Сябры лесу
← Сон у пуні | Сябры лесу Абразок Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч 1924 год Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 26, 21 верасьня 1924 г., б. 2-3 |
Гусі ляцяць → |
Калі я ўвайшоў у хату, мяне сустрэлі вясёлым гоманам…
— А. ось і Дзяргач! лёгкі на ўспаміны! — загудзеў Ярэм.
— Ну, ось добра, што наведаўся, — кінуліся мяне абымаць Карп і Сымон.
— У нас тутака, сябра, гэтакая ціша, што іншы раз жывой душы цэлы год ня бачыш, — казаў Карп.
— Ну, дось гутаркі, сынкі, давайце гасьцю чарку. А дзе-ж запрапала нашая Елачка? — загудзеў Ярэм.
У тоты міг дзьверы адчыніліся і ўвайшла Алеся.
— Ось як, вы ўжо тутака, а я хадзіла вас будзіць і нават меркавала, калі зноў моцна сьпіцё, дык і ня будзіць, — казала яна.
— Не, гэтага ўжо досіць, праспаў сьнеданьне, дык трэба, папалуднаваць, — казаў Ярэм.
Ну, дось гутаркі, сядайце! — рашуча загудзеў ён.
Мы ўсе селі за стол.
Алеся хутка ўставіла стол рознымі частункамі.
Тутака былі смажаныя качкі, бакасы, шчупакі і яшчэ нейкая дзічына.
На патэльні праглася яешня, ў місцы ляжаў тварог, густа паліты сьмятанай, былі і салёныя грыбы і агуркі — чаго толькі душа жадае… Відаць было, што ўсё гэта даваў лес сваім жыхаром…
Алеся села побач са мною і пачала мяне частаваць кажучы:
— Цяпер я ад вас, дзядзька, не адстану, павінны есьці з двох і пакаштаваць усяго, сама пякла, сама варыла.
— Выпіць таксама павінны, — казаў Сымон, наліваючы дзьве чаркі і ставячы перада мной.
— Ну, што-ж, піць, дык піць.
— Бывайце-ж здаровенькія, жывенькія, дарагія мае сябры, дай Божачка, каб усё ў вас ішло добра! — сказаў я, выпіваючы адну за аднэй дзьве чаркі.
— Дзякуем, дзякуем! — адказалі ўсе мне ў адзін голас.
— Пеце і ешце! — гудзеў Ярэм,
— Абы здароў‘е, дык усё будзе, — цягнуў ён далей.
За гутаркай і ядой ды піцьцём мы ня прыкмецілі, як праляцеў добры час…
Ну, здаецца, дзякаваць Богу, падпілі і пад‘елі добра! — ўстаючы, сказаў Ярэм, набожна перажагнаўшыся на абраз Хрыста, што вісеў у покуце хаты. Мы ўсе падняліся.
— А цяпер пойдзем на сьвежае паветра, — запрапанаваў Карп.
Усе вышлі.
Па небе беглі белыя воблачкі. Сонца ўжо пачынала каціцца на адпачынак.
— Восень цікуе хітрай вужакай, — сказаў Ярэм, глянуўшы на бліжнія дубы, бярозы і грабы.
Я зірнуў на іх, і праўда: ўжо лісты пачыналі патроху жаўцець. Мне ад гэтага зрабілася неяк сумна, відаць было, што і сяброў маіх таксама агарнула нуда. Недзе далёка закрычалі жураўлі і гусі.
— Ці не ў паход яны ўжо пачынаюць ад нас зьбірацца, — перарваў маўчаньне Сымон.
Гэта было сыгналам і пачалася агульная гутарка, за якой правялі мы шмат часу. Я расказаваў аба ўсім, што чуў, што робіцца на сьвеце і як наша справа…
Ужо пачынала схіляцца сонца, калі над самымі нашымі галовамі закрычалі гусі.
Мы ўсе паднялі ўгару галовы.
Я глядзеў на ляцеўшыя гусі і думкі мае былі невясёлыя…
Дзяргач.