзгорачак і супынілася над плакаўшым.

— Слухай, — загаварыла яна ціха, — чаго ты плачаш? Ты мусі думаеш, што я пажалюся? Ну, ня плач, я нікому не скажу.

Словы ўчасьця і ласкавы тон выклікаў у хлопчыку яшчэ большы нэрвовы парыў плачу. Тады дзяўчынка прысела каля яго на карачкі; прасядзеўшы гэтак з паўмінуты, яна паціху кранула яго за валасы, пагладзіла па галаве і затым, з мягкаю вымагальнасьцю маці, якая супакойвае пакаранае дзіця, падняла яму галаву і пачала выціраць хустачкаю заплаканыя вочы.

— Ну, ну, сьціхні-ж! — загаварыла яна тонам дарослае жанчыны. — Я даўно не сярдую. Як бачу, дык ты шкадуеш, што напалохаў мяне…

— Я не хацеў напалохаць цябе, — адказаў ён, глыбока ўздыхаючы, каб здушыць нэрвовыя прыступы.

— Добра, добра! Я не сярдую!… То-ж ты больш ня будзеш. — Яна крыху падняла яго з зямлі і старалася пасадзіць побач з сабою.

Ён пакараўся. Цяпер ён сядзеў, як раней, тварам у бок захаду, і калі дзяўчынка ізноў зірнула на гэты твар, асьветлены чырванаватымі праменьнямі, дык ён ізноў паказаўся ёй дзіўным. У хлопчыкавых вачох яшчэ стаялі сьлёзы, але вочы гэтыя былі паранейшаму нярухомымі, рысы твару час ад часу крывіліся ад нэрвовых спазмаў, але разам з тым, у іх відаць было нядзічячае, глыбокае і цяжкае гора.

— А ўсё такі ты вельмі дзіўны, — сказала яна, задумліва і спагадна.

— Я ня дзіўны, — адказаў хлопчык з жалобнаю грымасаю. — Не, я ня дзіўны… Я… я — сьляпы!

— Сьляпы-ы? — працягнула яна, быццам сьпяваючы, і голас яе здрыгануўся, як быццам гэтае сумнае слова, ціха выгаваранае хлопчыкам, зрабіла незгладжвальны ўдар па яе маленечкім жаночым сэрцы. — Сьляпы-ы? — яшчэ больш дрыжачым голасам і, як быццам шукаючы абароны ад ахапіўшага ўсю яе непераможнага пачуцьця літасьці, яна раптам апляла хлопчыкаву шыю рукамі і прысланілася да яго тварам.

Атаропленая раптоўнасьцю сумнага вынаходу, маленечкая жанчына ня ўтрымалася на вышыні свае паважнасьці і, абярнуўшыся раптам у беднае і бязраднае ў сваёй бядзе дзіцянё, яна, ў сваю чаргу, горка і бязуцешна заплакала.

VI.

Некалькі мінут прайшло ў маўчаньні.

Дзяўчынка сьціхла плакаць і толькі час ад часу яшчэ хніпала, перамагаючыся. Поўнымі сьлёз вачыма яна глядзела, як сонца, быццам круцячыся ў распаленай атмосфэры захаду, асядала за цёмную мяжу гарызонту. Мільгануў яшчэ раз залаты абрэз агністае галы, пасьля пырснулі дзьве-тры гарачыя іскры, і цёмныя зарысы далёкага лесу ўсплылі раптоўна неперарыўнаю сіняватаю лінейкаю.

З ракі пацягнула халадком, і ціхі спакой таго, што надходзіў, вечару адбіўся на твары ў сьляпога; ён сядзеў са спушчанаю галавою, відочна, зьдзіўлены гэтым выразам гарачага пачуцьця.

— Мне шкада… — ўсё яшчэ хніпаючы, выгаварыла, нарэшце, дзяўчынка, тлумачачы сваю сла- басьць.

Пасьля, крыху апанаваўшы сябе, яна зрабіла спробу перавясьці размову на пастароньнюю рэч, да якое яны абое маглі аднясьціся спакойна.

— Сонейка села, — сказала яна задумліва.

— Я ня ведаю, якое яно, — быў сумны адказ. — Я яго толькі… адчуваю…

— Ня ведаеш сонейка?

— Але.

— А… свае мамы… таксама ня ведаеш?

— Маму ведаю. Я заўсёды здалёк пазнаю яе хаду.

— Але, але, гэта праўда. І я з заплюшчанымі вачыма пазнаю сваю маму.

Размова набрала больш спакойнага характару.

— Ведаеш? — загаварыў сьляпы з некатораю жвавасьцю, — гэта-ж я адчуваю сонца і ведаю, калі яно зайшло.

— Чаму ты ведаеш?

— Таму што… бачыш… Я й сам ня ведаю чаму…

— А-а! — працягнула дзяўчынка, як відаць зусім задаволеная гэтым адказам, і яны абое памаўчалі.

— Я магу чытаць, — першы загаварыў Пятрусь, — і хутка навучуся пісаць пяром.

— А як-жа ж ты?… — пачала была яна і раптам саромліва сьціхла, ня хочучы цягнуць дразьлівага допыту. Але ён яе зразумеў.

— Я чытаю ў сваёй кніжцы, — паясьніў ён, — пальцамі.

— Пальцамі? Я ніколі не навучылася-б чытаць пальцамі… Я й вачыма блага чытаю. Тата кажа, што жанчыны блага разумеюць навуку.

— Я магу чытаць нават пафранцуску.

— Пафранцуску!… І пальцамі… які ты разумны! — шчыра ўсьцешылася яна. — Аднак-жа, я баюся, каб ты часам не прастудзіўся. Вун над ракою які туман.

— А ты сама?

— Я не баюся; што мне зробіцца?

— Ну, і я не баюся. Ці-ж можа быць, каб мужчына прастудзіўся хутчэй за жанчыну? Дзядзька Максім кажа, што мужчына не павінен нічога баяцца: ні холаду, ні голаду, ні грому, ні хмары.

— Максім?… Гэта той, што на кулях?… Я яго бачыла. Ён страшны.

— Не, ён ані ня страшны. Ён — добры.

— Не, страшны! — пераконанна паўтарыла яна. — Ты ня ведаеш, таму што ня бачыў яго.

— Як-жа я яго ня ведаю, калі ён мяне ўсяму вучыць?

— Б’е.

— Ніколі ня б’е і ня крычыць на мяне… Ніколі…

— Гэта добра. Ці-ж можна біць сьляпога хлопчыка? Гэта быў-бы грэх.

— Дык ёнэна й нікога ня б’е, — сказаў Пятрусь крыху зьбянтэжанна, таму што яго чуткае вуха пачула Іохімавыя шагі.

Сапраўды, рослая фігура хахла зарысавалася праз мінуту на ўзгоркаватым хрыбце, аддзяляўшым сядзібу ад берагу, і яго голас далёка раскаціўся ў цішыні вечару:

— Па-ны-чу-у-у!

— Цябе клічуць, — сказала дзяўчынка, ўстаючы.

— Але. Ды мне не хацелася-б ісьці.

— Ідзі, ідзі! Я да цябе заўтра прыду. Цяпер цябе чакаюць і мяне таксама.

VII.

Дзяўчынка акуратна споўніла сваё абяцаньне і нават раней, чымся Пятрусь мог на гэта разьлічваць. У чародны-ж дзень, седзячы ў сваім пакоі за звычайнаю лекцыяй з Максімам, ён раптам падняў галаву, прыслухаўся і сказаў з ажыўленьнем:

— Адпусьці мяне на мінуту. Там прышла дзяўчынка.

— Якая яшчэ дзяўчынка? — зьдзівіўся Максім і пайшоў сьледам за хлопчыкам да выхадных дзьвярэй.

Сапраўды, ўчарашняя Пятрусёва знаёмая ў гэту самую мінуту ўвайшла ў браму сядзібы і, ўбачыўшы праходзіўшую па падворку Анну Міхайлаўну, вольна скіравалася проста да яе.

— Што табе, мілая дзяўчынка, трэба? — спыталася тая, думаючы, што яе прыслалі па справе.

Маленечкая жанчына паважна выцягнула да яе руку і спыталася:

— Гэта ў вас ёсьць сьляпы хлопчык?… Так?

— У мяне, мілая, але, у мяне, — адказала пані Папельская, любуючыся ея яснымі вачыма і свабодай яе абыходжаньня.

— Вось, ці бачыце… Мая мама адпусьціла мяне да яго. Ці магу я яго бачыць?

Але ў гэту мінуту Пятрусь сам падбег да яе, а на ганку паказалася Максімава фігура.

— Гэта ўчарашняя дзяўчынка, мама! Я вам казаў, — сказаў хлопчык, вітаючыся. — Толькі ў мяне цяпер лекцыя.

— Ну, на гэты раз дзядзька Максім адпусьціць цябе, — сказала Анна Міхайлаўна, — я ў яго папрашу.

Тымчасам малюсенечкая жанчына, пачуваўшая сябе, відочна, як у хаце, скіравалася насустрэчу да падходзіўшага да іх на сваіх кулях Максіма і, выцягнуўшы да яго руку, сказала тонам лагоднага адобраньня:

— Гэта добра, што вы ня б’еце сьляпога хлопчыка. Ён мне казаў.

— Няўжо-ж, панечка? — спытаўся Максім з камічнай важнасьцю, прымаючы ў сваю шырокую руку маленечкую ручку дзяўчынкі. — Як я ўдзячны майму гадунцу, што ён умеў настроіць на маю карысьць гэткую міленькую асобу.

І Максім расьсьмяяўся, гладзячы яе руку, якую трымаў у сваёй. Тымчасам, дзяўчынка і далей пазірала на яго сваім адкрытым паглядам, адразу заваяваўшым яго жананенавісьніцкае сэрца.

— Паглянь, Ануся, — зьвярнуўся ён да сястры з дзіўнаю ўсьмешкаю, — наш Пётра пачынае заводзіць самастойныя знаёмствы. І гэта-ж згадзіся, Аня… ня гледзячы на тое, што ён сьляпенькі, ён усё-ж такі ўмеў зрабіць не благі выбар, ці-ж ня праўда?

— Што ты хочаш гэтым сказаць, Макс? — спыталася маладая жанчына строга, і гарачая чырвань заліла ўвесь яе твар.

— Жартую! — адказаў брат ляконічна, бачачы, што сваім жартам ён закрануў хворую струну, агаліў тайную думку, што заварушылася ў прадбачлівым матчыным сэрцы.

Анна Міхайлаўна яшчэ больш зачырванелася і, шыбка накланіўшыся, з парывам палкай далікатнасьці абняла дзяўчынку; тая прыняла неспадзявана-гарачую ласку ўсё з тым-жа самым, хоць і крыху зьдзіўленым, паглядам.

VIII.

З гэтага дня паміж пасэсарскай хаткаю і сядзібаю Папельскіх завязаліся найбліжэйшыя адносіны. Дзяўчынка, якую звалі Эвэлінаю, прыходзіла штодня ў сядзібу, а праз некаторы час яна таксама паступіла вучаніцаю да Максіма. Спачатку гэты плян супольнага навучаньня ня надта спадабаўся пану Яскульскаму. Першае — ён лічыў, што, калі жанчына ўмее запісаць порце і вясьці хатнюю расходную кнігу, дык гэтага зусім даволі, другое — ён быў добры каталік і лічыў, што Максіму ня варта было ваяваць з аўстрыякамі, напроці ясна выказанае волі „айца-папежа“. Нарэшце, яго цьвёрдае перакананьне было ў тым, што на небе ёсьць Бог, а Вольтэр і вольтэрыянцы кіпяць у пякельнай смале, які лёс, паводле думкі шмат каго, быў суджаны і пану Максіму. Аднак-жа пры бліжэйшым знаёмстве ён павінен быў прызнацца, што гэты гэрэтык і забіяка — чалавек вельмі прыемнага нораву і вялікага розуму, і праз гэта пасэсар пайшоў на компроміс.

Але ўсё-ж такі нейкая неспакойнасьць варушылася ў глыбіні душы старога шляхціча, і дзеля гэтага, прывёзшы дзяўчынку на першую лекцыю, ён палічыў дарэчы зьвярнуцца да яе з урачыстаю і паважнаю прамоваю, якая, праўду кажучы, болей прызначалася для вушэй Максімавых.

— Вось што, Вэля… — сказаў ён, узяўшы дачку за плячо і пазіраючы на яе будучага настаўніка. — Помні заўсёды, што на небе ёсьць Бог, а ў Рыме сьвяты яго „папеж“. Гэта табе кажу я, Валенты Яскульскі, і ты павінна мне верыць, таму, што я твой бацька, — гэта primo.

Пры гэтым адбыўся новы строгі пагляд у бок Максіма; пан Яскульскі падчыркваў сваю лаціну, даючы зразумець, што і ён ня чужы для навукі і, ў выпадку чаго, яго ашукаць трудна.

Secundo, я — шляхціч слаўнага гэрбу, ў якім разам з „копкаю й варонаю“ не дарма азначаецца крыж у сінім полі. Яскульскія, быўшы добрымі рыцарамі, няраз мянялі мечы на малітвенікі і заўсёды цанілі тое-сёе ў справах неба, дзеля гэтага ты павінна мне верыць. Ну, а ў рэшце ўсяго, што датычыць orbis terrarum, г. зн. усяго зямнога, дык слухай, што табе скажа пан Максім Яцэнка, і вучыся добра.

— Ня бойцеся, пане Валенты, — усьмяхаючыся адказаў на гэтую прамову Максім, — мы не вярбуем паненак для аддзелу Гарыбальды.


ІХ.

Супольнае навучаньне аказалася вельмі карысным для абаіх. Пятрусь ішоў, ведама, наперадзе, але гэта ня выключала такога-сякога стараньня йсьці навыперадкі. Апрача таго, ён памагаў ёй часта вывучваць лекцыі, а яна знаходзіла іншы раз вельмі ўдачныя ухваткі, каб вытлумачыць хлопчыку што-нібудзь цяжка зразумелае для яго, сьляпога. Апрача таго, яе таварыства ўносіла ў яго заняткі штосьці асаблівае, надавала яго разумовай працы асобны тон прыемнага ўзбуджэньня.

Наагул, гэтая дружба была сапраўдным дарам спагадлівага лёсу. Цяпер хлопчык ня шукаў ужо поўнае адзіноты; ён знайшоў тое кампаньёнства, якога не магла яму даць любасьць дарослых, і ў мінуту чуткага духовага зацішша яму была прыемнаю яе блізкасьць. На прываль ці на рэку яны заўсёды хадзілі ўдваіх. Калі ён граў, дык яна слухала яго з наіўнаю радасьцю. А калі ён адкладваў дудку, дык яна пачынала перадаваць яму свае дзіцяча-жывыя ўражаньні ад ваколічнае прыроды; ведама-ж, яна ня ўмела выказваць іх з належнаю паўнатою такімі, якія патрэбны, словамі, але затое ў яе нескладаных расказах, у іхнім тоне ён схапляў характарны колёрыт кожнае апісванае зьявы. Гэтак, калі яна казала, напрыклад, аб цемнаце раскінутае над зямлёю сырое і чорнае ночы, дык ён як быццам чуў гэту цемнату ў стрыманна зьвінеўшых тонах яе трусіўшага голасу. Калі-ж, падняўшы ўгару задумлівы твар, яна казала яму: „Ах, якая хмара йдзе, якая хмара цёмная, працёмная!“ — дык ён адчуваў адразу быццам халоднае дуцьцё і чуў у яе голасе палохаўшы шорхат паўзучага па небе, недзе ў далёкай вышыні, страхацьця.



РАЗЬДЗЕЛ ІV.
I.

Ёсьць натуры, як быццам загадзя прызначаныя для ціхага подзьвігу любасьці, злучанае з сумам і клопатам, — натуры, для якіх гэтыя клопаты аб чужым горы складаюць як-бы атмосфэру, арганічную патрэбу. Прырода загадзя надзяліла іх спакойнасьцю, без якое немагчымы будзённы подзьвіг жыцьця, яна прадбачліва прытупіла ў іх асабістыя парывы, запросы асабістага жыцьця, падпарадкаваўшы гэтыя парывы і гэтыя запросы пануючай рысе характару. Гэткія натуры здаюцца досіць часта вельмі халоднымі, вельмі разважлівымі, пазбаўленымі пачуцьця. Яны глухія на палкія поклічы грэшнага жыцьця і ідуць панурым шляхам даўгу гэтак-жа спакойна, як і шляхам самага найясьнейшага асабістага шчасьця. Яны здаюцца халоднымі, як сьнегавыя вяршыны і гэтак-жа сама, як яны, вялічавыя. Жыцьцёвая прэсната падае ім да ног; нават брахня і плёткі скочваюцца па іх беласьнежнай вопратцы, быццам гразныя струйкі з крыльляў лебедзя...

Маленечкая Пятрусёва знаёмая мела ў сабе ўсе рысы гэтага тыпу, які рэдка вырабляецца жыцьцём і выхаваньнем; ён, як талент, як гэні, даецца ў дар натурам-выбранцам і праяўляецца рана. Маці сьляпога хлопчыка разумела, якое шчасьце здарэньне паслала яе сыну ў гэтым дзіцячым кампанстве. Разумеў гэта і стары Максім, якому здавалася, што цяпер у яго гадунца ёсьць усё, чаго яму яшчэ не хапала, што цяпер духоўнае разьвіцьцё сьляпога пайдзе ціхім і роўным, нічым непатурбованым ходам…

Але гэта была горкая памылка.

II

У першыя гады жыцьця дзіцяці Максім думаў, што ён зусім апанаваў духовы рост хлопчыка, што гэты рост адбываецца калі не пад простым яго уплывам, дык, у кожным выпадку, ніводзін новы бок яго, ніводнае новае набыцьцё ў гэтай галіне не ўцячэ ад яго нагляданьня і кантролю. Але калі надыйшоў у жыцьці дзіцяці пэрыяд, які зьяўляецца пераходнаю граніцаю паміж дзяцінствам і юнацтвам, дык Максім убачыў, як безасноўныя гэтыя гордыя педагогічныя лятуценьні. Ледзь ня кожны тыдзень прыносіў з сабою што-нібудзь новае, час-ад-часу зусім неспадзяванае ў адношаньні да сьляпога, і калі Максім стараўся знайсьці крыніцы гэтае новае ідэі або новага прадстаўленьня, якое зьяўлялася ў дзіцяці, дык яму прыходзілася губляцца. Нейкая невядомая сіла працавала ў глыбіні дзіцячае душы, высоўваючы з гэтае глыбіні неспадзяваныя праявы самастойнага духовага росту, і Максіму прыходзілася супыняцца з пачуцьцём малітвенасьці перад таямнічымі працэсамі жыцьця, якія ўмешваліся гэткім чынам у яго пэдагогічную працу. Гэтыя штуршкі прыроды, яе дармавыя адкрыцьці, здавалася, дастаўлялі дзіцяці гэткія прадстаўленьні, якія не маглі быць набытымі асабістым дасьведчаньнем сьляпога, і Максім згадваў тут неперарыўную сувязь жыцьцёвых зьяваў, якая праходзіць, дробячыся ў тысячы працэсаў, цераз пасьлядоўны рад відаў асобнага жыцьця.

Спачатку гэтае нагляданьне спалохала Максіма. Бачачы, што ня ён адзін уладае разумовым ладам дзіцяці, што ў гэтым ладзе сказваецца нешта гэткае, ад яго незалежнае і выйшаўшае з-пад яго ўплыву, ён спалохаўся за долю свайго гадунца, спалохаўся магчымасьці гэткіх запросаў, якія маглі-б паслужыць для сьляпога толькі прычынаю незаспакоенай пакуты. І ён прабаваў знайсьці крыніцы гэтых, аднекуль выплываўшых, струйкаў, каб… назаўсёды замкнуць іх дзеля дабра сьляпога дзіцяці.

Не ўцяклі гэтыя неспадзяваныя пробліскі і ад матчынае ўвагі. Аднойчы раніцай Петрык прыбег да яе ў нязвычайнай неспакойнасьці.

— Мама, мама! — закрычаў ён, — Я бачыў сон.

— Што-ж ты бачыў, мой хлопчык? — спыталася яна з сумнаю пянэўнасьцю ў голасе.

— Я бачыў у сьне, што… я бачу вас і Максіма, і яшчэ… што я ўсё бачу… Гэтак добра, гэтак добра, мамачка!

— А што-ж яшчэ ты бачыў, мой хлопчык.

— Я ня помню.

— А мяне помніш?

— Не, — сказаў хлопчык у задуме. — Я запомніў усё… А ўсё такі я бачыў, дапраўды-ж, бачыў… — дадаў ён пасьля мінутнага маўчаньня, і яго твар адразу пахмурнеў. На сьляпых вачох бліснула сьляза…

Гэта паўтаралася яшчэ некалькі разоў, і кожны раз хлопчык рабіўся сумнейшым і трывожнейшым.

III.

Аднойчы, йдучы па падворку, Максім пачуў у салёне, дзе звычайна адбываліся лекцыі музыкі, нейкія дзіўныя музыкальныя практыкаваньні. Яны складаліся з дзьвёх нотаў. Спачатку ад быстрых, пасьлядоўных, блізка што зьлітых удараў па клявішы дрыжала найвышэйшая яркая нота верхняга рэгістру, затым яна раптоўна зьмянялася нізкім гудзеньнем басу. Пацікавіўшыся даведацца, што маглі значыць гэтыя дзіўныя экзэрцыцыі, Максім закульгаў па падворку і праз мінуту ўвайшоў у салён. У дзьвярох ён супыніўся, як укопаны, перад неспадзяваным вобразам.

Хлопчык, якому йшоў ужо дзесяты год, сядзеў каля матчыных ног на нізенькім крэсьле. Побач з ім, выцягнуўшы шыю і соўваючы то туды то сюды доўгаю дзюбай, стаяў малады асвоены бусел, якога Іохім падарыў панічу. Хлопчык кожнае раніцы карміў яго з сваіх рук, і птушка ўсюды праводзіла свайго новага прыяцеля-гаспадара. Цяпер Пятрусь прытрымліваў бусла аднэю рукою, а другою памалу праводзіў удоўж па яго шыі і затым па тулаве з выразам узмоцненае ўвагі на твары. У гэты самы час маці, з гарачым, узбуджаным тварам і сумнымі вачыма, шыбка ўдарала пальцам па клявішы, выклікаючы з інструмэнту бесьперарыўна зьвінеўшую высокую ноту. Разам з тым, крыху перахіліўшыся на сваім крэсьле, яна з балючай уважлівасьцю ўглядвалася ў твар дзіцяці. Калі-ж хлопчыкава рука, сьлізгаючы па белых пярынках, заходзіла да таго месца, дзе гэтыя пярынкі раптоўна зьмяняюцца чорнымі на канцох крыльляў, дык Анна Міхайлаўна адразу пераносіла руку на іншую клявішу, і нізкая басовая нота глуха разьлягалася па пакоі.

Абое, і маці і сын, гэтак былі праглынуты сваім заняткам, што не заўважылі прыходу Максіма, пакуль ён, у сваю чаргу, прачхнуўшыся ад зьдзіўленьня, не перарваў сэансу пытаньнем:

— Аннуся! што гэта значыць?

Маладая жанчына, сустрэўшы прабавальны братаў пагляд, засаромілася, быццам злоўленая строгім настаўнікам на месцы праступленьня.

— Вось, ці бачыш, — загаварыла яна саромліва, — ён кажа, што адрозьнівае пэўную розьніцу ў афарбоўцы бусла; толькі ня можа ясна зразумець, у чым гэтая розьніца… Дапраўды, ён сам першы загаварыў пра гэта, і мне здаецца, што гэта праўда…

— Ну, дык што-ж?

— Нічога, я толькі хацела яму… крыху… вытлумачыць гэту розьніцу рознасьцяй гукаў… Не сярдуй, Макс, але, дапраўды, я думаю, што гэта вельмі падобна…

Гэта неспадзяваная ідэя ахапіла Максіма гэткім зьдзіўленьнем, што ён у першую мінуту ня ведаў, што сказаць сястры. Ён змусіў яе паўтарыць свае досьледы і, прыглядзеўшыся да напружанае ўвагі твару сьляпога, памахаў галавою.

— Паслухай мяне, Анна, — сказаў ён, застаўшыся сам на сам з сястрою. — Ня варта будзіць у хлопчыку пытаньняў, на якія ты ніколі, ніколі ня будзеш магчы даць поўнага адказу.

— Але-ж гэта ён сам загаварыў першы, дапраўды… — перабіла Анна Міхайлаўна.

— Усё роўна. Хлопчыку астаецца толькі прывыкнуць да свае сьлепаты, а нам трэба імкнуцца да таго, каб ён запомніў пра сьвятло. Я стараюся, каб ніякія вонкавыя выклікі не наводзілі яго на дарэмныя пытаньні, і калі-б удалося ўхіліць гэтыя выклікі, дык хлопчык не ўсьведамляў-бы недахопу ў сваіх пачуцьцёх, як і мы, маючы ўсе пяць органаў, ня сумуем аб тым, што ў нас няма шостага.

— Мы сумуем, — ціха запярэчыла маладая жанчына.

— Аня!

— Мы сумуем, — адказала яна ўпарта… — Мы часта сумуем аб немагчымым…

Хоць-жа ж сястра падпарадкавалася братавым довадам, але на гэты раз ён памыляўся: турбуючыся аб ухіленьні вонкавых выклікаў, Максім забываў тыя магутныя пабуджэньні, якія былі закладзены ў дзіцячую душу самою прыродаю.


VI.

„Вочы, — сказаў хтосьці, — люстра душы.“ Быць можа лепш было-б параўнаць іх з вокнамі, якімі ўліваюцца ў душу ўражаньні яснага, бліскучага колернага сьвятла. Хто можа сказаць, якая часьць нашага духовага складу залежыць ад адчуваньняў сьвятла?

Чалавек — адно колачка ў бясконцым ланцугу жыцьця, якое цягнецца праз яго з глыбіні мінулага да бесканечнае будучыны. І вось, у адным з гэткіх колачкаў, у сьляпым хлопчыку, фатальная выпадковасьць зачыніла гэтыя вокны: жыцьцё павінна прайсьці ўсё ў цемнаце. Але ці значыць гэта, што ў яго душы парваліся навекі тыя струны, якімі душа адгукваецца на сьветлавыя ўражаньні? Не, і цераз гэтае цёмнае істнаваньне павінна была працягнуцца і перадацца чародным пакаленьням унутраная ўспрыймальнасьць да сьвятла. Яго душа была поўная чалавечая душа, з усімі яе здольнасьцямі, а дзеля таго, што кожная здольнасьць носіць у самой сабе імкненьне да задаволеньня, дык і ў цёмнай хлопчыкавай душы жыло няўпыннае імкненьне да сьвятла.

Някранутымі ляжалі недзе ў таямнічай глыбіні адтрыманыя, як спадчына, і драмаўшыя ў няясным істнаваньні „магчымасьцяў“, сілы, з першым сьветлым променем гатовыя падняцца яму насустрэчу. Але вокны астаюцца зачыненымі: хлопчыкаў лёс вырашаны: яму ня ўбачыць ніколі гэтага променя, яго жыцьцё ўсё прайдзе ў цемнаце!

І цемната гэтая была поўная прыяваў.

Калі-б жыцьцё дзіцяці праходзіла сярод бяды і гора, дык гэта мо’ адцягнула-б яго думку да вонкавых прычынаў пакуты. Але блізкія людзі адсунулі ад яго ўсё, што магло-б яго квяліць. Яму даставілі поўную спакойнасьць і цішыню, і цяпер сама цішыня, панаваўшая ў яго душы, памагала таму, што ўнутраная незадаволенасьць чулася ясьней. Сярод цішыні і цемры, яго акружаўшых, уставала няясная нясьціхаўшая сьвядомасьць нейкае патрэбы, шукаўшае задаволеньня, зьяўлялася імкненьне аформіць драмаўшыя ў глыбіні душы, не знаходзіўшыя выхаду, сілы.

Адсюль — нейкія няясныя прадчуцьці і парывы, падобныя да таго імкненьня да лёту, якое кожны перажываў у дзяцінстве і якое сказваецца ў гэтым веку сваімі цудоўнымі снамі.

Адсюль, нарэшце, выцякалі інстынктыўныя патугі дзіцячае думкі, якія адбіваліся на твары балючым пытаньнем. Гэтыя спадчынныя, але ня кранутыя ў асабістым жыцьці „магчымасьці“ сьветлавых прадстаўленьняў уставалі, быццам прыявы, ў дзіцячай галоўцы, бясформенныя, няясныя і цёмныя, выклікаючы балючыя і смутныя патугі.

Прырода паднімалася несьвядомым протэстам проці індывідуальнага „выпадку“ за нарушаны агульны закон.


V.

Гэткім чынам, колькі-б ні стараўся Максім ухіліць усе вонкавыя выклікі, ён ніколі ня мог зьніштожыць унутранага націску незадаволенай патрэбы. Самае большае, чаго ён мог дасягнуць сваёю асьцярожнасьцю, гэта — будзіць яе перад часам, не ўзмацоўваць пакуты сьляпога. Урэшце цяжкі лёс дзіцяці павінен быў ісьці сваёю чаргою, з усімі яго цяжкімі пасьледзтвамі.

І ён насоўваўся цёмнаю хмараю. Прыродная жывасьць хлопчыка з ходам гадоў усё больш і больш зьнікала, падобна да спадаўшае хвалі, тады як няясна, але бесьперарыўна зьвінеўшы ў душы яго сумны настрой мацнеў, сказваючыся ў яго тэмпэрамэнце. Сьмех, які можна было чуць у часе яго дзяцінства пры кожным асабліва ясным новым уражаньні, цяпер чуўся ўсё радзей і радзей. Усё, што сьмялася, вясёлае, ад’значнае пячаткаю гумару, было яму мала даступным; але затое ўсё няяснае, неазначальна-сумнае і туманна-мэлянхолічнае, што чуецца ў паўднёвай прыродзе і адбіваецца ў народнай песьні, ён лавіў з дзіўнаю поўнасьцю. Сьлёзы зьяўляліся ў яго кожны раз на вачох, калі ён слухаў, як „у полі могыла з вітром говорыла“ і ён сам любіў хадзіць у поле слухаць гэтую гутарку. У ім усё больш і больш вырабляўся нахіл да адзіноты і, калі ў гадзіны, вольныя ад заняткаў, ён адыходзіў адзін на свой адзіноцкі спацыр, дык хатнія стараліся не хадзіць у той бок, каб не парушыць яго адзіноты. Сеўшы дзе-нібудзь на кургане ў сьцяпу, або на ўзгорачку над ракою, або, нарэшце, на добра знаёмай прывалі, ён слухаў толькі шамаценьне лісьцьця ды шэпт травы або неазначальныя подыхі сьцяповага ветру. Усё гэта асаблівым спосабам гармоньявала з глыбінёю яго духовага настрою. Наколькі ён мог разумець прыроду, тут ён разумеў яе цалком і да канца. Тут яна ня трывожыла яго ніякімі выразнымі і невырашанымі пытаньнямі; тут гэты вецер уліваўся яму проста ў душу, а трава, здавалася, шаптала яму ціхія словы шкадаваньня і, калі душа юнака, настроіўшыся ў лад з навакольнаю ціхаю гармоніяй, разьмягчалася ад цёплае ласкі прыроды, дык ён адчуваў, як нешта паднімаецца ў грудзёх, прыбываючы і разьліваючыся па ўсёй яго істоце. Ён прыпадаў тады да крыху вільготнае, халаднаватае травы і ціха плакаў, але ў гэтых сьлёзах ня было горычы. А іншы раз ён браў дудку і зусім забываўся, падбіраючы задумлівыя мэлёдыі да свайго настрою і ў лад з ціхаю гармоніяй сьцепу.

Ведама, што кожны чалавечы гук, які неспадзявана ўрываўся ў гэты настрой, дзеяў на яго балючым, вострым дысонансам. Кампанаваньне ў падобныя мінуты магчыма толькі з надта блізкаю, прыяцельскаю душою, а ў хлопчыка быў толькі адзін гэткі прыяцель яго веку, якраз — белакурая дзяўчынка з пасэсарскай сядзібы. І гэтая прыязнь мацнела ўсё болей, выдзяляючыся поўнаю ўзаемнасьцю. Калі Эвэліна ўносіла ў іхнія ўзаемныя адносіны сваю спакойнасьць, сваю ціхую радасьць, даводзіла да ведама сьляпога новыя адцені навакольнага жыцьця, дык і ён, у сваю чаргу, даваў ёй… сваё гора. Здавалася, быццам першае знаёмства з ім зрабіла чуламу сэрцу маленечкае жанчыны крывавую рану: вымце з раны кінджал, які зрабіў удар, і яна сплыве крывёю. У першы яшчэ раз, пазнаёміўшыся на ўзгорачку ў сьцяпу з сьляпым хлопчыкам, маленечкая жанчына адчула вострую пакуту спачуцьця і цяпер яго прысутнасьць рабілася для яе ўсё больш і больш неабходнаю. У разлуцы з ім рана быццам адкрывалася зноў, боль ажываў, і яна імкнулася да свайго маленькага прыяцеля, каб бязустанным клопатам сьцішыць сваю ўласную пакуту.


VI.

Аднойчы ў цёплы асеньні вечар абедзьве сям’і сядзелі на пляцыку перад домам, любуючыся зорным небам, сінеўшым глыбокаю бліскучасьцю і гарэўшым агнямі. Сьляпы, паводле звычаю, сядзеў побач з сваёю прыяцелькаю каля маці.

Усе на момэнт сьціхлі. Каля сядзібы было зусім ціха; толькі лісьцьцё час ад часу, чутліва схамянуўшыся, мармытала штосьці малазразумелае і зараз-жа сьціхала.

У гэтую мінуту бліскучы мэтэор, сарваўшыся аднекуль з глыбіні цёмнае лазуры, праляцеў зыркаю палоскаю па небе, пакінуўшы за сабою фосфарычны сьлед, пагасшы памалу і незаўважанна. Усе паднялі вочы. Маці, сядзеўшая побач з Петрыкам, пачула, як ён схамянуўся і ўздрыгнуў.

— Што гэта… было? — павярнуўся ён да яе з неспакойным тварам.

— Гэта зорка ўпала, дзіця маё.

— Але, зорка, — дадаў ён задумаўшыся. — Я так і ведаў.

— Адкуль-жа ж ты мог ведаць, хлопчык мой? — перапытала маці з сумнаю няпэўнасьцю ў голасе.

— Не, гэта ён кажа праўду, — умяшалася Эвэліна. — Ён шмат што ведае… „так“…

Ужо гэта, усё мацнеўшая, чуласьць паказвала, што хлопчык досіць выразна падходзіць да крытычнага веку паміж дзяцінствам і юнацтвам. Але пакуль што яго рост адбываўся досіць спакойна. Здавалася нават, быццам ён прывык да свае долі, і дзіўна-ўроўнаважаны сум бяз просьвету, але й бяз вострых парываньняў, які зрабіўся звычайным фонам яго жыцьця, цяпер крыху памягчэў. Але гэта быў усяго толькі пэрыяд часовага зацішша. Гэтыя роздыхі прырода дае, як быццам сумысьля; у іх малады арганізм устойваецца і мацнее для новае буры. Падчас гэтых зацішшаў няпрыкметна набіраюцца і сьпеюць новыя пытаньні. Адзін штуршок — і ўвесь спакой душы ўскалышацца да глыбіні, як мора пад ударам раптоўна наляцеўшага шквалу.



РАЗЬДЗЕЛ V.
I.

Гэтак прайшло яшчэ некалькі гадоў.

Нішто не зьмянілася ў ціхай сядзібе. Паранейшаму шумелі букі ў садзе, толькі лісьцьцё іхняе быццам пацямнела, зрабілася яшчэ гусьцейшым; паранейшаму бялелі прыветлівыя сьцены, толькі яны чутачку скрывіліся й аселі; паранейшаму спляшчваліся саломенныя стрэхі, і нават Іохімава жалейка чулася ў тыя самыя гадзіны з стайні; толькі цяпер ужо і сам Іохім, які аставаўся нежанатым канюхом у сядзібе, лічыў за лепшае слухаць ігру сьляпога паніча на дудцы, або на фортэп’яне — ўсё роўна.

Максім пасівеў яшчэ болей. У Папельскіх ня было іншых дзяцей, і дзеля гэтага сьляпы пяршак паранейшаму застаўся цэнтрам, каля якога групавалася ўсё жыцьцё сядзібы. Для яго лёс замкнуўся ў сваім цесным коле, задаваляючыся сваім уласным ціхім жыцьцём, да якога прытыкалася ня менш ціхае жыцьцё пасэсарскае „хаткі“. Гэткім чынам, Пётра, стаўшы ўжо юнаком, вырас, як цяплічная краска, забясьпечаная ад вострых пабочных уплываў далёкага жыцьця.

Ён, як і раней, стаяў у цэнтры вялізарнага цёмнага сьвету. Над ім, вакол яго, усюды расьцягнулася цемра без канца й бяз межаў: чулая тонкая арганізацыя паднімалася, як туга наведзеная струна, насустрэчу кожнаму ўражаньню, гатовая задрыжаць адказвальнымі гукамі. У настроі сьляпога выразна сказвалася гэтае чулае чаканьне: яму здавалася, што вось-вось гэтая цемра выцягнецца да яго сваімі нябачнымі рукамі і закране ў ім штосьці гэткае, што гэтак томна драмае ў душы і жджэ прабуджэньня.

Але знаёмая добрая і маркотная цемра сядзібы шумела толькі ласкавым шэптам старога саду, навяваючы сумную, калыхальную, супакойвальную думу. Пра далёкі сьвет сьляпы ведаў толькі з песьняў, з гісторыі, з кнігаў. Пад задумлівы шэпт саду, сярод ціхіх будняў сядзібы, ён даведваўся толькі з расказаў аб бурах і трывогах далёкага жыцьця. І ўсё гэта рысавалася яму быццам за нейкаю чароўнаю імглою, як песьня, як быліна, як казка.

Здавалася, што гэтак было добра. Маці бачыла, што агароджаная быццам сьцяною душа яе сына драмае ў нейкім зачарованым паўсьне, штучным, але спакойным. І яна не хацела парушаць гэтае роўнавагі, баялася яе парушыць.

Эвэліна, якая вырасла і злажылася неяк незаметна, глядзела на гэту зачарованую цішу сваімі яснымі вачыма, у якіх можна было часамі заўважыць штосьці ў родзе задумы, пытаньня аб будучыні, але ніколі ня было нават і ценю нецярплівасьці. Папельскі-бацька прывёў двор у ўзорны парадак, але да пытаньняў аб будучыні яго сына добраму чалавеку, ведама-ж, ня было ані найменшае справы. Ён прывык, што ўсё робіцца само сабою. Адзін толькі Максім, па сваёй натуры, з труднасьцяй выносіў гэтую цішу, і то, як нешта часовае, уваходзіўшае мімаволі ў яго пляны. Ён лічыў неабходным даць юнацкай душы ўстаяцца, узмацнець, каб быць у сіле сустрэць вострае дакраненьне жыцьця.

Тымчасам, там, за мяжою гэтага зачарованага кола, жыцьцё кіпела, хвалявала, бурліла.

І вось, нарэшце, надыйшоў час, калі стары настаўнік пастанавіў разарваць гэтае кола, адчыніць дзьверы цяпліцы, каб у яе магла ўварвацца сьвежая струя вонкавага паветра.

ІІ.

Для першага здарэньня ён запрасіў да сябе старога таварыша, які жыў за вярстоў 70 ад сядзібы Папельскіх. Максім калі-ні-калі бываў у яго й раней, але цяпер ён ведаў, што ў Стаўручэнкі гасьціць прыезная моладзь, і напісаў яму пісьмо, запрашаючы ўсю кампаньню. Запрашэньне гэтае было ахвотна прынята. Старыкі былі зьвязаны старым кампанствам, а моладзь помніла досіць гучнае калісь імя Максіма Яцэнкі, з якім зьвязваліся вядомыя традыцыі. Адзін з сыноў Стаўручэнкі быў студэнтам кіеўскага унівэрсытэту па модным тады філёлёгічным факультэце. Другі вучаўся музыкі ў пэтэрбурскай консэрваторыі. З імі прыехаў яшчэ малады кадэт, сын аднаго з бліжэйшых абшарнікаў.

Стаўручэнка быў моцны старык, сівы, з даўгімі казацкімі вусамі і ў шырокіх казацкіх шараварах. Ён насіў капшук з табакаю і люльку прывязанымі да пояса, гаварыў ня йначай, як паукраінску, і побач з двума сынамі, апраненымі ў белыя сьвіткі і вышытыя украінскія сарочкі, вельмі прыпамінаў гоголеўскага Бульбу з сынамі. Аднак-жа, у ім ня было і сьлядоў романтызму, адрозьніваўшага гоголеўскага рыцара. Наадварот, ён быў якнайлепшы практык-абшарнік, праз усё жыцьцё якнайлепш ладзіўшы з прыгоннымі адносінамі, а цяпер, калі гэтая „няволя“ была скасована, умеўшы добра прытарнавацца і да новых варункаў. Ён знаў народ, як зналі яго абшарнікі, г. знач. ён знаў кожнага мужыка свае вёскі, і ў кожнага мужыка знаў кожную карову і ледзь ня кожны лішні карбованец у мужыцкай машне.

За тое, калі ён і ня біўся з сваімі сынамі на кулакі, як Бульба, дык усё-ж такі паміж імі адбываліся заўсёдныя і вельмі заўзятыя стычкі, якія не абмяжоўваліся ні часам, ні месцам. Усюды, дома і ў гасьцёх, па самай драбнюсенькай прычыне паміж старым і моладзяй загараліся несканчальныя спрэчкі. Пачыналася звычайна з таго, што стары, пасьмехваючыся, дразьніў „ідэальных панічоў“; тыя гарачыліся, стары таксама разгарачаўся, і тады паўставаў самы неўяўляльны гармідар, у якім абедзьвюм старонам даставалася не на жарт.

Гэта было адбіцьцё вядомае розьніцы паміж „бацькамі і дзяцьмі“, толькі тут гэтае зьявішча сказвалася ў значна зьмягчанай форме. Моладзь, з дзяцінства адданая ў школы, вёску бачыла толькі ў кароткі канікулярны час, і праз гэта ў яе ня было таго конкрэтнага знаньня народу, якім вызначаліся бацькі-абшарнікі. Калі паднялася ў грамадзянстве хваля „народалюбства“, застаўшая юнакоў у вышэйшых клясах гімназіі, дык яны павярнуліся да вывучэньня роднага народу, але пачалі гэтае вывучэньне з кніжак. Другі шаг прывёў іх да непасрэднага вывучэньня праяваў „народнага духу“ ў яго творчасьці. Хаджэньне ў народ панічоў у белых сьвітках і вышываных сарочках было тады моцна распаўсюджана ў Украіне. На вывучэньне эканамічных варункаў не зьвярталася асаблівае ўвагі. Маладыя людзі запісвалі словы і музыку народных думак і песьняў, вывучвалі паданьні, спраўджалі гістарычныя факты з іх адбіцьцём у народнай памяці, наагул глядзелі на мужыка праз поэтычную прызму нацыянальнага романтызму. Ад гэтага, можа, ня надта адмовіліся-б і старыкі, але ўсё-ж яны ніколі не маглі дагаварыцца з моладзяй да якога-нібудзь паразуменьня.

— Вось, паслухай ты яго, — казаў Стаўручэнка Максіму, хітра штурхаючы яго лакцём, калі студэнт аратарстваваў з пачырванеўшым тварам і зіхацеўшымі вачыма. — Вось, сабачы сын, гаворыць, як піша!.. Падумаць, дык і сапраўды галава! А раскажы ты нам, вучоны чалавек, як цябе мой Нічыпар абдуў, га?

Стары пакручваў вусамі і рагатаў, расказваючы з чыста-хахлацкім гумарам адпаведнае здарэньне. Юнакі чырванелі, але, у сваю чаргу не заставаліся ў даўгу. „Калі яны ня знаюць Нічыпара і Хведзька з такое й такое вёскі, дык за тое яны вывучваюць увесь народ у яго агульных праявах; яны глядзяць з вышэйшага пункту гледжаньня, пры якім толькі й магчымы вывады і шырокія ўагульненьні. Яны ахапляюць адным паглядам далёкія пэрспэктывы, тады як старыя і замацярэлыя ў рутыне практыкі з-за дрэваў ня бачаць усяго лесу“.

Старому ня было няпрыемна слухаць мудрыя прамовы сыноў.

— Такі відаць, што не дарма ў школе вучыліся, — казаў інады ён, самаздаволенна пазіраючы на слухачоў. — А ўсё-ж, я вам скажу, мой Хведзька вас абодвух і ўвядзе і вывядзе, як цялят на вяровачцы, вось што!.. Ну, а я і сам яго, шэльму, у свой капшук пакладу ды ў кішэнь схаваю. Вось і значыць, што вы перада мною ўсё роўна, як шчаняты перад старым псом.


III.

У даную мінуту адна з падобных спрэчак толькі-што заціхла. Старэйшае пакаленьне пайшло ў хату і цераз адчыненыя вокны чуваць было час-ад-часу, як Стаўручэнка з трыумфам расказваў розныя камічныя эпізоды, і слухачы весела рагаталі.

Маладыя людзі заставаліся ў садзе. Студэнт, падаслаўшы пад сябе сьвітку і заламаўшы смушковую шапку, разьлёгся на траве з крыху тэндэнцыйнаю вольнасьцю. Яго старшы брат сядзеў на прызьбе з Эвэлінаю. Кадэт у акуратна зашпіленым мундзеры быў побач з ім, а крыху ў баку, абапёршыся аб падваконьнік, сядзеў, схіліўшы галаву, сьляпы; ён абдумваў толькі-што заціхшыя і глыбока яго ўсхваляваўшыя спрэчкі.

— Што вы думаеце аба ўсім, што тут гаварылася, панна Эвэліна? — зьвярнуўся да свае суседкі малады Стаўручэнка. — Вы, здаецца, не сказалі а ніводнага слова.

— Усё гэта вельмі добра, гэта значыць тое, што вы казалі бацьку. Але…

— Але… што-ж?

— Дзяўчына адказала не адразу. Яна палажыла сабе на калені сваю работу, разгладзіла яе рукамі і, ледзь схіліўшы галаву, пачала разглядаць яе з задумлівым выглядам. Трудна было разабраць, ці яна думала аб тым, што ёй варта было-б узяць для вышыўкі буйнейшую канву, ці яна абдумвала свой адказ.

Тымчасам, маладыя людзі з нецярплівасьцю чакалі гэтага адказу. Студэнт падустаў на лакці і пахіліў да дзяўчыны твар, ажыўлены цікавасьцю. Яе сусед утаропіўся ў яе спакойнымі, пытлівымі вачыма. Сьляпы зьмяніў сваю досіць вольную позу, выпрастаўся і пасьля выцягнуў галаву, адвярнуўшыся тварам ад рэшты гутарыўшых.

— Але, — прамовіла яна ціха, усё разгладжваючы й далей рукою сваю вышыўку, — у кожнага чалавека, панове, свая дарога ў жыцьці.

— Божухна! — востра выгукнуў студэнт, — якая добраразумнасьць! Ды вам, мая панначка, колькі гадоў, дапраўды?

— Семнаццаць, — адказала Эвэліна проста, але зараз-жа дадала з наіўна-трыумфуючай цікаўнасьцю: — а вы-ж вось думалі, што куды больш, ці-ж ня праўда?

Маладыя людзі засьмяяліся.

— Калі-б у мяне спыталіся датычна вашага веку, — сказаў яе сусед, — дык я моцна хістаўся-б паміж трынаццацьма і дваццаць трома. Праўда, інады вы здаецеся зусім-такі дзіцянём, а разважаеце часам, як дасьведчаная бабуля.

— У сур’ёзных справах, Гаўрыла Пятровіч, трэба і разважаць сур’ёзна, — вымавіла маленькая жанчына дактаральным тонам, ізноў бяручыся за работу.

Усе на мінуту сьціхлі. Эвэлініна іголка роўна захадзіла па вышыўцы, а маладыя людзі аглядалі з цікаўнасьцю міньятурную фігуру добраразумнае асобы.


IV.

Эвэліна, ведама-ж, значна вырасла і разьвілася ад часу першае сустрэчы з Пётрай, але студэнтава ўвага датычна яе выгляду была зусім справядліваю. Пры першым паглядзе на гэтае невялікае, худашчавае стварэньнечка здавалася, што гэта яшчэ дзяўчынка, але ў яе непасьпешлівых, разьмераных рухах сказвалася нярэдка соліднасьць жанчыны. Тое самае ўражаньне рабіў і яе твар. Гэткія твары бываюць, здаецца, толькі ў славянак. Правільныя прыгожыя рысы занатованы плаўнымі, халоднымі лініямі; блакітныя вочы пазіраюць роўна, спакойна; румянец рэдка зьяўляецца на гэтых белых шчоках, але гэта ня тая звычайная бледнасьць, якая штомінуты гатова загарэцца полымем палючай палкасьці; гэта хутчэй халодная бель сьнегу. Простыя сьветлыя валасы Эвэліны ледзь-ледзь адценьваліся на мармуровых віскох і спадалі цяжкаю касою, як быццам адцягваўшаю назад яе галаву падчас хады.

Сьляпы таксама вырас і стаў дзяцюком. Кожнаму, хто паглядзеў-бы на яго ў тую мінуту, як ён сядзеў воддаль ад апісанае групы, зьбялеўшы, схвалёваны і прыгожы, адразу кінуўся-б у вочы гэты сваяродны твар, на якім гэтак востра адбіваўся кожны рух душы. Чорныя валасы прыгожаю хваляю схіляліся над пукатым лобам, па якім прайшлі раньнія зморшчкі. На шчоках шпарка выступаў густы румянец, і гэтак-жа хутка разьлівалася цьмяная зьбялеласьць. Сподняя губа, ледзь-ледзь адцягненая куткамі ўніз, час ад часу напружанна ўздрыгвала, бровы чутка натарочваліся і варушыліся, а вялікія прыгожыя вочы, пазіраўшыя роўным і нярухомым паглядам, надавалі твару маладога чалавека нейкую ня зусім звычайную панурую водцень.

— Ага, — насьмешліва загаманіў студэнт пасьля некаторага маўчаньня, — панна Эвэліна думае, што ўсё, аб чым мы гаварылі, недаступна для жаноцкага розуму, што доля жанчыны — вузкая сфэра дзіцячага пакою і кухні.

У голасе маладога чалавека чулася самаздаволеньне (тады гэтыя слоўцы былі зусім новенькімі) і зачэпная іронія; на некалькі сэкундаў усе сьціхлі, і на твары дзяўчыны паказалася нэрвовая чырвань.

— Вы надта сьпяшаецеся з сваімі вывадамі, — сказала яна. — Я разумею ўсё, аб чым тут гаварылася, — значыцца для жаноцкага розуму гэта даступна. Я казала толькі пра сябе асабіста.

Яна сьціхла і схілілася над шыцьцём з гэткаю ўвагаю да работы, што ў маладога чалавека не хапіла рашучасьці цягнуць далейшы допыт.

— Дзіўна, — памармытаў ён. — Можна падумаць, што вы расплянавалі ўжо сваё жыцьцё да самае магілы.

— А што-ж тут дзіўнае, Гаўрыла Пятровіч? — ціха запярэчыла дзяўчына. — Я думаю, што на’т і Ільля Іванавіч (імя кадэта) намэціў ужо сваю дарогу, а ён-жа ж малодшы за мяне.

— Гэта праўда, — сказаў кадэт, — задаволены гэтым выклікам. — Я нядаўна чытаў біяграфію N. N. Ён таксама паступаў паводле яснага пляну: дваццацёх гадоў ажаніўся, а ў трыццаць пяць камандаваў аддзелам.

Студэнт хітра засьмяяўся, дзяўчына крыху пачырванела.

— Ну, вось бачыце, — сказала яна праз мінуту з нейкаю халоднаю рэзкасьцю ў голасе, — у кожнага свая дарога.

Ніхто не пярэчыў болей. Сярод маладое кампаньні запанавала сур’ёзная ціша, пад якою адчуваецца гэтак ясна недаўменны перапуд: усе смутна зразумелі, што размова перайшла на далікатны асабісты грунт, што пад простымі словамі зазьвінела недзе чутка наведзеная струна…

І сярод гэтага маўчаньня чуўся толькі шорхат цямнеўшага і быццам нечым нездаволенага старога саду.


V.

Усе гэтыя гутаркі, гэтыя спрэчкі, гэтая хваля кіпучых маладых запросаў, надзеяў, спадзяваньняў і опініяў, — усё гэта наляцела на сьляпога неспадзявана і бурна. Спачатку ён прыслухваўся да іх з выразам радаснага здуменьня, але ў хуткім часе ён ня мог не заўважыць, што гэта жывая хваля коціцца міма яго, што ёй да яго няма справы. Да яго не зьвярталіся з пытаньнямі, у яго ня пыталіся опініяў, і хутка аказалася, што ён стаіць асобна, у нейкай тужлівай адзіноце, тым больш тужлівай, чым шумней было цяпер жыцьцё сядзібы.

Тым ня менш, ён і далей прыслухваўся да ўсяго таго, што для яго было гэтак новым, і яго моцна стуленыя бровы з пабялеўшым тварам ўзмоцненую ўвагу. Але гэтая ўвага была цёмнаю, пад ёю таілася цяжкая і горкая работа думкі.

Маці пазірала на сына з сумам у вачох. Эвэлініныя вочы выказвалі спачуваньне і неспакойнасьць. Адзін Максім быццам не заўважаў, якое дзеяньне робіць шумнае таварыства на сьляпога, і міла запрашаў госьцяў наведвацца часьцей у сядзібу, дакляруючы маладым людзям багаты этнографічны матар’ял на чародны прыезд.

Госьці абяцалі вярнуцца і ад’ехалі. Разьвітваючыся, маладыя людзі папрыяцельску паціскалі рукі Пётры. Ён з парывамі адказваў на гэтыя пацісканьні і доўга прыслухваўся, як стукацелі па дарозе колы іхняе брычкі. Затым ён быстра павярнуўся і адыйшоў у сад.

З ад’ездам гасьцей у сядзібе ўсё сьціхла, але гэтая цішыня паказалася сьляпому нейкаю асабліваю, нязвычайнаю і дзіўнаю. У ёй чулася як быццам прызнаньне, што тут адбылося штосьці асабліва важнае. У сьціхшых алеях, адклікаўшыхся толькі шэптам букаў і бэзу, сьляпому чуліся водгаласы нядаўных размоваў. Ён чуў таксама цераз адчыненае вакно, як маці з Эвэлінай аб нечым спрачаліся з Максімам у салёне. У матчыным голасе ён заўважыў мальбу і пакуту, Эвэлінін голас зьвінеў злосьцю, а Максім, як здавалася, палка, але цьвёрда адбіваў напад жанчын. З падходам Пётры гэтыя размовы ў міг сьціхалі.

Максім сьвядома, бязьлітаснай рукою прабіў першую дзірку ў сьцяне, акружаўшай дасюль сьвет сляпога. Гулкая, неспакойная першая хваля ўжо вальнула ў пралом, і духовая роўнавага юнака захісталася пад гэтым першым ударам.

Цяпер яму здавалася ўжо цесна ў яго зачарованым коле. Яго абцяжвала спакойная ціша сядзібы, гультаяваты шэпт і шорхат старога саду, аднастайнасьць юнага духовага сну. Цемра загаварыла з ім сваімі новымі баламутнымі галасамі, загойдалася новымі няяснымі вобразамі, тоўпячыся з тужлівым дрыпаньнем завабнае рухавасьці.

Яна клікала яго, вабіла, будзіла драмаўшыя ў душы запросы, і ўжо гэтыя першыя поклічы сказаліся ў яго твары зьбялеласьцю, а ў душы — тупою, хоць і няяснаю яшчэ пакутаю.

Ад жанчын ня высьлізнуліся гэтыя трывожныя праявы. Мы, несьляпыя, бачым адбіцьцё рухаў душы на чужых тварах і праз гэта прывучваемся ўтойваць свае ўласныя. Сьляпыя, у гэтым сэнсе, зусім бязрадны, і дзеля гэтага на зьбялеўшым Пётравым твары можна было чытаць, як у інтымным днёвіку, пакіненым раскратым у салёне… На ім была напісана пакутлівая трывога. Жанчыны бачылі, што Максім таксама заўважае ўсё гэта, але гэта ўваходзіць у нейкія пляны старога. Абедзьве яны лічылі гэта жорсткасьцяй, і маці хацела-б сваімі рукамі абараніць сына. „Цяпліца? — што-ж такое, калі яе дзіцяці дасюль было добра ў цяпліцы? Хай будзе так і надалей, назаўсёды… Спакойна, ціха, незамуціма“… Эвэліна ня выказвала, як відаць, усяго, што было ў яе на душы, але з некаторага часу яна перамянілася да Максіма і пачала запярэчваць проці некаторых, іншы раз нязначных, яго прапазыцыяў з нябывалаю вастрынёй.

Стары пазіраў на яе з-пад броваў пытлівымі вачыма, якія сустрачаліся інады з гнеўным, бліскучым паглядам маладое дзяўчыны. Максім памахваў галавою, мармытаў штосьці і абкружаў сябе асабліва густымі клубкамі дыму, што было азнакаю ўзмоцненае работы думак; але ён цьвёрда трымаўся свайго і часамі, ні да каго не зьвяртаючыся, адпускаў пагардлівыя сэнтэнцыі аб неразумнай жаноцкай любові і кароткім бабскім розуме, які, як вядома, куды карацейшы за валасы; праз гэта жанчына ня можа бачыць далей мінутнага цярпеньня і мінутнай радасьці. Ён лятуцеў для Пётры не аб спакойнасьці, а аб магчымай паўнаце жыцьця. Кажуць, што кожны выхавальнік імкнецца зрабіць з свайго гадунца сваю падобн асьць. Максім лятуцеў аб тым, што перажыў сам і чаго гэтак рана пазбавіўся: аб кіпучых крызысах і аб барацьбе. У якой форме, — ён ня ведаў і сам, але ўпарта імкнуўся расшырыць для Пётры круг жывых вонкавых уражаньняў, даступных сьляпому, рызыкуючы нават патрасеньнямі і духовымі пераваротамі. Ён адчуваў, што абедзьве жанчыны хочуць зусім іншага…

— Квактуха! — казаў ён іншы раз сястры, злосна стукаючы па пакоі сваімі кулямі… Але ён сердаваў рэдка, а большаю часткаю на довады сястры ён запярэчваў мягка і з лагодным шкадаваньнем, тым болей, што яна кожны раз уступала ў спрэчцы, калі заставалася сам-на-сам з братам; хоць-жа гэта й не перашкаджала ёй у хуткім часе ізноў узнаўляць размовы. Але калі пры гэтым была Эвэліна, дык справа рабілася сур’ёзьнейшаю; у гэтых выпадках стары лічыў за лепшае адбівацца тым, што маўчаў сабе дый годзі. Здавалася, што паміж ім і маладою дзяўчынаю завязвалася нейкая барацьба, і абое яны яшчэ толькі пазнавалі праціўніка, старанліва хаваючы свае карты.


IV.

Калі праз два тыдні маладыя людзі ізноў вярнуліся разам з бацькаю, дык Эвэліна сустрэла іх з халоднаю стрыманасьцю. Аднак-жа ёй было цяжка ўстаяць проці лагоднае маладое рухавасьці. Цэлыя дні моладзь бадзялася па вёсцы, палявала, запісвала на палёх песьні жнеяў і жнеяроў, а ўвечары ўся кампаньня зьбіралася на прызьбе сядзібы, ў садзе.

У адзін з гэткіх вечароў Эвэліна не пасьпела азірнуцца, як размова ізноў перайшла на асьцярожныя тэмы. Як гэта здарылася, хто пачаў першы, — ні яна дый ніхто ня мог-бы сказаць. Гэта выйшла таксама незаўважна, як незаўважна патухла зарніца і пасадзе распаўзьліся вячэрнія цені, як незаўважна завёў салавей у кустох сваю вячэрнюю песьню.

Студэнт гаварыў палка, з тым асаблівым юнацкім палам, які кідаецца насустрэчу невядомай будучыні без рахунку і без развагі. Была ў гэтай веры ў будучыню з яе цудамі нейкая асаблівая чараваўшая сіла, ледзь што й непераможная сіла прывычкі…

Маладая дзяўчынка зачырванелася, зразумеўшы, што гэты выклік, быць можа, без сьвядомага разьлічаньня, быў зьвернуты проста да яе.

Яна слухала, нізка схіліўшыся над работаю. Яе вочы заіскрыліся, шчокі загарэліся чырваняй, сэрца стукацела… Пасьля бліск вачэй патух, губы сьціснуліся, а сэрца застукацела яшчэ мацней, і на зьбялеўшым твары зьявіўся выраз перапуду.

Яна спалохалася таму, што перад вачыма быццам расступілася цёмная сьцяна, і ў гэты просьвет бліснулі далёкія пэрспэктывы вялізнага, кіпучага і дзейнага сьвету.

Але! ён вабіць яе ўжо даўно. Яна не ўсьведамляла сабе гэтага раней, але ў цені старога саду, на адзінотнай лаўцы, яна няраз праседжвала цэлыя гадзіны, аддаючыся нябывалым лятуценьням. Уяўленьне малявала ёй ясныя далёкія абразы, і ў іх ня было месца сьляпому…

Цяпер гэты сьвет зрабіўся бліжэйшым да яе; ён ня толькі вабіць яе, ён заяўляе на яе нейкае права.

Яна быстра глянула ў Пётраў бок, і штосьці закалола ёй у сэрца. Ён сядзеў нярухомы, задуманы; уся яго фігура здавалася ацяжэўшаю і засталася ў яе памяці цёмнаю плямаю. „Ён разумее… усё“, — мільганула ў яе думка, шыбкая, як маланка, і дзяўчына адчула нейкі холад. Кроў адлілася да сэрца, а на твары яна сама пачула раптоўную зьбялеласьць. Ей паказалася на міг, што яна ўжо там, у гэтым далёкім сьвеце, а ён сядзіць вось тут адзін, з нахіленаю галавою, ці не… Ён там, на ўзгорачку, над рэчкаю, гэты сьляпы хлопчык, над якім яна плакала ў той вечар…

І ёй зрабілася страшна. Ёй здалося, што хтосьці рыхтуецца выняць нож з яе старое ўжо раны.

Яна ўспомніла доўгія Максімавы пазіраньні. Дык вось што значылі гэтыя маўклівыя пагляды! Ён лепей, як яна сама, ведаў яе настрой, ён угадаў, што ў яе сэрцы магчыма яшчэ барацьба і выбар, што яна сама ў сабе няўпэўнена… Але не, — ён памыляецца! Яна ведае свой першы шаг, а там яна паглядзіць, што можна будзе ўзяць у жыцьця яшчэ…

Яна ўздыхнула трудна і цяжка, як-бы пераводзячы дух пасьля цяжкае працы, азірнулася навокал. Яна не магла-б сказаць, як доўга цягнулася маўчаньне, як даўно сьціх студэнт, ці казаў ён яшчэ што-нібудзь… Яна паглядзела туды, дзе за мінуту сядзеў Пётра…

Яго ня было на ранейшым месцы.

VII.

Тады, спакойна злажыўшы работу, яна таксама ўстала.

— Выбачайце, панове, — сказала яна зьвяртаючыся да гасьцей. — Я вас на момэнт пакіну адных.

І яна пайшла ўдоўж па цёмнай алеі.

Гэты вечар быў напоўнены трывогаю не для аднэй Эвэліны. На павароце алеі, дзе стаяла лаўка, дзяўчына пачула ўсхвалёваныя галасы. Максім гутарыў з сястрою.

— Але, аб ей я думаў у гэтым выпадку ня менш, як аб ім, — казаў стары строга. — Падумай, то-ж яна яшчэ дзіцянё, якое ня знае жыцьця! Я не хачу верыць, што ты хацела-б скарыстаць з дзіцячага няведаньня.

У голасе Анны Міхайлаўны, калі яна адказала, чуліся сьлёзы.

— А што-ж Макс, калі… калі яна… Што-ж будзе тады з маім хлопчыкам?

— Будзь, што будзе! — цьвёрда й панура адказаў стары салдат. — Тагды паглядзім; у кожным выпадку, на ім не павінна ляжаць сьвядомасьць чужога, сапсованага жыцьця… Дый на нашым суменьні таксама… Падумай аб гэтым, Аня, — дадаў ён мягчэй.

Стары ўзяў руку сястры і далікатна пацалаваў у яе. Анна Міхайлаўна схіліла галаву.

— Мой бедны хлопчык, бедны… Лепш-бы яму ніколі і ня сустрачацца з ёю…

Дзяўчына хутчэй згадала гэтыя словы, чым пачула: гэтак ціха вырваўся гэты стогн з вуснаў маці.

Чырвань заліла Эвэлінін твар. Яна, ня хочучы, спынілася на павароце алеі… Цяпер, калі яна выйдзе, дык яны абое ўбачаць, што яна падслухала іх таямнічыя думкі…

Але праз некалькі мігненьняў яна горда падняла галаву. Яна не хацела падслухваць і, у кожным выпадку, не фальшывая саромлівасьць можа затрымаць яе на яе дарозе. Да таго-ж, гэты стары бярэ на сябе вельмі шмат. Яна сама патрапіць распарадзіцца сваім жыцьцём.

Яна выйшла з-за павароту дарожкі і прайшла каля абаіх гаварыўшых, спакойна і з высока паднятаю галавою. Максім з нявольнаю пасьпешлівасьцю падабраў сваю кулю, каб даць ёй дарогу, а Анна Міхайлаўна паглядзела на яе з нейкім прыцісьненым выразам любасьці, ледзь што абожваньня і страху.

Маці быццам адчувала, што гэта гордая і белакурая дзяўчына, якая толькі што прайшла з гэткім гнеўна-задорлівым выглядам, пранясла з сабою шчасьце або няшчасьце ўсяго жыцьця яе дзіцяці.


VIII.

У дальнім канцы саду стаяў стары, закінены млын. Колы даўно ўжо ня круціліся, валкі абрасьлі мохам, і цераз старыя шлюзы прасочвалася вада некалькімі тонкімі, неўгамонна зьвінеўшымі струйкамі. Гэта было любівае месца сьляпога. Тут ён праседжваў цэлыя гадзіны на парапэце запруды, прыслухваючыся да гоману сьлюзіўшае вады, і ўмеў якнайпрыгажэй перадаваць на фортэпіяне гэтую гутарку. Але цяпер яму было не да таго… Цяпер ён шустра хадзіў па дарожцы, з перапоўненым горычай сэрцам, са скрыўленым ад унутранага болю тварам.

Пачуўшы лёгкія дзявочыя шагі, ён супыніўся: Эвэліна палажыла яму на плячо руку і спыталася сур’ёзна:

— Скажы мне, Пётра, што гэта з табою? Чаму ты гэткі сумны?

Борзда завярнуўшыся, ён ізноў загойсаў па дарожцы. Дзяўчына пайшла з ім упоруч.

Яна зразумела яго рэзвы рух і яго маўчаньне, і на мінуту спусьціла голаў. Ад сядзібы чулася песьня:

З-за крутой гары
Выліталы арлы,
Выліталы, гуркоталы,
Роскошы шукалы…

Зьмягчаны адлежнасьцю, малады, дужы голас пяяў аб каханьні, аб шчасьці, аб прасторы, і гэтыя гукі ляцелі ў цішыні ночы, пакрываючы гультайскі шэпт саду…

Там былі шчасьлівыя людзі, якія гаварылі аб ясным і поўным жыцьці; яна вось яшчэ некалькі мінут назад была разам з імі, упоеная лятуценьнямі аб гэтым жыцьці, у якім яму ня было месца. Яна нават і не заўважыла яго адходу, а хто ведае, якімі доўгімі здаліся яму гэтыя мінуты адзінотнага гора!..

Гэтыя думкі прайшлі ў галаве маладое дзяўчыны, пакуль яна хадзіла побач з Пётраю па дарожцы. Ніколі яшчэ ня было гэтак трудна загаварыць з ім, апанаваць яго настрой. Аднак-жа, яна адчувала, што яе прысутнасьць пакрысе зьмягчае яго цёмную задуму.

Сапраўды-ж, яго хада зрабілася цішэйшаю, твар спакойнейшым. Ён чуў побач яе шагі, і пакрысе востры боль душы сьціхаў, даючы месца іншаму пачуцьцю. Ён не даваў сабе справаздачы ў гэтым пачуцьці, але яно было яму знаёмае, і ён лёгка пакараўся яго дабратворчаму ўплыву.

— Што з табою? — паўтарыла яна сваё пытаньне.

— Нічога асаблівага, — адказаў ён з горычай. — Мне толькі здаецца, што я зусім лішні на сьвеце.

Песьня каля хаты на момэнт сьціхла і праз мінуту пачулася другая. Яна далятала ледзь чутна; цяпер студэнт пяяў старую „думу“, насьлядуючы ціхі напеў бандурыстых. Інады голас, здавалася, зусім заціхаў, уяўленьне апаноўвала няясная мроя, і затым ціхая мэлёдыя ізноў прабівалася праз шорхат лісьцьця…

Пётра нявольна супыніўся, прыслухваючыся.

— Ведаеш, — загаварыў ён сумна, — мне здаецца іншы раз, што старыя праўдзівы, калі кажуць, што на сьвеце робіцца год за годам усё горш. У старыя гады было лепей нават і сьляпым. Замест фортэпіяна, тады я навучыўся-б іграць на бандуры і хадзіў-бы па гарадох ды сёлах… Да мяне зьбіраліся-б натаўпы людзей і я пяяў-бы ім аб справах іхніх бацькоў, аб подзьвігах і славе. Тады і я быў-бы чым-нібудзь у жыцьці. А цяпер? Нават гэты кадэцік з гэткім вострым голасам, і той, — ты чула? — кажа: жаніцца і камандаваць аддзелам. З яго сьмяяліся, а я… а мне нават і гэта недаступна.

Сінія вочы дзяўчыны шырока расплюшчыліся ад перапуду, і ў іх бліснула сьляза.

— Гэта ты наслухаўся прамоваў маладога Стаўручэнка, — сказала яна ў засмучэньні, стараючыся надаць голасу тон бясклопатнага жарту.

— Але, — задумліва адказаў Пётра і дадаў: — у яго вельмі прыемны голас. Харошы ён?

— Але ён харошы, — задумліва пацьвярдзіла Эвэліна, але раптам, неяк гнеўна спахапіўшыся, дадала востра: — Не, ён мне зусім не падабаецца! Ён занадта самапэўны, і голас у яго няпрыемны і востры.

Пётра выслухаў з задзіўленьнем гэты выбух. Дзяўчына тупнула нагою і казала далей:

— І ўсё гэта глупствы! Гэта ўсё, я ведаю, падстройвае Максім. О, як я ненавіджу цяпер гэтага Максіма!

— Што гэта ты, Вэля? — спытаўся зьдзіўленна сьляпы. — Што падстройвае?

— Ненавіджу, ненавіджу Максіма! — упарта паўтарала дзяўчына. — Ён з сваімі меркаваньнямі вынішчыў у сабе ўсякія азнакі сэрца… Не кажы, не кажы мне пра іх… І адкуль яны ўзялі сабе права распараджацца чужым лёсам?

Яна раптам парыўчата супынілася, сьціснула свае тонкія рукі, так што на іх храснулі пальцы, і неяк падзіцячаму заплакала.

Сьляпы ўзяў яе за рукі са зьдзіўленьнем і ўчасьцем, Гэты гнеўны момэнт з боку яго спакойнае і заўсёды вытрыманае прыяцелькі быў гэтак неспадзяваны і нічым нявытлумачаны! Ён прыслухваўся адначасна да яе плачу і да таго дзіўнага рэха, якім адклікаўся гэты плач у яго ўласным сэрцы. Яму ўспомніліся даўнія гады. Ён сядзеў на ўзгорку з гэткаю вось самаю тугою, а яна плакала над ім гэтак вось сама, як і цяпер…

Але раптам яна вызваліла руку, і сьляпы ізноў зьдзівіўся: дзяўчына сьмяялася.

— Якая я, аднак-жа, дурная! І аб чым гэта я плачу?

Яна выцерла вочы і пасьля загаварыла жаласным і добрым голасам:

— Не, будзем справядлівымі: абодва яны добрыя!… І тое, што ён казаў толькі што, — добра. Але-ж гэта не для ўсіх.

— Для ўсіх, хто можа, — сказаў сьляпы.

— Якая драбяза! — адказала яна ясна, хаця ў яе голасе разам з усьмешкаю чуліся яшчэ нядаўнія сьлёзы. — Гэта-ж вось і Максім ваяваў, пакуль мог, а цяпер жыве, як можа. Ну, і мы…

— Не кажы: мы! Ты — зусім іншая справа…

— Не, ня іншая.

— Чаму?

— Таму што… Ну ды таму, што ты-ж са мною ажэнішся, і, значыцца, нашае жыцьцё будзе аднолькавае.

Пётра супыніўся, зумеўшыся.

— Я?.. З табою?.. Значыцца, ты за мяне… замуж?

— Ну але, ну але, пэўна-ж! — адказала яна з пасьпешным неспакойствам. — Які ты дурны! Няўжо табе ніколі ня прыходзіла гэта да галавы? Дык гэта-ж так проста! З кім-жа ж табе жаніцца, як не са мною?

— Ну, пэўна-ж, — згадзіўся ён з нейкім дзівосным эгоізмам, але зараз-жа схамянуўся.

— Слухай, Вэля, — загаварыў ён, узяўшы яе за руку. — Там толькі што казалі: у вялікіх местах дзяўчаты вучацца ўсяго, перад табою таксама магла-б адкрыцца шырокая дарога… А я…

— А што-ж ты?

— А я… сьляпы! — закончыў ён зусім нелёгічна.

Ды ізноў яму ўспомнілася дзяцінства, ціхі плёхат ракі, першае знаёмства з Эвэлінаю і яе горкія сьлёзы пры слове „сьляпы“… Інстынктыўна адчуў ён, што цяпер ізноў прычыняе ёй гэткую-ж самую рану, і супыніўся. Некалькі сэкундаў стаяла цішыня, толькі вада ціха і ласкава зьвінела ў шлюзах. Эвэліны зусім ня было чуваць, як быццам яна зьнікла. Па яе твары сапраўды прабегла сударга, але дзяўчына запанавала над сабою і, калі яна загаварыла, дык голас яе зьвінеў бясьпечна і жартаўліва:

— Дык што-ж, што сьляпы? — сказала яна, — але-ж калі дзяўчына палюбіць сьляпога, дык і пайсьці трэба за сьляпога… Гэта ўжо заўсёды так бывае, што-ж нам рабіць?

— Палюбіць… — добра ўдумаўшыся паўтарыў ён і бровы яго стуліліся, — ён услухваўся ў новыя для яго гукі знаёмага слова… — Палюбіць? — перапытаў ён з нарастаўшым неспакоем…

— Ну, але! Ты і я, мы абое любім адно аднаго… Які ты дурны! Ну, падумай сам: ці-ж мог-бы ты тут астацца адзін, без мяне?

Твар яго адразу зьбялеў і цёмныя вочы супыніліся, вялікія і нярухомыя.

Было ціха: толькі вада ўсё гаварыла аб нечым, булькочучы і звонячы. Часамі здавалася, што гэты гоман слабее і вось-вось сьціхне; але зараз-жа ён ізноў падвышаўся ды ізноў зьвінеў без канца і перарыву. Густая чаромха шаптала цёмным лісьцьцём; песьня каля хаты сьціхла, але за тое над ставам салавей заводзіў сваю…

— Я памёр-бы, — сказаў ён глуха.

Яе губы задрыжалі, як у той дзень іхняга першага знаёмства, і яна сказала з натугай, слабым, дзіцячым голасам:

— І я таксама… Без цябе, адна… у далёкім сьвеце…

Ён сьціснуў яе маленечкую ручку ў сваей. Яму здавалася дзіўным, што яе адказнае пацісьненьне гэтак непадобнае на ранейшыя: слабы рух яе маленькіх пальцаў адбіваўся цяпер у глыбіні яго сэрца. Наагул, апрача ранейшай Эвэліны, прыяцеля яго дзяцінства, цяпер ён адчуваў у ёй яшчэ нейкую іншую, новую дзяўчыну. Сам ён паказаўся сабе магутным і дужым, а яна здалася плачучаю і слабою. Тады, пад уплывам глыбокае далікатнасьці, ён прыцягнуў яе аднэй рукою, а другою пачаў гладзіць яе шаўкавістыя валасы.

І яму здавалася, што ўсё гора змоўкла ў глыбіні сэрца і што ў яго няма ніякіх парываў і жаданьняў, а ёсьць толькі цяперашняя мінута.

Салавей, пэўны час прабаваўшы свой голас, зашчабятаў і рассыпаўся па маўклівым садзе шалёнаю трэляй. Дзяўчына схамянулася і сорамліва адвяла руку Пётры.

Ён не працівіўся і, адпусьціўшы яе, уздыхнуў поўнымі грудзьмі. Ён адчуваў, як яна папраўляе свае валасы. Яго сэрца стукацела моцна, але роўна і прыемна; ён чуў, як гарачая кроў разносіць па ўсім целе нейкую новую сконцэнтрованую сілу. Калі цераз мінуту яна сказала яму звычайным тонам: „Ну, цяпер вернемся да гасьцей“, дык ён з зьдзіўленьнем услухваўся ў гэты мілы голас, у якім зьвінелі зусім новыя ноты.


ІХ.

Госьці і гаспадары сабраліся ў маленькім салёне; не хапала толькі Пётры й Эвэліны. Максім гутарыў з сваім старым таварышам, маладыя людзі сядзелі моўчкі каля адчыненых вокнаў; у невялікім таварыстве панаваў той асаблівы ціхі настрой, у глыбіні якога адчуваецца нейкая, не для ўсіх ясная, але ўсімі разумелая драма. Адсутнасьць Эвэліны і Пётры была неяк асабліва заметна. Максім сярод размовы кідаў кароткія чакальныя пагляды ў кірунку дзьвярэй. Анна Міхайлаўна з сумным і як быццам вінаватым тварам яўна старалася быць уважліваю і мілаю гаспадыняю, і толькі адзін пан Папельскі, значна пакруглеўшы і, як заўсёды, дабрадушны, драмаў на сваім крэсьле, чакаючы вячэры.

Калі на тэрасе, якая вяла з саду ў салён, пачуліся шагі, дык усе вочы павярнуліся туды. У цёмным чатырохкутніку шырокіх дзьвярэй паказалася фігура Эвэліны, а за ёю ціха паднімаўся па ступеньках сьляпы.

Маладая дзяўчына пачула на сабе гэтыя згуртованыя, уважлівыя пагляды, аднак гэта яе не засмуціла. Яна прайшла цераз пакой сваёю звычайнаю роўнаю хадою, і толькі на кароткае мігненьне, сустрэўшы кароткі з-пад броваў пагляд Максіма, яна ледзь-ледзь усьмяхнулася, і яе вочы бліснулі выклікам і усьмешкаю. Пані Папельская прыглядалася да свайго сына.

Малады чалавек, здавалася, ішоў за дзяўчынаю, не разумеючы добра, куды яна вядзе яго. Калі ў дзьвярох паказаўся яго зьбялелы твар і тонкая фігура, дык ён раптам крыху спыніўся на парозе гэтага асьветленага пакою. Але затым ён пераступіў праз парог і борзда, хоць і з тым самым паўзьбянтэжаным, паўзадуманным выглядам падыйшоў да фортэпіяна.

Хоць музыка й была звычайным элемэнтам у жыцьці ціхае сядзібы, але разам з тым гэта быў элемэнт інтымны, гэтак кажучы, зусім хатні. У тыя дні, калі сядзіба напаўнялася гоманам і пяяньнем прыезнае моладзі, Пётра ніразу не падходзіў да фортэпіяна, на якім іграў толькі старшы з сыноў Стаўручэнкі, музыка па прафэсіі. Гэтая ўстрымлівасьць рабіла сьляпога яшчэ больш няпрыкметным у вясёлым таварыстве, і маці з сардэчным болем сачыла за цёмнаю фігураю сына, які губляўся сярод агульнага бліску і веселасьці. Цяпер, першы яшчэ раз Пётра адважна і як быццам нават ня зусім сьвядома падходзіў да свайго звычайнага месца… Здавалася, што ён забыў аб прысутнасьці чужых. Хаця, праўда-ж, пры ўваходзе маладых людзей у салёне панавала гэткая піша, што сьляпы мог лічыць пакой парожнім…

Адчыніўшы накрыўку, ён лёгенька крануў клявішы і прабег па іх некалькімі шыбкімі, лёгкімі акордамі. Здавалася, што ён аб чымсь пытаўся ня то ў інструмэнту, ня то ў уласнага настрою.

Пасьля, выцягнуўшы на клявішах рукі, ён глыбока задумаўся, і цішыня ў маленькім салёне зрабілася яшчэ глыбейшаю.

Ноч пазірала ў чорныя ямы вокнаў; там-сям з саду заглядалі з цікавасьцю зялёныя групы лісьцьця, асьветленага лямпаю. Госьці, падрыхтованыя толькі што сьціхшым няясным гуркатам піаніна, часткова ахопленыя павевам дзіўнага натхненьня, зьзяўшага на зьбялелым твары сьляпога, сядзелі ў маўклівым чаканьні.

А Пётра ўсё маўчаў, крыху падняўшы ўгару сьляпыя вочы, і ўсё як быццам прыслухваўся да чагосьці. У яго душы паднімаліся, як раскалыханыя хвалі, самыя рознародныя адчуваньні. Прыліў невядомага жыцьця падхапляў яго, як падхапляе хваля на марскім беразе доўга і спакойна стаяўшую чайку… На твары відаць было зьдзіўленьне, пытаньне, і яшчэ нейкую асаблівую разгарачанасьць, праходзіўшую па ім быстрымі ценямі. Сьляпыя вочы здаваліся глыбокімі і цёмнымі.

Адну мінуту можна было падумаць, што ён не знаходзіць у сваёй душы таго, да чаго прыслухваецца з гэткаю лакомаю ўвагаю. Але пасьля, хоць усё з тым-жа самым зьдзіўленым выглядам і ўсё як быццам не дачакаўшыся чагосьці, ён хіснуўся, крануў клявішы і, падхоплены новаю хваляю наляцеўшага пачуцьця, аддаўся ўвесь плаўным, звонкім і пявучым акордам…


Х.

Карыстацца нотамі сьляпому наагул цяжка. Яны адціскаюцца, як і літары, рэльефам, пры чым тоны азначаюцца асобнымі значкамі і ставяцца ў адзін рад, як радкі ў кнізе. Каб азначыць тоны, злучаныя ў акорд, паміж імі ставяцца клічнікі. Зразумела, што сьляпому прыходзіцца завучваць іх напамяць, пры гэтым асобна для кожнае рукі. Гэткім чынам, гэта — вельмі складаная і трудная праца; аднак-жа, Пётры і ў гэтым выпадку памагала любасьць да асобных складаных частак гэтае працы. Завучыўшы напамяць па колькі акордаў для кожнае рукі, ён сядаў за фортэпіяна, і, калі з злучэньня гэтых круглых іерагліфаў раптам неспадзявана для яго самога складаліся стройныя сугуччы, дык гэта давала яму такую насалоду і прадстаўляла столькі жывое цікавасьці, што гэтым сухая праца стушоўвалася і нават захапляла.

Тым ня менш, паміж зробленаю на паперы п’есаю і яе выкананьнем лажылася ў гэтым выпадку вельмі шмат прамежных працэсаў. Пакуль знак перароджваўся ў мэлёдыю, дык павінен ён быў прайсьці праз рукі, замацавацца ў памяці і затым адбыць паваротную дарогу да канцоў іграўшых пальцаў. Пры гэтым моцна разьвітае музыкальнае ўяўленьне сьляпога ўмешвалася ў складаную работу завучваньня і накладала на чужую п’есу прыметны асабісты адбітак. Формы, у якія пасьпела адліцца музыкальнае пачуцьцё Пётры, былі якраз тыя, у якіх яму першы раз зьявілася мэлёдыя, у якія адлівалася затым ігра яго маці. Гэта былі формы народнае музыкі, якія зьвінелі заўсёды ў яго душы, якімі гаварыла гэтай душы родная прырода.

І цяпер, калі ён іграў нейкую італьянскую п’есу з дрыжачым сэрцам і перапоўненай душою, дык у яго ігры з першых-жа акордаў сказалася нешта да гэткае ступені сваявобразнае, што на тварах пастароньніх слухачоў зьвялілася зьдзіўленьне. Аднак-жа, праз колькі мінут ачараваньне апанавала ўсіх безразьдзельна, і толькі старшы з сыноў Стаўручэнка, музыка па прафэсіі, доўга яшчэ ўслухваўся ў ігру, стараючыся ўлавіць знаёмую п’есу і аналізуючы сваявобразную манеру піяністага.

Струны зьвінелі і гуркаталі, напаўняючы салён і разносячыся па сьціхшым садзе… Вочы ў моладзі зіхацелі ажыўленьнем і цікавасьцяй. Стаўручэнка-бацька сядзеў, спусьціўшы голаў, і маўкліва слухаў, але пасьля пачаў натхняцца ўсё больш і больш, паштурхваў Максіма лакцём і шаптаў:

— Вось гэты грае, дык ужо грае. Што? Ці праўду я кажу?

Па меры таго, як гукі расьлі, стары спрэчнік пачаў успамінаць штосьці, мусі сваю моладасьць, таму што вочы яго заіскрэлі, твар пачырванеў, увесь ён выпрастаўся і, крыху падняўшы руку, хацеў нават стукнуць кулаком па стале, але ўстрымаўся і апусьціў кулак бяз ніякага гуку. Аглядзеўшы сваіх малайцоў быстрым паглядам, ён пагладзіў вусы і, нахіліўшыся да Максіма, прашаптаў:

— Хочуць старых нас у архіў… Брэшуць!.. У свой час і мы з табою, браціку, таксама… Дый цяпер яшчэ… Праўду я кажу, ці не?

Максім, даволі роўнадушны да музыкі, гэтым разам адчуваў нешта новае ў ігры свайго гадунца і, абкружыўшы сябе стаўпамі дыму, слухаў, махаў галавою і пераводзіў вочы з Пётры на Эвэліну. Яшчэ раз нейкі парыў непасрэднае жыцьцёвае сілы ўрываўся ў яго сыстэму ня так, як ён думаў… Анна Міхайлаўна таксама кідала на дзяўчыну пытальныя пагляды, пытаючыся ў сябе: што гэта, — шчасьце ці гора зьвініць у ігры яе сына… Эвэліна сядзела ў цені ад каўпака, і толькі яе вочы, вялікія і пацямнеўшыя, выдзяляліся ў паўзмроку. Яна адна разумела гэтыя гукі пасвойму: ёй чулася ў іх зьвіненьне вады каля старых шлюзаў і шэпт чаромхі ў пацямнеўшай алеі.


ХІ.

Мотыў даўно ўжо зьмяніўся. Кінуўшы італьянскую п’есу, Пётра аддаўся свайму ўяўленьню. Тут было ўсё, што тоўпілася ў яго ўспаміне, калі ён, за мінуту перад гэтым, моўчкі і спусьціўшы голаў, прыслухваўся да ўражаньняў з перажытага мінулага. Тут былі галасы прыроды, шум ветру, шэпт лесу, плёхат ракі і няясны гоман, што заціхаў: у невядомай далечыні. Усё гэта спляталася і зьвінела на фоне таго асаблівага глыбокага і расшыраўшага сэрца адчуваньня, якое выклікаецца ў душы таямнічым гоманам прыроды і якому так трудна падшукаць сапраўднае азначэньне… Туга?.. Але чаму-ж яна гэткая прыемная?.. Радасьць?.. Але чаму-ж яна гэтак глыбока, гэтак бесканечна сумная?

Часамі гукі мацнелі, вырасталі, крапчэлі. Твар музыкі рабіўся дзіўна строгім. Ён як быццам сам зьдзіўляўся ад новае і для яго сілы гэтых неспадзяваных мэлёдыяў і чакаў яшчэ чагосьці… Здавалася, што вось-вось некалькімі ўдарамі ўсё гэта сальецца ў стройны ручай магутнае і распрыгожае гармоніі, і ў гэткія мінуты слухачы трупелі ад чаканьня. Але, не пасьпеўшы падняцца, мэлёдыя раптам падала з нейкім жаласным маракаваньнем, быццам хваля, што рассыпалася ў пену і кропелькі, і яшчэ доўга зьвінелі, заміраючы, ноты горкае здуменнасьці і пытаньня.

Сьляпы сьціхаў на мінуту, і зноў у салёне стаяла цішыня, што парушалася толькі шэптам лісьцьця ў садзе. Чары, апаноўваўшыя слухачоў і заносіўшыя іх далёка за гэтыя скромныя сьцены, руйнаваліся, і маленькі пакоік стуляўся вакол іх, і ноч пазірала да іх у цёмныя вокны, пакуль, сабраўшыся з сіламі, музыка не ўдараў ізноў па клявішах.

І ізноў гукі крапчэлі і шукалі чагось, паднімаючыся ў сваёй паўнаце, вышэй, мацней. У неазначальны перазвон і гоман акордаў упляталіся мэлёдыі народнае песьні, зьвінеўшай то каханьнем і сумам, то ўспамінам аб мінулых пакутах і славе, то маладою ўдаласьцю разгулу і надзеі. Гэта сьляпы прабаваў выліць сваё пачуцьцё ў гатовыя і добра знаёмыя формы.

Але й песьня сьціхала, дрыжучы ў цішыні маленькага салёну тою-ж самаю жаласнаю нотаю нявырашанага пытаньня.


ХІІ.

Калі апошнія ноты дрыганулі няясным нездаволеньнем і жальбаю, дык Анна Міхайлаўна, зірнуўшы ў сынаў твар, убачыла на ім выраз, які паказаўся ёй знаёмым; у яе памяці стаў сонечны дзень даўняе вясны, калі яе дзіця ляжала на беразе ракі, прыдушанае вельмі яснымі ўражаньнямі ад узбуджаючай вясьнянай прыроды.

Але гэты выраз заўважыла толькі яна. У салёне падняўся шумны гоман. Стаўручэнка-бацька штосьці голасна крычаў Максіму, маладыя людзі, яшчэ ўсхвалёваныя і разгарачаныя, паціскалі рукі музыкі, праракавалі яму шырокую вядомасьць артыстага.

— Але, гэта праўда! — пацьвярдзіў старшы брат. — Вам удалося надзіва усвоіць самы характар народнай мэлёдыі. Вы зжыліся з ёю і апанавалі яе дасканальна. Але, скажэце, калі ласка, якую гэта п’есу вы гралі ў пачатку?

Пётра назваў італьянскую п’есу.

— Я так і думаў, — адказаў малады чалавек. — Мне яна крыху знаёмая… У вас надзіва сваявобразны манер… Шмат хто іграе лепш за вас, але так, як вы, яе ня выконваў яшчэ ніхто. Гэта… як быццам пераклад з італьянскае музыкальнае мовы на украінскую. Вам патрэбна сур’ёзная школа, і тады…

Сьляпы слухаў уважна. Першы гэта раз ён зрабіўся цэнтрам гарачых размоваў, і ў яго душы зароджвалася сьвядомасьць свае сілы. Няўжо-ж гэтыя гукі, даставіўшыя яму гэтым разам гэтулькі незадаволенасьці і пакуты, як яшчэ ніколі ў жыцьці, могуць рабіць на другіх гэткае дзеяньне? Значыцца, ён можа таксама што-нібудзь зрабіць у жыцьці. Ён сядзэў на сваім крэсьле, з рукою, яшчэ выцягненаю на клявіятуры, і пад шум размоваў раптоўна адчуў на гэтай руцэ чыёсь гарачае даткненьне. Гэта Эвэліна падыйшла да яго і, няпрыкметна сьціскаючы яго пальцы, прашаптала з радаснай разгарачанасьцю:

— Ты чуў? У цябе таксама будзе свая работа. Калі-б ты бачыў, калі-б ведаў, што ты можаш зрабіць з усімі намі…

Сьляпы здрыгануўся і выпрастаўся.

Ніхто не заўважыў гэтае кароткае сцэны, апрача маці. Яе твар загарэўся, як быццам гэта ёй быў даны першы пацалунак маладога каханьня.

Сьляпы ўсё сядзеў на тым самым месцы. Ён бароўся з наляцеўшымі на яго ўражаньнямі новага шчасьця, а можа быць, адчуваў таксама надход буры, якая ўставала ужо бясформеннаю і цяжкаю хмараю аднекуль з глыбіні мозгу.



РАЗЬДЗЕЛ VІ.
I.

На другі дзень Пётра прачхнуўся рана. У пакоі было ціха, у хаце таксама не пачынаўся яшчэ рух дня. У вакно, якое заставалася адчыненым на-нач, улівалася з саду сьвежасьць раньняга раньня. Ня гледзячы на сваю сьлепату, Пётра якнайлепей адчуваў прыроду. Ён ведаў, што яшчэ рана, што яго вакно адчыненае — шорхат галін разьлягаўся выразна і блізка, нічым неаддалены і няпрыкрыты. Сягоньня Пётра адчуваў гэта асабліва ясна: ён ведаў нават, што ў пакой глядзіць сонца, і што калі ён выцягне руку ў вакно, дык з кустоў пасыплецца раса. Апрача таго, ён чуў яшчэ, што ўся яго істота перапоўнена нейкім новым, нязьведаным адчуваньнем.

Некалькі мінут ён ляжаў у пасьцелі, прыслухваючыся да ціхага шчабятаньня нейкае птушкі ў садзе і да дзіўнага пачуцьця, нарастаўшага ў яго сэрцы.

„Што гэта было са мною?“ — падумаў ён і ў тое-ж мігненьне ў яго памяці празьвінелі словы, якія яна сказала ўчора, увечары, каля старога мліна: „Няўжо-ж ты ніколі ня думаў аб гэтым?.. Які ты дурны!..“

Але, ён ніколі аб гэтым ня думаў. Яе блізкасьць давала яму насалоду, але да ўчарашняга дня ён не ўсьведамляў сабе гэтага, як мы не адчуваем паветра, якім дыхаем. Гэтыя простыя словы ўпалі ўчора ў яго душу, як падае з вышыні камень на люстраную паверхню вады: яшчэ за мінуту яна была роўная і спакойна адбівала сьвятло сонца і сіняе неба… адзін удар — і яна ўскалыхалася да самага дна.

Цяпер ён прачхнуўся з адноўленаю душою, і яна, яго даўняя прыяцелька, зьяўлялася яму ў новым сьвятле. Успамінаючы ўсё, што адбылося ўчора, да найменшых макуліначак, ён прыслухваўся з зьдзіўленьнем да тону яе „новага“ голасу, які адбудавала ў яго памяці ўяўленьне. „Палюбіла“… „Які ты дурны!..“

Ён шыбка ўстаў, апрануўся і па росных дарожках саду пабег да старога мліна. Вада булькацела, як учора, і гэтак-жа сама шапталіся кусты чаромхі, толькі ўчора было цёмна, а цяпер стаяла ясная сонечная раніца. І ніколі яшчэ ён не „адчуваў“ сьвятла гэтак ясна. Здавалася, што разам з пахнючаю вільгацяй, з адчуцьцём ранешняй сьвежасьці ў яго праніклі гэтыя усьмехнутыя праменьні вясёлага дня, казытаўшыя яго нэрвы.


II.

Ува ўсёй сядзібе зрабілася неяк сьвятлей і радасьней. Анна Міхайлаўна як быццам памаладзела сама, Максім часьцей жартаваў, хаця ўсё-ж такі часам з воблакаў дыму, быццам грукат праходзіўшых бокам грымотаў, разьлягалася яго гурчаньне. Ён гаварыў аб тым, што шмат хто, як відаць, лічыць жыцьцё за штось накшталт благога раману, які канчаецца вясельлем, і што ёсьць на сьвеце шмат гэткага, аб чым іншым людзям ня шкодзіла-б падумаць. Пан Папельскі, стаўшы вельмі цікавым круглым чалавекам, з роўна і прыгожа сівеўшымі валасамі і румяным тварам, заўсёды ў гэтых выпадках згаджаўся з Максімам, мусі прымаючы гэтыя словы на свой рахунак, і зараз-жа скіроўваўся па гаспадарцы, якая ў яго, праўду кажучы, ішла якнайлепей. Маладыя людзі усьмехваліся і будавалі нейкія пляны. Пётры было наперадзе дакончваць сур’ёзна сваю музыкальную адукацыю.

Аднойчы, увосень, калі жнівы ўжо былі скончаны, і над палямі, бліскаючы залатымі ніткамі на сонцы, ляніва і томна лятала „бабяе лета“, Папельскія цэлаю дружынаю скіраваліся да Стаўручэнкаў. Двор Стаўрукова ляжаў вярстоў за 70 ад Папельскіх, але мясцовасьць на гэтай адлежнасьці моцна зьменьвалася: апошнія адрогі Карпатаў, яшчэ відныя на Валыні і ў Прыбужжы, зьніклі, і мясцовасьць пераходзіла ў сьцяповую Украйну. На гэтых раўнінах, перарэзаных то там, то сям лагчынамі, ляжалі, тонучы ў садох і левадах, сёлы і дзе-ня-дзе па гарызонце, даўно заараныя і ахопленыя жоўтымі жнівамі, рысаваліся высокія магілы.

Гэткія далёкія падарожы былі наагул ня ў звычаі сям’і. За межамі знаёмага сяла і найбліжэйшых палёў, якія ён вывучыў у дасканальнасьці, Пётра бянтэжыўся, больш адчуваў сваю сьлепату і рабіўся нэрвовым і неспакойным. Цяпер, праўда-ж, ён ахвотна прыняў запрашэньне. Пасьля памятнага вечару, калі ён зразумеў адразу сваё пачуцьцё і тую, якая прачыхалася, сілу таленту, ён неяк адважней адносіўся да цёмнае і неазначальнае далі, якою ахапляў яго вонкавы сьвет. Яна пачынала цягнуць яго, усё расшыраючыся ў яго ўяўленьні.

Некалькі дзён праляцела вельмі жыва. Пётра чуў сябе шмат вальней у маладым таварыстве. Ён з лакомай увагаю слухаў умелую ігру старшага Стаўручэнка і расказы аб консэрваторыі, аб сталічных концэртах. Яго твар загараўся кожны раз, калі малады гаспадар пераходзіў на радасную хвальбу яго ўласнага, неапрацованага, але сільнага музыкальнага пачуцьця. Цяпер ён ужо ня стушоўваўся ў далейшых куткох, а, як роўны, хоць і крыху ўстрымліва, умешваўся ў агульныя размовы. Нядаўняя яшчэ халодная ўстрымлівасьць і як-бы настарэжанасьць Эвэліны таксама зьнікла. Яна трымалася весела і бяспрымусна, задзіўляючы ўсіх нябывалымі яшчэ выбухамі неспадзяванае і зыркае веселасьці.

Вярстоў за дзесяць ад двара быў стары N-скі манастыр, вельмі вядомы ў тым краі. Калісьці ён іграў значную ролю ў мясцовай гісторыі; няраз яго абкладалі, як саранча, загоны татараў, пасылаўшых цераз сьцены хмары сваіх стрэлаў, часамі пярэстыя аддзелы палякоў распачліва лезьлі на сьцены або, наадварот, казакі бурна кідаліся на прыступ, каб адбіць цьвярдыню ў заўладаўшых ёю каралеўскіх жаўнераў… Цяпер старыя вежы асыпаліся, сьцены дзе-ня-дзе замяніліся простым частаколам, які бараніў толькі манастырскія агароды ад навалу прадпрыемлівае мужыцкае скаціны, а ў глыбіні шырокіх рагоў расло проса.

Аднойчы, у ясны дзень ласкавай позьняй восені гаспадары і госьці скіраваліся ў гэты манастыр. Максім і жанчыны ехалі ў шырокай старадаўняй брычцы, якая гойдалася, быццам вялікі плыт, на сваіх высокіх рэйсорах. Маладыя людзі і Пётра ў тым ліку — паехалі конна.

Сьляпы езьдзіў спрытна і вольна, прывыкшы прыслухвацца да тупату іншых коняй і да шарахценьня колаў ехаўшага наперадзе экіпажу. Гледзячы на яго вольную, адважную фігуру, трудна было-б угадаць, што гэты коньнік ня бачыць дарогі і толькі прывык гэтак сьмела аддавацца інстынкту каня. Анна Міхайлаўна спачатку палахліва аглядалася, баючыся чужога каня і незнаёмых дарог, Максім паглядваў скоса з гордасьцю мэнтора і з насьмешкаю мужчыны над бабскімі страхамі.

— Ці ведаеце… — сказаў, пад’яжджаючы да брычкі студэнт. — Мне вось толькі што ўспомнілася цікавая магіла, аб гісторыі якой мы даведаліся, капаючыся ў манастырскім архіве. Калі хочаце, дык мы зьвернем туды. Гэта недалёка, на канцы сяла.

— Чаго-ж гэта вам прыходзяць у нашым таварыстве гэткія сумныя ўспаміны? — весела засьмяялася Эвэліна.

— На гэтае пытаньне адкажу пасьля! Зьвяртай да Калодні, да Астапавай левады; тут каля пералазу спынішся, — крыкнуў ён фурману і, пакіраваўшы каня, паехаў да сваіх адстаўшых таварышоў.

Праз мінуту, калі рыдван, шарахцячы коламі ў мягкім пыле і гойдаючыся, ехаў вузкаю дарожкаю, маладыя людзі праляцелі міма яго і сьпешыліся наперадзе, прывязаўшы коні да плоту. Двох з іх пайшлі насустрэчу, каб памагчы дамам, а Пётра стаяў, апёршыся на сядло і, паводле прывычкі, схіліўшы галаву, прыслухваўся, стараючыся па магчымасьці азначыць сваё палажэньне ў незнаёмым месцы.

Для яго гэты сьветлы асеньні дзень быў цёмнаю ночкаю, толькі ажыўленаю яснымі гукамі дня. Ён чуў на дарозе шарахценьне пад’яжджаўшае карэты і вясёлыя жарты сустрачаўшай яе моладзі. Каля яго коні, звонячы стальнымі наборамі вобруцяў, выцягвалі галовы за плот да высокай травы агароду… Недзе, недалёка, мусі над градамі, чулася ціхая песьня, гультайна і задумліва веяўшая па лёгкім ветры. Шархацела лісьцьцё саду, недзе скрыпеў бусел, чулася лопаньне крыльляў і крык як быццам раптоўна ўспомніўшага аб чымсьці пятуха, лёгкае скавытаньне „жураўля“ над калодзежам, — ува ўсім гэтым сказвалася блізкасьць вясковага рабочага дня.

І сапраўды яны спыніліся каля плоту крайняга саду… З больш аддаленых гукаў панаваўшым быў разьмераны гул манастырскага звана, высокі і тонкі. Па гуку гэтага звону, ці па тым, як цягнуў вецер, ці яшчэ па нейкіх, быць можа і яму самому невядомых, азнаках, Пётра адчуваў, што недзе ў тым баку, за манастыром, мясцовасьць раптоўна абрываецца, быць можа над берагам рэчкі, за якою далёка раскінулася раўніна з неазначальнымі, труднымі да ўлаўленьня, гукамі ціхага жыцьця. Гукі гэтыя даляталі да яго адрыўчата і слаба, даючы яму слухавое адчуцьцё далі, у якой мігціць нешта зацягненае, няяснае, як для нас мігцяць зарысы даляў у вячэрнім тумане…

Вецер варушыў каслаўку валасоў, зьвісшую з-пад яго капялюша, і цягнуўся мінаючы яго вуха, як працяжнае зьвіненьне эолевае арфы. Нейкія смутныя ўспаміны брадзілі ў яго памяці; мінуты з далёкага дзяцінства, якія ўяўленьне выхопвала з забыцьця мінулага, ажывалі ў постаці веяньняў, дакраненьняў і гукаў… Яму здавалася, што гэты вецер, зьмяшаны з дальнім звонавым гукам і абрыўкамі песьні, расказвае яму нейкую сумную старую казку аб мінулым гэтае зямлі або аб яго ўласным мінулым, ці аб яго будучыні, неазначальнай і цёмнай.

Праз мінуту пад’ехала брычка, усе выйшлі і, пераступіўшы цераз пералаз у плоце, пайшлі ў леваду. Тут, у кутку, заросшая травою і зельлем, ляжала шырокая, блізка што ўросшая ў зямлю каменная пліта. Зялёнае лісьцьцё рапяю з пламенна-рожавымі галоўкамі красак, шырокі лапух, высокі кукаль на тонкіх бадылёх, выдзяляліся з травы і ціха гойдаліся ад ветру, і Пётры быў чутны іх смутны шэпт над заросшаю магілаю.

— Мы толькі нядаўна даведаліся аб істнаваньні гэтага памятніка, — сказаў малады Стаўручэнка, — а тымчасам — ведаеце хто ляжыць пад ім? Слаўны калісьці „лыцар“, стары ватажко Ігнат Кары…

— Дык вось ты дзе супакоіўся, стары разбойнік? — сказаў Максім задумліва. — Як ён папаў сюды ў Калодню?

— У 17… годзе казакі з татарамі абкладалі гэты манастыр заняты польскім войскам… Вы ведаеце, татары былі заўсёды небясьпечнымі саюзьнікамі… Відочна, абложаным удалося як-нібудзь падкупіць мірзу, і ўночы татары кінуліся на казакоў адначасна з палякамі. Тут, каля Калодні, адбылася ў цемнаце жорсткая сеча. Здаецца, што татары былі разьбіты, і манастыр усё-такі ўзяты, але казакі страцілі ў начной бітве свайго атамана.

У гэтай гісторыі, — казаў далей малады чалавек задумліва, — ёсьць яшчэ другая асоба, хоць мы й дарэмна шукалі тут другой пліты. Судзячы па старой запісі, якую мы знайшлі ў манастыры, побач з Карым пахованы малады бандурысты… сьляпы, езьдзіўшы з атаманам у паходах…

— Сьляпы? ў паходах? — палахліва сказала Анна Міхайлаўна, якой зараз-жа здаўся яе хлопчык у страшнай начной сечы.

— Але, сьляпы. Відочна, гэта быў слаўны на Запарожжы пясьняр… гэтак, прынамсі, кажа аб ім запісь, якая на сваяроднай мове выкладае ўсю гэту гісторыю. Дазвольце, я, здаецца, помню яе напамяць: А съ нимь славетный поэта козацкій, Юрко, нигды ни оставлявшій Караго и отъ щирого сердца онымъ любимый. Котораго убивши сила поганьская и того Юрка посѣкла нечестно, обычаемъ своей поганьской вѣры, не маючи зваги на калѣцтво и великій талентъ до складу пѣсеннаго и до гры струннои, одъ якои даже и волцы на степу размягчиться могли-б, но поганьцы не пошановали въ ночномъ нападѣ. И ту положены рядом пѣвецъ і рыцарь, коимъ по честнымъ концѣ незаводная и вѣчная слава вовѣки аминь”…

— Пліта даволі шырокая, — сказаў хтосьці. — Можа быць, што яны ляжаць тут абодва…

— Але, сапраўды, але надпісы зьедзены мохам… — Гляньце, вось на версе булава й бунчук. А далей усё зялёнае ад лішаёў.

— Пастойце, — сказаў Пётра, слухаўшы ўвесь расказ з захопным неспакоем.

Ён падыйшоў да пліты, нагнуўся над ёю, і яго тонкія пальцы ўпіліся ў зялёны слой лішайнікаў на паверхні пліты. Праз яго ён абмацваў цьвёрдыя выступы каменя.

Гэтак ён сядзеў з мінуту, з паднятым тварам і стуленымі бровамі. Пасьля ён пачаў чытаць:

… „Игнатій прозваніемъ Карій… року божого… пострѣленъ изъ сайдака стрѣлою татарскою”…

— Гэта і мы маглі яшчэ разабраць, — сказаў студэнт. Пальцы сьляпога, нэрвова напружаныя і сагнутыя ў суставах, спушчаліся ўсё ніжэй.

— „Котораго убивши“…

— „Сила поганьская“… — жвава падхапіў студэнт, — гэтыя словы стаялі ў апісаньні сьмерці Юрка… значыцца, праўда: і ён тутэка пад аднэй плітаю…

— Але, — „сила поганьская“, — прачытаў Пётра, — далей усё зьнікла… пастойце, вось яшчэ: „порубанъ шаблями татарскими“… здаецца, яшчэ нейкае слова… але не, больш нічога не захавалася.

Сапраўды, далей усякая памяць аб бандурыстым гублялася ў шырокай язве паўтараставяковай пліты…

Некалькі сэкундаў панавала глыбокае маўчаньне, што парушалася толькі шорхатам лісьцьця. Яно было перарвана працяжным малітвеным уздыхненьнем. Гэта Астап, гаспадар левады і ўласьнік па праву даўнасьці апошняй дамавіны старога атамана, падыйшоў да паноў і з вялікім зьдзіўленьнем пазіраў, як малады чалавек з нярухомымі вачыма, утаропленымі ўгару, разьбіраў вобмацкам словы, схованыя ад несьляпых сотнямі гадоў, дажджамі й непагодамі.

— Сыла господняя, — сказаў ён, гледзячы на Пётру з ціхамірнасьцяй. — Сыла божая адкрывае сліпенькому, чого зрячіі не бачуть очима.

— Ці разумее цяпер, панначка, чаму мне ўспомніўся гэты Юрко-бандурысты? — спытаўся студэнт, калі старая брычка ізноў памалу ехала па пыльнай дарозе, скіроўваючыся да манастыра. — Мы з братам дзівіліся, як мог сьляпы езьдзіць з Карым з яго лятучымі аддзеламі. Дапусьцім, што ў той час ён быў ужо не кашавы, а просты ватажко. Вядома, аднак-жа, што ён заўсёды начальнічаў аддзелам конных казакоў-ахвотнікаў, а ня простымі гайдамакамі. Звычайна бандурыстыя былі старыя жабракі, хадзіўшыя ад сяла да сяла з торбаю і песьняю… Толькі сягоньня, пры гледжаньні на вашага Пётру, у маім уяўленьні неяк адразу ўстала фігура сьляпога Юрка, з бандураю, заместа стрэльбы за плячыма, і конна на кані…

— І можа быць, што ён браў удзел у баёх… У паходах, у кожным выпадку, і ў небясьпеках таксама… — казаў далей малады чалавек задумліва. — Якія бывалі часы на нашай Украіне!

— Як гэта страшна, — уздыхнула Анна Міхайлаўна.

— Як гэта было добра, — запярэчыў малады чалавек.

— Цяпер нічога падобнага ня бывае, — востра сказаў Пётра, пад’ехаўшы таксама да брычкі. Падняўшы бровы і ўслухаўшыся ў тупат суседніх коняй, ён змусіў свайго каня ісьці ўпоруч з брычкаю… Яго твар быў бялейшы, як звычайна, выдаючы глыбокую ўнутраную неспакойнасьць… — Цяпер усё гэта ўжо зьнікла, — паўтарыў ён.

— Што павінна было зьнікнуць — зьнікла, — сказаў Максім неяк холадна… — Яны жылі пасвойму, вы шукайце свайго…

— Вам добра казаць, — адказаў студэнт, — вы ўзялі сваё ў жыцьця…

— Ну, й жыцьцё ўзяло ў мяне маё, — усьмяхнуўся стары гарыбальдыец, гледзячы на свае кулі.

Пасьля, памаўчаўшы, ён дадаў:

— Уздыхаў і я калісь аб Сечы, аб яе бурнай поэзіі і волі… Быў нават у Садыка ў Турэччыне[3].

— І што-ж? — спыталіся маладыя людзі жыва.

— Вылячыўся, калі ўбачыў вашае „вольнае казацтва“ на службе ў турэцкага дэспотызму… Гістарычны маскарад і шарлатанства… Я зразумеў, што гісторыя выкінула ўжо ўсё гэтае рызьзё на загуменьне, і што галоўнае ня ў гэтых харошых формах, а ў мэтах… Тады вось я і скіраваўся ў Італію. Нават ня ведаючы мовы гэтых людзей, я гатоў быў памёрці за іхнія імкненьні.

Максім гаварыў сур’ёзна і з нейкаю шчыраю важнасьцю. У бурных спрэчках, якія адбываліся ў бацькі-Стаўручэнкі з сынамі, ён звычайна ня прымаў удзелу і толькі пасьмейваўся, дабрадушна ўсьмехваючыся на апэляцыі да яго моладзі, лічыўшай яго сваім саюзьнікам. Цяпер, сам закрануты водгукамі гэтае мілае драмы, гэтак раптоўна ажыўшай для ўсіх над старым імшыстым каменем, ён адчуваў, апрача таго, што гэты эпізод з мінуўшчыны дзіўным чынам зачапіў у асобе Пётры блізкае ім усім цяперашняе.

Гэтым разам маладыя людзі не пярэчылі, — быць можа пад уплывам жывога адчуцьця, перажытага за некалькі мінут у Астапавай левадзе, —

а мо’ і пад уплывам імпонаваўшай шчырасьці старога вэтэрана…

— Што-ж застаецца нам? — спытаўся студэнт пасьля мінуўшага маўчаньня.

— Тая самая вечная барацьба.

— Дзе? У якіх формах?

— Шукайце, — адказаў Максім коратка.

Раз пакінуўшы свой звычайны насьмешлівы тон, Максім, як відаць, быў нарыхтованы гаварыць сур’ёзна. А для сур’ёзнае размовы на гэтую тэму цяпер ужо не заставалася часу… Брычка пад’ехала да манастырскае брамы, і студэнт, нахіліўшыся, прытрымаў за повад каня Пётры, на твары якога, як у раскрытай кнізе, відаць было глыбокае хваляваньне.


III.

Ў манастыры звычайна аглядалі старадаўнюю царкву і лазілі на званіцу, адкуль адкрываўся далёкі від. У ясную пагоду стараліся ўбачыць белыя плямачкі губэрскага гораду і кручаную стужку Дняпра на небасхіле.

Сонца ўжо схілялася, калі маленькае таварыства падыйшло да замкнёных дзьвярэй званіцы, пакінуўшы Максіма на ганку аднае з манашаскіх кельляў. Малады, тонкі паслушнік у расе і востраверхай шапцы стаяў пад скляпеньнем, трымаючыся аднэю рукою за замок замкнёных дзьвярэй…Недалёчка, быццам распалоханая стада птушак, стаяла кучка дзяцей; было відаць, што паміж маладым паслушнікам і гэтаю стадкаю рэзвых дзетак адбывалася нядаўна нейкая сутычка. Па яго крыху ваяўнічай позе і па тым, як ён трымаўся за замок, можна было зрабіць вывад, што дзеці хацелі пралезьці на званіцу, сьледам за панамі, а паслушнік адганяў іх. Яго твар быў злы і зьбялелы, толькі на шчоках плямамі выдзялялася чырвань.

Вочы ў маладога паслушніка былі неяк дзіўна нярухомыя… Анна Міхайлаўна першая заўважыла выраз гэтага твару й вачэй і нэрвова схапіла за руку Эвэліну.

— Сьляпы, — прашаптала дзяўчына з лёгкім перапудам.

— Ціха, — адказала маці, — і яшчэ… Ты бачыш?

— Але…

Трудна было не заўважыць у твары паслушніка дзіўнае сходнасьці з Пётрай. Тая самая нэрвовая зьбялеласьць, тыя самыя чыстыя, але нярухомыя шчылінкі ў вачох, той самы неспакойны рух броваў, якія натарочваліся пры кожным новым гуку і бегалі над вачыма, быццам шчупалкі ў спалоханае казулькі… Яго рысы былі грубейшыя, уся фігура мешкавацейшая, — але тым выразьней выступала сходнасьць. Калі ён глуха закашляўся, схапіўшыся рукамі за ўпалыя грудзі, дык Анна Міхайлаўна глядзела на яго шырока расплюшчанымі вачыма, быццам перад ёю раптам зьявілася здань…

Сьціхнуўшы кашляць, ён адамкнуў дзьверы і, стаўшы на парозе спытаўся крыху надтрэснутым голасам:

— Дзяцей няма? Кыш праклятыя! — матнуўся ён у іх бок усім целам і пасьля, прапушчаючы ўперад маладых людзей, сказаў голасам, у якім чулася нейкая лісьлівасьць і лакомасьць:

— Званару ахвяруйце колькі-нібудзь?.. Ідзеце асьцярожна, — цёмна…

Усё таварыства пачало паднімацца па ступеньках. Анна Міхайлаўна, якая раней хісталася перад нязручным і крутым падыймом, цяпер з нейкаю пакорай пайшла за іншымі.

Сьляпы званар замкнуў дзьверы… Сьвятло зьнікла і толькі праз нейкі час Анна Міхайлаўна, палахліва стаяўшая ўнізе, пакуль моладзь, піхаючыся, паднімалася па закрутах сходаў, магла разглядзець цьмяную струйку слабога сьвятла, якое лілося з нейкае шчыліны ў тоўстым муры. Проці гэтага праменьчыка слаба сьвіцелася некалькі запыленых, няправільнае формы каменяў.

Дзядзько, дзядзечка, пустыць, — пачуліся з-за дзьвярэй тонкія дзіцячыя галасы. — Пустыць, дзядзечка, добры!

Званар злосна кінуўся да дзьвярэй і шалёна застукаў кулакамі па жалезнай абіўцы.

— Пашлі, пашлі, праклятыя… Каб вас громам забіла, — крычаў ён, хрыпячы і неяк захо- дзячыся ад злосьці…

— Сьляпы чорт, — адказала раптам некалькі звонкіх галасоў, і за дзьвярыма пачуўся быстры тупат дзесятка босых ног…

Званар прыслухаўся і аддыхаўся.

— Пагібелі на вас няма… на праклятых… каб вас усіх перадушыла хвароба… Ох, Госпадзі! Госпадзі ты, Божа мой! Вскую мя осшавилъ еси… — сказаў ён раптам зусім іншым голасам, у якім чулася роспач спакутаванага і глыбока змучанага чалавека.

— Хто тут?… Чаго застаяўся? — востра спытаўся ён, натрапіўшы на Анну Міхайлаўну, застыўшую каля першых ступенькаў.

— Ідзеце, ідзеце. Нічога, — дадаў ён мягчэй. — Пастойце, трымайцеся за мяне… Ахвяра з вашага боку званару будзе? — ізноў спытаўся ён ранейшым, няпрыемна лісьлівым тонам.

Анна Міхайлаўна выняла з партаманэта і ў цемнаце падала яму паперку. Сьляпы шпарка выхапіў яе з выцягненае да яго рукі і, пад цьмяным променем, да якога яны ўжо пасьпелі падняцца, яна бачыла, як ён прылажыў паперку да шчакі і пачаў вадзіць па ёй пальцам. Дзіўна асьветлены і зьбялелы твар, гэтак падобны да твару яе сына, скрывіўся раптам выразам наіўнае і лакомае радасьці.

— Вось за гэта дзякуй. Сталбоўка запраўдная… Я думаў — вы насьмех… пасьмяяцца над сьляпенькім… Іншыя, бывае, сьмяюцца…

Увесь твар беднае жанчыны быў заліты сьлязьмі. Яна борзда выцерла іх і пайшла ўгару, дзе, быццам паданьне вады за сьцяною, чуліся гулкія шагі і зьмяшаныя галасы аперадзіўшай яе кампаньні.

На адным з паваротаў маладыя людзі супыніліся. Яны падняліся ўжо досіць высока, і ў вузкае вакно, разам з сьвяжэйшым паветрам, прайшла больш чыстая, хоць і расьсеяная струйка сьвятла. Пад ёю ў сьцяне, даволі гладкай у гэтым месцы, раіліся нейкія надпісы. Гэта былі па большай часьці імёны тых, хто сюды наведваўся.

Абменьваючыся вясёлымі ўвагамі, маладыя людзі знаходзілі прозьвішчы сваіх знаёмых.

— А вось і сэнтэнцыя, — заўважыў студэнт і прачытаў з некаторым трудом: „Мнози суть начинающи, кончающіи же въ малѣ“… — Як відаць, справа йдзе аб гэтым усходжаньні, — дадаў ён жартаўліва.

— Разумей, як хочаш, — груба адказаў званар, пахіляючыся да яго вухам, і яго бровы захадзілі быстра і трывожна. — Тут яшчэ верш ёсьць крыху ніжэй. Вось-бы табе прачытаць…

— Дзе верш? Няма ніякага вершу.

— Ты вось ведаеш, што няма, а я табе кажу, што ёсьць. Ад вас, несьляпых, таксама схована шмат што…

Ён спусьціўся на дзьве ступеньні ўніз і, памацаўшы рукою ў цемнаце, дзе ўжо губляліся апошнія слабыя водбліскі дзеннага променя, сказаў:

— Вось тут. Добры верш, ды без лятарні не прачытаеце…

Пётра падняўся да яго і, правёўшы рукою па сьцяне, лёгка знайшоў строгую афорызму, урэзаную ў сьцяну нейкім, быць можа, больш як поўстагодзьдзя ўжо памёршым, чалавекам:

Помни смертный часъ,
Помни трубный гласъ,
Помни съ жизнію разлуку,
Помни вѣчную муку…

— Таксама сэнтэнцыя, — папрабаваў пажартаваць студэнт Стаўручэнка, але жарт неяк ня выйшаў.

— Не падабаецца, — хітра сказаў званар. — Ведама, ты яшчэ чалавек малады, а таксама… хто ведае. Сьмяротны час прыходзіць, яко татъ в нощи… — Добры верш, — дадаў ён ізноў, неяк паіншаму… — „Помни смертный часъ, помни трубный гласъ“… Але, штосьці вось там будзе, — закончыў ён ізноў даволі злосна.

Яшчэ некалькі ступеняў, і яны ўсе выйшлі на першы пляцык званіцы. Тут было ўжо досіць высока, але лёха ў сьцяне вяла яшчэ больш нязручным праходам вышэй. З апошняга пляцыку від адкрыўся шырокі і надзіва прыгожы. Сонца схілілася на захад да гарызонту, па нізіне лёг доўгі цень, на ўсходзе ляжала цяжкая хмара, даль гублялася ў вячэрнім дымку, і толькі дзе-ня-дзе косыя праменьні вырывалі з сініх ценяў то белую сьцяну мазанае хаткі, то зазіхацеўшае рубінам ваконца, то жывую іскрачку на крыжы дальняе званіцы.

Усе прыціхлі. Высокі вецер, чысты і вольны ад выпарэньняў зямлі, цягнуўся ў пралёты, варухаючы вяроўкі, і, заходзячы ў самыя званы, выклікаў час ад часу працяжныя водгукі. Яны ціха шумелі глыбокім мэталічным шумам, за якім вуха лавіла штосьці яшчэ, быццам аддаленую, слаба чутную музыку або глыбокія ўздыханьні медзі. Ад усяго, які ўнізе расьсьцілаўся, абраза веяла ціхім спакоем і глыбокім мірам.

Але цішыня, запанаваўшая сярод невялікага таварыства, мела яшчэ й іншую прычыну. Па нейкім агульным пабуджэньні, выцякаўшым мусі з адчуваньня вышыні і свае бязраднасьці, абодва сьляпыя падыйшлі да кутоў пралётаў і сталі, апёршыся на іх абедзьвюма рукамі, пахіліўшы твары насустрэчу ціхаму вячэрняму ветру.

Цяпер ні ад каго ўжо ня высьлізнулася дзіўная сходнасьць. Званар быў крыху старэйшы; шырокая раса вісела фалдамі на худым целе, рысы твару былі грубейшыя і больш рэзкія. Пры ўважным паглядзе на іх выступалі і розьніцы: званар быў блёндын, нос у яго быў крыху гарбаты, губы танчэйшыя, як у Пётры. Над губамі прабіваліся вусы і кудравая бародка аблямоўвала падбародак. Але ў жэстах, у нэрвовых складках губаў, у заўсёдным руху броваў была тая зьдзіўляльная, як-бы родная, сходнасьць, па прычыне якой шмат якія гарбуны таксама прыпамінаюць адзін аднаго тварам, як браты.

Пётраў твар быў крыху спакайнейшым. У ім відаць было прывычную тугу, якая ў званара ўзмацнялася востраю жаўцёвасьцю і часам злосьцю. Хоць-жа, цяпер, і ён, як відаць, супакойваўся. Роўны павеў ветру як-бы разгладжваў на яго твары ўсе зморшчкі, рэзьліваючы па ім ціхі мір, ляжаўшы на ўсім, схованым ад сьляпых вачэй, вобразе… Бровы варушыліся ўсё цішэй і цішэй.

Але вось, яны ізноў здрыгануліся, адначасна ў абодвух, як быццам абодва пачулі ўнізе нейкі гук з даліны, нячутны нікому іншаму.

— Звоняць, — сказаў Пётра.

— Гэта ў Юр’я за пятнаццаць вёрст, — паясьніў званар. — У іх заўсёды на паўгадзіны раней, як у нас, вячэрня… А ты чуеш? Я таксама чую, — іншыя ня чуюць…

— Добра тут, — казаў ён далей з лятуценьнем. — Асабліва ў сьвята. Чулі вы, як я званю?

У пытаньні зьвінела наіўная сьведамасьць пустое славы.

— Прыяжджайце паслухаць. Айцец Памфілі… Вы ня знаеце айца Памфілія? Ён для мяне сумысьля гэтыя два падгалоскі выпісаў.

Ён аддзяліўся ад сьцяны і любоўна пагладзіў рукою два невялічкія званы, яшчэ не пасьпеўшыя пацямнець, як іншыя.

— Слаўныя падгалоскі… Так табе й пяюць, так і пяюць… Асабліва пад Вялікдзень.

Ён узяў у рукі вяроўкі і быстрымі рухамі пальцаў прымусіў задрыжаць абодва званы дробным мэталічным дробам; даткненьні сэрцаў былі гэтак слабымі і разам гэтак выразістымі, што перазвон быў чутны ўсім, але гук напэўна ня йшоў далей за пляцык званіцы.

— А тут табе вось гэты — бу-ух, бу-ух, бу-ух…

Цяпер яго твар асьвятліўся дзіцячай радасьцю, у якой, аднак-жа, было штосьці вартае жалю і хворае.

— Званы дык вось выпісаў, — сказаў ён уздыхнуўшы, — а шубы новае не пашые. Скупы! Прастыў я на званіцы… Увосень найгорш за ўсё… Холадна…

Ён супыніўся і, прыслухаўшыся, сказаў:

— Кульгавы вас кліча зьнізу. Ідзеце, пара вам.

— Пойдзем, — першая ўстала Эвэліна, да гэтага часу нярухома глядзеўшая на званара, быццам заварожаная.

Маладыя людзі рушылі да выхаду, званар астаўся наверсе. Пётра, шагнуўшы ўжо сьледам за маткаю, крута спыніўся.

— Ідзеце, — сказаў ён ёй загадна. — Я зараз.

Шагі сьціхлі, толькі Эвеліна, прапусьціўшая ўперад Анну Міхайлаўну, засталася, прытуліўшыся да сьцяны і затаіўшы дух.

Сьляпыя лічылі сябе адзінокімі на вежы. Некалькі сэкундаў яны стаялі, нялоўкія і нярухомыя, да чагось прыслухваючыся.

— Хто тут? — спытаўся затым званар.

— Я…

— Ты таксама сьляпы?

— Сьляпы. А ты даўно асьлеп? — спытаўся Пётра.

— Нарадзіўся гэткім, — адказаў званар, — вось другі ёсьць у нас, Раман — той сямёх гадоў асьлеп… А ты ноч ад дня адрозьніць можаш?

— Магу.

— І я магу. Чую, сьвітае. Раман ня можа, яму ўсё-такі лягчэй.

— Чаму лягчэй? — жыва спытаўся Пётра.

— Чаму? Ня ведаеш чаму? Ён сьвет бачыў, сваю матку помніць. Зразумеў ты: засьне ўночы, яна да яго ў сьне і прыходзіць… Толькі яна старая цяпер, а сьніцца яму ўсё маладая… А табе ці сьніцца?

— Не, — глуха адказаў Пётра.

— То-то не. Гэта бывае, калі хто асьлеп. А хто ўжо так нарадзіўся !..

Пётра стаяў хмурны і пацямнеўшы, быццам на твар яго напаўзла хмара. Бровы ў званара таксама раптам падняліся высока над вачыма, у якіх віднеўся гэтак знаёмы Эвэліне выраз сьляпое пакуты…

— І то грашыш не аднойчы… Госпадзі, Стварыцель, Божая Маці Прачыстая!.. Дайце вы мне хоць у сьне адзін раз сьвет-радасьць убачыць…

Твар яго дзергануўся сударгаю, і ён сказаў з ранейшым жаўцёвым выразам:

— Дык не, не даюць… Прысьніцца штосьці, засьвітае, а ўстанеш, ня помніш…

Ён раптам супыніўся і прыслухаўся. Твар яго зьбялеў, і нейкі сударгавы выраз скрывіў усе рысы.

— Чарцянят упусьцілі, — сказаў ён са злосьцю ў голасе.

Сапраўды зьнізу з вузкага праходу, быццам шум паводкі, ляцелі шагі і крыкі дзяцей. На адзін міг усё сьціхла, мусі натаўп выбег на сярэдні пляцык, і шум выліваўся на двор. Але затым цёмны праход загудзеў, як труба, і міма Эвэліны, выпярэджваючы адно аднаго, праляцела вясёлая гурба дзяцей. Каля верхняе ступені яны спыніліся на мігненьне, але за гэтым адзін за адным пачалі шмыгаць міма сьляпога званара, які са скрыўленым ад злосьці тварам тыкаў наўгад сьцісьненымі кулакамі, стараючыся папасьць у каго-нібудзь з бегшых.

У праходзе вынурнула раптам з цемнаты новая асоба. Гэта быў, відочна, Раман. Твар у яго быў шырокі, згараны воспаю і над’звычайна дабрадушны. Закрытыя павекі ўтойвалі ямы вачэй, на губах іграла дабрадушная ўсьмешка. Прайшоўшы каля прытуленай да сьцяны дзяўчыны, ён падняўся на пляцык. Размахнутая рука яго таварыша папала яму збоку ў шыю.

— Брат! — гукнуў ён прыемным грудным голасам. — Юрка, — ізноў ваюеш?

Яны стаўкануліся і абмацалі адзін аднаго.

Нехай собі, — дабрадушна адказаў Раман… — Птушкі Божыя. Ось як ты іх налякав. Дэ вы тут, бісенята…

Дзеці сядзелі па кутох каля кратаў, прытаіўшыся, і вочы іхнія блішчэлі хітрасьцю, а часьцёва і страхам.

Эвэліна, нячутна ступаючы ў цемнаце, зыйшла ўжо да паловы першага праходу, калі за ёю пачуліся ўпэўненыя шагі абодвух сьляпых, а зьверху даляцеў радасны піск і крыкі дзяцей, што кінуліся цэлаю стадаю на Рамана, які застаўся з імі.

Кампаньня ціха выяжджала з манастырскае брамы, калі з званіцы разьлёгся першы ўдар. Гэта Раман зазваніў на вячэрню.

Сонца села, брычка ехала па пацямнеўшых палёх, праводжаная роўнымі мэлянхолічнымі ўдарамі, заміраўшымі ў сінім змроку вечару.

Усе маўчалі праз усю дарогу да самага дому. Увечары доўга ня відаць было Пётры. Ён сядзеў недзе ў цёмным куце саду, не адгукаючыся на заклікі нават Эвэліны, і прайшоў вобмацкам у пакой, калі ўсе ляглі…


IV.

Папельскія пражылі яшчэ некалькі дзён у Стаўручэнкаў. Да Пётры часамі вяртаўся яго нядаўны настрой, ён бываў ажыўлёным і пасвойму вясёлым, прабаваў іграць на новых для яго інструмэнтах, калекцыя якіх у старшага з сыноў Стаўручэнкі была досіць абшырная і якія вельмі займалі Пётру — кожны з сваім асаблівым голасам, здольным выказваць асаблівыя водцені пачуцьця. Але ўсё-ж такі ў ім заўважалася нейкая хмурнасьць, і мінуты звычайнага стану духу здаваліся выбухамі на агульным усё больш цямнеўшым фоне.

Быццам паводле бясслоўнае ўмовы, ніхто не вяртаўся да эпізоду ў манастыры, і ўся гэтая паездка як-быццам выпала ў усіх з памяці і запомнілася. Аднак-жа відаць было, што яна запала глыбока ў сэрца сьляпому. Кожны раз, застаўшыся сам з сабою альбо ў мінуты агульнага маўчаньня, калі яго не разважалі размовы акружаўшых, Пётра глыбока задумваўся, і на твары яго клаўся выраз нейкае горычы. Гэта быў знаёмы ўсім выраз, але цяпер ён здаваўся вастрэйшым і… моцна напамінаў сьляпога званара.

За фортэпіянам, у мінуты найбольшае непасрэднасьці, у яго ігру часта ўплятаўся цяпер дробны перазвон званоў і працяжныя подыхі медзі на высокай званіцы… І тое, аб чым ніхто не адважваўся загаварыць, ясна ўставала ў усіх у ўяўленьні: цемнаватыя пераходы, тонкая фігура званара з сухотнай чырваньню, яго злыя вокрыкі і жаўцёвае маракаваньне на лёс… А затым абодва сьляпыя ў аднолькавых позах на вежы, з аднолькавым выразам твараў, з аднолькавымі рухамі чуткіх броваў… Тое, што блізкія да гэтага часу лічылі асабістай асаблівасьцю Пётры, цяпер зьяўлялася агульнаю пячаткаю цёмнае стыхіі, распасьціраўшай сваю таямнічую ўладу аднолькава на ўсіх сваіх ахвярах.

— Паслухай, Аня, — спытаўся Максім у сястры, вярнуўшыся дамоў. — Ці ня ведаеш ты, што здарылася падчас нашае паездкі? Я бачыў, што хлопчык зьмяніўся якраз з гэтага дня.

— Ах, гэта ўсё цераз сустрэчу з сьляпым, — адказала Анна Міхайлаўна, уздыхнуўшы.

Яна нядаўна яшчэ адаслала ў манастыр дзьве цёплыя баранія шубы і грошы з пісьмом да айца Памфілія, просячы яго палягчыць па магчымасьці лёс абодвух сьляпых. У яе, наагул, было добрае сэрца, але спачатку яна запомніла пра Рамана, і толькі Эвэліна напомніла ёй, што варта было паклапаціцца аб абодвух. „Ах, так, так, ведама-ж“ — адказала Анна Міхайлаўна, але было відаць, што яе думкі заняты адным. Да яе палючай літасьці дамешвалася часткаю забабоннае пачуцьцё: ёй здавалася, што гэтаю ахвяраю яна ўміласьцівіць нейкую цёмную сілу, ужо зьвісаўшую панурым ценем над галавою яе дзіцяці.

— З якім сьляпым? — перапытаўся Максім са зьдзіўленьнем.

— Ды з гэтым… на званіцы…

Максім злосна стукнуў куляю.

— Якое пракляцьце быць бязногаю калодаю! Ты забываеш, што я ня лажу па званіцах, а ад бабаў, відаць, не даб’ешся толку. Эвэліна, папрабуй хоць ты сказаць разумна, што-ж там такое было на званіцы?

— Там, — ціха адказала, таксама пабялеўшая за гэтыя дні дзяўчына, — ёсьць сьляпы званар… І ён…

Яна супынілася. Анна Міхайлаўна затуліла далонямі гарэўшы твар, па якім цяклі сьлёзы.

— І ён вельмі падобны да Пётры.

— І вы мне нічога не сказалі! Ну, што-ж далей? Гэта яшчэ ня прычына для трагэдыяў, Аня, — дадаў ён з мягкім дакорам.

— Ах, гэта так жахоўна, — адказала Анна Міхайлаўна ціха.

— Што-ж жахоўна? Што ён падобны да твайго сына?

Эвэліна многазначна паглядзела на старыка, і ён сьціх. Праз некалькі мінут Анна Міхайлаўна вышла, а Эвэліна засталася з сваёю заўсёднаю работаю ў руках.

— Ты сказала ня ўсё? — спытаўся Максім пасьля мінутнага маўчаньня.

— Але. Калі ўсе зышлі ўніз, Пётра застаўся. Ён загадаў цётцы Ані (яна гэтак называла Папельскую з дзяцінства) ісьці за ўсімі, а сам застаўся з сьляпым. І я… таксама засталася.

— Падслухваць? — сказаў стары пэдагог ледзь не машынальна.

— Я не магла… адыйсьці… — адказала Эвэліна ціха. — Яны размаўлялі адзін з адным, як…

— Як таварышы па няшчасьці?

— Але, як сьляпыя… Пасьля Юрка спытаўся ў Пётры, ці бачыць ён у сьне маці? Пётра кажа: „ня бачу“. І той таксама ня бачыць. А другі сьляпы, Раман, бачыць у сьне сваю маці маладою, хоць яна ўжо старая…

— Так! Што-ж далей?

Эвэліна задумалася і пасьля, паднімаючы на старога свае сінія вочы, у якіх цяпер відно было барацьбу і пакуту, сказала:

— Той, Раман, добры і спакойны. Твар у яго сумны, але ня злы… Ён нарадзіўся несьляпым… А другі… Ён вельмі пакутуе, — раптам схіліла яна.

— Кажы, калі ласка, проста, — нецярпліва перабіў Максім, — другі раззлаваны?..

— Але. Ён хацеў пабіць дзяцей і кляў іх. А Рамана дзеці любяць…

— Злы і падобны да Пётры… разумею, — задумліва сказаў Максім.

Эвэліна яшчэ памаўчала і затым, як быццам гэтыя словы стоілі ёй цяжкае ўнутранае барацьбы, прамовіла зусім ціха:

— З твару абодва непадобныя… рысы іншыя. Але ў выразе… Мне здавалася, што раней у Пётры бываў выраз крыху, як у Рамана, а цяпер штораз часьцей відно таго другога… і яшчэ… Я баюся, я думаю…

— Чаго ты баішся? Хадзі сюды, мая разумная крышачка, — сказаў Максім з нязвычайнаю далікатнасьцю. І, калі яна, слабеючы ад гэтае ласкі, падыйшла да яго з сьлязьмі на вачох, дык ён пагладзіў яе шаўкавістыя валасы сваёю вялікаю рукою і сказаў:

— Што-ж ты думаеш? Скажы. Ты, я бачу, умееш думаць.

— Я думаю, што… ён лічыць цяпер, што… усе сьлепароджаныя злыя… І ён упэўніў сябе, што ён… таксама… непраменна.

— Але, вось што… — прагаварыў Максім, раптам аднімаючы руку… — Дай мне маю люльку, галубка… Вун яна там, на вакне.

Праз некалькі мінут над яго галавою ўзьняўся сіні вобалак дыму.

— Гм… але… блага, — вурчаў ён сабе пад нос… — Я памыліўся. Аня была пры праўдзе: можна сумаваць і пакутаваць аб тым, чаго ня зьведаў ні разу. А цяпер да інстынкту далучылася сьвядомасьць, і абое пайдуць у адным кірунку. Пракляты выпадак… А ўрэшце, шыла, як кажуць, у мяшку не схаваеш… Усё дзе-нібудзь выставіцца…

Ён зусім затануў у сівых вобалаках… У квадратнай галаве старога кіпелі нейкія думкі і новыя пастановы.


V.

Прышла зіма. Выпаў глыбокі сьнег і пакрыў дарогі, палі, вёскі. Сядзіба стаяла ўся белая, на дрэвах ляжалі пушыстыя камякі, быццам сад ізноў распусьціўся белым лісьцьцём… У вялікім каміне патрэскваў агонь, кожны, хто ўваходзіў з падворку, уносіў з сабою сьвежасьць і пах мягкага сьнегу…

Поэзія першага зімняга дня была пасвойму даступна сьляпому. Прачыхаючыся раніцай, ён адчуваў заўсёды асаблівую бадзёрасьць і пазнаваў прыход зімы па тупаньні людзей, уваходзіўшых у кухню, па скрыпеньні дзьвярэй, па вострых, ледзь даваўшыхся ўлавіць, струйках, што разьбягаліся па ўсёй хаце, па скрыпеньні шагоў на дварэ, па асаблівай „халоднасьці“ ўсіх вонкавых гукаў. І калі ён выяжджаў з Іохімам па цаліне ў поле, дык слухаў з насалодаю звонкае скрыпеньне саняў і нейкія пстрыканьні, якімі лес з-за рэчкі абменьваўся з дарогаю і полем.

На гэты раз першы белы дзень павеяў на яго толькі большым сумам. Абуўшы з раніцы высокія боты, ён пайшоў, пракладаючы пухкі сьлед па дзявочных яшчэ дарожках, да мліна.

У садзе было зусім ціха. Мерзлая зямля пакрылася пушыстым мягкім слоем, зусім змоўкла, не аддаючы гукаў: затое паветра зрабілася неяк асабліва чуткім, выразьліва і поўна пераносячы на далёкія адлежнасьці і крык вароны, і ўдар сякеры, і лёгкі трэск абломанае галінкі… Час ад часу чулася дзіўнае зьвіненьне, быццам ад шкла, пераходзіўшае на найвышэйшыя ноты і заміраўшае як быццам у вялізным аддаленьні. Гэта хлапцы кідалі каменьні на вясковым ставе, які зацягнуўся пад раніцу тонкаю плёнкаю першага лёду.

У сядзібе стаў таксама замерз, але рэчка каля мліна, ацяжэўшая і цёмная, усё яшчэ сьлюзіла ў сваіх пушыстых берагох і шумела на шлюзах.

Пётра падыйшоў да запруды і спыніўся, прыслухваючыся. Зьвіненьне вады было інакшае — цяжэйшае і бяз мэлёдыі. У ім як быццам адчуваўся холад памярцьвеўшых ваколіцаў…

У душы ў Пётры таксама было холадна і цемнавата. Цёмнае пачуцьцё, якое яшчэ ў той шчасьлівы вечар паднімалася з глыбіні душы нейкаю асьцярогаю, незадаволенасьцю і пытаньнем, цяпер разраслося і заняло ў душы месца, належаўшае да адчуваньняў радасьці і шчасьця.

Эвэліны ў сядзібе ня было. Яскульскія сабраліся з восені да „дабрадзейкі“, старое графіні Патоцкае, якая абавязкова вымагала, каб старыя прывязьлі таксама і дачку.

Эвэліна спачатку працівілася, але пасьля ўступіла намаганьням бацькі, да якіх вельмі энэргічна далучаўся й Максім.

Цяпер Пётра, стоячы каля мліна, успамінаў свае ранейшыя адчуваньні, стараўся адбудаваць іх ранейшую паўнату і цэласьць і пытаўся ў сябе самога, ці адчувае ён яе адсутнасьць. Ён яе адчуваў, але разумеў таксама, што і прысутнасьць яе не дае яму шчасьця, а прыносіць асаблівую пакуту, якая без яе крыху прытупела.

Яшчэ гэтак нядаўна ў яго вушах зьвінелі яе словы, уставалі ўсе падробнасьці першага аб’ясьненьня, ён чуў пад рукамі яе шаўкавістыя валасы, чуў каля сваіх грудзей удары яе сэрца. І з усяго гэтага складаўся нейкі абраз, напаўняўшы яго радасьцю. Цяпер нешта бясформеннае, як тыя здані, што засялялі яго цёмнае ўяўленьне, ударыла ў гэты абраз мярцьвячым подыхам, і ён разьляцеўся. Ён ужо ня мог злучыць сваіх успамінаў у тую гарманічную цэласьць пачуцьця, якая перапаўняла яго ў першыя часы. Ужо з самага пачатку на дне гэтага пачуцьця ляжала зернейка чагосьці іншага, і цяпер гэтае „іншае“ распасьціралася над ім, як сьцелецца грымотная хмара па гарызонце.

Гукі яе голасу згасьлі, і на месцы яркіх уражаньняў шчасьлівага вечару зьзяла пустата. А насустрэчу гэтай пустаце з самае глыбіні душы сьляпога паднімалася нешта з цяжкаю натугаю, каб яе запоўніць.

Ён хацеў яе бачыць! Раней ён толькі адчуваў тупую пакуту душы, але яна адкладвалася ў душы няясна, трывожыла нявыразна, як ныткі зубны боль, на які мы яшчэ не зьвяртаем увагі.

Сустрэча з сьляпым званаром прыдала гэтаму болю гастрыню ўсьведамленай пакуты…

Ён яе пакахаў і хацеў яе бачыць!

Гэтак ішоў дзень за днём у прыціхшай і занесенай сьнегам сядзібе.

Час ад часу, калі момэнты шчасьця паўставалі перад ім жывыя і ясныя, Пётра крыху ажыўляўся, і твар яго ясьнеў. Але гэта бывала нядоўга, а з часам нават і гэтыя сьветлыя мінуты набралі нейкага неспакойнага характару: здавалася, што сьляпы баяўся, што яны адляцяць і ніколі ўжо ня вернуцца. Гэта рабіла яго абходжаньне няроўным: мінуты парыўчатае далікатнасьці і моцнага нэрвовага ўздыму зьмяняліся днямі прыдушанага беспрасьветнага суму. У цёмным салёне вечарамі рояль плакаў і надрываўся глыбокаю і балючаю тугою, і кожны яго гук адчуваўся болем у сэрцы Анны Міхайлаўны. Нарэшце, горшыя яе страхі збыліся: да юнака вярнуліся трывожныя сны яго дзяцінства.

Аднае раніцы Анна Міхайлаўна ўвайшла ў пакой сына. Ён яшчэ спаў, але яго сон быў неяк дзіўна трывожным: вочы крыху расплюшчыліся і цьмяна пазіралі з-пад трошкі паднятых павекаў, твар быў белы, і на ім відаць было выраз неспакою.

Маці супынілася, абводзячы сына ўважліва вачыма, стараючыся выкрыць прычыну дзіўнае трывогі. Але яна бачыла толькі, што гэтая трывога ўсё расьце ды расьце і на сонным твары азначаецца што раз то ясьней выраз напружанае натугі.

Раптам ёй здаўся над пасьцельлю нейкі ледзь улоўлены рух. Ясны прамень асьляпляльнага зімовага сонца, біўшы ў сьцяну над самай галавою, быццам рухнуўся і лёгенька сьлізгануў уніз. Яшчэ і яшчэ… сьветлая палоска ціха прапаўзала да расплюшчаных напалавіну вачэй, і разам з тым, як яна падходзіла бліжэй, неспакой спаўшага ўсё мацнеў.

Анна Міхайлаўна стаяла нярухома, у стане, блізкім да кашмару, і не магла адарваць спалоханых вачэй ад агністае палоскі, якая, як ёй здавалася, лёгка, але ўсё-ж такі прыкметнымі штуршкамі штораз бліжэй падсоўваецца да твару яе сына. І гэты твар усё больш і больш бялеў, выцягваўся, застываў у выразе цяжкае натугі. Вось жаўтаваты водбліск заіграў у валасох, засьвяціўся на лобе ў юнака. Маці ўся пахілілася ўперад, у інстынктыўным імкненьні абараніць яго, але ногі яе ня рухаліся, быццам у запраўдным кашмары. Тымчасам павекі у сьпячага зусім падняліся, у рухомых вочных шчылінках заіскрэлі праменьні, і галава выразна адлучылася ад падушкі насустрэчу сьвятлу. Штосьці, ня то усьмешка, ня то плач, прабегла сударгавым агоньчыкам па губах, і ўвесь твар ізноў застыў у нярухомым парыве.

Нарэшце, маці перамагла скаваўшую яе цела нярухомасьць і, падыйшоўшы да пасьцелі, прылажыла руку да сынавай галавы. Ён здрыгануў і прачхнуўся.

— Вы, мама? — спытаўся ён.

— Але, гэта я.

Ён падустаў. Здавалася, што цяжкі туман засьцілаў яго сьвядомасьць. Але праз мінуту ён сказаў:

— Я ізноў сьніў… Я цяпер часта сьню, але… нічога ня помню…


VI.

Беспрасьветны сум зьмяняўся ў настроі юнака раздразьліваю нэрвовасьцю і, разам з тым, мацнела на зьдзіўленьне тонкасьць яго адчуцьця. Слых яго над’звычайна павастрэў; сьвятло ён адчуваў усім сваім арганізмам, і гэта відно было нават і ўночы: ён мог адрозьніваць месячныя ночы ад цёмных і нярэдка доўга хадзіў па падворку, калі ўсе ў хаце спалі, маўклівы і сумны, аддаючыся дзіўнаму дзеяньню лятуцельнага і фантастычнага месячнага сьвятла. Пры гэтым яго зьбялелы твар заўсёды павяртаўся за плыўшаю па сінім небе агністаю куляю і вочы адбівалі іскрасты водбліск халодных праменьняў.

А калі гэтая куля, усё вырастаўшая па меры падходу да зямлі, аслоньвалася чырвоным туманом і ціха хавалася за сьнежным небасхілам, дык твар у сьляпога рабіўся спакойнейшым і мягчэйшым, і ён ішоў у свой пакой.

Аб чым ён думаў у гэтыя доўгія ночы, трудна сказаць. У пэўным веку кожны, хто толькі зьведаў радасьці і мукі зусім сьвядомага істнаваньня, перажывае ў большай ці меншай меры стан духовага крызысу. Спыняючыся на рубяжы дзейнага жыцьця, чалавек стараецца азначыць сваё месца ў прыродзе, сваё значэньне, свае адносіны да ваколічнага сьвету. Гэта свайго роду „мёртвы пункт“, і добра таму, каго размах жыцьцёвае сілы правядзе праз яе бяз сур’ёзнае ламаніны. У Пётры гэты духовы крызыс яшчэ ўскладняўся; да пытаньня: „нашто жыць на сьвеце?“ — ён дадаваў: „нашто жыць якраз сьляпому?“ Нарэшце ў самую гэту работу нярадаснае думкі ўсоўвалася яшчэ штосьці пастароньняе, нейкі блізка што фізычны націск незадаволенае патрэбнасьці, і гэта адбівалася на складзе яго характару.

Перад Калядамі Яскульскія вярнуліся, і Эвэліна, жывая і радая, з сьнегам у валасох і ўся абвеяная сьвежасьцю і холадам, прыбегла з пасэсарскага хутару ў сядзібу і кінулася абнімаць Анну Міхайлаўну, Пётру і Максіма. У першыя мінуты Пётраў твар асьвяціўся неспадзяванаю радасьцю, але пасьля на ім зьявіўся ізноў выраз нейкага ўпартага суму.

— Ты думаеш, што я люблю цябе? — востра спытаўся ён у той самы дзень, застаўшыся сам- на-сам з Эвэлінаю.

— Я ў гэтым пэўна, — адказала дзяўчына.

— Ну, а я ня ведаю, — панура запярэчыў сьляпы. — Але, я ня ведаю. Раней і я быў пэўны, што люблю цябе больш за ўсё на сьвеце, але цяпер ня ведаю. Пакінь мяне, паслухай тых, хто кліча цябе да жыцьця, пакуль ня позна.

— Нашто ты мучыш мяне? — вырвалася ў яе ціхая жальба.

— Мучу? — перапытаў дзяцюк, ды ізноў на твары ў яго зьявіўся выраз упартага эгоізму.

— Ну, так — мучу. І буду мучыць гэткім чынам усё жыцьцё, і не магу ня мучыць. Я сам ня ведаў гэтага, а цяпер ведаю. І не вінават. Тая самая рука, якая пазбавіла мяне вачэй, калі я яшчэ не нарадзіўся, улажыла ў мяне гэтую злосьць… Мы ўсе гэткія, народжаныя сьляпымі. Пакінь мяне… пакіньце мяне ўсе, таму што я магу даць адну пакуту ўзамен за каханьне… Я хачу бачыць — разумееш? — хачу бачыць і не магу вызваліцца ад гэтага жаданьня. Калі-б я мог убачыць гэткім чынам маці, бацьку, цябе і Максіма, дык я быў-бы задаволены… Я захаваў-бы ў памяці, аднёс-бы гэты ўспамін у цемнату ўсяе рэшты жыцьця…

І ён надзіва ўпарта вяртаўся да гэтае ідэі. Застаючыся сам з сабою, ён браў у рукі розныя рэчы, абмацваў іх з нябывалаю ўважлівасьцю і пасьля, адлажыўшы іх у бок, стараўся ўдумацца ў вывучаныя формы. Якраз гэтак-жа сама ўдумваўся ён у тыя розьніцы ясных колерных паверхняў, якія, пры напружанай чуласьці нэрвовае сыстэмы, ён смутна мог улавіць цераз вошчуп. Але ўсё гэта праходзіла ў яго сьведамасьць якраз толькі, як розьніцы, у сваіх узаемных адносінах, але бяз выразнага пачуцьцёвага зьместу. Цяпер нават і сонечны дзень ён адрозьніваў ад начное цемры толькі таму, што дзеяньне яснага сьвятла, заходзіўшага ў мазгі недаступнымі для сьведамасьці шляхамі, толькі мацней раздразьняла яго пакутныя парывы.


VII.

Аднойчы, увайшоўшы ў салён, Максім застаў там Эвэліну і Пётру. Дзяўчына здавалася засмучанаю. Твар у дзяцюка быў пануры. Здавалася, што вышукваць новыя прычыны пакуты і мучыць імі сябе ды іншых зрабілася для яго чымсьці ў родзе патрэбнасьці.

— Вось ён пытаецца, — сказала Эвэліна Максіму, — што можа сказаць выраз „чырвонае зьвіненьне“? Я не магу яму вытлумачыць.

— У чым справа? — спытаўся Максім коратка, зьвяртаючыся да Пётры.

Той сьціснуў плячыма.

— Нічога асаблівага. Але калі ў гукаў ёсьць колеры, і я іх ня бачу, дык значыцца, нават і гукі недаступныя для мяне ўва ўсёй поўні.

— Дробязь і дзіцячасьць, — адказаў Максім востра. — І ты сам добра ведаеш, што гэта няпраўда. Гукі даступныя для цябе ў большай поўні, як нам.

— Але што-ж азначае гэты выраз?.. Дык-жа ж павінен ён азначаць што-нібудзь?

Максім задумаўся.

— Гэта простае параўнаньне, — сказаў ён. — Таму што і гук і сьвятло зводзяцца, у сутнасьці, да руху, дык у іх павінна быць шмат агульных свойстваў.

— Якія-ж тут разумеюцца свойствы? — упарта далей дапытваўся сьляпы. — „Чырвонае зьвіненьне“… якое-ж якраз?

Максім задумаўся.

Яму прыйшло да галавы тлумачэньне, якое зводзілася да адносных цыфраў хістаньняў, але ён ня ведаў, што дзяцюку патрэбна ня гэта. Да таго-ж яшчэ, той, хто першы ўжыў сьветлавы эпітэт у датарнаваньні да гуку, напэўна ня знаў фізыкі, а, тымчасам, улавіў нейкую сходнасьць. У чым-жа ж яна крыецца?

У розуме старога зарадзілася некаторае прадстаўленьне.

— Пачакай, — сказаў ён. — Ня ведаю, урэшце, ці ўдасца мне вытлумачыць табе, як мае быць… Што такое чырвонае зьвіненьне, ты можаш даведацца ня горш за мяне: ты чуў яго няраз у гарадох, у вялікае сьвята, толькі ў нашым краі ня прыняты гэты выраз…

— Але, але, пачакай, — сказаў Пётра, борзда адчыняючы піаніно.

Ён ударыў сваёю ўмелаю рукою па клявішах, патураючы сьвяточнаму трызвону званоў. Ілюзія была поўная. Акорд з некалькіх нявысокіх тонаў складаў як-бы фон глыбейшы, а на ім выдзяляліся, дзыгаючы і хістаючыся, вышэйшыя ноты, больш рухомыя і яркія. Наагул, гэта быў якраз той высокі і разгарачанна-радасны гул, які запаўняе сабою сьвяточнае паветра.

— Але, — сказаў Максім, — гэта вельмі падобна, і мы, з расплюшчанымі вачыма, не змаглі-б усвоіць гэтага лепей за цябе. Вось, ці бачыш… калі я гляджу на вялікую чырвоную паверхню, дык яна робіць на маё вока гэткае-ж самае неспакойнае ўражаньне чагосьці таго, што гібка хвалюе. Здаецца, быццам гэтая чырвань мяняецца: пакідаючы пад сабою глыбейшы, цёмны фон, яна дзе-ня-дзе выдзяляецца сьвятлейшымі махамі, што быстра ўсплываюць і гэтак-жа быстра падаюць, хвалямі, якія вельмі моцна дзеюць на вока, — прынамсі, на маё вока.

— Гэта так, так! — жыва сказала Эвэліна. — Я адчуваю тое самае і не магу доўга глядзець на чырвоны суконны настольнік…

— Таксама, як іншыя ня зносяць сьвяточнага трызвону. Магчыма, што маё параўнаньне і акуратнае, і мне нават прыходзіць да галавы далейшае прымерваньне: істнуе таксама і „малінавае“ зьвіненьне, як і малінавы колер. Абодва яны вельмі блізкія да чырвонага, але глыбейшыя, раўнейшыя і мягчэйшыя, Калі звончык доўга ўжываўся, дык ён, як кажуць аматары, вызвоньваецца. У яго гуку зьнікаюць няроўнасьці, што рэжуць у вусе, і тады вось зьвіненьне гэтае завуць малінавым. Таго-ж самага дасягаюць умелым падборам некалькіх падгалоскаў.

Пад Пётравымі рукамі піаніно зазьвінела махамі паштовых звончыкаў.

— Не, — сказаў Максім. — Я сказаў-бы, што гэта вельмі чырвона…

— А, помню…

І інструмэнт зазьвінеў раўней. Пачаўшыся высока, рухліва і востра, гукі рабіліся што раз, то глыбейшымі і мягчэйшымі. Гэтак звоніць набор звончыкаў пад дугою расейскае тройкі, што аддаляецца па запыленай дарозе ў вячэрнюю невядомую даль, роўна, бяз гучных махаў, што раз цішэй і цішэй, пакуль апошнія ноты не замруць у маўчаньні спакойных палёў.

— Вось-вось! — сказаў Максім. — Ты зразумеў розьніцу. Калісьці, — ты быў яшчэ маленечкім, — маці прабавала вытлумачыць табе гукамі фарбы.

— Але, я помню… Нашто вы забаранілі нам тады рабіць гэта далей? Можа быць, што мне і ўдалося-б зразумець.

— Не, — задумліва адказаў стары, — нічога ня выйшла-б. Хоць-жа, я думаю, што наагул на пэўнай глыбіні душы ўражаньні ад колераў і гукаў адкладаюцца ўжо, як аднародныя. Мы кажам: ён бачыць усё ў рожавым сьвятле. Гэта значыць, што чалавек настроены радасна. Той самы настрой можа быць выкліканы пэўнаю комбінацыяю гукаў. Наагул, гукі і колеры зьяўляюцца сымболямі аднолькавых рухаў душы.

Стары закурыў сваю люльку і ўважна паглядзеў на Пётру. Сьляпы сядзеў нярухома і, як відаць, лакома лавіў Максімавы словы. „Казаць далей, ці не?“ — падумаў стары, але праз мінуту пачаў неяк задумліва, быццам мімаволі аддаючыся дзіўнаму кірунку сваіх думак:

— Але, але! Дзіўныя думкі прыходзяць мне да галавы… Выпадковасьць гэта ці не, што кроў у нас чырвоная. Бачыш… калі ў галаве тваёй родзіцца думка, калі ты сьніш свае сны, ад якіх, прачхнуўшыся, дрыжыш і плачаш, калі чалавек увесь загараецца ад палу, дык гэта значыць, што кроў б’е з сэрца мацней і прылівае чырвонымі ручаямі да мазгоў. Ну, і яна ў нас чырвоная…

— Чырвоная… гарачая… — сказаў дзяцюк, удумаўшыся…

— Вось-вось — чырвоная і гарачая. І вось, чырвоны колер, як і „чырвоныя“ гукі, пакідаюць у нашай душы сьвятло, рухлівасьць і прадстаўленьні аб жаданьні, якое так і завуць „гарачым“, кіпучым, сьпякотлівым. Дзіўна, што й мастакі лічаць чырванаватыя тоны „гарачымі“.

Зацягнуўшыся і абкружыўшы сябе клубкамі дыму, Максім казаў далей:

— Калі ты махнеш рукою над сваёй галавою, дык зробіш ёю паўкола. Цяпер уяві сабе, што рука ў цябе бесканечна доўгая. Калі-б ты мог тады махнуць ёю, дык зрабіў-бы кола ў бесканечным аддаленьні… Гэтак вось далёка бачым мы над сабою паўкульны каўпак неба; яно роўнае, бесканечнае і сіняе… Калі мы бачым яго гэткім, дык у душы зьяўляецца адчуцьцё спакою і яснасьці. А калі неба засьцелюць хмары ўсхвалёванымі і мутнымі абрысамі, тады і яснасьць душы нашае мутнее ў неазначальным хваляваньні. То-ж ты чуеш, як надходзіць грымотная хмара…

— Але, я чую, як быццам нешта непакоіць душу…

— Гэта так. Мы чакаем, калі з-за хмараў зірне ізноў гэта глыбокая сінявасьць. Грымот прайдзе, а неба застанецца ўсё тое-ж самае: мы гэта ведаем і праз гэта спакойна перажываем грымоты. Дык вось, неба сіняе… Мора таксама сіняе, калі спакойнае. У твае маці сінія вочы, у Эвэліны таксама.

— Як неба… — сказаў сьляпы з раптоўна абуджанай далікатнасьцю.

— Але. Блакітныя вочы лічацца азнакаю яснае душы. Цяпер я скажу табе пра зялёны колер. Зямля сама па сабе чорная, чорныя або шэрыя сьцёблы дзераваў вясною; але як толькі цёплыя і сьветлыя праменьні разагрэюць цёмныя паверхні, дык з іх паўзе ўгару зялёная трава, зялёнае лісьцьцё. Для зяленіва патрэбна сьвятло і цяплыня, але толькі ня вельмі шмат цяплыні і сьвятла. Праз гэта зяленіва гэтак і прыемнае для вока. Зяленіва — гэта як быццам цяплыня зьмяшаная з вільготным халадком: яна выклікае ўяўленьне спакойнае задаволенасьці, здароўя, але ня палу і не таго, што людзі завуць шчасьцем… Ці ты зразумеў?

— Не… ня ясна… але ўсё-такі, калі ласка, кажы далей.

— Ну, што-ж рабіць!.. Слухай далей. Калі лета разгараецца што раз, то жарчэй, дык зяленіва як быццам томіцца ад лішкі жыцьцёвае сілы, лісьцьцё ў смазе спушчаецца ўніз і, калі сонечны зной не ўмяркоўваецца вільготнаю прахладаю дажджу, дык зяленіва можа зусім зьвянуць. Затое пад восень сярод утомленага лісьцьця наліваецца і чырванее плод. Плод чырванейшы на тым баку, дзе больш сьвятла; у ім як быццам сконцэнтрована ўся сіла жыцьця, уся палкасьць расьліннае прыроды. Ты бачыш, што чырвоны колер і тут — колер палкасьці, і ён служыць яе сымболем. Гэта колер упіцьця, граху, шалёнай злосьці, гневу і помсты. Народныя масы ў часы мецяжоў шукаюць выражэньня агульнага пачуцьця ў чырвоным штандары, які лапоча над імі, як полымя… Але-ж ты ізноў не разумееш?…

— Усё роўна, далей!..

— Надходзіць позная восень. Плод абцяжэў; ён адрываецца і падае на зямлю… Ён памірае, але ў ім жыве насеньне, а ў гэтым насеньні жыве ў „магчымасьці“ і ўся будучая расьліна, з яе будучым раскошным лісьцьцём і з яго новым пладом. Насеньне ўпадзе на зямлю; а над зямлёю нізка паднімаецца ўжо халоднае сонца, бяжыць халодны вецер, ляцяць халодныя хмары… Ня толькі пал, але й само жыцьцё замірае ціха, няпрыкметна… Зямля што раз, то болей праступае з-пад зяленіва сваёю чарнатою, у небе пануюць халодныя тоны… І вось надходзіць дзень, калі на гэту супакоеную і прыціхшую, як быццам аўдавеўшую, зямлю падаюць мільёны сьняжынак, і ўся яна робіцца роўнаю, аднаколернаю і белаю… Белы колер — гэта колер халоднага сьнегу, колер найвышэйшых воблакаў, якія плывуць у недасяжным холадзе паднябесных вышыняў, — колер вялічавых і бясплодных горных вяршын… Гэта — эмблема бяз’імпатнасьці і халоднай, высокай сьвятасьці, змблема будучага бесьцялеснага жыцьця. А што датычыць чорнага колеру…

— Ведаю, — перабіў сьляпы. — Гэта — няма гукаў, няма рухаў… ноч…

— Але, і дзеля таго гэта эмблема смутку і сьмерці…

Пётра здрыгануўся і сказаў глуха:

— Ты сам сказаў: сьмерці. А гэта-ж для мяне ўсё — чорнае… заўсёды і ўсюды чорнае!..

— Няпраўда, — востра адказаў Максім, — для цябе істнуюць гукі, цяплыня, рух… ты акружаны любоўю… Шмат хто аддаў-бы сьвятло вачэй за тое, чым ты ганьбуеш, як вар’ят… Але ты вельмі эгоістычна носішся з сваім горам…

— Але, — выгукнуў Пётра з палкасьцю, — я нашуся з гэтым мімаволі: куды-ж мне ўцячы ад яго, калі яно ўсюды са мною?

Калі-б ты мог зразумець, што на сьвеце ёсьць гора ў сто разоў большае за тваё, гэткае гора, у параўнаньні з якім тваё жыцьцё, забясьпечанае і акружанае спагадам, можа быць названа шчасьцем, — тады…

— Няпраўда, няпраўда! — гнеўна перабіў сьляпы тым самым тонам палкага ўзварушэньня. — Я памяняўся-б з апошнім жабраком, таму што ён шчасьлівейшы за мяне. Дый сьляпых зусім ня трэба акружаць апекаю: гэта вялікая памылка… Сьляпых трэба выводзіць на дарогу і пакідаць там, — хай жабруюць. Калі-б я быў проста жабраком, дык я быў-бы менш няшчасны. З раніцы я думаў-бы аб тым, каб дастаць палудзень, лічыў-бы даваныя мне капейкі і баяўся-б, што іх мала. Пасьля цешыўся-б з шчасьлівага збору, пасьля стараўся-б сабраць на начлег. А калі-б гэта не ўдалося, дык я пакутаваў-бы ад голаду й холаду… і ўсё гэта не пакідала-б мне ні мінуты і… і… ад беднасьці я пакутаваў-бы менш, як пакутую цяпер…

— Ты думаеш? — спытаўся Максім і паглядзеў у бок Эвэліны. У вачох старога мігнула шкадаваньне і ўчасьце. Дзяўчына сядзела сур’ёзная і зьбялелая.

— Пэўны, — адказаў Пётра ўпарта і жорстка. — Я цяпер часта зайздрошчу Юрцы, таму, што на званіцы. Часта, прачыхаючыся пад раніцу, асабліва, калі на дварэ кудаса й мяцель, я ўспамінаю Юрку: вось ён паднімаецца на сваю вежу…

— Яму холадна, — падказаў Максім.

— Але, яму холадна, ён дрыжыць і кашляе. І ён праклінае Памфілія, які не завядзе яму шубы. Пасьля ён бярэцца пакрэпшымі рукамі за вяроўкі і звоніць на заутраню. І запамінае, што ён сьляпы… Таму што тут было-б холадна і несьляпому… А я не запамінаю і мне…

— І табе няма за што праклінаць!..

— Але, мне няма за што праклінаць! Маё жыцьцё напоўнена адною сьлепатою. Ніхто невінаваты, але няшчасьнейшы за кожнага жабрака…

— Не пачну спрачацца, — холадна сказаў стары. — Мо’ гэта й праўда. У кожным выпадку, калі табе і было-б горш, дык мо’ ты сам быў-бы лепшым.

Ён яшчэ раз зірнуў з жаласьлівасьцю ў бок дзяўчыны і выйшаў з пакою, стукаючы кулямі.

Духовы стан Пётры пасьля гэтае размовы яшчэ больш павастрэў, і ён яшчэ больш заглыбіўся ў сваю пакутлівую работу.

Іншы раз яму ўдавалася: ён знаходзіў на міг тыя адчуваньні, аб якіх казаў Максім і яны прылучаліся да яго прадстаўленьняў аб адлежнасьцях. Цёмная і сумная зямля адходзіла кудысьці ў далечыню: ён мераў яе і не знаходзіў ёй канца. А над ёю было нешта іншае… У ўспаміне пракочваўся гучны гром, уставала прадстаўленьне аб шырыні і нябесным прасторы. Пасьля гром сьціхаў, але нешта там, угары, заставалася — нешта, што радзіла ў душы адчуцьцё вялічнасьці і яснасьці. Часам гэтае адчуцьцё азначалася: да яго далучаўся Эвэлінін і матчын голас, „у якіх вочы, як неба“; тады паўставаўшы абраз, выплыўшы з далёкае глыбіні ўяўленьня і вельмі азначаны, раптам зьнікаў, пераходзячы ў іншую галіну.

Усе гэтыя цёмныя прадстаўленьні мучылі і не задавалялі. Яны каштавалі вялікіх натугаў і былі гэтак няяснымі, што наагул ён чуў толькі незадаволенасьць і тупы духовы боль, які праводзіў усе патугі хворае душы, якая дарэмна імкнулася адбудаваць паўнату сваіх адчуваньнуў.


VIII.

Падыйшла вясна.

Вярстоў за шэсьцьдзесят ад сядзібы Папельскіх у бок, процілежны ад Стаўручэнкаў, у невялічкім гарадку, быў чудатворчы каталіцкі абраз. Знаўцы справы азначылі якнайдакладней яго чудадзейную сілу: кожны, хто прыходзіў да абраза ў дзень яго сьвята пехатою, карыстаўся „дваццацьма днямі адпушчэньня“, гэта значыць, што ўсе яго грахі, зробленыя ў працягу дваццацёх дзён, павінны былі ісьці на тым сьвеце на скасаваньне. Дзеля гэтага кожны год, раньняю вясною, у вядомы дзень невялічкі гарадок ажываў і рабіўся непазнавальным. Стары касьцёлік прыапранаўся ў сваё сьвята першым зяленівам і першымі краскамі, над горадам стаяў радасны гук звону, грукацелі брычкі паноў, і багамольцы тоўпіліся густымі натаўпамі на вуліцах, на пляцох і нават далёка на полі. Тут былі не адны каталікі. Слава N-скага абраза грымела далёка, і да яго прыходзілі таксама хворыя і зьбядованыя праваслаўныя, пераважна з гарадзкое клясы.

У самы дзень сьвята па абодвух бакох капліцы народ расьцягнуўся па дарозе нязьлічанаю пярэстаю вераніцаю. Таму, хто паглядзеў-бы на гэтую забаву з вяршыны аднаго з узгоркаў, акружаўшых мястэчка, магло-б здацца, што гэта гіганцкі зьвер расьцягнуўся па дарозе каля капліцы і ляжыць тут нярухома, часамі толькі паварухваючы матаваю лускою розных колераў. Па абодвух бакох занятай народам дарогі ў два рады выцягнулася цэлае полчышча жабракоў, выцягваўшых рукі па міласьціну.

Максім на сваіх кулях і побач з ім Пётра ўпоруч з Іохімам памалу пасоўваліся ўдоўж вуліцы, якая вяла да выхаду ў поле.

Гоман шматгалосага натоўпу, выкрыкі жыдоў-фактараў, стукат экіпажаў, — увесь гэты грукат, каціўшыся нейкаю гіганцкаю хваляю, застаўся ззаду, зьліваючыся ў адно бесьперарыўнае, важгальнае, як хваля, грымаценьне. Але й тут, хоць натоўп быў і радчэйшы, усё-ж раз у раз чуўся тупат пешаходаў, шарахценьне колаў, людзкі гоман. Цэлы абоз чумакоў выяжджаў з боку поля і, паскрыпваючы, мелехавата зварочваў у найбліжэйшы завулак.

Пётра зьбянтэжанна прыслухваўся да гэтага жывога шуму, паслушна йдучы за Максімам; ён раз за разам зашпіляў пальто, таму што было холадна, і далей на хаду варочаў у галаве свае цяжкія думкі.

Але раптам, сярод гэтае эгоістычнае задумы, штосьці зьдзівіла яго ўвагу гэтак моцна, што ён здрыгануўся і раптоўна спыніўся.

Апошнія рады гарадзкіх будынкаў канчаліся тут, і шырокі гасьцінец уваходзіў у горад сярод платоў і адлогаў. Каля самага выхаду ў поле добрыя рукі паставілі калісь каменны стоўп з абразом і лятарняю, якая, праўду кажучы, скрыпела толькі ўгары ад ветру, але ніколі не запальвалася. Каля самае асновы гэтага стоўпа расьселіся кучкаю сьляпыя жабракі, адцёртыя сваімі несьляпымі конкурэнтамі з больш выгадных месцаў. Яны сядзелі з дзеравянымі чашкамі ў руках і час ад часу хто-нібудзь зацягваў жаласную песьню:

Под-дайте сліпенькім… ра-а-ді Христа…

Дзень быў халодны, жабракі сядзелі тутака з раніцы, адкрытыя сьвежаму ветру, налятаўшаму з поля. Яны не маглі варушыцца сярод гэтага натаўпу, каб нагрэцца, і, ў іхніх галасох, цягнуўшых па чарзе ныткую песьню, чулася ясная жальба фізычнае пакуты і поўнае непараднасьці. Першыя ноты чуліся яшчэ досіць выразна, але затым са здушаных грудзей вырывалася толькі жаласнае нараканьне, заміраўшае ціхімі дрыжыкамі прастуды. Тым ня менш, нават і апошнія, найцішэйшыя гукі песьні, якія блізка што губляліся сярод вулічнага шуму, дасягаючы чалавечага вуха, зьдзіўлялі кожнага вялізарнасьцю замкнутае ў іх беспасярэдняе пакуты.

Пётра спыніўся, і яго твар скрывіўся, быццам нейкая слухавая здань зьявілася перад ім у выглядзе гэтае пакутніцкае мальбы.

— Што-ж ты спалохаўся? — спытаўся Максім. — Гэта тыя самыя шчасьліўцы, якім ты нядаўна завідаваў, — сьляпыя, жабракі, якія просяць тут міласьціны… Ім крыху холадна, пэўна-ж. Але-ж ад гэтага, патвойму, ім толькі лепей.

— Хадзем! — сказаў Пётра, хапаючы яго за руку.

— А, ты хочаш уцячы! У цябе ў душы ня знойдзецца іншага пабуджэньня, бачачы чужую пакуту! Пастой, я хачу пагаварыць з табою сур’ёзна і рад, што гэта будзе якраз тутака. Ты вось сярдуеш, што часы зьмяніліся, што цяпер сьляпых не сякуць у начных сечах, як Юрку-бандурыстага, ты маракуеш, што табе няма каго праклінаць, як Ягору, а сам праклінаеш у душы сваіх блізкіх за тое, што яны адабралі ў цябе шчасьлівую долю гэтых сьляпых. Прысягаю чэсьцю, ты мо’ і пры праве! Але, прысягаю чэсьцю старога салдата, кожны чалавек мае права распараджацца сваім лёсам, а ты ўжо чалавек. Дык слухай-жа цяпер, што я скажу табе: калі ты захочаш паправіць нашу памылку, калі ты шпурганеш лёсу ў вочы ўсе прывілеі, якімі жыцьцё акружыла цябе ад калыскі, і захочаш спрабаваць долі вось гэтых няшчасных… я, Максім Яцэнка, даклярую табе сваю пашану, падмогу… Чуеш ты мяне, Пётра Яцэнка? Я быў толькі крыху старэйшым за цябе, калі панёс сваю галаву ў агонь і сечу… Па мне таксама плакала маці, як будзе плакаць па табе. Але, чорт вазьмі! Я лічу, што быў у сваім праве, як і ты цяпер у сваім!.. Раз у жыцьці да кожнага чалавека прыходзіць лёс і кажа: выбірай! І вось, табе толькі варта захацець… Хведар Кандыба, ты тут? — крыкнуў ён у кірунку сьляпых.

Адзін голас адлучыўся ад скрыпучага хору і адказаў:

— Тут я… Гэта вы клічаце, Максім Міхайлавіч?

— Я! Прыходзь праз тыдзень, куды я сказаў.

— Прыду, паночку. — І голас сьляпога ізноў далучыўся да хору.

— Вось, ты ўбачыш чалагека, — сказаў, бліскаючы вачыма, Максім, — які мае права жаліцца на лёс і на людзей. Павучыся ў яго ператрываць сваю долю… А ты…

— Хадзем, панычу, — сказаў Іохім, кідаючы на старога злы пагляд.

— Не, пастой! — гнеўна крыкнуў Максім. — Ніхто яшчэ не абмінуў сьляпых, ня кінуўшы ім хоць пяцёх капеек. Няўжо-ж ты ўцячэш, не зрабіўшы нават і гэтага? Ты ўмееш толькі кашчунстваваць, з сваёю сытаю зайздрасьцю да чужога голаду!..

Пётра падняў галаву, быццам ад удару бізуном. Выняўшы з кішаня свой партаманэт, ён пайшоў, кіруючыся да сьляпых. Намацаўшы палкаю пярэдняга, ён знайшоў рукою дзеравяную чашку з медзьдзю і асьцярожненька палажыў туды свае грошы. Некалькі праходзіўшых спыніліся і пазіралі з зьдзіўленьнем на багата апраненага і харошага паніча, які вобмацкам даваў міласьціну сьляпому, прымаўшаму яе таксама вобмацкам.

Тымчасам, Максім крута павярнуўся і закульгаў па вуліцы. Твар яго быў чырвоны, вочы гарэлі… З ім здарыўся, відочна, адзін з тых выбухаў, якія былі добра вядомымі ўсім, знаўшым яго ў моладасьці. І цяпер гэта быў ужо не пэдагог, які важыў кожнае слова, а палкі чалавек, даўшы волю гнеўнаму пачуцьцю. Толькі глянуўшы наўскос на Пётру, стары як быццам зьмягчэў, Пётра быў зьбялелы, як папера, але бровы ў яго былі сьцісьненыя, а твар глыбока ўсхвалёваны.

Халодны вецер паднімаў за імі пыл на вуліцах мястэчка. Ззаду, сярод сьляпых падняўся гоман і спрэчкі з-за даных Пётраю грошай…


IX.

Ці было гэта рэзультатам прастуды, ці вырашэньнем доўгага духовага крызысу, ці, нарэшце, і тое й іншае злучылася разам, але толькі на другі дзень Пётра ляжаў у сваім пакоі у нэрвовай гарачцы. Ён бічкаваўся ў пасьцелі з скрыўленым тварам, час ад часу да чагось прыслухваючыся, і кудысьці парываўся бегчы. Стары доктар з мястэчка мацаў пульс і гаварыў аб халодным васеньнім ветры; Максім хмурыў бровы і не глядзеў на сястру.

Хвароба была ўпорлівая. Калі надыйшоў крызыс, дык хворы ляжаў некалькі дзён ледзь што бяз руху. Нарэшце, малады арганізм перамог.

Раз, сьветлаю асеньняю раніцаю, ясны прамень прарваўся ў вакно і ўпаў каля галавы ў хворага. Заўважыўшы гэта, Анна Міхайлаўна зьвярнулася да Эвэліны:

— Зацягні фіранку… Я гэтак баюся гэтага сьвятла…

Дзяўчына ўстала, каб споўніць загад, але неспадзявана разьлёгшыся, першы раз, голас хворага спыніў яе:

— Не, нічога. Калі ласка… пакіньце так…

Вбеззьва жанчыны радасна схіліліся над ім.

— Ты чуеш? Я тут!.. — сказала маці…

— Але, адказаў ён, — і пасьля сьціх, быццам стараючыся нешта прыпомніць.

— Ага, але!.. — загаварыў ён ціха і раптам папрабаваў устаць. — Той… Хведар прыходзіў ужо? — спытаўся ён.

Эвэліна і Анна Міхайлаўна зірнулі адна на адну, і маці затуліла яму рот рукою.

— Ціха, ціха! Не гавары; табе шкодна.

Ён прытуліў матчыну руку да губаў і засыпаў яе пацалункамі. На вачох у яго стаялі сьлёзы. Ён доўга плакаў і ад гэтага яму зрабілася лягчэй.

Некалькі дзён ён быў неяк ціха-задумлівым, і на твары ў яго зьяўляўся выраз трывогі кожны раз, калі каля пакою праходзіў Максім. Жанчыны заўважылі гэта і прасілі Максіма трымацца далей. Але аднойчы Пётра сам папрасіў паклікаць яго і пакінуць іх удваіх.

Увайшоўшы ў пакой, Максім узяў яго за руку і ласкава пагладзіў яе.

— Ну-ну, мой хлопчык, — сказаў ён. — Я, здаецца, павінен папрасіць у цябе выбачэньня…

— Я разумею, — ціха сказаў Пётра, адказваючы на прывітаньне. — Ты даў мне лекцыю, і я табе за яе ўдзячны.

— К чорту лекцыі! — адказаў Максім з нецярплівай мінай. — Лішне доўга заставацца пэдагогам, — гэта страшэнна адурняе. Не, гэты раз я ня думаў ні аб якіх лекцыях, а проста вельмі раззлаваўся на цябе і на сябе…

— Значыцца, ты, сапраўды, хацеў, каб?..

— Хацеў, хацеў!.. Хто ведае, чаго хоча чалавек, калі ашалее… Я хацеў, каб ты пачуў чужое гора і пакінуў гэтак выперачацца з сваім…

Абодва змоўклі…

— Гэтая песьня, — праз мінуту сказаў Пётра, — я помніў яе нават і падчас броеньня… А хто гэты Тодар, якога ты клікаў?

— Тодар Кандыба, мой стары знаёмы.

— Ён таксама… нарадзіўся сьляпым?

— Горай: яму выпаліла вочы на вайне.

— І ён ходзіць па сьвеце і пяе гэтую песьню?

— Але, і корміць ёю цэлы вывадак сіротаў пляменьнікаў. Дый яшчэ знаходзіць для кожнага вясёлае слова і жарт…

— Так? — задумліва перапытаўся Пётра. — Як хочаш, а ў гэтым ёсьць нейкая тайна. І я хацеў-бы…

— Што ты хацеў-бы, мой хлопчык?…

Праз некалькі мінут пачуліся шагі, і Анна Міхайлаўна ўвайшла ў пакой, трывожна ўглядваючыся ў іхнія твары, відочна ўсхвалёваная размоваю, якая абарвалася з яе прыходам.

Малады арганізм, раз перамогшы хваробу, борзда спраўляўся з яе рэштаю. Тыдні цераз два Пётра быў ужо на нагах.

Ён моцна зьмяніўся, зьмяніліся нават рысы твару, — у іх ня відаць было ранейшых прыпадкаў вострае ўнутранае пакуты. Вострае моральнае патрасеньне перайшло цяпер у ціхую задумлівасьць і спакойны сум.

Максім баяўся, што гэта толькі часовая зьмена, выкліканая тым, што нэрвовая напружанасьць аслаблена хваробай. Аднойчы, змрокам, падыйшоўшы першы раз пасьля хваробы да фортэп’яна, Пётра пачаў па звычаю фантазьяваць. Мэлёдыі гучэлі сумныя і роўныя, як яго настрой. Але вось, раптоўна, сярод гукаў, поўных ціхага смутку, прарваліся першыя ноты песьні сьляпых. Мэлёдыя адразу распалася… Пётра борзда падняўся, яго твар быў скрыўлены, і на вачох стаялі сьлёзы. Як відаць, ён ня мог яшчэ справіцца з моцным уражаньнем жыцьцёвага дысонансу, што зьявіўся яму ў форме гэтае скрыпучае і цяжкае жальбы.

У гэты вечар Максім ізноў доўга гаварыў з Пётрай сам на сам. Пасьля гэтага праходзілі тыдні, і настрой сьляпога заставаўся ўсё тым самым. Здавалася, што вельмі вострая і эгоістычная сьвядомасьць асабістага гора, уносіўшая ў душу пасыўнасьць і прыгнятаўшая прыроджаную энэргію, цяпер рушылася і ўступіла месца чамусь іншаму. Ён ізноў ставіў сабе мэты, будаваў пляны; жыцьцё зароджвалася ў ім, надломаная душа давала атожылкі, як захірэлае дзераўца, на якое дыхнула вясна жыцядаўчым подыхам… Было, паміж іншым, пастаноўлена, што яшчэ гэтым летам Пётра паедзе ў Кіеў, каб з восені пачаць лекцыі ў вядомага піаністага. Пры гэтым абодва яны з Максімам настаялі, што яны паедуць толькі ўдвох.


X.

Цёплаю ліпнёваю ночкаю, брычка, запрэжаная параю коняй, спынілася на начлег у полі, ля краю лесу. Раніцай, чуць сьвет, два сьляпых прайшлі шляхам. Адзін круціў за ручку прымітыўнага інструмэнту: дзеравяны валачак круціўся ў дзірачцы пустое скрынкі і цёрся аб туга наведзеныя струны, выдаваўшыя аднатоннае і сумнае зьвіненьне. Крыху гугнівы, але прыемны старцаўскі голас пяяў ранешнюю малітву.

Праяжджаўшыя дарогаю хахлы з тараньню бачылі, як сьляпых паклікалі да брычкі, каля якое, на разасланым дыване, сядзелі начаваўшыя ў сьцяпу паны. Калі праз нейкі час абозчыкі спыніліся на вадапой каля крыніцы, дык іх абмінулі ізноў сьляпыя, але гэтым разам іх ужо было трох. Наперадзе, пастукваючы перад сабою доўгаю палкаю, ішоў стары з раскудлачанымі сівымі валасамі і доўгімі белымі вусыма. На лобе ў яго былі старыя шнары, як быццам ад асмаленьня; замест вачэй былі толькі ямкі. Цераз плячо ў яго была павешана шырокая цясёмка, прывязаная да пояса другога. Другі быў рослы дзяціна, з жаўцёвым тварам, моцна згараным воспаю. Абодва яны ішлі прывычным шагам, задраўшы сьляпыя твары ўгару, як быццам шукаючы там свае дарогі. Трэці быў зусім юнак, у новай сялянскай вопратцы, з зьбялеўшым і як быццам крыху спалоханым тварам; яго шагі былі няпэўнымі і час ад часу ён станавіўся, як быццам прыслухваючыся да нечага ззаду і замінаючы руху таварышоў.

Гадзіну пад дзесятую яны адыйшлі далёка. Лес застаўся сіняю паласою на гарызонце. Навокал быў сьцеп, і наперадзе чулася зьвіненьне разаграванага сонцам дроту на шашы, перацінаўшай пыльны шлях. Сьляпыя выйшлі на яе і зьвярнулі ўправа, калі ззаду пачуўся тупат коняй і сухі стук акутых колаў па бітым камені. Сьляпыя выстраіліся каля краю дарогі. Ізноў зазьвінела дзеравяннае колка па струнах і старцаўскі голас завёў:

Под-дайте сьлі-пенькім…

Да зьвіненьня колка далучыўся ціхі перабор струнаў пад пальцамі юнака.

Монэта зазьвінела каля самых ног у старога Кандыбы. Стукат колаў змоўк, відочна праяжджаўшыя сталі, каб паглядзець, ці знайдуць сьляпыя монэту. Кандьба адразу знайшоў яе і на твары зьявіўся здаволены выраз.

— Бог уратуе, — сказаў ён у кірунку да брычкі, у сядзеньні якое відаць было квадратную фігуру сівага пана, і дзьве кулі тырчэлі збоку.

Стары ўважна пазіраў на юнака-сьляпога… Той стаяў зьбялелы, але ўжо супакоены. Пры першых-жа гуках песьні, яго рукі нэрвова забегалі па струнах, як быццам пакрываючы іхнім зьвіненьнем яе рэзкія ноты… Брычка ізноў кранулася, але стары доўга аглядаўся назад.

Хутка стукат колаў заціх у аддаленьні. Сьляпыя ізноў выцягнуліся ў лінію і пайшлі па шашы…

— У цябе, Юрка, лёгкая рука, — сказаў стары. — І іграеш слаўна…

Праз некалькі мінут сярэдні сьляпы спытаўся:

— Паводле абяцаньня ідзеш у Пачаеў?… Для Бога?

— Але, — ціха адказаў юнак.

— Думаеш, што пачнеш бачыць?.. — спытаўся той ізноў з горкаю ўсьмешкаю…

— Бывае, — мягка сказаў стары.

— Даўно хаджу, а не сустрачаў, — панура запярэчыў рабы, і яны зноў пайшлі моўчкі. Сонца паднімалася што раз, то вышэй, відаць было толькі белую лінію шашы, простае, як стралы, цёмныя фігуры сьляпых і наперадзе чорную плямку праехаўшага экіпажу. Затым дарога разьдзялілася. Брычка скіравалася да Кіева, сьляпыя ізноў зьвярнулі дарогаю на Пачаеў.

Хутка з Кіева прышло ў сядзібу пісьмо ад Максіма. Ён пісаў, што абодва яны здаровыя і што ўсё ўстройваецца добра.

А ў гэты час трох сьляпых пасоўваліся ўсё далей і далей. Цяпер усе ішлі ўжо згодна. Наперадзе, усё гэтак-жа сама пастукваючы палкаю, ішоў Кандыба, якнайлепей ведаўшы дарогі і пасьпяваўшы ў вялікія сёлы на сьвяты і кірмашы. Народ зьбіраўся на стройныя гукі маленечкага аркестру, і ў Кандыбінай шапцы так і глядзі пазвоньвалі монэты.

Хваляваньне і перапуд на твары ў юнака даўно зьнікла, уступаючы месца іншаму выразу. З кожным новым шагам насустрэчу яму ліліся новыя гукі невядомага, шырокага, неахопнага сьвету, зьмяніўшага цяпер гультайны і люляльны шорхат ціхае сядзібы… Сьляпыя вочы расшыраліся, шырыліся грудзі, слых яшчэ завастраўся; ён пазнаваў сваіх таварышоў, дабрадушнага Кандыбу і жаўцёвага Кузьму, доўга брыў за скрыпучымі вазамі чумакоў, начаваў у сьцяпу каля агнёў, слухаў гоман кірмашоў і рынкаў, пазнаваў гора, сьляпое і не, — ад якога няраз балюча сьціскалася ў яго сэрца. І дзіўная рэч — цяпер ён знаходзіў у сваёй душы месца для ўсіх гэтых адчуваньняў. Ён зусім аходаў песьню сьляпых, і дзень за днём пад гул гэтага вялікага мора ўсё больш і больш сьціхалі на дне душы асабістыя парываньні да немагчымага… Чуткая памяць лавіла кожную новую песьню і мэлёдыю, а калі ў дарозе ён пачынаў перабіраць свае струны, дык нават і на твары ў жаўцёвага Кузьмы зьяўлялася спакойнае ўміленьне. Па меры прыбліжэньня да Пачаева, банда сьляпых нарастала.


У позную восень, па дарозе занесенай сьнегам, на вялікае зьдзіўленьне ўсіх у сядзібе, паніч неспадзявана вярнуўся з двама сьляпымі ў жабрацкай вопратцы. Навокал гаварылі, што ён хадзіў у Пачаеў паводле абяцаньня, каб вымаліць у Пачаеўскае Божае Маці сцаленьне.

Хоць-жа, вочы яго заставаліся, як і раней, чыстымі і, як раней, сьляпымі. Але душа, бяссумліўна, выздаравела. Як быццам страшэнны кашмар назаўсёды зьнік з сядзібы… Калі Максім, які і далей усё пісаў з Кіева, нарэшце, вярнуўся таксама, дык Анна Міхайлаўна сустрэла яго сказам: „А ніколі, ніколі не дарую табе гэтага“. Але твар яе пярэчыў строгім словам…

Доўгімі вечарамі Пётра расказваў аб сваіх падарожах, і ў змрокі фортэп’ян зьвінеў новымі мэлёдыямі, якіх ніхто ня чуў у яго раней… Паездка ў Кіеў была адложана на год, уся сям’я жыла надзеямі і плянамі Пётры…


РАЗЬДЗЕЛ VIІ.
I.

У тую самую восень Эвэліна абвясьціла старым Яскульскім сваю нязьменную пастанову выйсьці за сьляпога „з сядзібы“. Старэнькая маці заплакала, а бацька, памаліўшыся перад абразамі, абвясьціў, што, як яму здаецца, якраз гэткая воля Божая датычна данага выпадку.

Згулялі вясельле. Для Пётры пачалося маладое ціхае шчасьце, але праз гэтае шчасьце ўсё-ж такі прабівалася нейкая трывога: ў самыя сьветлыя мінуты ён усьмехваўся так, што праз гэтую ўсьмешку відаць было сумны сумліў, як быццам ён ня лічыў гэтага шчасьця законным і моцным. А калі яго паведамілі, што, быць можа, ён стане бацькаю, дык ён сустрэў гэтае паведамленьне з выразам перапуду.

Тым ня менш, сапраўднае яго жыцьцё, праходзіўшае ў сур’ёзнай працы над сабою, у трывожных думках аб жонцы і будучым дзіцяці, не пазваляла яму спыняцца на ранейшых бясплодных патугах. Час ад часу таксама, сярэд гэтых клопатаў, у яго душы паўставалі ўспаміны аб жаласным лямэнце сьляпых. Тады ён ішоў у сяло, дзе на канцы стаяла цяпер новая хата Тодара Кандыбы і яго рабога пляменьніка. Тодар браў сваю кобзу, або яны доўга гутарылі, і Пётравы думкі прымалі спакойны кірунак, а яго пляны ізноў мацнелі.

Цяпер ён зрабіўся менш чулым да вонкавых сьветлавых пабуджэньняў, а ранейшая ўнутраная работа ўляглася. Трывожныя арганічныя сілы заснулі: ён ня будзіў іх сьвядомым імкненьнем волі — зьліць у адно цэлае рознародныя адчуваньні. На месцы гэтых бясплодных патугаў стаялі жывыя ўспаміны і надзеі. Але, хто ведае, — быць можа, духовае зацішша толькі памагала несьвядомай арганічнай рабоце, і гэтыя няясныя, разрозьненыя адчуваньні тым удачней пракладалі ў яго мазгох шляхі ў кірунку адно да аднаго. Гэтак у сьне мазгі часта вольна твораць ідэі і вобразы, якіх ім ніколі нельга было-б стварыць пры ўчасьці волі.


II.

У тым самым пакоі, дзе калісь радзіўся Пётра, стаяла цішыня, сярод якой толькі чулася хліпаньне дзіцяці. З часу яго нараджэньня прайшло ўжо некалькі дзён, і Эвэліна хутка папраўлялася. Але затое Пётра ўсе гэтыя дні здаваўся прыдушаным сьвядомасьцю нейкага блізкага няшчасьця.

Прыехаў доктар. Узяўшы дзіця на рукі, ён перанёс і палажыў яго бліжэй да вакна. Борзда адсланіўшы фіранку, ён прапусьціў у пакой прамень яснага сьвятла і нахіліўся над хлопчыкам з сваімі інструмэнтамі. Пётра сядзеў тут-жа, спусьціўшы голаў, усё гэткі самы прыгнечаны і бязучасны. Здавалася, што ён не прыдаваў дзеяньням доктара а ніякага значэньня, прадбачачы наперад рэзультаты.

— Ён, напэўна, сьляпы, — цьвярдзіў ён. — Яму няварта было-б радзіцца.

Малады доктар не адказваў і моўчкі рабіў далей свае нагляданьні. Нарэшце, ён палажыў офтальмоскоп, і ў пакоі разьлёгся яго ўпэўнены, спакойны голас:

— Зрачок скарачаецца. Дзіця бачыць бязумоўна.

Пётра здрыгануўся і шпарка стаў на нагах. Гэты рух паказваў, што ён чуў доктаравы словы, але, мяркуючы па выразе яго твару, ён як быццам не зразумеў значэньня іх. Абапёршыся дрыжачаю рукою на вакно, ён застыў на месцы з зьбялелым, крыху задраным угару, тварам і нярухомымі рысамі.

Да гэтае мінуты ён быў у стане дзіўнае разгарачанасьці. Ён быццам не адчуваў сябе, але, разам з тым, усе фібры ў ім жылі і трапясталіся, ад чаканьня.

Ён разумеў цемнату, якая яго акружала. Ён яе выдзяліў, чуў яе вонках сябе, ува ўсёй яе неахопнасьці. Яна насоўвалася на яго, ён ахапляў яе ўяўленьнем, як быццам мераючыся з ёю. Ён уставаў ёй насустрэчу, хочучы абараніць сваё дзіця ад гэтага неахопнага, разгойданага акіяну непранікальнае цемры.

І пакуль доктар у маўчаньні рабіў свае падрыхтаваньні, дык ён усё быў у гэтым стане. Ён баяўся й раней, але раней у яго душы жылі яшчэ азнакі надзеі. Цяпер страх, утомны і страшэнны, дайшоў да крайняга напружаньня, апанаваўшы разгарачаныя да апошняй ступені нэрвы, а надзея замёрла, схаваўшыся недзе ў глыбокіх тайнікох яго сэрца. І раптам гэтыя словы: „дзіця бачыць“! — перавярнулі яго настрой. Страх у міг сплыў, надзея таксама ў міг абярнулася ў пэўнасьць, асьвяціўшы чутка падняты крыху духовы лад сьляпога. Гэта быў раптоўны пераварот, сапраўдны ўдар, які ўварваўся ў цёмную душу зьдзіўляючым, зыркім, як маланка, променем. Два доктаравы словы быццам прапалілі ў яго мазгох агністую дарогу… Быццам іскра загарэлася недзе ў сярэдзіне і асьвяціла апошнія тайнікі яго арганізму… усё ў ім кранулася, і сам ён задрыжаў, як дрыжыць туга наведзеная струна пад раптоўным ударам.

І сьледам за гэтай маланкаю перад яго пагасшымі яшчэ да нараджэньня вачыма раптам запаліліся дзіўныя зданьні. Ці гэта былі праменьні, ці гукі, — ён і сам не разумеў. Гэта былі гукі, якія ажывалі, прыбіралі формы і рухаліся праменьнямі. Яны зьялі, як купал нябеснага скляпеньня, яны каціліся, як зыркае сонца па небе, яны хвалявалі, як хвалюе шэпт і шолах зялёнага сьцепу, яны гойдаліся, як галіны задуманых букаў.

Гэта было толькі першае мігненьне, і толькі мяшаныя адчуваньні гэтага мігненьня засталіся ў яго ў памяці. Рэшту — усё ён пасьля запомніў. Ён толькі ўпорліва цьвярдзіў, што ў гэтых некалькі мігненьняў ён бачыў.

Што якраз ён бачыў, і як бачыў, і ці сапраўды бачыў, — засталося зусім невядомым. Шмат хто казаў яму, што гэта немагчыма, але ён стаяў на сваім, запэўняючы, што бачыў неба і зямлю, маці, жонку і Максіма.

У працягу некалькіх сэкундаў ён стаяў з задраным дагары і прасьвятлеўшым тварам. Ён быў гэткім дзіўным, што ўсе нявольна зьвярнуліся да яго, і навакола ўсё змоўкла. Усім здавалася, што чалавек, які стаяў сярод пакою, быў ня той, якога яны гэтак добра зналі, а нейкі іншы, незнаёмы. А той ранейшы зьнік, акружаны раптоўна зьляцеўшаю на яго тайнаю.

І ён быў з гэтаю тайнаю сам на сам некалькі кароткіх мігненьняў… Пасьля ад іх засталося толькі пачуцьцё нейкага задаволеньня і дзіўная пэўнасьць, што тады ён бачыў.

Ці магло гэта быць запраўды?

Ці магло быць, каб смутныя і няясныя сьветлавыя адчуваньні, якія праходзілі да цёмных мазгоў невядомымі шляхамі ў тыя мінуты, калі сьляпы ўвесь дрыжаў і напружваўся насустрэчу сонечнаму дню, — цяпер, у мінуту раптоўнага экстазу, усплылі ў мазгох, як праяўлены туманны нэгатыў?…

І перад сьляпымі вачыма паўстала сіняе неба і зыркае сонца, і празрыстая рака з узгорачкам, на якім ён перажыў гэтак шмат і гэтак часта плакаў яшчэ дзіцянём… І пасьля і млін, і зорныя ночы, у якія ён гэтак мучыўся, і маўклівы, сумны месяц… І пыльны шлях, і лінія шашы, і абозы з паблісквеўшымі шынамі колаў, і пярэсты натаўп, сярэд якога ён сам пяяў песьню сьляпых…

Або ў яго мазгох зараіліся фантастычнымі прыявамі невядомыя горы, і ляглі ўдаль невядомыя раўніны, і цудоўныя прыяўныя дрэвы гойдаліся над гладчынёй невядомых рэкаў, і празрыстае сонца залівала гэты абраз зыркім сьвятлом, — сонца, на якое пазіралі нязьлічэныя пакаленьні яго продкаў?

Або ўсё гэта раілася бясформеннымі адчуваньнямі ў тэй глыбіні цёмных мазгоў, аб якой казаў Максім, і дзе праменьні і гукі адкладаюцца аднолькава веселасьцю або сумам, радасьцю або тугою?..

І ён толькі ўспамінаў пасьля стройны акорд, празьвінеўшы на міг у яго душы, — акорд, у якім спляліся ў адно цэлае ўсе ўражаньні яго жыцьця, адчуваньні прыроды і жывая любоў.

Хто ведае?

Ён помніў толькі, як на яго спусьцілася гэтая тайна, і як яна яго пакінула. У гэтае апошняе мігненьне вобразы-гукі спляліся і зьмяшаліся, звонячы і хістаючыся, дрыжучы і сьціхаючы, як дрыжыць і сьціхае пруткая струна: спачатку вышэй і гучней, пасьля ўсё цішэй, ледзь чутна… здавалася, — штосьці скочваецца па гіганцкім радыюсе ў беспрасьветную цемру…

Вось яно скацілася і змоўкла.

Цемра і маўчаньне… Нейкія смутныя прыявы прабуюць яшчэ адрадзіцца з глыбокае цемры, але яны ня маюць ужо ні формы, ні тону, ні колеру… Толькі недзе далёка, унізе зазьвінелі пералівы гамы, пярэстымі радамі прарэзалі цемру і таксама скаціліся ў прастор......................................

Тады раптам вонкавыя гукі дасягнулі яго слыху ў сваёй звычайнай форме. Ён быццам прачхнуўся, але ўсё яшчэ стаяў, азораны і радасны, сьціскаючы рукі маці і Максіма.

— Што гэта з табою? — спыталася маці стрывожаным голасам.

— Нічога… мне здаецца, я… бачыў вас усіх. То-ж я… ня сплю?

— А цяпер? — неспакойна спыталася яна. — Ці ты помніш, ці будзеш помніць?

Сьляпы глыбока ўздыхнуў.

— Не, — адказаў ён з натугаю. — Але гэта нічога, таму што… Я аддаў усё гэта… яму… дзіцяці і… і ўсім…

Ён пахіснуўся і страціў прытомнасьць. Яго твар зьбялеў, але на ім усё яшчэ блудзіў водбліск радаснага задаволеньня.



ЭПІЛЁГ.

Прайшло тры гады.

Шматлікая публіка сабралася ў Кіеве, падчас „Кантрактаў“[4], слухаць арыгінальнага музыку. Ён быў сьляпы, але дзейка перадавала чуды аб яго музыкальным таленце і аб яго асабістым лёсе. Казалі, быццам у дзяцінстве ён быў украдзены з заможнае сям’і бандаю сьляпых, з якімі ён бадзяўся, пакуль вядомы прафэсар не зьвярнуў увагі на яго нязвычайны музыкальны талент. Іншыя зноў дзейкалі, што ён сам пайшоў з сям’і да жабракоў з-за нейкіх рамантычных пабуджэньняў. Як-бы там ні было, а кантрактовая саля была набіта да апошняй меры, і збор (меўшы невядомае публіцы дабрадзейнае назначэньне) быў поўны.

У салі запанавала глыбокая цішыня, калі на эстрадзе зьявіўся малады чалавек з харошымі вялікімі вачыма і зьбялелым тварам. Ніхто ня прызнаў-бы яго сьляпым, калі-б гэтыя вочы ня былі гэткімі нярухомымі і калі-б яго не вяла маладая бялявая дама, як казалі, жонка музыкі.

— Ня дзіва, што ён выклікае гэткае страшнае ўражаньне, — казаў у натаўпе нейкі зоіл свайму суседу. — У яго надзіва драматычная павярхоўнасьць.

Сапраўды, і гэты зьбялелы твар з выразам удумлівае ўвагі, і нярухомыя вочы, і ўся яго фігура падстройвала да нечага асаблівага, няпрывычнага.

Паўдзённа-руская публіка наагул любіць і цэніць свае родныя мэлёдыі, але тут нават рознашарсьцёвы „кантрактавы“ натаўп быў адразу захоплены глыбокаю шчырасьцю выразу. Жывая істота роднае прыроды, чулая арыгінальная сувязь з беспасрэднымі гукамі народнае мэлёдыі сказвалася ў імпровізацыі, якая лілася з-пад рук сьляпога музыкі. Багатая хварбамі, гібкая і пявучая, яна бегла звонкаю струёю, то паднімаючыся ўрачыстым гымнам, то разьліваючыся задушэўным сумным напевам. Здавалася час ад часу: гэта бура грыміць у нябёсах, гуляючы ў бесканечным прасторы, гэта толькі сьцяповы вецер зьвініць у траве, на кургане, навяваючы смутныя мары аб мінулым.

Калі ён змоўк, дык гром аплёдысмэнтаў ахопленага ўцехаю натаўпу напоўніў вялізарную салю. Сьляпы сядзеў, спусьціўшы голаў, зьдзіўленна прыслухваючыся да гэтых грымотаў. Але вось ён ізноў падняў рукі і ўдарыў па клявішах. Многалюдная саля прыціхла ў міг.

У гэтую мінуту ўвайшоў Максім. Ён уважна аглядзеў гэты натаўп, ахоплены адным пачуцьцём, скіраваўшы на сьляпога лакомыя, гаручыя пагляды.

Стары слухаў і ждаў. Ён больш, як хто-нібудзь іншы ў гэтым натоўпе, разумеў жывую драму гэтых гукаў. Яму здавалася, што гэта магутная імпровізацыя, што гэтак вольна льлецца з грудзей музыкі, раптам абарвецца, як раней, трывожным, балючым пытаньнем, якое адкрые новую рану ў душы яго сьляпога гадунца. Але гукі расьлі, крапчэлі, паўнелі, рабіліся ўсё больш і больш уладнымі, захаплялі сэрца аб’яднанага і заміраўшага натаўпу.

І чым больш прыслухваўся Максім, тым ясьней зьвінеў для яго ў ігрэ сьляпога знаёмы мотыў.

Але, гэта яна, шумлівая вуліца. Сьветлая, грымучая, поўная жыцьця хваля коціцца, дробячыся, бліскаючы і рассыпаючыся тысячаю гукаў. Яна то паднімаецца, узрастае, то падае ізноў да аддаленага, але нясьціхаўшага гругатаньня, застаючыся ўвесь час спакойнаю, прыгожа-бяз’імпатнаю, халоднаю і бязучаснаю.

І раптам Максімава сэрца ўпала. З-пад рук музыкі ізноў, як і некалі, вырваўся стогнат.

Вырваўся, празьвінеў і замёр. Ды ізноў жывое гругатаньне, усё зырчэй і сільней, бліскучае і рухлівае, шчасьлівае і сьветлае.

Гэта ўжо не адны стагнаньні асабістага гора, не адна сьляпая пакута. На вачох у старога зьявіліся сьлёзы. Сьлёзы былі і на вачох у яго суседзяў.

— Ён пачаў бачыць, але, гэта праўда, — ён пачаў бачыць, — думаў Максім.

Сярод яснае і рухавае мэлёдыі, шчасьлівае і вольнае, як сьцяповы вецер, і, як ён, бясклопатнай, сярод пярэстага і шырокага гулу жыцьця, сярод то сумнага, то вялічавага напеву народнае песьні, усё часьцей, усё настойчывей і мацней прарывалася нейкая, хапляўшая за душу, нота.

— Так-так, мой хлопчык, — у думках паддаваў бадзёрасьці Максім, — наганяй іх сярод вясёласьці і шчасьця…

Цераз мінуту над зачарованым натаўпам у вялізарнай салі, уладная і захопная, стаяла ўжо адна толькі песьня сьляпых…

Подайте сьліпенькем… р-ради Христа.

Але гэта ўжо была ня просьба аб міласьціне і ня нікчэмны лямэнт, заглушаны шумам вуліцы. У ёй было ўсё тое, што было й раней, калі, пад яго ўплывам, Пётраў твар скрыўляўся, і ён уцякаў ад фортэп’яна, ня маючы сілы бароцца з яе едкім болем. Цяпер ён аходаў яе ў сваёй душы і перамагаў душы гэтага натаўпу глыбінёю і жахам жыцьцёвае праўды… Гэта была цемра на фоне яснага сьвятла, напамінаньне аб горы сярод паўнаты шчасьлівага жыцьця…

Здавалася, быццам удар зваліўся на натаўп, і кожнае сэрца дрыжала, як быццам ён чапаў яго сваімі шустра бегаўшымі рукамі. Ён даўно ўжо змоўк, але натаўп хаваў глыбокае маўчаньне.

Максім схіліў галаву і думаў:

„Але, ён пачаў бачыць… На месца сьляпога і незьлячымага эгоістычнага цярпеньня ён носіць у душы адчуваньне жыцьця, ён чуе і людзкае гора, і людзкую радасьць, ён пачаў бачыць і патрапіць напомніць шчасьлівым аб няшчасных“…

І стары салдат усё ніжэй схіляў галаву. Вось і ён зрабіў сваю справу, і ён не дарма пражыў на сьвеце, яму казалі аб гэтым поўныя сілы ўладныя гукі, стаяўшыя ў салі, панаваўшыя над натаўпам…....................

Гэтак дэбютаваў сьляпы музыка.

Люты — Ліпень 1927.

Вільня.




  1. «Кантракты» — мясцовы назоў некалі слаўнага кіеўскага кірмашу.
  2. Пасэсар паўкраінску — арэндатар двара.
  3. Чайкоўскі, украінец-рамантык, вядомы пад імем Садыка-пашы, лятуцеў аб арганізацыі казацтва, як самастойнае палітычнае сілы ў Турэччыне.
  4. Напомнім, што «Кантрактамі» называюць кіеўскі кірмаш.