Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/I/11

10. Лясун. Сосны, елі, хвоя… 11. Лясун. Прывольная, цёмная пушча
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
12. Старасьць
Іншыя публікацыі гэтага твора: З цыклю «Лясун» (Прывольная, цёмная пушча…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




11.

ЛЯСУН.

Прывольная, цёмная пушча:
Вялізныя ліпы, дубы,
Асіньніка, ельніка гушча,
Між хвоі апаўшай — грыбы.

Ўсё дзіка, пустынна імшыцца,
Агністая сьпека стаіць.
На моху між сьпелай брушніцы
Лясун адзінокі ляжыць.

Каравая моршчыцца скура,
Аброс цёмным мохам, як пень,
Трасе галавою панура,
Бакі выгравае ўвесь дзень.

Гляджу на яго я уныла, —
На сэрцы і жаль і жуда:
Ўсё зьнікла — і ўдаласьць, і сіла!
Прапала, як дым, як вада!

1909.

Увагі правіць

11. Лясун. Прывольная, цёмная пушча… Верш захаваўся ў аўтографах (папка VI, №№ 14 і 34). Выдаецца з „Нашай Нівы“ 1909 г. № 35-36. Падпісаны — „М. Крыніца“.
Рукапісныя варыянты (п. VI, № 14 і 34):
6Гарачае сонца паліць…
8Лясун на прыпеке ляжыць.
5Словы — „дзіка“, „пустынна“ трэба разумець, як прыслоўі да дзеяслова „імшыцца“.