Лучынка (часопіс)/4/Сьмерць старца

(Пасля перасылкі з Сьмерць старца)
Да дзіцяці Сьмерць старца
Апавяданьне
Аўтар: Уладзіслаў Галубок
1914 год
Сявец

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Смерць старца.

Прыгнуўшы худую сьпіну, апіраючыся на плячо правадыра, — крок за крокам ішоў сьляпы старэц выятарним абвешаны на крыж торбамі.

Адна нага, абутая ў непамерна вялікі дзіравы бот, ляніва пасовывалася за дзерэўлянай клюкай. Даўгая сівая барада, як у таго спагаднага дзеда, аб каторым шмат гамонюць дзеці ў часе Калядаў, была асаблівай прыкрасай яго прыгожага твару. Няведама, чым былі даўней багаты вочы, на мейсцы каторых засталіся цяпер толькі дзве ўваліўшыеся ямкі.

Ніхто ня ведаў аткуль і кім быў гэты дзед, ды і каму гэтым было цікавіцца: даў лусту хлеба і — мінай дзед далей. Раз, праўда, спыталіся — скуль ён і дзе так акалечыўся, але старэц паказаўшы на згрышпанелы крыжык, што вісеў на сермяжцы, махнуў толькі рукой.

Маленькі, жвавы правадыр ні на крок не адступаў ад дзеда і што хвіліну нагледаў на яго зьбялеўшую твар, якбы жадаючы згадаць наперад кожную думку старца. Вядучы дарогай, абмінаў карчы і калявінкі, а як прыходзілося заходзіць у хату, то пільна агледаўся на парогі і вушакі, каб дзе часам не зачапіўся дзядуля. Мусіць-то вельмі дораг быў хлапчуку гэты старэц, калі так шчыра дагледаў яго.

Вось неяк у зімовы дзень дзед с хлопцам с самага раньня хадзілі па хатах жэбраваць. Мінуўшы апошнюю хатку і атрымаўшы ат старца-бабыля кавалак хлеба, вышлі з вёскі, пацягнуліся дарогай у даль і скрыліся за крутым паваротам.

Поле бялело ад сьнегу; лес сінеў у далі, зліваючыся верхамі сваімі с колерам неба. Увокал было ціха, толькі зьнекуль чутно было выцьцё сабакі.

Дзед моўчкі кратаўся, закідаў наперад доўгі кій, а за ім ледзь падцягваў цяжка абутую нагу правадыр, дробна ступаючы, квапна ўгледаўся на лес, быццам жадаў прабіць цемру, каб бардзей угледзець вёску. Ведаў добра, што ня сілы дзеда цягацца па хатах, але што зробіш — не лесьці ж жывым у яму.

Увайшлі у лес. Векавыя сосны ў белым убранні прыгледаліся з вышыні на гэтых мізэрных людзей. Вялікіе вываратні, як засланкі, распусціўшы на дарогу карэньні, чэпляліся за ногі.

— Мусіць то вялікі лес? спытаўся старэц.

— А не саўсім — вунь прагалінка відаць, адказаў хлопец.

— Ну дык пойдзем, дзіцятка, бо чую, што ногі надта прыстаюць.

Хлопчык заварушыўся. Ідучы між густога ельніку, ён лічыў дрэвы ў тэй думцы, што як налічэ капу, то зара будзе відаць вёска. Лес парадзеў. Дарога на крыж разыходзілася.

— Крыжовая дарога, адазваўся хлопец.

— А то добра, дзеткі: крыху спачнём ды памалюся, бо нейкі ціжар на сэрцы чую, сказаў дзед.

Хлопчык ведаў, як маліўся дзед: зараз дастаў кантычку с торбы і пачаў голасна вымаўляць слова за словам, пазіраючы то на крыж, то на дзеда; а дзед, апёршыся пасінеўшымі пальцамі на плячо правадыра, сьціха шаптаў усьледмалітву.

— Пойдзем ужо, дзеткі: здаецца, сьнег цярушыць, сказаў урэшце дзед.

За лесам у лагчыне, як плямінка — ледзь-ледзь адзначалася вёска. Сьнег сыпаў штораз гусьцей. Неба крыху засінелася сьперша, а пасля зразу зацягнула нібы цёмным туманам. Вецяр завыў, зашумеў бор, вёска і дарога раптам счэзлі. Снег, быццам вырваўшыся з няволі, гнаўся, як шалёны, па полі, зьбіваючы з ног і старца, і правадыра.

— Ой, дужа дрэннае надвор‘е, і сам не ведаю, куды кінуцца, адазваўся дрыжачым голасам хлопчык.

— Нічагуткі, прашамкаў дзед, атрасаючы з барады снег, зараз супакоіцца; вёска ж — сам казаў — нідалёчка. Шкада, што з лесу выйшлі, але што ж зробіш; тут пэўна і хвойкі нідзе не угледзіш.

— Нічога ня відаць — толькі пень перад намі, атказаў хлопец і заплакаў.

— Не плач, сынку, не плач, я сяду пры пні, супакоіваў дзед хлопца; і, нашчупаўшы кіям пень, прысеў.

— Дзядулёк, я чую, сабакі брэшуць — можэ скранёмся? просіў хлопчык.

— Не, родненькі, не — не змагу: ногі мае саўсім акасьцянелі — хіба крыху пачэкаўшы.

— Ну, то я хоць адзін пабягу, мо каго напаткаю: прывяду — памогуць, выратуюць, прынадзеіваў хлопчык.

— Бяжы, дзеткі, бяжы, толькі не заблудзіся, бо дарогі пэўна ані слядзінкі, — перэдасцерагаў старэц.

Хлапец рвануўся ў бок і што маючы сілы пусьціўся па зацярушанай снегам дарозе. Бягучы і валяючыся ат сілы ветру, ён што раз агледаўся, дзе пакінуў дзеда, то зноў зварачываўся к вёсцы, каторая ўжо сумна паказывалася с пад вялікіх сувеяў. Сілы яго, здавалося, ня толькі ня ўбывалі, а ешчэ прыбывалі. Але вось урэшце і вёска. Уляцеўшы ў першую хату, ён толькі дух перавёў і з усей сілы закрычэў: „ратуйце!! дзядулёк у полі змерзне!“.

— Што ты, хлопчэ! дзе? дзе? які дзядулёк? пасыпаліся пытаньні перапужаных хатніх.

— Там! там! за вёскай… у лагчынцэ… пры пні… чуць зьменяючы дух, растлумачваў хлопец.

Заварушыліся, загудзелі ў хаце, як у вульлі: хто кінуўся каня запрагаць, хто апранацца, хто ешчэ дапытываў хлопца.

У скорасьці ёмкі буланы конік прымчаў двух мужчын і хлопца ў лахчынку.

Там — пры пні, поўзавеяны сьнегам, сядзеў скуліўшыся дзядуля. Мужчыны кінуліся разгортываць сьнег, а хлопчык, прытуліўшыся, да старога, хухаў яму у твар і то крычэў, то быццам прасіў:

— Дзядулёк! ачніся! ачніся, мой даражэнькі! Дзядуля! гэта я — твой Васілёк — ачніся, залаценькі мой! і, кінуўшыся перад ім на калены, заплакаў.

Ледзь-ледзь заварушыліся пасінеўшые вусны старога дзеда, цяжка паднялася дрыжачая рука яго і апошні раз пагладзіла галоўку малога Васілька…

Галубок.