Творчасць Багушэвіча (Шарахоўскі)

Творчасць Багушэвіча (да стагоддзя з дня нараджэння)
Артыкул
Аўтар: Янка Шарахоўскі
1940 год
Крыніца: Полымя рэвалюцыі. – 1940. – № 3. – С. 14–29.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я. Шарахоўскі

ТВОРЧАСЦЬ Ф. БАГУШЭВІЧА
(Да стагоддзя з дня нараджэння)

Цяжкімі пуцявінамі ішло развіццё культуры і літаратуры беларускага народа ў мінулым стагоддзі. Іржавымі ланцугамі самадзяржаўя была скована думка і доля народа. Выдатныя таленты, якія выходзілі з народных нізоў і ўзнімалі голас пратэсту супроць гнуснай рэчаіснасці, гінулі не паспеўшы расквітнець. Аб гэтым красамоўна сведчыць лёс першага беларускага пісьменніка-дэмакрата П. Бахрыма. Але і лёс выдатнейшага беларускага пісьменніка XIX ст. Ф. Багушэвіча і яго творчасці ў значнай меры адлюстроўвае лёс свайго народа ў мінулым. Багушэвіч памёр у 1900 годзе. Але мы не ведаем колькі-небудзь падрабязна яго біяграфіі, не ведаем дакладна, калі, якія і колькі твораў ён напісаў. Не падлягае сумненню, што яго зборнікі вершаў «Дудка беларуская», «Смык беларускі» і іншыя вядомыя яго творы не вычэрпваюць усёй яго творчасці. Да самага апошняга часу вывучэнне яго творчасці затруднялася тым, што яго радзіма (дзе засталіся ўсе яго архівы), разам з усёй Заходняй Заходняй Беларуссю знаходзячыся пад уладаю польскіх паноў, была недаступна для даследчыка. З вызваленнем Заходняй Беларусі з белапольскага ярма гэта перашкода знішчана і цяпер, магчыма, будуць знойдзены дасюль невядомыя новыя творы Багушэвіча, калі толькі яны захаваліся.

Якія ж грамадска-палітычныя фактары абумовілі сабою працэс развіцця беларускай літаратуры XIX стагоддзя?

Як вядома, к пачатку XIX стагоддзя значная частка беларускай дваранскай знаці і нават дробнай шляхты была паланізавана, апынулася ў стане злейшых ворагаў беларускага народа —польскіх паноў. А паколькі адукаваныя людзі выходзілі ў той час амаль выключна з асяроддзя пануючых класаў, то зусім зразумела, што здрада значнай часткі беларускай дваранскай інтэлігенцыі свайму народу наносіла вялікую шкоду справе развіцця культуры і літаратуры беларускага народа. Да гэтага ў другой чвэрці XIX стагоддзя далучыўся цяжкі прыгнёт рускага самадзяржаўя. Вось чаму, нягледзячы на шматвяковую культурную традыцыю, беларускае дваранства не здолела стварыць у мінулым стагоддзі адпаведна багатай літаратуры, якую стварыла дваранства рускае.

Беларускія народныя масы здолелі супроцьстаяць паланізатарскім намаганням польскага панства, захавалі ва ўсёй чыстаце сваю мову, свае звычаі і таму на працягу ўсяго XIX стагоддзя па сутнасці яны адны з'явіліся носьбітамі народнай сілы і шматвяковай культурнай традыцыі беларускага народа. У народных масах раслі і спелі ідэі соцыяльнага пратэсту, барацьбы за палітычнае разняволенне, прычым сама барацьба адбывалася ў цесным узаемадзеянні з вызваленчай барацьбой рускага народа. Гэта знайшло сваё выражэнне і ў літаратуры. Беларуская літаратура XIX стагоддзя развівалася ў цесным узаемадзеянні з літаратурамі брацкіх рускага і украінскага народаў.

В. І. Ленін у артыкуле «З мінулага рабочага друку ў Расіі» (1914 г.) пісаў: «Вызваленчы рух у Расіі прайшоў тры галоўныя этапы, адпаведна тром галоўным класам рускага грамадства, якія накладалі сваю адзнаку на рух: 1) перыяд дваранскі, прыкладна з 1825 па 1861 год; 2) разначынскі або буржуазна-дэмакратычны, прыблізна з 1861 па 1895 год, 3) пролетарскі з 1895 да цяперашняга часу»[1]. Тры этапы вызваленчага руху адпаведна абумовілі сабой і характар рускай літаратуры на кожным з этапаў. Але беларуская літаратура, як ужо гаварылася, развівалася ў цесным узаемадзеянні з рускай і лёгка бачыць, што яна развівалася ў асноўным у адпаведнасці з ленінскай перыядызацыяй вызваленчага руху ў Расіі.

Калі на Беларусі не было такой яркай падзеі, як паўстанне дзекабрыстаў, падзеі, якая дае Леніну выходны пункт для перыядызацыі вызваленчага руху, то па-першае, як паказваюць факты, на Беларусі былі выразныя водгукі на паўстанне дзекабрыстаў (хаця-б паўстанне ў корпусе беларускіх войск 24 снежня 1825 г. у м. Бранск Беластоцкага павету сярод салдат літоўскага піонернага батальёна, калі яны адмовіліся прысягаць Нікалаю I) і гэта паказвае, што Беларусь не была ў баку ад ідэй, якія развівалі ў сваёй палітычнай платформе дзекабрысты, па-другое, справа не ў дакладным супадзенні дат, а ў аналагічнасці працэсаў, якія адбываліся ў Расіі і на Беларусі. Пытанне аб пачатку дваранскага перыяда ў беларускай літаратуры спрашчаецца яшчэ i тым, што ад першай чвэрці ХІХ стагоддзя мы пакуль што маем адзін твор — парадыйную паэму «Энеіда навыварат». Крыху своеасаблівае становішча маем мы ў беларускай літаратуры і ў пачатку XX стагоддзя, які быў адзначан шырокім развіццём рэволюцыйна-дэмакратычнага рэалізма (творчасць Я. Купалы і Я. Коласа). Але развіццё раволюцыйна-дэмакратычнага рэалізма на Беларусі ў перыяд рэволюцыі 1905 года адбывалася пад уздзеяннем рэволюцыйна-пролетарскай ідэалогіі (у непасрэднай форме гэта асабліва выразна відаць на творчасці Цёткі гэтага часу) і таму вывучэнне творчасці гэтых пісьменнікаў павінна ставіцца ў цесную сувязь з развіццём марксізма ў Расіі, фарміраваннем партыі большэвікоў і яе барацьбой супроць меншавікоў і г. д.

Ф. Багушэвіч з'яўляецца найвыдатнейшым пісьменнікам другога перыяду беларускай літаратуры XIX стагоддзя. У дваранскі перыяд літаратуры асноўнай соцыяльнай супярэчнасцю была супярэчнасць паміж прыгонным селянінам і памешчыкам, асноўнай праблемайпраблема вызвалення сялян, якая разумелася ў плане патрабаванняў сялянскай рэволюцыі. Сапраўды, ужо ў ананімнай паэме «Энеіда навыварат» мы бачым выразнае выяўленне антыпрыгонніцкіх тэндэнцый і ўстаноўку на дэмакратызацыю літаратуры. У другой паэме «Тарас на Парнасе» мы таксама бачым патрабаванне дэмакратызацыі літаратуры, яе шчыльнай сувязі з народным жыццём, а ў вершы П. Бахрыма «Заграй, заграй хлопча малы» мы ўжо бачым усвядомлены пратэст супроць прыгону. З другога боку прадстаўнік ліберальнага дваранства, сантыменталіст Дунін-Марцынкевіч імкнецца прымірыць асноўную соцыяльную супярэчнасць часу, пагадніць пана з мужыком. Паколькі гэта супярэчнасць рэформай 1861 года вырашана не была, то пасля рэформы асаблівую сілу і значэнне набывае ідэалогія рэволюцыйнай дэмакратыі, якая з'яўляецца перадавой ідэалогіяй гэтага часу. Адной з першачарговых задач з'яўлялася знішчэнне феадальна-прыгонніцкіх перажыткаў і буржуазна-дэмакратычнае пераўтварэнне адсталай краіны.

У другім перыядзе змест літаратуры давалі ідэі сялянскай рэволюцыі, якія часта выступалі ў выглядзе агульна-дэмакратычных ідэалаў. Таму пісьменнікам гэтага часу ўласцівы, кажучы словамі Леніна «ілюзіі» надкласавага «буржуазнага дэмакратызма»[2]. Гэта рыса была ўласціва і светапогляду Ф. Багушэвіча.

Ф. Багушэвіч з'явіўся першым сялянскім дэмакратам у беларускай літаратуры XIX стагоддзя (яго непасрэдным папярэднікам быў П. Бахрым, але яго творчасць з прычыны рэпрэсій так і не паспела разгарнуцца). Значэнне яго творчасці перш за ўсё вызначаецца тым, што ён быў асновапаложнікам грамадзянскай паэзіі на Беларусі. Калі Дунін-Марцынкевіч імкнуўся прымірыць соцыяльныя супярэчнасці, то Багушэвіч упершыню ў беларускай літаратуры ясна і акрэслена выступіў ад імя народных нізоў. Для яго творчага метада характэрна не затушоўванне соцыяльных супярэчнасцей, a наадварот — іх падкрэсліванне. Яго творчасць рэзка накіравана супроць тагочаснай рэчаіснасці і яго рэалізм з'яўляецца крытычным рэалізмам. З пазіцый сялянска-дэмакратычнай ідэалогіі, перадавой для таго часу, ён рэзка крытыкуе змрочную сапраўднасць, ставячы ў сваёй творчасці вузлавыя праблемы свайго часу. Ён не ўзнімаецца да прапаганды рэволюцыйнага дзеяння, у яго няма усведамлення рэальных шляхоў, якімі трэба ісці народным масам да палітычнага і эканамічнага разняволення, але ў яго творчасці мы бачым нарастанне соцыяльнага пратэсту і свядомасці мас, іх абурэнне супроць несправядлівасцей жыцця. Паэт выразна усведамляе сябе змагаром за долю народную. Тэма соцыяльнай няроўнасці адна з цэнтральных тэм яго творчасці. Зарысоўкі народнага жыцця, сялянскага побыту ён заўсёды робіць у соцыяльным плане, у плане супроцьстаўлення жыцця бедняка жыццю паразітарных класаў. Багушэвіч высока цаніў і глыбока паважаў народную працу і чалавека працы. Гэты матыў чырвонай ніткай праходзіць праз усю яго творчасць. Як ні бедны бедняк, але ён ганарыцца тым, што ўсё, што ў яго ёсць, ён здабыў сваімі рукамі, а не праз ашуканства, не праз высмоктванне сокаў з сабе падобных. Вось гэты сумленны, справядлівы бядняк, гэты чалавек працы з'яўляецца цэнтральным станоўчым героем паэзіі Багушэвіча. Упершыню у беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя ў паэзіі Багушэвіча знаходзяць яркае выражэнне і нацыянальна-вызваленчыя патрабаванні беларускага народа. Ён выступаў не толькі супроць паноў, але і супроць рускага царызма, супроць нацыянальнага прыгнечання беларускага народа. Праўда, выражаючы перадавую ідэалогію свайго часу, творчасць Багушэвіча не пазбаўлена і адсталых, а часам і рэакцыйных рыс (нацыяналістычныя настроі ў вершы «Немец» і некаторых іншых).

Сам паэт выразна ўсведамляў, што ён займае асаблівае месца ў літаратуры. Гэта відаць з таго, як ён адносіўся да творчасці Дуніна-Марцынкевіча. Гэтыя адносіны мы бачым у прадмове яго да «Смыка беларускага», дзе ён кажа: «Здарывалася і мне чытаць і ксёнжачкі, хоць не надта старыя, друкаваныя нават, якогась пана Марцынкевіча, але ўсе як-бы смяючыся з нашага брата пісаны». Багушэвіч таксама як Марцынкевіч паходзіў з дробнай шляхты, так што тут Багушэвіч супроцьставіць сябе Марцынкевічу не па лініі паходжання, а па лініі ідэйна-палітычнай пазіцыі. Багушэвіч лічыць сябе неад'емнай часткай народа, а Марцынкевіча панам, г. зн. чалавекам, які назіраў народнае жыццё ў лепшым выпадку збоку і які не мог яго рэалістычна паказваць. Характэрны і яго адносіны да «Панскага ігрышча» — твора, які распаўсюджваўся ў спісках або проста вусна. Яго адносіны да гэтага твора відаць з той жа прадмовы, дзе ён піша:

«Я перапісаў і сюды тое «ігрышча», няхай выбачае пан Юрка, але дальбог, аж злосць узяла, што Юрка спадабаў тое, што толькі блазну можа спадабацца. Я такі і чыркнуў яму «Адказ». Але так думаю, што гэта ён, смяючыся з нашага цёмнага брата напісаў; гэтак думаў, што дурны мужык, дык ужо нічога і не відзе і не знае! Ой, памыліўся!»

Такім чынам ён выступае тут супроць тэндэнцыі, якая вядома яшчэ па школьных драмах XVIII стагоддзя, тэндэнцыі высмейвання мужыка, яго разумення жыцця, яго звычаяў, яго мовы. У школьных драмах гэта тэндэнцыя служыла мэтам паланізацыі, у творах падобных да «Панскага ігрышча» яна мае іншы характар, але ў ім Багушэвіч зусім справядліва бачыць знявагу годнасці працоўнага чалавека, які хоць і цёмны, але умее глыбока разумець жыццё.

Апрача прадмовы да «Смыка» ў непасрэднай форме эстэтычныя прынцыпы Багушэвіч выразіў ва ўступных вершах да «Дудкі беларускай» (верш «Дудка») і «Смыка беларускага» (верш «Смык»).

Спачатку ён хоча настроіць свае песні на вясёлы лад, хоча спяваць вясёлыя песні:

Ну, дык грай-жа, дудка!
Каб-жа была чутка,
Каб аж вушы драла,
Каб ты так іграла,
Каб зямля скакала!
Зайграй так вясёла,
Каб усе ў кола,
Узяўшыся ў бокі
Ды пашлі ў скокі,
Як віхор у полю —
Аж выючы ў болю.
Каб аж рагаталі,
А ўсё скакалі...

Але з вясёлымі песнямі нічога не выходзіць, таму, што трэба не весяліцца, а змагацца за волю, за долю-шчасце. З нездавальненнем паэт звяртаецца да дудкі:

Га! Чаму ж не граеш?
Хіба ты не знаеш,
Не ведаеш хіба,
Што як тая рыба
Ды на лёдзе б'ецца,
Так вот я, здаецца,
Сорак гадоў б'юся
Ніяк не звярнуся,
Ніяк не натраплю
Вадзіцы хоць каплю,
Ды такой вадзіцы,
Ды з такой крыніцы,
Што як хто нап'ецца,
Дык вольным стаецца.
Грай, вясёла грай,
Або долю дай!

Тады паэт робіць другую дудку, каб іграць аб горы народным, аб жалю і смутку. Ён хоча зрабіць сваю музу музаю «печали», хоча плакаць «над народа доляй». Тыя-ж эстэтычныя ўстаноўкі на паказ народнага гора бачым мы і ў вершы «Смык». Муза Багушэвіча — гэта грамадзянская муза, ён зусім выразна гэта ўсвядамляе. У вершы «Смык» ён піша:

Ох, дайце-ж мне смык, —
Каб усюды граў!
Хоць бы сам я знік,
Абы голас даў:
Каб той голас чуць
Па ўсёй зямлі,
Дзе людзі жывуць,
Дзе даўней жылі!

Які-ж гэта голас? Гэта «енк і стогн», гэта крык гора народнага, такі крык, ад якога камні павінны загаварыць.

Як смычком бы тым
Камень зачапіць,
Дык пашоў бы дым...
Камень не сцярпіць!
У жарству, пясок
Каб рассыпаўся,
Каб даў галасок
Аж захліпаўся.

Што яшчэ характэрна для эстэтыкі Багушэвіча? Характэрна шуканне праўды. Якую-ж праўду ён хоча расказаць народу? Праўду аб яго Цяжкім прыгнечаным становішчы. У вершы «Праўда» ён піша:

Ой на што-ж мне дана тая мая мова,
Як я не ўмею сказаць тое слова,
Каб яго пачулі, каб яго пазналі,
Каб яго то слова ды праўдай назвалі,
Каб і разышлося то слова па свеце,
Як праменне сонца цёплага у леце.

У гэтым вершы раскрываецца ўся сутнасць рэалізма Багушэвіча і ў прыватнасці яго эстэтыкі. Сваё прызначэнне як паэта, ён бачыць у тым, каб сказаць праўду народу аб яго становішчы і гэта праўда павінна яго сагрэць, як праменні цёплага сонца. Яго паэзія павінна даць народу ўсведамленне свайго цяжкога, прыгнечанага становішча. Гэта першая ступень народнага самаўсведамлення, тут яшчэ няма праграмы рэволюцыйнага дзеяння, але надзвычай важна, што Багушэвіч першы ў беларускай літаратуры ставіць задачу сказаць народу ўсю праўду аб яго жыцці. Такім чынам паэзія Багушэвіча падрыхтавала з'яўленне ў беларускай літаратуры такіх паэтаў як Янка Купала і Якуб Колас, у паэзіі якіх дана разгорнутая рэволюцыйна-дэмакратычная праграма — праграма сялянскай рэволюцыі. Сваёй паэзіяй Багушэвіч надоўга вызначыў кірунак развіцця беларускай літаратуры. Асноўныя, найбольш прагрэсіўныя элементы рэалізма Багушэвіча атрымалі далейшае развіццё ў літаратуры перыяда першай рэволюцыі, асабліва ў творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Характэрны для ідэалогіі і для эстэтыкі Багушэвіча і агульна-дэмакратычныя ідэалы, наогул уласцівыя «старому сялянскаму соцыялізму»[3]. Ён бачыць высокае прызначэнне сваёй паэзіі ў тым, каб несці ў народ праўду, якая павінна перайначыць людзей, несці ў народ праўду для таго, «каб людцы прызналі братоў ды братамі — дзяліліся-б доляй ды хлеба шматамі», каб не было на свеце прыгнёту і эксплаатацыі, інакш кажучы «каб уся зямелька адну праўду мела».

Па характару сваёй паэзіі Багушэвіч з'яўляецца больш эпікам, чым лірыкам, але не гледзячы на гэта для яго вершаў на соцыяльныя тэмы характэрна выключная сіла пачуцця, сіла гневу і абурэння на несправядлівасці жыцця.

Мы ведаем, што ўжо Дунін-Марцынкевіч шырока карыстаўся фальклорам для сваёй творчасці. Але ён карыстаўся народнай творчасцю як ліберальны пан, які падыходзіў да народнага жыцця збоку і які абыходзіў соцыяльную праблематыку, скарыстоўваючы ў сваіх паэмах амаль выключна абрадавыя элементы фальклора.

Зусім іншае мы бачым у Багушэвіча. Па-першае, народная творчасць гэта аснова яго паэзіі, а не прыўваходзячы элемент. Па-другое, дэмакратычныя элементы фальклора, яго соцыяльную праблематыку ён ставіць у цэнтр сваёй паэзіі, што становіць сабой яе галоўны, прагрэсіўны змест.

Асабліва ярка гэта сказваецца ў вершах на соцыяльныя тэмы. Вось, напрыклад, адзін з лепшых яго вершаў на соцыяльныя тэмы «Гора». Напісаны гэты верш у форме песні і мае рэфрэн: «Ой гора ж маё!» Верш становіць сабой вершаваную апрацоўку папулярнага ў беларускім фальклоры сюжэта аб горы, якога селянін-бядняк хоча пазбыцца і ніяк не можа гэтага зрабіць. Ён кідаў яго ў рэчку і ў агонь, прывязваў лейцамі да пня ў лесе, закапваў у зямлю і ўрэшце завёз у Амерыку. Але з гэтага нічога не вышла. Гора адусюль варочалася ды так і асталося разам з селянінам да канца яго жыцця.

Верш «Удава» не грунтуецца ў непасрэдным сэнсе на фальклорным сюжэце, хаця і блізкі да народных песень аб удовінай долі. Гэта верш лірычнага плана і ён сведчыць аб тым, што Багушэвіч быў таленавітым лірыкам. Кампазіцыя верша цалкам вызначана фальклорнай паэтыкай. Увесь гэты верш — гэта разгорнуты псіхалагічны паралелізм. Тут псіхалагічна збліжаюцца плач удавы і раскіданне брызг ручайком. Гэта лірычная мініацюра цалкам грунтуецца на народнай творчасці.

Грамадзянскім вершам Багушэвіча ўласціва падкрэсліванне соцыяльных супярэчнасцей, супроцьстаўленне жыцця бядняка-селяніна і жыцця пана. Асабліва ярка гэта выяўляецца ў вершах «Калыханка», «Бог няроўна дзеліць», «Не ўсім адна смерць».

Верш «Калыханка», як паказвае сама назва, напісан у форме песні, якая спяваецца над калыскаю дзіцяці. Як вядома, Некрасаў напісаў пародыю на «Колыбельную» Лермантава. Дык вось «калыханка» Багушэвіча хоць і не з'яўляецца пародыяй, але паводле ідэйнага зместу стаіць вельмі блізка да некрасаўскай «Калыханкі». Маці не хоча, каб сын «быў панам ці вялікім капітанам». І вось чаму:

Можа будзеш калі панам
Ці вялікім капітанам:
Людцоў божых будзеш біці,
Цяжка будзе ў свеце жыці;
Будуць клясці як ліхога,
Прасіць смертухны ад бога.
Люлі, сынок, люлі, люлі,
Бо ўжо курачкі паснулі.
Тагды матка прыдзе ў госці —
Сын выкіне стары косці.

Уяўленне аб пану атоесамліваецца з уяўленнем аб несправядлівым, нядобрым чалавеку наогул, які жыве людскою крыўдай.

Ой, не будзь ты лепей панам,
Ні вялікім капітанам, —
Будзь чым матанька радзіла,
Каб у госці не хадзіла,
Каб век з табой векавала,
Гаравала, працавала...

Толькі застаўшыся працоўным чалавекам, сын будзе шанаваць сваю маці, будзе сумленным і справядлівым.

У вершы «Бог няроўна дзеліць» кантрасны паказ жыцця пана і селяніна праведзен так паслядоўна, што вызначае сабою кампазіцыю верша. Тэхнічна гэта выглядае так: усе нячотныя строфы пра пана, чотныя — пра селяніна бядняка. Жыццё аднаго i другога супроцьстаўлена:

Гэты хлеба і не знае,
Толькі мяса ды пірог.
І сабакам выкідае
Усё тое што не змог.
А той хлеб жуе з мякінай,
Хлёпча квас ды лебяду,
Разам жывець i есць з свінкай
З канём разам п'ець ваду.

Гэта верш вялікага соцыяльнага пафасу, у якім асабліва выразна вырысоўваюцца дэмакратычныя ідэалы паэта. Яго сімпатыі цалкам на баку абяздоленага селяніна, у яго няма нават ценю імкнення да класавай згоды, у вершы супроцьстаўлены два варожыя светы: свет уціску і эксплатацыі — свет паноў, і свет абяздоленых, галодных, абадраных — свет беднякоў. Гэты гаротны бядняк-працаўнік, творца жыцця і ўсіх яго багаццяў, яшчэ не ведае, як змяніць такое становішча, калі адзін ходзіць «у золаце з плеч да ног, а другому, каб прыкрыцца анучай — велькі труд», але ён ужо разумее, што так не павінна быць. Ён ужо не мірыцца з сваім цяжкім становішчам, ён бачыць што ў паноў усяго стае і стае за кошт тружаніка, які ўсё жыццё на яго працуе. Але ці з'яўляецца для гэтага абяздоленага селяніна, для станоўчага героя паэзіі Багушэвіча, ці з'яўляецца для яго хоць у якой-небудзь меры прывабным жыццё пана? Не, ні ў якім разе. Мы бачылі, што спявала маці над калыскай сына. Тую-ж самую ўстаноўку бачым мы ў вершы «Ахвяра» і ў іншых вершах.

Пан — крывасмок, ён жыве крыўдаю людской, а гэты станоўчы герой хоча справядлівасці, хоча брацкіх адносін паміж людзьмі, марыць аб агульначалавечым брацтве ў духу «старага сялянскага соцыялізма». Не яго віна, што ён не ведае рэальных шляхоў барацьбы, яшчэ не прыспеў яго час, калі ён разам з сабратам рабочым узніме сцяг узброенага паўстання.

Ці ў лірычным, прасякнутым глыбокім пачуццём вершы, ці ў соцыяльна-пафасным вершы, ці ў вершы эпічнага плана, вытрыманым у спакойных інтанацыях — усюды паэт абараняе свайго ўлюбёнага героя, усюды ўзнімае яго неабутага, неадзетага, галоднага над светам сытых і багатых, над светам прагнага, ненажэрнага панства.

Вось эпічны верш «Не ўсім адна смерць». Памірае багач і памірае бядняк. Жылі яны неаднолькава і паміраюць па-рознаму. Вы не знойдзеце тут матываў падобных да таго, што ўсе мы памром і ўсе ў зямлі будзем. Пан і мужык і ў самай смерці астаюцца непрыміранымі. Вось жыццё багача:

А піў ён, а еў! Дык а божа.
Каб на той хлеб зарабіў,
Дык зараз гадоў тры ён, можа,
Сваёй працы у міску убіў.
Еў ды піў, ды крыўдзіў народ,
Ды грошы збіраў, дзе прымог.

А вось яго смерць:

Хмарылася смерць, пан раве,
Уміраць ані мысле сабе:
Аж кашулю парваў, коўдру рве.
І ўсё грошы пад бруха грабе.

Тут ёсць элементы сатыры, але зразумела адно — не хацелася пану паміраць ад багатага жыцця. Селянін-жа сам «клікаў смерць, бо хлеба не стала». Тут дзве соцыяльныя біяграфіі даведзеныя да лагічнага канца.

Усё так-жа выкрывае паэт драпежніцкую сутнасць панскага жыцця ў вершах «Панская ласка», «Скацінная апека» і інш. У вершы «Панская ласка» мы бачым у крыху змененым выглядзе ўлюбёную ў народзе тэму аб няўдзячнасці паноў. Калі селянін зробіць пану паслугу, дык ён на гэта адкажа самай чорнай няўдзячнасцю. На гэтую тэму сярод народа распаўсюджваліся ананімныя творы.

Багушэвіч паказвае, што пан бывае ласкавы толькі перад пагрозай смерці. Калі бандыт не забіў пана, дараваў яму жыццё, то

тут толькі з перапуду ён пачаў славіць яго дабрату. Паэт майстэрскім паваротам верша агаляе ўсю падаплеку панскай дабраты.

Ой не першы то бандыта
І пан не астатні, —
Што дабро ўсё здабыта
Толькі крыўдай братняй.
А тагды ужо для славы
Кіне хоць аб'едкі,
Вот і стане пан ласкавы,
Літасцівы, рэдкі.

Сярод вершаў на грамадска-палітычныя тэмы ў паэзіі Багушэвіча значнае месца займаюць іранічныя вершы, цалкам пабудаваныя на іранічнай або проста саркастычнай інтанацыі. Да гэтай групы вершаў належаць наступныя вершы: «Дурны мужык як варона», «Песня» («Чаго бяжыш, мужычок»), «Песня» («Гарцуй, танцуй, пане») і «Не чурайся».

Мы ўжо бачылі з прадмовы да «Смыка беларускага» з якой непрымірымасцю ставіўся Багушэвіч да насміхання над цемрай селяніна. Верш «Дурны мужык як варона», якраз і накірован супроць людзей, якія з цемры селяніна рабілі пасмешышча, г. зн. усё супроць тых-жа паноў. У вершы «Дурны мужык як варона» паэт з едкім сарказмам на адрас зневажаючага народ панства — паказвае рэальныя прычыны, якія на працягу стагоддзяў не давалі народу распрастаць плечы, не давалі магчымасці выявіць захаваныя ў яго нетрах таленты, выявіць у поўным аб'ёме мудрасць народную, высокія ўзлёты думкі, багатую гаму пачуццяў.

Ад веку не давалі мужыку магчымасці вучыцца. Так было да прыгону, так засталося і пасля скасавання прыгону.

Да навукі ён не браўся,
Закасіўся, загараўся;
Дурнем умрэ, як радзіўся,
Сам сабою дурным зрабіўся.
Ведама, мужык, хамула, —
Ад навукі адвярнула.

Так скарыстоўвае паэт зброю іроніі для палемікі з нянавісным панам, багачом-паразітам. Вось вобраз народнай галечы, ва ўмовах якой народу было-б не да навукі, калі-б яму нават і далі магчымасць ёю займацца.

Ці-ж не дурань мужык гэта
Гарэ, сее ўсё лета,
А як прыдуцца дажынкі,
Няма збожжа ні асмінкі,
А даждаўшы на каляды,
Мужыкі мякінцы рады.

З выключным пафасам паказана ў вершы сіла народнай працы. Народ — творца ўсіх багаццяў зямлі, але амаль нічога ён з іх не карыстае. Плён яго працы забіраюць прагныя паны i багачы-буржуа. Вось мужык:

З камаровы нос сякерку
Сцісне, кракне, замахае, —
Зробе пушчу, як талерку,
Свет дрывамі закідае.
А ў хаце — зварыць страву
Пашчапае стару лаву!

І яшчэ:

Глядзі! Горы паразрыты,
А чыгункай свет абвіты.
Усё з мужыцкай цяжкай працы,
Усе едуць у палацы;
У мужыка-ж няма білета!
Ці-ж не дурань ён за гэта?

З глыбокай павагай ставіўся паэт да народнай працы, будзіў свядомасць мас, паказваючы куды ідуць яе здабыткі, непрымірыма змагаўся супроць зняважлівых адносін да народа, адстойваючы чалавечую годнасць свайго ўлюбёнага героя — працоўнага чалавека. У гэтым адна з важнейшых яго заслуг перад беларускай літаратурай.

Не менш выдатным вершам з'яўляецца іранічны верш «Чаго бяжыш, мужычок». Тут іронія ўкладзена ў вусны самаго селяніна, які дае адказы на пытанні. З іранічных адказаў селяніна складваецца поўнае ўяўленне аб тым, у якіх нечалавечых умовах ён жыве, як з яго здзекуюцца і як ён вымушан уцякаць на той свет ад «закона» — каб знайсці спакой ад сваіх праследвальнікаў.

У вершы «Песня» («Гарцуй, танцуй, пане») паэт іранічна высмейвае панскую «расточительность», прагнасць паноў да грошай — тут маюцца на ўвазе рысы, якія набыло панства ў асаблівасці пасля рэформы ў сувязі з узмацненнем ролі капітала, грошай у землеўласніцкай гаспадаркі. Пан здольны ўсё прадаць і прагуляць. І ніву, і лес, і жонку, і чэсць дачкі, і самую Варшаву. Тут паэт крытыкуе сілу грошай, г. зн. з'яву асабліва характэрную для капіталістычнай рэчаіснасці.

У вершы «Не чурайся» сінтэзуюцца ў адно цэлае ўсе матывы, уласцівыя ўжо разгледжаным іранічным вершам. Тут мы зноў бачым пафас сцвярджэння чалавечай годнасці цэнтральнага героя паэзіі Багушэвіча, гордае апяванне сілы народнай працы (матыў — селянін можа «свет карміць, гадаваць»,) палеміку супроць зняважлівых панскіх папрокаў на адрас яго героя ў тым, што ён неадукаваны, цёмны. Яго герой абшарпаны і галодны, але ён мае свой гонар, гонар бедняка. Ён не эксплаатыруе чужую працу, не жыве крыўдай людской, ён сам сваімі рукамі зарабляе свой хлеб.

Не ўцякай ад маёй ты сярмягі,
Мне не стыдна ў ёй ані чуць;
Вот твой храк я не меў бы адвагі,
Чортаў храк на сябе апрануць;
На кашулю глядзіш крывым вокам,
Што ў хаце мне бабы пашылі,
Прапацела яна маім сокам, —
Цэлы тыдзень яе не памылі...
А твая-ж? Як той снег, як папер:
І пацеў хто, і ткаў, і бяліў,
І хто шыў, і хто праў... а цяпер
Ты той пот на сябе узваліў.
У кашулі тэй мне было-б стыдна,
Што не сам на яе гараваў.
Хоць бялейша яна — не завідна,
Не вазьму, каб ты мне дараваў.

Ён адмаўляе няпраўдай нажытае багацце. Хата яго гнілая і крывая, і стаіць на гнаі, але ён ведае, што ён творца жыцця і яго багацця. Ён іранізіруе на адрас пана, ставіцца да яго са знявагаю. Такія яго адносіны — гэта яшчэ крытыка, але крытыка, якая пераходзіць ужо ў пратэст, якая па сутнасці з'яўляецца першымі подыхамі соцыяльнай буры.

Вершы іранічныя гэта — пераходная ступень да гумару. У Багушэвіча былі здольнасці гумарыста і элементы гумару мы можам назіраць у многіх яго вершах, а таксама і ў апавяданнях. Але ў яго ёсць і вершы чыста гумарыстычныя. Гэта вершы: «З кірмашу», «Песня» (3), «Сватаны», «Сватаная». Якія-ж галоўныя матывы гумарыстычных вершаў Багушэвіча? У вершы «З кірмашу» мы бачым апрацоўку народнага жарта. Жарты падобнага роду можна бачыць у запісах беларускага фальклора. Камізм у гэтым вершы дасягаецца тым, што муж спяшаецца з кірмашу з гасцінцам да жонкі, жонка з нецярплівасцю яго чакае, «чакае ўся ў пламеннях». Ствараецца ўражанне, што муж і жонка, як толькі ўбачаць адзін аднаго, дык пачнуць мілавацца. I раптам нечаканы сэнсавы паварот верша, нечаканая канцоўка: ён вязе ёй «ці новую хустку, або і біч новы».

Ад фальклорных жартаў ідзе таксама і «Песня» (3). Гэты верш цалкам пабудаваны на незвычайных або проста неверагодных здарэннях па тыпу: «На вербе ігрушы растуць». Збег у адным вершы падобных выразаў ці здарэнняў стварае ўражанне камізму. Але гэта не бязметная гульня парадоксамі, у вершы ёсць арганізуючая думка. Матэрыял бярэцца пераважна ў бытавым плане: баба арэць гоні і курыць люльку, мужык пярэ кашулі і ловіць у балоце на прыпечку рыбку, конь пасецца на лапаце і г. д. За ўсім гэтым хаваецца думка, што гаспадарка не ідзе на лад, калі гаспадар і гаспадыня займаюцца не сваёю справаю. Але гэта думка не навязваецца чытачу, тут няма просталінейнага дыдактызму і таму магчыма і іншае, што аўтар збегам неверагодных рэчаў хоча падкрэсліць неверагоднасць сямейных або проста людскіх узаемаадносін дадзеных у канцоўцы:

Ой, нявестка цешчу любе,
А сын бацьку шанаваў,
На сабакі заяц трубе,
Вінны доўг сам аддаваў!

Праз падкрэсліванне даецца сцверджанне адваротнага. Тое, што ў канцоўцы дадзена як выключнае і незвычайнае павінна было-б быць нарматыўным і звычайным.

Як рэаліст, Багушэвіч бачыў недахопы і ў сялянскім асяроддзі. З надзвычайнаю павагаю ён ставіўся да працы і да працавітага чалавека і таму зусім зразумела, што ў вершах «Сватаны» і «Сватаная» ён бязлітасна высмейвае гультайства. У першым з іх ён дае камічны вобраз хлапца гультая, у другім — дзяўчыны. У карчме гэты хлапец першы забіяка, а да працы яго і кіем не прывернеш. З яго і сем'янін будзе нікудышны.

Ласа есці, смагла піць
Не будзе адказу,
А па шлюбе жонку біць
Дык зачне адразу.

Не адстае ад яго і дзяўчына. Гэта таксама несусветны гультай, які адно толькі любіць гуляць. Але ў гульнях яна не вызначаецца здольнасцямі. Паэт іранічна заўважае:

А танцуе добра так,
Як цялё з гілёса:
Парвець чыста андарак
І лапці да боса.
А пяець так, як сава,
Зайца выклікае:
Аж трасецца галава, —
Так яна гукае!

У гэтым вершы гумар ужо, можна сказаць, мяжуе з сатырай. Пісаў Багушэвіч і ў сатырычным жанры і яго сатырычныя вершы сведчаць аб тым, што ён меў выдатныя здольнасці сатырыка. Сатырычная крытыка рэчаіснасці ў яго паэзіі — гэта перш за ўсё крытыка царскага суда і царскай адміністрацыі. Як мы ведаем, царскі суд рэзка крытыкаваў ужо Дунін-Марцынкевіч у ««Пінскай шляхце». Але гэта п'еса хутчэй за ўсё была невядома Багушэвічу, таму што яна ўпершыню была надрукавана ў 1918 годзе. Таму ніякага наследвання не магло быць.

Тэзіс Багушэвіча аб тым, што пасля рэформы начальства стала яшчэ больш і што таму яшчэ горш стала жыць, вядомы і па некаторых творах ананімнай літаратуры. Багушэвіч у вершы «Як праўду шукаюць» піша:

Судоў нарабілі, начальстваў ці мала:
Пасрэднік і воласць, сінод і санаты.
Прысуцтвы і вокруг, управы, палаты;
Найбольш міравых, участковых і з'ездаў
Што ў полі камення, што гвёздаў!
За тое-ж жыццё цяпер труднае стала.

Тут пералічана амаль уся царская адміністрацыя, але ўласна сатыры тут яшчэ няма. Тут звычайны крытычны кірунак верша, уласцівы яго паэзіі наогул. Крытыка-ж судовай цяганіны даецца ўжо ў чыста сатырычным плане. Селянін выпадкова трапіў у сведкі і гэта сталася прычынай яго разарэння. У вершы расказваецца цэлае здарэнне, як ехаў селянін, як пан з моста разам з карэтай зваліўся ў раку і фурман утапіўся, як едучы далей, селянін бачыў мёртвага чалавека пры дарозе і як пасля гэтага ён трапіў у сведкі. У выніку яму прышлося цэлае лета цягацца па судах і пакуль ён цягаўся, дык зжыўся нашчэнт.

У такім жа плане паказваецца суд у вершы «У судзе». Суд — гэта камедыя, дзе выдумляюць на чалавека што заўгодна. У гэтым вершы апісваецца сам судовы працэс і хто на ім быў. Апавяданне, як і у папярэднім вершы вядзецца ад імя сведкі. У сатырычным плане паданы прамовы пракурора i адваката. Вось прамова пракурора:

Паглядзеў на ўсіх, як узяўся за стол,
Як зачаў ён крычаць: «прытакол, прытакол!»
І казну ўспамінаў, і трубу, і кацёл,
І муку, і мяшок... Ды ўсё — «прытакол!»
Я сяджу і дрыжу, каб мяне не назваў;
Калі бразць! і я тут! А бадай ты прапаў...
Але хвале мяне, справядлівым заве,
На Пантурку-ж зіркне, — як скаціна раве.

У такім жа плане падаецца і прамова адваката. Абодвы яны не займаюцца высвятленнем сутнасці справы, не шукаюць праўды, а практыкуюцца ў красамоўстве і хто лепшую прамову скажа, той выйграе. У даным выпадку адвакату не удалося абараніць падсуднага, яго засудзілі і ў дадатак абадралі як ліпку. У вершы ёсць трапная дэталь, якая ўдала характарызуе гэтага сведку. Калі адвакат пачаў яго абвінавачваць ва ўсім, дык ён спалохаўшыся паехаў хутчэй дамоў, ды ў лес і засадзіў дрэўцамі ўсё тое месца, дзе быў самагоншчыцкі браварок, каб у судзе сказаць, што там і не было нічога і што ніхто гарэлку і не гнаў. Праўда, ён спазніўся, пакуль ён ездзіў, дык падсуднага Пантурка засадзілі ў астрог.

У тым-жа сатырычным плане паказваецца несправядлівасць царскіх судоў у вершах «Кепска будзе» і «У вастрозе». У першым з іх паказваецца, як хлапец-сірата, не запісаны кумамі ў метрычныя кнігі, быў палічан ухіляючымся ад вайсковай службы. Яго пасадзілі ў астрог і вызваліцца яму ўдалося толькі дзякуючы настойлівасці землякоў. У другім паказваецца, як мужык адлупцаваў бізуном урадніка за прычэплівасць і як за гэта пасадзілі яго ў астрог. Завошта ж ён яго біў?

За тое, мы кажам, што надта ён ласы:
Што любе яечню, курэй і кілбасы,
Унадзіўся надта ён лазіць па хатах,
Ды нюхаць, каторай муж служа ў салдатах.

У сатырычных вершах Багушэвіч рэзка крытыкуе розныя з'явы звязаныя з дзейнасцю царскай адміністрацыі, асабліва — судоў. Станоўчыя яго грамадска-палітычныя ідэалы знаходзяць сваё выражэнне ў грамадзянскіх вершах, у вершах прысвечаных соцыяльным пытанням. З гэтых вершаў зусім яскрава вырысоўваецца і вобраз станоўчага героя яго паэзіі, які ён малюе згодна сваім дэмакратычным пераконанням.

З асабліваю паўнатой станоўчая грамадска-палітычная праграма працоўнага чалавека паэта і станоўчы ідэал даны ў вершы «Ахвяра». У гэтым вершы мы знаходзім усе матывы характэрныя для рэалізма Багушэвіча. У гэтым вершы станоўчы герой яго паэзіі, у форме наказа бабульцы аб чым яна павінна маліцца, выказвае усю сваю ідэалагічную праграму.

Каб я панам ніколі не быў:
Не жадаў-бы чужога,
Сваё дзела, як трэба, рабіў.
Каб прад меншым я носу не драў,
А прад большым не корчыў спіну;
Каб грэх свой прад сабой я пазнаў,
У другіх каб не відзеў віну;
Чужых жон каб не вёў да граху,
А сваю, каб, як трэба, любіў;
Каб мне дзеці былі у слуху,
Каб я бацькам для іх век дажыў.
Каб людзей прызнаваў за братоў,
А багацтва сваё меў за іх;
Каб за край быў умерці гатоў,
Каб не прагнуў айчызны чужых.

Тут пагардлівыя адносіны да пана, таму што ён жыве чужою працаю, тут працавітасць, скромнасць, але і ўсведамленне сваёй чалавечай годнасці, адсутнасць ліслівасці і нізкапаклонства як адзнакі сапраўднага чалавека, такога, якім ён павінен быць. Ён павінен быць добрым сем'янінам, па-братэрску жыць з людзьмі, аддана любіць сваю радзіму і не «прагнуць айчызны чужых». Гэты вобраз благароднага чалавека увасобіў у сабе лепшыя рысы сялянска-дэмакратычнай ідэалогіі — перадавой і прагрэсіўнай для таго часу.

Звяртае на сябе ўвагу ў Багушэвіча гарачая любоў да радзімы. Як яго паэзія і выражаныя ў ёй ідэі сугучны творчасці рускіх рэволюцыянераў-дэмакратаў (у якіх значна больш спелая палітычная думка), так у прыватнасці і яго любоў да радзімы, нацыянальна-вызваленчыя матывы яго творчасці сугучны барацьбе рускіх рэволюцыянераў-дэмакратаў за палітычныя разняволенні рускага народа.

Ярка выражана пачуццё любові да радзімы ў вершы-наследванні Лермантаўскім «Тучки небесные, вечные странники» — «Хмаркі». Гэта — лірычная мініятура прасякнутая смуткам, па форме лірычны зварот да хмарак, у якім паэт выказвае спачуванне хмаркам што яны бяздомныя, што ў іх няма радзімы. А ў каго няма радзімы, той не можа быць шчаслівым. Ёсць тут і філасофскі матыў аб жыццятворчай сіле хмарак:

Лятучы, слязой зямлю росіце,
Аж шумяць лісткі, зелянее лес:
Уміраючы, жыццё носіце,
Усяму жыццё, сабе толькі крэс!

Як бачыце, тут цэлая дыялектыка жыцця і смерці, выражаная надзвычай паэтычна.

Тая-ж гарачая любоў да радзімы знайшла сваё выражэнне і ў вершы «Мая хата» — але тут у сімвалічнай форме. Паэт малюе вобраз сялянскай бядняцкай хаты, якая з'яўляецца сімвалам радзімы.

Кепска-ж мая хатка, падваліна згніла,
І дымна і зімна, а мне яна міла;
Не буду мяняцца хоць бы і на замкі, —
Калок свой мілейшы, як чужыя клямкі.
На страсе мох вырас, на маху бярозка.
Мільшая мне хатка, як чужая вёска.

Такім чынам у гэтым вершы знаходзіць сваё выражэнне ўсё тая-ж устаноўка, што і ў вершы «Ахвяра», каб «не прагнуць айчызны чужых». У нацыянальным пытанні Багушэвіч варожа ставіцца да захватніцкай ідэалогіі, накіраванай на падняволенне іншых народаў. Захопніцкая ідэалогія асацыіруецца ў яго з эксплаатацыяй панам чужой працы, захопам панамі багаццяў, створаных рукамі працоўных. Да вырашэння нацыянальнага пытання ён адпраўляецца ад установак уласцівых яго паэзіі ў вырашэнні асноўнай супярэчнасці яго часу — супярэчнасці паміж панам і селянінам; супярэчнасці не вырашанай рэформай. У яго паэзіі ўпершыню ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя пачала фарміравацца нацыянальна-вызваленчая ідэалогія, якая шчыльна ўвязваецца з сялянска-дэмакратычнымі ўстаноўкамі яго паэзіі ў вырашэнні соцыяльных пытанняў і якая мае прагрэсіўны змест. Праўда, Багушэвіч часам упадае ў нацыяналістычныя крайнасці, не разумеючы, што не толькі беларуская нацыя падзелена на два варожыя светы, але што ў кожнай нацыі ёсць дзве нацыі — клас тружанікаў, і клас эксплаататараў.

Мы ужо зазначалі, што асновай паэзіі Багушэвіча з'яўляецца народная творчасць, прычым ён соцыяльную праблематыку, уласцівую фальклору, ставіць у цэнтр сваёй паэзіі, скарыстоўваючы для сваёй творчасці дэмакратычныя элементы фальклора. Такое становішча мы маем у вершах на соцыяльныя тэмы, у вершах, якія характарызуюць сабою істотныя рысы рэалізма Багушэвіча. Але ў творчасці Багушэвіча ёсць цэлая група вершаў, якія з'яўляюцца паэтычнай апрацоўкай фальклорных сюжэтаў, звязаных з забабонамі і рознымі народнымі павер'ямі. У гэтых вершах ёсць таксама соцыяльныя матывы, але яны адступаюць на другі план і на першы план выступае цікавасць да развіваемых сюжэтных палажэнняў. Да гэтай групы вершаў належаць: «Здарэнне», «Хцівец і скарб на святога Яна», «Дзе чорт не можа, там бабу пашле», «Быў у чыстцы», «Балада».

У вершы «Здарэнне» расказваецца, як уначы чорт марочыў галоднага селяніна, зрабіўшыся спачатку бочкай з алеем, а пасля казой, якіх селянін ніяк не мог пакласці на воз. У вершы «Хцівец і скарб на святога Яна» паказана шуканне скарба на Івана Купалу. Характэрна, што хцівец так і не завалодаў скарбам. Ён яго выкапаў, але ўжо на парозе дома, калі мяшок прарваўся і грошы пасыпаліся, ён не вытрымаў і азірнуўся, і тады грошы прапалі. У гэтым вершы паэт выступае супроць прагнасці да грошай, і асноўная думка верша выражана ў наступных радках:

Няма ў свеце лепей, як свой грошык любы,
А то як каторы чалавек харошы,
У добрым здароўі век жыве без грошы.

Тут усё той жа матыў адмаўлення багацця, якое не нажыта працай, а набыта метадамі ўласцівымі эксплаататарскім класам — шляхам захвата і грабяжа вынікаў чужой працы.

У «Баладзе» распрацоўваецца міжнародны сюжэт аб чалавеку, які, каб разбагацець, прадае душу чорту. Як вядома варыянтам гэтага сюжэта з'яўляецца «Фауст» Гетэ. Паводле асноўных ідэйных матываў гэты верш блізкі да верша «Хцівец і скарб на святога Яна». Традыцыйная канцоўка для распрацоўваемага ў «Баладзе» сюжэта, калі чалавек, які прадаў душу чорту, гіне, Багушэвічам зменена. Гэты чалавек выратоўвае сваю душу ад пекла, бо пачынае жыць богабаязным жыццём. У вершы «Быў у чыстцы» расказваецца, як селянін трапіў у чысцілішча і бачыў там розныя пакуты. Больш за ўсё там было прадстаўнікоў эксплаататарскіх класаў — паноў-багачоў, а таксама божых служкаў — папоў і ксяндзоў. У вершы «Дзе чорт не можа, там бабу пашле» распрацоўваецца надзвычай пашыраны ў фальклоры розных краін сюжэт. Змест яго зводзіцца да таго, што калі чорту не ўдалося зрабіць людзям зло (пасварыць мужа з жонкай) дык гэту задачу выдатна выконвае жанчына. Гэты памфлет на жанчыну вышаў у даўныя часы з асяроддзя будыйскага духавенства, а ў сярэднія вякі быў падхоплен каталіцкім і праваслаўным духавенствам і ў шматлікіх кніжных варыянтах распаўсюдзіўся па Еўропе, глыбока прасякнуўшы ў еўрапейскі фальклор[4].

Пісаў Ф. Багушэвіч і ў жанры байкі. І гэта таксама паказвае на шматбаковую яго адаронасць. Ім напісана адна арыгінальная байка «Воўк і авечка» і апрача таго ім зроблен пераклад байкі Крылова «Свіння і жалуды». Байка «Воўк і авечка» — гэта своеасаблівая апрацоўка папулярнага сюжэта аб ваўку ў авечай скуры. Байка гэта безумоўна належыць да лепшых узораў літаратуры гэтага жанра.

Тым фактам, што пісьменнік канцэнтрыраваў усю сваю ўвагу на соцыяльных пытаннях, трэба тлумачыць амаль поўную адсутнасць у яго паэзіі лірыкі прыроды. Толькі ў асобных вершах мы можам бачыць лірыка-філасофскія матывы ў апісанні з'яў прыроды.

Пісаў Багушэвіч і апавяданні, якія былі надрукаваны толькі пасля яго смерці (у 1907 г. у «Нашай ніве»). Гэта апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык» і «Дзядзіна» (запісана Багушэвічам). Ніякіх новых элементаў у рэалізм Багушэвіча яго апавяданні не ўносяць. Гэта гумарыстычныя апавяданні, у якіх гумарыстычны талент Багушэвіча выяўляецца з такой-жа сілай, як і ў гумарыстычных вершах. Цэнтр цяжару апавяданняў Багушэвіча часткова ў сюжэце, але галоўным чынам у мове, якая з'яўляецца ў іх галоўным сродкам характарыстыкі персанажаў. Ажыццяўляецца гэта такім чынам, што апавяданне вядзецца ад імя аднаго з персанажаў. Асабліва цікавая ў моўных адносінах іранічная мініятура «Дзядзіна». Вось пачатак гэтага апавядання.

«Ну, і дзядзіна ў мяне была, а багатая, дык багатая! - было ў яе сем маргоў зямлі, адна каза, сем хлявоў, тры гумны, а ўсе поўныя: у адным — мак, у другім — так, а ў трэцім цапы віселі. А як пойдзе, бывала, дзядзіна казу даіць, дык пакуль казу найдзе, аж у мазгі зайдзе; а як зачне яе даіць, дык нясуць малако цабрамі, вядрамі, кадушкамі... А масла дык білі на гумнішчы цапамі, і масленку ў застрэнкі змяталі; бедныя людзі дык ішлі з мяшкамі і з гаршкамі і з разгінямі: хто з чым прышоў, той з тым пашоў. А парсюкі кормныя ў дзядзіны дык такія былі, што праз парог не маглі пералезці, але пад парогам дзірачка была, дык туды лазілі».

Проза не займае значнага месца ў творчасці Багушэвіча, і таму зусім натуральна, што ідэйны воблік пісьменніка і характар яго рэалізма вырысоўваецца на матэрыяле яго паэзіі. Вобраз пісьменніка, які паўстае з яго творчасці — гэта вобраз сялянскага дэмакрата, змагара за долю народную, у светапоглядзе якога часам спалучаліся рысы перадавой ідэалогіі з рысамі адсталымі і рэакцыйнымі, але творчасць якога ўзятая ў цэлым адыграла значную ролю ў справе абуджэння народнага самаўсведамлення.


  1. Ленін зб. тв. т. ХVІІ, стар. 341.
  2. Ленін, зб. тв. т. ХѴ, стар. 465.
  3. Ленін, Зб. тв. т. 1, стар. 164.
  4. Гл. Ю. Сокалаў, Русский фольклор, стар. 74

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.