Ах байкі,
Мілыя,
добрыя байкі!
Як не кахаць вечны май іх?
Мілыя,
добрыя байкі.
Як кветкі ў полі,
Так вырасьлі ў песьні, —
Вырасьлі і ня згінулі
Думкі,
Залатыя і сінія,
Залатыя і сінія.
Ах байкі,
Мілыя,
добрыя байкі!
Як не кахаць вечны май іх?
Мілыя,
добрыя байкі.
Годы выцьвілі, бадай іх!
А калісь, як стогн былі.
Так на вуснах нашых баек
Слоў пялёсткі зацьвілі.
Байка кажа… у нейкім
царстве,
Разумею з яе слоў,
Сэрцам сільны і упарты
Волат ўзьняўся і пайшоў…
І было, я з байкі бачу,
У тым, хто ўзьняўся і пайшоў:
— Сэрца сільнае,
Ды ласкавыя вочы
Сінія,
Ды бязьмежная сіла
Цудоўная
І гарачая,
Сумная
Кроў.
— Ня прымусам цемра гіне,
І ня сілай сьвет расьце, —
Волат гэтак словы кінуў,
Каб праз іх пачуў нас сьвет:
— Найвялікшая ў нас сіла,
Сіла думак Беларусі.
Гэтай сіле — песьняй мілай
Я кахаю, я малюся!
Іншых сіла — ў іх абшарах,
Сіла іншых — у карцечы,
А ў цудоўных думках-марах
Сіла нашая — бясспрэчна.
Найвялікшая ў нас сіла,
Сіла думак Беларусі.
Гэтай сіле — песьняй мілай
Я кахаю, я малюся!
Ды суседзяў моцна зай-
здрасьць:
Ёй загублен волат наш.
Толькі байка — наша радасьць
Так цудоўна расьцьвіла.
Дзе зьнік
Наш волат
Па шляху
Волі, —
Там ветры
У полі
— Ціха
Веюць.
Ніколі
Болей
Гэтай
Болі
Нам з нашых баек
Не разьвеяць!
◆
Хто цярэбіў сьвету
Шлях да дзіўнай
Волі,
Нячуванай сілай
Ў час ліхой
Нядолі, —
Ён маною зьнішчан
Па шляхох
У полі:
— Помнікам аб гэтым
Вырасьлі таполі.
І таполі стогнуць,
Сьлёзы льлюць таполі,
Лісты на таполях —
Сьлёзы нашай долі!
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Годы выцьвілі, бадай іх!
А калісь як стогн былі.
Слоў пялёсткі зацьвілі.
У марах сёньня зноў я…
Помню, помню, волат,
Залатыя словы:
— Іншых сіла ў іх абшарах,
Сіла іншых — у карцечы,
А ў цудоўных думках-марах
Сіла нашая — бясспрэчна!
Ах, я чую ў байках,
Байкі — ня схлусілі:
Прыляцеў наш волат,
Разгарнуў ён крыльлі.
Байкі ня схлусілі,
Вось і ўзьняўся зноў ён…
Сам народ наш сіні —
Волат той цудоўны!
Ах байкі,
Мілыя,
добрыя байкі!
Як не кахаць вечны май іх?
Мілыя,
добрыя байкі.